Читать книгу Янкі, альбо Астатні наезд на Літве - Уладзіслаў Ахроменка - Страница 7
Частка першая
Горкі яблык
3
Оглавление– Ой, бярозы ды сосны… – размілавана роў кіроўца ў чакісцкай скуранцы і круціў руль шляхотнага “Пакарда”.
– … партызанскія сёстры… – згодна падхапіў таварыш Баян і нервова глянуў на гадзіннік. – Праз тры гадзіны мусім быць пад Картуз-Бярозай. Цісні на акселератар! За сіняватым куленепрабівальным шклом амерыканскага лімузіна шпарка беглі балоты, лясы, сенажаці ды іншыя някідкія адметнасці класічнага тутэйшага краявіду.
Бралася на вечар. Па шашы нетаропка каціліся палягчэлыя сялянскія вазы. Гаспадары, што ўдала распрадалі на Гарадзенскім кірмашы сала, яйкі і млека, адзначалі свае бізнесовыя поспехі дарагой “вудкай крамнай ”.
– Счакай, не апярэджвай, – загадаў кіроўцу Баян і апусціў шкло дзвёркі. “Пакард” паволі сунуўся каля самага воза. Конь палахліва скасавурыўся на нікеляваны радыятар з крылатай срэбнай скульптуркай.
– Дзень добры, таварышы сяляне! – прывітаўся чакісты.
Гаспадар павагаўся, збянтэжаны словам “таварышы”, што прагучала з лімузіна, і на ўсялякі выпадак зняў шапку.
– І вам дзень добры, паночкі, – вясковец заціснуў паміж каленяў малую пляшачку, на донцы якой яшчэ боўталася крыху “вудкі”.
– Дорага ж каштуе. Не шкада грошай, крывавым мазалём заробленых? – падначыў Баян.
– Дык нагода ж ёсць, – селянін выцягнуў з-за халявы колькі златовак, – са швагерам пяцёх парсюкоў прадалі! – А што не дапіваеце?
– За каўнер закласці пакінулі, – уздыхнуў гаспадар.
– Гэта як, таварышы? – зацікавіліся чакістыя.
Селянін знізаў плячыма:
– Плесканем крыху на далонь і па шыі, як паны адэкалёнам. Хай уся вёска думае, што мы шмат у шынку выпілі.
– Во да чаго паны-эксплуататары працоўны люд давялі! – шчыра абурыўся Баян. – Не адчайвайцеся, таварышы сяляне. Вызваленне з Усходу ўжо блізкае. Як Саветы прыйдуць, зажывеце – гарэлка танная. Гнуць спіну не трэба, гуляй, пі сабе на здароўе ад панядзелка да панядзелка.
– Хай сабе і танная, а жыць з чаго, як не з працы? – з вясковай разважлівасцю запярэчыў селянін.
Баян выцягнуў з шырокіх галіфэ крамлёўскую пляшку, вытаргнуў зубамі рубінавую зорку-корак і добра-такі каўтануў з рыльца.
– Глядзіце, зайздросьце, я – грамадзянін Савецкай Беларусі! – ганарліва дакляраваў ён і выцер падбароддзе рукавом. – Няма ў нас на каго спіну гнуць! У нас няма дваранаў, у нас усе роўныя! Ганіце польскіх паноў і падпанкаў! Стварайце камітэты сялянскай беднаты! Уступайце ў падпольныя парт’ячэйкі! Чытайце “Звязду” ды “Савецкую Беларусь”! Купляйце танную кантрабандную “Крамлёўскую” толькі ў шынках Навума Фабрыканта! І тады, як прыйдуць Саветы, кожнаму селяніну дадуць па такім самым лімузіне, як у нас!
– Калі за Саветамі жыццё такое шчаслівае, то, можа, і людзі там не паміраюць? – хітра прымружыўся селянін.
– Старыя – паміраюць, – скрушна прызнаўся чакісты, тут жа схамянуўся, выправіўся, – але ненадоўга.
