Читать книгу Янкі, альбо Астатні наезд на Літве - Уладзіслаў Ахроменка - Страница 13
Частка першая
Горкі яблык
9
ОглавлениеВось ужо шэсць гадзін даўжэзны шляхотны “Пакард” крэйсіраваў па гасцінцы ў раёне Бярозы-Картузскай. Кожнага разу лімузін прыпыняўся пад сухой яблыняй-дзічкай. Пасажыр і кіроўца штораз скручвалі шыі, выглядаючы ўцекача – амерыканскага камінтэрнаўца. Але нікога падобнага да яго так і не пабачылі.
Праўда, апоўдні на ўзгорку з’явіўся дзіўны здвоены ровар. Тандэм міжволі прывабіў позіркі і Баяна, і падначаленага яму кіроўцы. Руляваў тандэмам немалады вусаты дзядзька з васпаватым тварам, у напаўвайсковым фрэнчы і запраўленымі ў боты галіфэ. Ззаду круціў педалі хударлявы, не стары яшчэ мужчына з псіхапатычным позіркам і нетутэйшымі тэатральнымі вусікамі, што чарнелі адно пад носам. На раме ровара надзейна мацаваўся землямерчы рыштунак.
Баян на ўсялякі выпадак выцягнуў зжаўцелую амерыканскую газету з абразлівым для тутэйшага цнатлівага вуха назовам “Абсэрвер”. З першай паласы на яго хітра мружыўся Хросны.
– Не супадае, – крыху расчаравана рэзюмаваў чакісты пасля таго, як кінуў позірк на дзіўнаватых фацатаў, – і куды той амерыканскі таварыш падзеўся?
Тым часам вусатыя раварыстыя шпарка ўскаціліся на пагорак і зніклі з далягляду.
– А, можа, яго класавыя ворагі перахапілі?
– Так, ворагаў тутай яшчэ шмат, – таварыш Баян акуратна склаў газету, – паны-пілсудчыкі, падпанкі-асаднікі, ксяндзы-папы, мніхі з мнішкамі, бундаўцы, эсэры, сацыялісты, сіяністы, нацдэмы, беларускія буржуазныя нацыяналісты, буржуазныя паэты, буржуазныя дантысты, буржуазныя тэлеграфісты, буржуазныя смецяры…
– Неўзаранае поле працы наперадзе! – радасна пагадзіўся кіроўца, – нічога, у Курапатах на ўсіх месцаў знойдзецца!
Не паспелі чакістыя сесці ў “Пакард”, як з-за пагорка пачуўся тупат быстрага каня. Неўзабаве на ўзвышшы з’явіўся цэлы эскадрон вершнікаў. Блішчэлі шаблі, чарнелі рулі драбавікоў, а на дзідзе па-над галовамі лунаў штандар з ганарліва раскірэчаным “Бялым Ожэлам”.
– Нашто ты таварышу Праніку пра эскадрон белапалякаў наплёў? – кіроўца насцярожана сачыў за набліжэннем узброеных асаднікаў. – Вось і сурочыў.
– Не ссы ў каністру! – асадзіў панікёра таварыш Баян. – Мы ж недатыкальныя. Імунітэт. Забыўся?
Сівы віславусы вершнік са штандарам на дзідзе спыніўся, падазрона зазірнуў у салон “Пакарда”, дзе трывожна маўчалі чакістыя.
– Естэм войтэм. А кім ёсць панове? – спытаў сівы і прытрымаў паточаную моллю канфедэратку.
– Естэсьмы дыпляматамі консуляту Звёнзку Радзецкего, – з гэтымі словамі таварыш Баян прадэманстраваў дыпламатычныя пашпарты.
Віславусы паглядаў недаверліва. – Маем гонар зрабіць прэзент, – чакісты гасцінна прапанаваў загадзя падрыхтаваную сувенірную літруху “крамлёўкі”, бо ведаў: асаднікі з самааховы купяцца на яе адразу і без ваганняў.
Войт абярэжна ўзяўся за рыльца з рубінавай зоркай і праз шкло прымружыўся на штандар з “Бялым Ожэлам”. Ён трымаў пляшку ўрачыста і пераможна, нібы гетманскую булаву. – То ест праўдзіва вудка! – гукнуў войт.
Твары іншых асаднікаў імгненна праясніліся: слова “вудка” ўздзейнічала на сігнальную сістэму былых ваякаў, як чароўная флейта казачнага знішчальніка пацукоў на зубастых шкоднікаў.
– Панове дыпламаты! Хлопцы, браточкі, таварышкі! – войт з нечаканым сантыментам прыклаў далонь да сэрца, – тут адзін амерыканскі злодзей з Бярозы-Картузскай уцёк. Ад ранку яго шукаем, – з гэтымі словамі ён выцягнуў турэмны фотаздымак Хроснага: – мо, бачылі такога?
– Ды мы яго і самі шукаем, – пасмялеў Баян і зноў разгарнуў нумар “Абсэрвера”. – Дарэчы, якую вам прэмію за яго абяцалі?
– Пан камендант дакляраваў тысенцу злотувэк за мёртвага і паўтысенцы за жывога.
– Абяцанка-цацанка, а… панове – людзі разумныя. Мёртвым нам яго зусім не трэба, а за жывога дам дзве тысенцы, – Баян красамоўна храбустнуў пачкам грошай.
Войт-асаднік прыўзняўся ў страмёнах:
– Паны-братове! Усе чулі?!
Асаднікі радасна загулі, узнятыя над галовамі шаблі ваяўніча заблішчэлі на сонцы.
– І ў дадатак – скрыню “крамлёўкі”! – канчаткова расшчодрыўся на карысць скарумпаваных асаднікаў таварыш Баян.
– Гура!.. Нех жые!.. – бязладна азваўся эскадрон.
Віславусы хіжа выставіў наперад дзіду са штандарам і зароў:
– Пагоня!!!
Конскі пошчак змяшаўся з ваяўнічымі крыкамі вершнікаў-п’янтосаў. Не мінула і хвіліны, як эскадрон асаднікаў знік за пагоркам. Над хмызамі навальнічнай хмарай узняліся спалоханыя крумкачы. На брукаванку пасыпалася лісце. Ад лесу трывожным шчасцем вярталася асадніцкае:
– …ня! …ня!..
Кіроўца запусціў рухавік. Срэбная крылатая фігурка на радыятары “Пакарда” дробна закалацілася.
– Вось ён – прадажніцкі свет капіталу, – задаволены вынікамі перамоваў таварыш Баян уладкаваўся на скураным сядзенні і па-хабёльску, нібы той Белы Арол, разваліў ногі, – рана ці позна гэтыя асаднікі ўсё прададуць ды папрапіваюць. І сваю Рэч Паспалітую прафукаюць, не міне і колькі гадоў.
У перспектыве гасцінца зноў з’явіліся вусатыя раварыстыя на тандэме – тыя самыя.
Але чакістыя больш не звярталі на іх увагі.