Читать книгу Янкі, альбо Астатні наезд на Літве - Уладзіслаў Ахроменка - Страница 9
Частка першая
Горкі яблык
5
ОглавлениеВораг-жандар дапаліў папіросу і цяжкім позіркам прыціснуў да сцяны маладога капэзэбоўца, які стаяў апошнім у даўжэзным шэразе вязняў Бярозы-Картузскай.
– Зубы пакажы, – жандарскія пальцы бязлітасна схапілі крысо турэмнай робы.
Камуністы паслухмяна ашчэрыў дробныя, як часнык, зубкі.
– І ў гэтага цэлыя, – расчараваўся жандар, выцягнуў з кішэні галіфэ жменю свежых дубовых трэсак і зняважліва кінуў іх у твар капэзэбоўца. – Ну што, так званыя “свядомыя” спадары і таварышы, а насамрэч – мужыкі-хамы-быдла-тэрарыстыя. Апошні раз пытаюся – хто з вас перагрыз слупы на кантрольна-следавой паласе? Маўчыце? Тады будзеце бетановыя бэлькі цягаць.
– Так мы іх, пан Янукевіч, і так штодня цягаем! – асцярожна нагадаў нехта з даўжэзнага шэрагу.
– Цягалі па адной, будзеце – па дзесяць! І не цягаць, а грызці!
– Пан жандар, хлеба няма, солі няма, махоркі не засталося, – паскардзіўся малады віленскі камунар у акулярах з расколатым шкельцам, – поўная няшчымніца. Хоць бетон грызі! У каго сваякі на вёсцы, тыя харчы з волі атрымоўваюць. А я сірата-месціч. Як да канца тэрміну не дажыву, дык пану давядзецца адказваць.
Жандар Янукевіч няспешна прайшоўся ўздоўж сцішэлага шэрагу. Па канцлагернай завядзёнцы падобная фраза магла каштаваць вязню дзесяць дзён карцэра. Але гэтым разам абышлося: камунар, сам таго не ведаючы, крануў сантыментальныю струну ў душы жандара.
– Я ж сам тутэйшы сірата, – амаль па-чалавечы ўздыхнуў Янукевіч, – мяне сёстры-кармеліткі ў Школе Падставовай гадавалі. І што характэрна, вялікім панам стаў! Хто скажа – чаму?
Зняволеныя маўчалі прыгнечана.
– А таму, – жандар павучальна ўзняў палец, – што, у адрозненне ад вас, мужыкі-хамы-быдла, у беларускай школе я не вучыўся, вашых газет і кніг ніколі не чытаў, ды й чытаць не збіраюся. А цяпер паўтараю: хто згрыз слупы?..
Вецер звінеў калючым дротам, скавытаў у комінах былога картэзіянскага кляштара, кідаў пылам у твары палітвязняў, сек па нагах колкім пяском. Стары раскудлачаны крумкач чарнеў на вільчыку турэмнага корпуса знакам бяды. Цьмяна паблісквала зброя ў руках ахоўнікаў на вышках. Янукевіч бессэнсоўна сноўдаўся па пляцы. Яго мудрагелістая лаянка з нечаканымі параўнаннямі і недарэчнымі метафарамі прымушала ніякавець нават спрактыкаваных тэрарыстаў – забойцаў агентаў Дэфензівы.
Вусаты дасведчаны грамадовец асцярожна схіліўся да вуха маладога капэзэбоўца:
– І сноўдаецца, і сноўдаецца… што той пёрд пад коўдрай.
– Ужо дзесяць гадзін мінула, як Хроснага адшукаць не могуць. За гэты час не тое што да Баранавічаў, да самой Рыгі можна было дабрацца! Га?
– Не зловяць уцекача да наступнай раніцы – пагоняць з жандараў нашага Пярдолка, як з Гарадзенскага Цэнтрала калісьці выперлі.
– Га? Так, чуў! Пярдолэк за дзеўкамі ў турэмнай лазні падглядаў!..
Дасведчаны грамадовец меў рацыю: тутэйшы сіротка Віктар Янукевіч хоць і выбіўся ў польскія жандары, але так і не здолеў пазбыцца ганебнай мянушкі “Пярдолэк”, як, зрэшты, і непрыстойнай манеры падглядаць за голымі дзяўчатамі.