Кіроўца злякана зірнуў на старэйшага таварыша і прыціснуў газ. “Пакард” ірвануў па шашы.
– Ты чаго? – здзівіўся агітатар, – я нават пачаставаць іх не паспеў!
– Таварыш Баян! Знаходзячыся на тэрыторыі, часова кантраляванай класавым ворагам, ты злосна парушыў канспірацыю, – сувора нагадаў кіроўца ў скуранцы, – таварыш Пранік такога ніколі не даруе. Да цябе я гэткага ж балбатуна вазіў. І ведаеш, куды яго язык завёў? У Курапаты!
У салоне запанавала маўчанне, было толькі чуваць, як роўна гудзе магутны васьміцыліндровы рухавік – жарэ паліва і кіламетры, бы тая свіння памыі. Мільгацелі бярозы ды сосны. У даліне, залітай фіялетавым паўзмрокам, шапталіся явар з калінай. Стракацелі вузкія сялянскія надзелы – палосы. Абапал дарогі крыжамі-волатамі чарнелі тэлеграфныя слупы.
Пагоркі незаўважна змяніліся роўнай, як патэльня, зямлёй. Стомлены дарогай кіроўца паціху дзёўб носам.
– Які прывабны краявід! Якая паша! Якое поле! Ну проста цуд прыроды! – пранікнёна пракаментаваў Баян. – Тут табе не Гарадзеншчына. Стратэгічная роўнядзь ад краю да краю. Танкавая калона па ёй, нібы, на парадзе пойдзе. Шчаслівыя дзяўчаты ў вышыванках нашых вызваленцаў вітаць выйдуць, непераможных і легендарных. Вось толькі мост наперадзе, яго пілсудчыкі напэўна замініруюць. Варта загадзя парашутны дэсант скінуць.
– Ага… – толькі і азываўся сонны кіроўца, ды далей дзёўб носам.
Насып набіраў вышыню, за шклом пабеглі парэнчы маста.
– Глянь, дзеўкі! – шчасліва выгукнуў Баян.
– Ага… – прагучала з ранейшай санлівасцю.
– У рэчцы плёхаюцца, што тыя бабрыхі!
– Ну і хай сабе. – Голыя! – працягваў спакушаць старэйшы чакісты.
Кіроўца нарэшце зірнуў на раку млява і абыякава, нават галавы не павярнуў:
– Хіба ж то дзеўкі? Простыя сялянкі! Вось на гарадзенскай Раскошы – сапраўдныя дзеўкі стаяць! Майткі карункавыя. Панчохі ядвабныя. Вусны падведзеныя. А водар які ад іх сыходзіць! Не прамінуць. Мяне на Раскошу штовечар як магнэзам цягне. Каб не прапанаваў ты таварышу Праніку гэтага амерыканскага Хроснага, адцягнуўся бы я напоўніцу. У “Kajakowym klubie” сёння танцы. А пасля танцаў у кожнага шляхотнага фацата на кожным калене сядзіць па вясёлай кабеце.
“Пакард” мінуў мост. Сінія прыцемкі канчаткова апанавалі шашой. Запалалі фары, і ў конусах жоўтага святла мільгануў кіламетровы слупок. Баян зашамацеў картай-двухвярстоўкай. Падобны да сардэлькі палец упэўнена сунуўся па лініі дарогі, што ўпіналася ў грунтоўку.
– Праз тры кіламетры – канец шашы. Там збочваем направа, – старэйшы чакісты тыцнуў у скрыжаванне, падобнае да літары “Т”.
Кіроўца падбадзёрыўся: – Картуз-Бяроза зусім блізка?
– … яшчэ адзін праехалі, – Баян адзначыў позіркам кіламетровы слупок і, каб не памыліцца, загнуў палец, – …і яшчэ кіламетр, – другі палец прыціснуўся да далоні.
