Читать книгу Янкі, альбо Астатні наезд на Літве - Уладзіслаў Ахроменка - Страница 12
Частка першая
Горкі яблык
8
ОглавлениеДалейшыя падзеі ў канцлагеры Бяроза-Картузская разгортваліся імкліва. Пасля палудня жандара Янукевіча выклікалі да пана каменданта, вядомага на ўсе Крэсы Ўсходнія вытанчанай жорсткасцю і выкшталцоным эстэцтвам.
Янукевіч уздымаўся па сходах асабняка нібы асуджаны да шыбеніцы. З адчыненых вокнаў лілася паэтычна-змрочная мелодыя до-мінорнага Накцюрна Шапэна. Рыпучыя жандарскія боты міжволі патраплялі ў такт.
Нядаўна памерлы начэльнік дзяржавы маршалак Пілсудзкі ласкава пазіраў з партрэта на пана каменданта, які, натхнёна прымружыўшы вочы, сядзеў за бліскучым кабінетным раялем. Доўгія дагледжаныя пальцы лашчылі клавішы.
Раяль злёгку хіснуўся і падаўся наперад, але неўзабаве выраўняўся і спалохана задрыжэў.
– Вас, бездухоўных хамулаў-беларусінаў, нават Шапэн не праймае! – скрозь зубы працадзіў пан камендант, – раўней трымайце! Гэта вам не бэлькі цягаць!
Трое схуднелых палітвязняў з чырвонымі ад напругі тварамі, ажно жылы выперла, трымалі цяжкі чорны раяль з наўмысна адкручанымі ножкамі. Карціна збольшага нагадвала пахаванне – нібыта зняволеныя сабраліся выносіць дарагую лакіраваную труну.
Янукевіч неабачліва падаўся наперад. Боты непрыстойна рыпнулі. Пан камендант гідліва скрывіўся, але дайграў-такі жалобны накцюрн, праўда, без ранейшай пранікнёнасці.
– До вшысткіх д’яблув, пся крэв, – піяніст зняў цяжкія ноты з пюпітра.
Палітвязні таропка пацягнулі бязногі музычны інструмент у суседні пакой.
– Пане камендажэ, мэльдую… – ляснуў абцасамі жандар.
– Ну ты, Пярдолэк пердалёны, – сантыментальная задуменнасць імгненна выпетрылася з камендантавага твару, – і дзе падзеўся тэй гувняжны фацат Сміт-Весон?
– Шукамы… – Янукевіч з жахам пазіраў на тое, як пальцы з адпаліраванымі пазногцямі сціснулі шырокі карэнчык нотаў, – мною раскрытая разгалінаваная агентурная сетка…
Жандар не паспеў скончыць рапарт – па зубах яму ляснуў важкі, як цагліна ружанскага замка, зборнік накцюрнаў Шапэна.
– Даю табе яшчэ суткі на пошукі ўцекача, – пан камендант пасміхнуўся ласкава, – а як не зловіш, дык сам пойдзеш на яго месца. Пасаджу на ланцуг да тэрарыстаў – забойцаў жандараў.
– Дык я ж ні ў чым, ні што, ні Божа ж мой… – Янукевіч злізаў кроў з рассечанай губы.
– Калі ты пра Крымінальны Кодэкс і артукул карны, то не хвалюйся, знойдзецца. Натхнення і фантазіі ў мяне хопіць. Хочаш, “згвалтаванне” зарганізую?
У свой сіроцкі пакойчык жандар Пярдолэк вярнуўся зняважаным і знясіленым. Лавіць амерыканскага камінтэрнаўца не хацелася. Што са скуры вылузвацца? Усё адно марна! Думаць пра яго – таксама. Хацелася нажлукціцца ды забыцца на ўсю ліхтужную брыду: і на пана каменданта з яго накцюрнамі і бязногім раялем, і на бездухоўных хамулаў-вязняў.
Але грошай у Пярдолка не было ўжо больш за тыдзень. Бліжэйшым месцам, дзе па чутках, жандарам налівалі ў крэдыт, быў шынок “Рыга” ў мястэчку Яблонаўшчына. Дабрацца туды можна было і па чыгунцы, але ўласная матацыклетка скарачала час на дарогу амаль удвая.