Читать книгу Янкі, альбо Астатні наезд на Літве - Уладзіслаў Ахроменка - Страница 10

Частка першая
Горкі яблык
6

Оглавление

“Пакард” выцягнулі на шашу валамі толькі пад раніцу. Браніраваны лімузін асабліва не пацярпеў – рухавік запусціўся адразу. Але час быў беззваротна страчаны. Без сумневу, уцекача ўжо даўно шукалі жандары.

Змрочны кіроўца гнаў легкавік да абумоўленага месца. Таварыш Баян нервова падкручваў колца настройкі рацыі і шалохаўся ад кожнага гуку ў навушніку. Перспектыва зноўку пачуць голас Шалёнаса была для яго невыноснай.

Калі сонейка канчаткова паднялося па-над лесам, сеанс сувязі быў наладжаны.

– “Доўгія рукі”, “Доўгія рукі”, – адгукнуўся таварыш Пранік, – гэта “Халодная галава”. Спадзяюся, таварыш амерыканскі камінтэрнавец ужо з вамі?

– Дакладаю, таварыш Пранік! Мы сталі ахвярамі жахлівага тэракту, – з уласцівай чакістым бездухоўнасцю схлусіў таварыш Баян, – на нас здзейсніў наезд цэлы эскадрон баевікоў польскай лёгкай кавалерыі. Дзесяць белапалякаў забітыя, астатнія рассеяныя. Баявая машына атрымала лёгкія пашкоджанні, але час страчаны. Працягваем рух у бок Бярозы-Картузскай. Адстрэльваемся ад…

– Ну ты, стралок варашылаўскі, казёл смярдзючы, – з бальшавіцкай непасрэднасцю абсёк падначаленага таварыш Пранік, – мне па херу дым: кавалерыя, аэраплан, бронецягнік, дырыжабль ці бабскі батальён. Не даставіце мне амерыканскага таварыша – выканаю асабіста. Можа, і грошы пілсудчыкі ў вас адабралі?

– Не, – чакісты спалохана заміргаў, – народныя грошы, прызначаныя для тэрарыстычнай дзейнасці, згодна інструкцыі, можна згубіць толькі з жыццём!

– Карацей, мудзілы, слухайце мяне сюды. Як не прывязеце нашага амерыканскага таварыша Сміта-Весона, будзеце ў мінскім парку Чэлюскінцаў з парашутнай вежы скакаць. Без парашутаў, вядома. Што скажаш?

– Правільнае і вельмі своечасовае рашэнне, таварыш Пранік, – зніякавела адказаў Баян.

– З камуністычным прывітаннем, дарагія таварышы. Канец сувязі.

Дрыготкія рукі чакістага прыўзнялі скураное сядзенне. Эбанітавая скрынка рацыі заняла належнае месца ў тайніку побач з крамлёўскімі пляшкамі і ладным брыкетам буйных банкнотаў, загорнутым у газету “Звязда”.

– Што ты так расхваляваўся? – знізаў плячыма кіроўца. – Спадзяюся, твой капэзэбовец усё правільна растлумачыў таварышу Сміту-Весону: схованка пад балотнай купінай, гумовы мех і вялікі амерыканскі самохуд. Хіба ў гэтых мясцінах можа трапіцца другі амерыканскі аўтамабіль?

Янкі, альбо Астатні наезд на Літве

Подняться наверх