Читать книгу Янкі, альбо Астатні наезд на Літве - Уладзіслаў Ахроменка - Страница 14
Частка першая
Горкі яблык
10
ОглавлениеЯблонаўскія краявіды лашчылі вока местачковай чысцінёй і патрыярхальным спакоем. Павапнаваныя коміны высіліся над старасвецкай дахоўкай і акуратнай гонтай. А дзе-нідзе, нібы навюткая златоўка, ззялі срэбрам ацынкаваныя бляхі дахаў. Празрыстыя дымкі з надворных вяндлярняў струнка выцягваліся да валошкавага неба. З пашы даносілася пастаральнае ценьканне званочкаў. Залаты певень на галоўнай вуліцы эмацыянальна тлумачыў нахабнаму прыхадню-індыку, што юрліва паглядаць на чужых курачак не надта прыстойна. З-за агароджы плябаніі добразычліва рохкаў ружоваскуры парсюк, і ў яго спагадлівых вачах адбіваўся надпіс JANKI на тэнтаваным кодабе “Студэбекера”.
Янка Лабновіч зухавата спыніў машыну каля нізкай стадолы з шыльдай SZYNOK “RYHA” над дзвярыма. З расчыненых вокнаў ліўся тужлівы спеў скрыпкі. Нябачны музыка жалосна выводзіў ці тое адну з пастараляў Агінскага, ці тое жыдоўскую народную песню “Піня памірае”.
– “Рыга”! Прыехалі, дзядзька, – кіроўца выбраўся з кабіны.
Хросны паглядзеў на шыльду, прымружыўся і нічога не сказаў. Безумоўна, ён спадзяваўся ўбачыць зусім іншую Рыгу, але супакоіў сябе думкай, што надпіс на стадоле ўсяго толькі супадзенне, а Янка проста жартуе. Статус уцекача не дазваляў быць залішне гаваркім і асабліва цікаўным. Былы вязень агледзеўся. Нічога падазронага ў вочы не кінулася. Спрадвечны жыццялад беларускага мястэчка гарантаваў спакой, а апетытнае шкварчэнне патэльні, крышталёвы звон чарак і меладычны енк скрыпкі абяцалі змястоўны адпачынак.
– Тут, вядома, менш раскошы, чым у Гародні ці нават у Амерыцы, але ж мудзілы і сюды дабіраюцца, – Лабановіч гасцінна адчыніў дзверы шынка, – ну што, дзядзька. Дарога была доўгая. Падсілкавацца не зашкодзіць.
Хросны толькі быў падаўся наперад, як знерухомеў: ад касцёльнай званіцы раптам паляцеў спалоханы жураўліны крык. Былы палітзняволены неўпрыкмет узняў позірк. Вакол крыжа наразаў колы і трывожна клёкаў шэры жораў. На доўгай птушынай шыі чырванеў гальштук юнага ленінца з БССР.
Лабановіч, аднак, ніяк не зрэагаваў на дзіўную птушку, а таму Хросны палічыў за лепшае зрабіць выгляд, што так і мае быць. Мо, у Яблонаўшчыне завядзёнка такая?
– Дзядзька, – Янка ляснуў далонню па стойцы, – нам пад’есці і па піве. Калі мы зараз не вып’ем за знаёмства, гэта будзе ненатуральна.
– Тады ўжо лепш па чарцы. Частую, – удзячны Хросны выцягнуў з кішэні пачак банкнотаў і позіркам прафесійнага бутлегера ўважліва прайшоўся па шэрагу бутэлек за спіной пейсатага шынкара ў чорнай ядвабнай камізэльцы. – Кошты, як я разумею, выстаўлены за пляшку?
– Хай пан не крыўдуе, але гэта за чарку. Не мая віна. Кошты на спірытусовыя напоі вызначае Рэч Паспалітая. Згодны з панам, кошты такія шалёныя, што пэўна сам маршалак Пілусудзкі, які таксама чарку кульнуць любіў, у труне прапелерам круціцца, – шынкар хітравата скасавурыўся і накруціў на палец даўгі пейс. – Але ж наш фундатар, ягамосць Навум Фабрыкант, дбае пра тутэйшых аматараў чаркі і шкваркі.
Шынкар рассунуў фіранкі на вялікім люстэкру, што вісела над барам. У ім адбіліся размаітыя пляшкі, схаваныя пад стойкай ад суворых вачэй паліцыянтаў. Там жа адпачываў нейкі нерухомы асілак са збітымі кулакамі, і на яго грудзях чорнымі глыжамі блішчэлі шнураваныя баксёрскія пальчаткі.
– Маю гонар прапанаваць па людскіх коштах, – інтымна прашаптаў шынкар, – “віно росо” ўраджаю 1935-га года, кантрабанда з Сіцыліі, ухвалена самім папскім легатам. Калі ж паны праваслаўныя, і Папеж для іх не ёсць аўтарытэтам, рэкамендую “крамлёўку”. Кантрабанда з Усходу.
