Читать книгу Янкі, альбо Астатні наезд на Літве - Уладзіслаў Ахроменка - Страница 6

Частка першая
Горкі яблык
2

Оглавление

– Ну што, таварыш Хросны Сміт-Весон – дзейнічаем, га? – хлопец з паблажлівым тварам вясковага капэзэбоўца таргануў за рукаво турэмнай робы немаладога хударлявага мужчыну.

Хісткі агеньчык свечкі адбіўся ў васільковых, як неба над Мічыган-Возерам, вачах Хроснага.

– Хіба ўсё гатова? – шнары і зморшчыны на разважлівым твары склаліся ў мазаіку зацікаўленасці.

– Га? Зараз усё і пабачыце, і зразумееце, таварыш амерыканскі камінтэрнавец.

– Колькі разоў табе казаць, гэта для Дэфензівы я камуняка, а насамрэч – нармальны тутэйшы буржуазны нацыяналіст.

Капэзэбовец хітра прымружыўся і задзьмуў свечку.

– Зразумеў. Канспірацыя, га?

– Га-га, – нібыта пагадзіўся Хросны і махнуў рукой, – гакала!

Бразнула клямка, вязні выбраліся з вільготнай цемры былой манаскай келлі на свежае лагернае паветра.

Мярцвянае электрычнае святло пражэктараў з ахоўных вышак аблівала старажытныя муры былога Картэзіянскага кляштара, ператворанага прыхаднямі-палякамі ў канцлагер для нацыянальна-свядомых, камуністых і сацыялістых беларусаў. Вецер звінеў калючым дротам агароджы. Ад балотных чаратоў, што пачыналіся адразу за кантрольна-следавай паласой, плыў паўпразрысты туман.

Хросны і капэзэбовец крадком прабраліся ўздоўж сцяны турэмнага корпуса і спыніліся за штабелем жалезабетонных бэлек, якія палітвязні штодня цягалі праз увесь пляц пад прыцэламі карабінаў аховы. Гэтыя фізічныя практыкаванні рабіліся па загадзе пана каменданта. З самое раніцы і да палудня зняволеныя цягалі бэлькі ад лямуса да былой плябаніі, а пасля палудня – ад плябаніі да лямуса.

– А бэлькі не ляснуцца? – насцярожыўся Хросны.

– Нашы сябры-грамадоўцы спецыяляна іх гэтым разам так склалі, каб вам было дзе схавацца, – патлумачыў капэзэбовец.

Палітвязні асцярожна ўскараскаліся па складзеных крыжом бэльках. Адсюль, з вышыні, можна было разгледзець не толькі пругкую спіраль калючага дроту па-над шчарбатым кляштарным мурам, але і балота з рэчкай, за якой прамалёўвалася стужка шашы.

Воля была зусім блізка. Здавалася, варта добра разагнацца, скочыць – і пабяжыш па роснай траве ў вільготную ноч, да цёмнае шашы. Але паміж мурам і кантрольна-следавой паласой сувора паўставалі загостраныя дубовыя слупы, густа пераплеценыя калючым дротам, праз які было не прабрацца, не праціснуцца.

Вецер з балота разгойдваў на ліхтарах бляшаныя конусы са сляпучымі электрычнымі лямпачкамі. Пачварныя цені бязладна кідаліся па лагерным двары. За руінамі касцёла злавесна чырванелі вокны асабняка пана каменданта. З іх даляталі ледзь чутныя гукі накцюрна.

– Нават пасля адбою свайго Шапэна грае. Кат! – маладзён звузіў вочы. – Нічога, мы з ім яшчэ сустрэнемся на барыкадах!

Нябачны кажан са свістам успароў крыламі павертра над галовамі вязняў. У гадавальніку забрахалі сабакі, і лагодныя гукі накцюрна сцішыліся. – А ты казаў, усё гатова, – расчаравана нагадаў Хросны, аглядаючы непахісныя слупы. – Як дзейнічаць збіраешся?

Капэзэбовец хітравата пасміхнуўся і выцягнуў з кішэні жалейку-самаробку.

– Эх, скручу я дудку! Такое зайграю! – прамовіў ён і ціха-ціха зайграў.

Песня жальбы паплыла над тужлівым беларускім краявідам, бязлітасна перакрэсленым калючым дротам. Ноч нечакана адгукнулася далёкім шчаслівым рохканнем. – Стасік, Чэсік! Га?! – узрадваўся заходнекамуністы маладзён.

– Рох-рох, плюх-плюх, – азывалася начное балота.

– А хто там ідзе? – насцярожыўся Хросны.

– Нашыя хлопцы ўжо блізка, – вочы маладога камуніста заззялі падзабытым сялянкім шчасцем.

– Чаму яны рохкаюць?

Малады вязень змоўніцкі прыклаў палец да вуснаў.

З чаратоў, што хісталіся адразу за калючым дротам, выткнуліся дзве вусатыя морды і цікаўна забліскалі дробнымі, што пацеркі, вачанятамі. Насы прагна ўцягвалі паветра, маленькія лапкі нецярпліва абмацвалі траву, нібыта нечага шукалі і не знаходзілі.

– Хлопцы з суседняга барака цэлы тыдзень ані хлеба, ані солі не елі. Для вас стараліся, – пафасна пахваліўся маладзён.

– А гэтыя “рох-рох, плюх-плюх” жэрлі? – недаверліва прымружыў вока беларускі мафіёзі.

– Па начах цэлы тыдзень ім салоны хлеб за драты кідаў, да жалейкі прывучыў. І што цяпер будзе, самі пабачыце. Га?

