Читать книгу Янкі, альбо Астатні наезд на Літве - Уладзіслаў Ахроменка - Страница 8
Частка першая
Горкі яблык
4
ОглавлениеХалодны туман слаўся па-над самымі балотнымі хмызамі. Чорныя вокны вады дрыготка адбівалі размытыя абрысы чаратоў. Недзе ў непраходнай пушчы злавесна закугукаў пугач, і галодны воўк азваўся працяглым жудасным скавытаннем.
Хросны скакаў з купіны на купіну на злом галавы. Скрозь шоргат чаратоў яму ў спіну неслася злоснае бабровае рохканне. Чалавеку, які пражыў, бадай, палову свайго ліхтужнага жыцця ў каменных джунглях, нялёгка было спаборнічаць у спрытнасці са спракаветнымі насельнікамі беларускіх балот. Дый хто мог даць рады ўцекачу?
Хроснага нарэшце спыніла рака. Былы вязень у роспачы азірнуўся – галодныя грызуны бязлітасна падступаліся.
– Стасік, Чэсік… – лагодна прамовіў Хросны. – Адчапіцеся! Хрыстом-Богам прашу!
Нажаль, добрае слова не дапамагло. Галодныя бабровыя вочкі не пакідалі надзеі на паразуменне. Шырокія, як секачы, зубы, хіжа ляскалі ў цемры. Мокрыя хвасты нервова мянцілі па траве.
– Рох-рох! – ашчэрыўся Чэсік і агрэсіўна пасунуўся наперад.
Былы вязень ніколі не спадзяваўся на цуды, ні ў каго не прасіў літасці: ані ў копаў-жандараў, ані ў прыроды. Махорка з разарванага зубамі кісета паляцела ў вусатыя бабровыя пысы. Стасік з Чэсікам адразу заенчылі і зацерлі лапкамі зацярушаныя вочкі.
– Бывайце здаровы, жывіце багата, – прымірэнча развітаўся з імі ўцякач і няспешна падаўся да крывога бервяна-кладкі, што рэльефна чарнела ніжэй па рачной плыні.
Тайнік з гумовым мехам Хросны адшукаў адразу. Някідкі, але шляхетны стройчык быў пашыты нібыта па мерцы, знятай з былога вязня. Праўда, навюткія палатняныя чаравікі з лакіраванымі насамі крыху мулялі. Пінжак падаўся яму падазрона зацяжкім. І не дзіва – у кішэнях ляжалі дакументы, наладаваны партцыгар, запальнічка, ладны пачак новых златовак і нават срэбны гадзіннік на доўгім ланцужку. Але ўцекача больш за ўсё ўсцешыў цяжкі нікеляваны браўнінг з пукатым рыфлёным дзяржальнам.
Былы палітвязень нарэшце выбраўся з балота і агледзеўся. Шаша з прысадамі была непадалёк. Але дзе тая сухая яблыня-дзічка, пад якой яго павінна чакаць вялікая амерыканская машына?
Літыя гумовыя падэшвы хрумсцелі жвірам. Кіслародная свежасць вольнага ветру прыемна асцюджала твар. Хроснаму вельмі хацелася прылегчы ля старога гасцінца, рукі вольна раскінуць ушыркі і слухаць, як шумяць бярозы, калышуць-люляюць свой напеў векавы. Але ён мусіў ісці – світанак ужо фарбаваў скрай неба ў колер малінаўскага яблыка.
За паваротам уцякач прыпыніўся. На ўзбочыне ўрачыста, нібыта пацярпелы аварыю акеанічны лайнер, высіўся вялікі самохуд. Былы чыкагскі бутлегер беспамылкова вызначыў марку грузавіка – “Студэбекер”. “Вялікі амерыканскі самохуд, – згадаў Хросны словы маладога капэзэбоўца. – Супала”.
З-пад узнятага капота лілося бляклае электрычнае святло. Нябачны механік корпаўся ў рухавіку, насвістваў самому сабе “Янкі дудль”. На тэнтаваным брэзентам кодабе бялеў вялікі надпіс JANKI. “Ну, хлопцы зусім з глузду з’ехалі. Яшчэ б амерыканскі сцяг вывесілі!” – жахнуўся былы чыкагскі бутлегер.
Але Хросны не спяшаўся падыходзіць да машыны, бо колькі ні ўглядаўся ў краявід – старой сухой яблыні так і не ўбачыў. І тут з-пад узнятага капота пырснулі-разляцеліся дробныя электрычныя жарынкі.
– Fuck you! – высокі ладны маладзён са шрубоўкай у руцэ адскочыў ад машыны і затрос перабінтаванай далонню, – Shit!
Хросны замілавана пасміхнуўся, бо даўно ўжо не чуў мілай сэрцу амерыканскай лаянкі.
“Усё супала. Праўдзівыя янкі”, – узрадваўся Хросны і без ваганняў падаўся да “Студэбекера”.
Маладзён са шрубоўкай цікаўна разглядаў мужчыну ў стройчыку, які невядома што рабіў у світальных прыцемках на старым гасцінцы. – Hello! How do you do? – прывітаўся Хросны.
– Fine. Thanks, – надзвычай уздрадваўся маладзён і яго валошкавыя вочы нахабна бліснулі.
– Янкі? – прымружыўся былы чыкагскі бутлегер.
– Янкі, янкі, – хлопец з нахабнымі вачыма ганарліва павеў рукой, дэманструючы кідкі надпіс на тэнтаваным кодабе.
– Are your from… з Чыкага, са штату Ілінойс? Выбачай, хлопча, даўнавата не было з кім па-ангельску слоўцам перакінуцца.
Маладзён зарагатаў і хітра падміргнуў:
– Не! Не з Чыкага, але з Амерыкі.
– Паехалі, пакуль пшэцкія мудзілы не панаехалі! – Хросны нервова глянуў на гадзіннік.
– Я іх таксама ненавіджу! – узрадваўся роднаснай душы кіроўца “Студэбекера” і гасцінна запрасіў уцекача ў кабіну. – Тады, дзядзька, сядай. Што пыл таптаць?
Зароў магутны рухавік, закалаціўся рычаг пераключэння скрыні бегаў. Амерыканскі грузавік-асілак упэўнена зашаргацеў па бруку.
– Куды? – Хросны з палёгкаю распусціў гальштук, і з-пад кашулі бліснуў залаты абразок са Святым Януарам.
– У Рыгу. Бывалі там? – кіроўца зубамі зацягнуў вузел на забінтаванай руцэ.
– Падыйдзе. З рукой што сур’ёзнае? – паспачуваў Хросны.
– Не страшна. Гэта яшчэ, як у Амерыцы быў. Я там трох мудзіл на горкі яблык збіў.
– Іх і ў нас не бракуе. Асабліва ў Картуз-Бярозе, – пагадзіўся Хросны і канчаткова пераканаўся, што маладзён з нахабнымі вачыма, той самы янкі, пра якога гаварыў малады капэзэбовец.