Читать книгу Янкі, альбо Астатні наезд на Літве - Уладзіслаў Ахроменка - Страница 15
Частка першая
Горкі яблык
11
ОглавлениеТраскучая матацыклетка неслася па старым гасцінцы, заштрыхаваным ценямі пірамідальных таполяў. Сонца крышылася ў напятых спіцах. Каўчукавыя колы пругка падскоквалі на пукатых камянях. Тонкі гнуты руль калаціўся ў руках жандара Янукевіча, не раўнуючы, як пнеўматычны малаток-адбойнік. Пустая люлька грукацела гучней за бляшаныя ночвы.
Вецер паліраваў шчокі і сушыў слёзы, што каціліся з-пад скураной аблямоўкі акуляраў-кансерваў. Усю дарогу ад Бярозы-Картузскай матацыклісты Пярдолэк песціў-гадаваў адну толькі мару: як ён нагоніць у “Рызе” страху на шынкара, і як зляканы пейсаты выставіць яму ў крэдыт цэлае вядро гарэлкі, якую так смачна і прыемна будзе жлукціць.
Як усе Картуз-Бярозскія жандары, сірата Янукевіч быў непераборлівы: спаць мог у ботах і пальчатках, піць ваду з копанкі, закусваць цвілой хлебнай скарынкай… Але ж гарэлка – яе нічым не заменіш!
Калі да канчатковай мэты падрожжа – шынка “Рыгі”, – заставалася не больш за паўгадзіны трасучкі, здарылася непапраўнае. Пярдолэк, затуманены слязьмі і алкагольнымі мроямі, і сам не зразумеў, адкуль перад пярэднім колам узнік высокі браніраваны багажнік шляхотнага легкавіка. Жандарская рука нервова прыціснула тормаз, але крыху запозна: матацыклеткі мякка тыцнулася ў шырокі бліскучы бампер. Шыкоўны лімузін адразу спыніўся.
Янукевіч скамянеў у паралюшы. Безумоўна, ён разумеў, такая звышдарагая машына належыць вялікаму пану, і здагадваўся, якія жахлівыя наступствы могуць яго напаткаць.
Так яно і здарылася.
Не паспеў Пярдолэк злезці з матацыклеткі, як з салона легкавіка выбраліся двое.
– Ты што, казёл санацыйны, наўмысна правакуеш савецкіх беларусаў на ўзброены канфлікт з вашай рэакцыйнай Польшчай? – агрэсіўна прамовіў звяружны волат з няўсмешлівым тварам і выцягнуў з кішэні савецкі дыпламатычны пашпарт.
– Зараз табе лыч натаўчэм, сунем у багажнік дыпламатычнай машыны і да БССР, у Курапаты! – паабяцаў маладзён без асаблівых прыкметаў.
Натуральна, жандар Янукевіч выдатна ведаў, што такое Курапаты. Камендант Бярозы-Картузскай не раз скардзіўся, што закон не дазваляе яму дзейнічаць з размахам савецкіх калегаў з “эн-ка-вэ-ду”.
– У багажнік сам палезеш, ці дапамагчы? – спытаў звяружны волат.
– Паночкі, родненькія! – па-сіроцку заенчыў жандар. – Дык вы з Саветаў? Таварышкі?
– Маўчаць, лярва жандарская! – маладзён без асаблівых прыкметаў спрактыкавана адчыніў багажнік.
– Давай, залазь! – жорстка загадаў звяружны волат, не раўнуючы, як той Карабас Барабас прапаноўваў Бураціну лезці ў распалены камін.
Янукевіч асцярожна намеціўся ў бок прысадаў, але бакавым зрокам адзначыў, што звяружны волат ужо трымае напагатове страшны чорны маўзер.
– Не трэба бегчы, не трэба… – пасміхнуўся маладзён без асаблівых прыкметаў, – таварыш Баян, прамеджду протчым, варашылаўскі стралок. На расстрэльнай практыцы нават самаму дробнаму ворагу народа за пяцьдзесят метраў у скронь трапляе. А ну, у багажнік, мудзіла!
Грымнула цяжкая, бы тая накрыўка дарагой труны, дзвёрка багажніка, і дзённае святло згасла ў вачох Пярдолка.
І, як падалося яму, назаўсёды.