А ў прывітальным рохканні ўжо прабіваліся ноткі лёгкага расчаравання і нават незадаволенасці.

Капэзэбовец выцягнуў з кішэні загорнутую ў анучку лусту турэмнага хлеба, шчодра пасыпаў яе буйной соллю і кінуў пачастунак на кантрольна-следавую паласу, але гэтым разам не за межы канцлагера, а акурат перад слупамі з нацягнутым дротам. Яго галодныя вочы зайздросна лыпнулі.

Бабры з бліжэйшай рэчкі, ужо тыдзень як прыкормленыя камуністым, звыкла кінуліся да жаданага, але пакуль недасяжнага пачастунку.

Стасік першым тыцнуўся вусатай пысай у калючы дрот і злосна загырчэў. А вось разумнейшы Чэсік адразу сцяміў, як можна дабрацца да салонага хлеба за непраходным бар’ерам. Дробныя, як у дзіцёнка, лапкі абхапілі дубовы слуп. З-пад шырокіх здароўчых зубоў пасыпалася-паляцела пілавінне і трэскі. Неўзабаве слуп нахіліўся, і нацягнутыя драты зазвінелі. Праз колькі хвілін поруч з Чэсікам шчыраваў Стасік. Суседні слуп ён схрумкаў, як тая амерыканская бензапіла. Слупы валіліся адзін за адным, нібы даміношныя косткі, і цягнулі-абрывалі сталёвы дрот.

Галодныя жывёлы спрытна ўхойдалі апошні шэраг слупоў і навыперадкі кінуліся да прысоленага ласунка. Вільготныя шырокія хвасты надзейна замяталі сляды на ўзаранай кантрольнай паласе.

Апалітычныя беларускія бабры Стасік і Чэсік нават не здагадваліся, што праз сваю ненажэрнасць спрычыніліся да беспрэцэдэнтнай чакісцкай акцыі па арганізацыі ўцёкаў з Бярозы-Картузскай. Таварыш Баян, які на загад камандзіра “Халоднай галавы” здзяйсняў аператыўнае кіраўніцтва, прафесійна збудаваў увесь ланцуг выканаўцаў. Уцёкі не каштавалі ані шэляга меднага, бо паслухмяны камуністы, як і мае быць, рызыкаваў жыццём адно за абстрактную ідэю.

У таемным месцы пад балотнай купінай Хроснага ўжо чакала гумовая торба з цывільнай вопраткай, якасна падробленымі дакументамі і пачкам златовак – вядома ж, фальшаваных. Сам Баян на вялікай амерыканскай машыне “Пакард” быў ужо выправіўся з Гародні, каб падабраць уцекача ва ўмоўленым месцы.

Маладзён выцягнуў з бетоннага штабелю прыхаваны драўляны брус і перакінуў яго на мур.

– Ну што, таварыш Хросны… Перадайце прывітанне нашым таварышам з Камінтэрна. Га? – малады камуністы расчулена шморгнуў носам і выцягнуў з кішэні кісет з махоркай, – гэта таварышы грамадоўцы вам у дарогу сабралі.

– Ведаеш, я перадумаў уцякаць, – з нечаканай суворасцю прамовіў той.

– Га? – не паверыў маладзён.

– І па той бок дроту “долі не відаць, кайданы няволі на руках звіняць”, – працытаваў адукаваны Хросны, – дый, што там, зрэшты, добрага быць можа? Асадніцтва, прастытуцыя, парнаграфія, эксплуатацыя, беспрацоў’е, санацыя, дыскрымінацыя, паланізацыя, Дэфензіва… Бездухоўнасць, як той казаў. Бач, бабры – і тыя галодныя.

– А можа, так яно і трэба? – пранікнёна запытаў камуністы.

– Не, хлопча, я лепш тут застануся, сярод сваіх. Тут чыста, цёпла і не страляюць, як у іншых месцах. За калючым дротам выспа стабільнасці і спакою. Мяне паважаюць, у мяне абутак і вопратка па сезоне, гарантаваная ежа тры разы на дзень і ніякага беспрацоў’я. Наш канцлагер – адзінае месца ў свеце, дзе нават прыхадні не сумняваюцца, што ты праўдзівы беларус.

– Усё слушна… Толькі б не было вайны, таварыш Хросны! Мне за кратамі таксама тое-сёе падабаецца. Але ж трэба некаму і там за духоўнасць, за народнае шчасце змагацца! – разгубіўся камуністы. – Калі не вы, дык хто? Га?

– Там, – Хросны паказаў на начную беларускую дрыгву, – барацьбітоў са змагарамі ніколі не бракавала. А дзе плён? Дзе шчаслівае, заможнае жыццё?

– Ад вас плён будзе, так і вашыя таварышы казалі, з гэтага, як яго там … з Чэ-Ка. Га?

– З Чыкага? – знерухомеў Хросны. – Чаму ж ты раней не казаў, што гэта янкі мне ўцёкі зарганізавалі?

– Мо і янкі. Не ведаю. Але яны хлопцы чэ-ка-скія, дакладна. Я ж ад пачатку казаў, – канчаткова сумеўся маладзён, – вас будзе чакаць вялікі амерыканскі самохуд… Сухая яблыня дзічка… На шашы… Дык што ім цяпер сказаць, га?

– Не пераймайся. Сам скажу.

Хросны сунуў у кішэню кісет, раскінуў рукі крыжом і пайшоў па хісткім брусе да шчарбатага кляштарнага мура. Перш чым скочыць, ён азірнуўся:

– Цябе як клічуць?

– З-за жалейкі Пеюном празвалі, – разгубіўся маладзён і войкнуў.

Янкі, альбо Астатні наезд на Літве

Подняться наверх