Хросны намацаў пад кашуляй залаты абразок – падарунак Карлы Спагеці, замовіў пляшку віна для сябе і літруху гарэлкі для Лабановіча.
– Ці не зашмат будзе? – кіроўца “Студэбекера” задуменна ўзважыў пляшку-вежу.
– А хто прымушае піць усё і адразу? – справядліва запярэчыў уцякач з Бярозы-Картузскай.
Праз хвіліну наведвальнікі ўжо сядзелі ў куце каля адчыненага вакна. Злева ад стала блішчэла лакам жоўтае піяніна, справа зяленілася сукно більярда-амерыканкі. Са стойкі, як рулі карабінаў, выторкваліся кіі.
– Ну што, за знаёмства? – пасміхнуўся Янка.
– А то!
Чарка і келіх мажорна бомкнулі. Хросны прыдзірліва пасмакаваў “віно росо” і знайшоў яго някепскім. Гледзячы, як новы знаёмца зухавата кульнуў чарку, былы чыкагскі бутлегер запаліў цыгарку і падрыхтаваўся выслухаць апошнія амерыканскія навіны ад праўдзівага янкі-беларуса. Хросны не ведаў ані людзей, якія наладзілі яму ўцёкі з канцлагера, ані новых бутлегерскіх груповак у Ілінойсе, ані нават таго, ці дзейнічае яшчэ ў Паўночна-Амерыканскіх Злучаных Штатах Сухі Закон. Імя цяперашняга прэзідэнта – і тое было яму невядомае.
– Янка, ты? Прывітанне! – ад дзвярэй прагучаў тэнарок з лагодным жыдоўскім акцэнтам. – А казалі, што цябе з амерыканскага пастарунка адразу ў турму павезлі!
– Янкель? Ходзь да нас! – Лабановіч гасцінна адсунуў вольнае крэсла. – Тамтэйшыя паліцыянты, вядома ж, мудзілы! Але мову, на якой з імі можна паразумецца, я ведаю.
Насцярожаны позірк Хроснага ацаніў хударлявую постаць Янкеля. З-за шкельцаў акуляраў жвава бліскалі вочы маладога местачковага гуманітрыя. З-пад пахі Янкеля высакародным бурштынам ззяла скрыпачка. Навершша доўгага смыка ў прыцемку ўспыхвала нібы знічка.
– Смачна піць і есці, – жыд-музыка гідліва глянуў на вэнджаныя свінячыя вушы ў місе, але далікатна змаўчаў, падсеў да стала з іншага боку і з дакладнасцю да грама аблічыў позіркам гарэлку ў пляшцы.
– Таксама янкі? – падазрона запытаўся Хросны.
– Вядома ж! – нахабныя вочы Лабановіча ласкава пасміхнуліся. – З жыдамі мы, беларусы, заўсёды сябравалі і сябраваць будзем. І камерсанты выключныя, і музыкі шчырыя. Вось як наш Фінберг – Янкель-музыка, сапраўдны Смык беларускі. У нашай бізнесовай грамадзе ён за самае прыемнае адказны: за падлік грошай і гармонію духу.
Музыка імпэтна крануў смыком струны.
Грамада з другога канца залы адразу ж адгукнулася:
– …са-абрала-ася бедна басота, ды гарэ-элку п’е…
І хаця неўзабаве скрыпка змоўкла, спевы, вядома ж, працягваліся, і кожны выводзіў на той матыў, які лічыў адзіна правільным.
– Мы, хоць і не басота, але выпіць не зашкодзіць, – Лабановіч спрактыкавана нахіліў рыльца да сваёй і Янкелевай чарак.
– Глядзі Янка, пі, але без перабору, – скрыпач узяў пляшку і манетай прадрапаў на этыкетцы рыску, – за яе не пераходзь, а не тое будзе, як у той Амерыцы.
– Не малы, памятаю, – Лабановіч паправіў бінт на збітай руцэ.
– Агімула фаірыд! – недаверліва прамовіў скрыпач на ідыш; маўляў: “я ў гэта веру такжа, як у тое, што на небе існуе кірмаш!”
Хросны пытальна зірнуў на Янкеля.
– Наш Янка – хлопец памяркоўны і талерантны, – патлумачыў той, – але, як вып’е больш за сваю норму, хапае більярдны кій – і ну дубасіць мудзіл! Пакуль усіх не пакладзе, не супакоіцца.
– Цалкам даравальная хіба, – дыпламатычна пагадзіўся былы бутлегер.
– Мы ж з хлопцамі як у ваду глядзелі, – працягваў Фінберг, – баяліся яго аднаго ў тую Амерыку выпраўляць. Упільнаваць не было каму, вось і кульнуў залішнюю чарку. А тут – цэлы натоўп мудзіл. Наш Янка, як і мае быць, адразу за кій. Добра-такі паганяў: аднаму руку зламіў, другому – ключыцу, трэцяму – ажно пяць рэбраў. На дзень усяго з-пад увагі яго выпусцілі.