У святле фар насустрач нікеляванаму капоту бег па ўзбочыне трэці павапнавы слупок. Але ані Баян, ані кіроўца на яго не глядзелі, як не заўважылі і знак, што папярэджваў: шаша тут упінаецца ў гравейку, і трэба збочваць або налева, або направа. Абодва чакістыя, нібыта па нячутнай камандзе, прыкіпелі позіркамі да зграбнай дзявочай постаці ў негліжэ, што зрокава замыкала перспектыву начной шашы. Ядвабныя панчохі льсніліся ў святле фараў. Праз узорыстыя карункі парыжскіх майткаў прасвечвалі гладкія малочныя сцёгны. Пяшчотны ветрык забаўляўся пульхнымі бурштынавымі валасамі. Вялікія зеленкаватыя вочы гарэлі гарэзліва і юрліва.
– Курва-а-а… – малітоўна прастагнаў кіроўца, зварочваючы шыю на дзеўку ў негліжэ.
Шоргат гумовых пратэктараў па бруку рэзка змяніўся сухім шамаценнем граверу. Колы браніраванага “Пакарда” храбуснулі сакаўной травой на ўзбочыне двухметровага насыпу і сталі намотваць на сябе паветра з ранейшым імпэтам. Таварыш Баян здзіўлена прыўзняў бровы і схамянуўся – цяпер ён чуў толькі посвіст ветру, што абцякаў лімузін у свабодным палёце, ды роўны, як у самалёце, гул рухавіка.
– Гамуй! – спознена залямантаваў ён і заплюшчыў вочы.
Грымнула. “Пакард” з загамаванымі коламі падраненым бамбардыроўшчыкам ляснуўся на вільготную пашу. Нізкі ўзмоцнены бампер бязлітасна ўзараў дзёран. З-пад сарванай накрыўкі радыятара засвістала.
– Таварыш Баян!.. Таварыш Баян!.. – загаласіў кіроўца, як маладая ўдава на вясковых могілках. І толькі калі старэйшы чакісты зразумеў, што лёс гэтым разам усё ж злітваўся з яго, расплюшчыў вочы.
– А-ёй!.. – адразу ж сцяўся Баян.
З-пад самага лабавога шкла на яго самотна пазірала юрлівае зеленкаватае вока. Аднавокая нежывая курва ў падраных панчохах раскінулася на капоце ў позе марской зоркі. Праз бурштынавыя валасы няроўна струменіла пара. Бездакорныя цыцкі з ягадкамі смокчаў маціцова блішчэлі ў прывідным месяцовым святле.
Баян асцярожна падаўся наперад, зазірнуў у сляпую вачніцу курвы і здрыгануўся. Шкляное зеленкаватае вока гулка праценькала па лакіраваным капоце і скацілася ў траву.
Кіроўца баязліва падняў лабавое шкло. Яго дрыготкія пальцы кранулі бурштынавую пасму.
– Давай яе сюды, – прагучала каманда.
Агледзеўшы расколатую галаву, таварыш Баян каротка і нервова рагатнуў:
– Твая праўда. З гарадзенскай Раскошы дзеўка. Яшчэ ўчора ў вітрыне французскай крамы стаяла. Манекен.
– Курва парцалянавая, – пагадзіўся кіроўца, – прыехалі…
Старэйшы чакісты абышоў машыну і прысвіснуў.
– Згубілі мы з табой класавае чуццё – за буржуазнымі майткамі ды белапольскімі цыцкамі варожую правакацыю не згледзелі. Чорта лысага мы адсюль без дапамогі выберымося. А праз гадзіну Сміта-Весона трэба падабраць. Давядзецца таварышу Праніку сігналізаваць.
Кіроўца падняў сядзенне, выставіў на капот грувасткую рацыю з доўгай антэнай-чарацінай.
– “Халодная галава”, “Халодная галава”… – шэптам выклікаў камандзіра Баян, – я “Доўгія рукі”…
Раптам скрозь хрубаст радыёперашкодаў прабіўся здзеклівы голас Шалёнаса Халераса:
– Галава… галава… чэляс табе ў глоткас, каб галава не хісталася. Ну як, упадабалі французскую Альжбету – вясёлую кабету? Таварышу Праніку нашае жмудзінскае прывітанне!