– Як гэта, на дзень? – разгубіўся Хросны. – Дык колькі ж дабірацца да той Амерыкі?
– Як на “Студэбекеры” брукаванкай, то дзве гадзіны, – спакойна растлумачыў Лабановіч, – а цягніком…
Скончыць фразу ён не паспеў – за расчыненымі вокнамі бахнулі стрэлы.
– Халера ясна! – прагучала следам.
Чуйнае вуха Хроснага беспамылкова злавіла ў лаянцы тыпова жандарскую інтанацыю.
Заўсёднікі “Рыгі” і нават пейсаты шынкар пасыпалі на вуліцу. Абачлівы Хросны асцярожна падаўся да адчыненага вакна.
На плошчы перад касцёлам ваяўніча высіўся вершнік-паліцыянт туга перацягнуты рыпучай скураной партупеяй. З рулі ўзнятага рэвальвера сцякаў тонкі струмок блакітнага дыму. Белы конь злосна фыркаў.
– Што, уцячы ад мяне хацеў? – паліцыянт дзьмухнуў у рулю і па-каўбойску крутануў барабан. – Толькі яго ў нашым мястэчку не ставала!
Хросны крыху пасунуў фіранку і працягваў назіраць з-за яе. Па сітуацыі, яму трэба было неадкладна кідацца на ўцёкі, але інтуіцыя і жыццёвы досвед падказвалі, што панікаваць зарана.
Паліцыянт апусціў зброю ў расшпіленую кабуру і злосна зірнуў на местачкоўцаў.
– Чаго вылупіліся?
– А што, нельга? – Лабановіч нахабна выйшаў наперад. – Так, пан паліцыянт трапна сталяе, але зняць небараку з крыжа будзе значна цяжэй.
Да Хроснага дайшло: прадстаўнік улады з’явіўся не па яго душу. Пэўна, у патрыярхальнай Яблонаўшчыне аб’явіўся злодзей яшчэ страшнейшы за “амерыканскага камінтэрнаўца”. Уцякач без ваганняў выйшаў на падворак і нібыта раўнадушна глянуў на званіцу.
На графітна-чорным касцёльным крыжы пагойдваўся застрэлены паліцыянтам жораў у піянерскім гальштуку, той самы, які прывітаў Хроснага і Янку клёканнем у Яблонаўшчыне. Неберака звісаў на гальштуку з каванай папярэчыны, нібы шыбенік.
Паліцыянт пачухаў патыліцу – самому на званіцу было не ўскараскацца. Стралок навязаў каня і падаўся выклікаць па тэлефоне пажарных.
Местачкоўцы з’едлівымі жарцікамі і хабёльскімі кпінамі прывіталі з’яўленне чырвонай машыны з рассоўнымі драбінамі. Мёртвага жорава ў чырвоным гальштуку знялі за колькі хвілін. І тут пана паліцыянта чакала яшчэ адна прыкрая неспадзяванка. Да доўгай птушынай лапы мацавалася колца-капсула з пасланнем:
Міхась стаіць адзін на пні,
Ў задуме твар яго ружовы.
Ён думае аб светлым дні,
Калі сустрэнецца з Яжовым!
Піянерская дружа імя сталінскага наркама таварыша Яжова шчыра вітае сваіх прыгнечаных братоў у Заходняй Беларусі! Мацуйцеся, вызваленне не за гарамі!
– Разумею цяпер, чаму з выраю журавы на Палессе ляцяць! – ацаніў неасцярожна зачытанае паліцыянтам Янка Лабановіч.
– І па той бок мяжы суцэльная бездухоўнасць, – жахнуўся Хросны, – калі нават малыя дзеткі так ад шчырага сэрца забаўляюцца!
– І куды толькі нашаму брату-беларусу ў гэтым свеце падацца? – уздыхнуў Янкель. – Хіба, у Злучаныя Штаты?
– Напэўна. – Тонкія губы ўцекача сціснуліся, як цагліны ў сцяне, маршчыны акрэсліліся. – Дык, што вы пра Амерыку казалі? Колькі да яе цягніком дабірацца?
– Дакладна не памятаю, – Лабановіч выцягнуў з кішэні газетную выразку з чыгуначным раскладам руху. – Так-так-так… Са станцыі Яблонаўшчына да паўстанку Амерыка – адна гадзіна сорак пяць хвілін. Ну, і да мястэчка пехатой хвілін дзесяць.
Хросны нават здзівіцца не паспеў: за пажарнай машынай мільганула навюткая канфедэратка. Высокі, відны хлопец у форме харунжага Гарадзенскага ўланскага палка мэтанакіравана выглядаў некага вузкаватымі татарскімі вачыма. Улан упэўнена праціснуўся скрозь натоўп, ускінуў руку і адназначна падаўся да Хроснага. Той нядобра прымружыўся, і рука міжволі намацала ў кішэні рыфлёнае дзяржальна браўнінга.