Читать книгу Праклён - Валеры Гапееў - Страница 11

Частка 2
4

Оглавление

Адным з улюбёных заняткаў на форуме ў Генадзя было стварэнне тэмаў з назвай: “Душа патрабуе”. Ніколі не забудзе, колькі дадатных эмоцыяў яна яму прынесла, калі запосціў такую першы раз: “Душа патрабуе паклапаціцца пра бліжняга. Ёсць 15 даляраў Веб-Мані, якія аддам таму, хто першы пакіне ў тэме нумар свайго партманета”.

Што пачалося! Адразу спрабавалі адгадаць: у чым тут ашуканства? Ведалі, што засвяціць у “пабліку” свой нумар партманета – стаць мішэнню для спамераў і хакераў. Але ж пасля таго, як атрымаеш грошы, пост можна адрэдагаваць і зацерці нумар. Не, мабыць, мэта нейкая іншая…

Генадзь чытаў пасты, часам кідаў якія рэплікі – і рагатаў амаль уголас. Як жа ўсім карцела вось так, на халяву, атрымаць 15 даляраў. А адначасна – баяліся ўсе. І нават больш чым баяліся: кожны, хто зазіраў у тэму, хацеў бы атрымаць, але каб не прызнавацца! У першыя хвіліны на Генадзя звалілася, можа, з дваццаць лістоў у асабістую скрыню на форуме з нумарамі партманетаў.

“Не, сябры, не! Не шліце нумары партманетаў у прыват – толькі тут, прылюдна пішыце свае партманеты. 15 даляраў – хто напіша першы”.

Адно праз гадзіну нехта напісаў. І тут пачалося: шчаслівага смеляка сталі гнобіць і ўпікаць у сквапнасці. Маўляў, мог бы пачакаць. І пры ўсім патрабавалі праз тыдзень паведаміць, ці не здарыцца якіх непрыемнасцяў.

Праз месяц Генадзь прапанаваў усяго 10 даляраў Веб-Мані. Але гэтым разам так, каб ахвотны атрымаць грошы пакінуў запіс: “Я хачу задарма атрымаць на свой партманет №… 10 даляраў”. Гэта ўскладняла сітуацыю: усе ведалі, што такое прызнанне можна скарыстаць у скарзе ў Арбітраж Веб-Мані: вось, маўляў, займаецца выпрошваннем грошай. Рэакцыя Арбітража была заўсёды аднолькавай на падобныя скаргі: партманет блакаваўся. Месяц-другі ішло разбіранне такіх выпадкаў… Зноў былі нібыта разумныя пасты, у якіх спрабавалі адгадаць тыя прычыны, з якіх Генадзь аддаваў проста так свае грошы першаму сустрэчнаму. Генадзь смяяўся ў адказ: “Людзі, вы мяне не ведаеце? Я сур’ёзны чалавек, от з’явілася ў мяне такое жаданне – даць некаму грошай. Таму і даю”. Пачалі ўпікаць: хочаш аддаць, дык аддай у які фонд, пойдзе дзіцяці на лячэнне. “Чаму вы тут уздумалі, што можаце мне дыктаваць: каму, куды і колькі мне аддаваць грошай?” – адрэагаваў Генадзь, спрэчка разгарэлася з новай сілай. Урэшце з’явіўся нехта малавядомы і запасціў нумар партманета. Генадзь пералічыў грошы, запатрабаваў пацверджання ў тэме і дадаў потым: “Чакайце. Акцыя носіць заўсёдны характар)”. Грошы ў Генадзя былі: бабуля падаравала на дзень народзінаў суму, частку якой Генадзь надумаў выдаткаваць на “асабістыя маленькія капрызы”, як казаў пра свае забавы на форуме.

Генадзя сапраўды ведалі на форуме даўно. Сваё адасобленае жыццё ў універсітэце ён навучыўся кампенсаваць форумным віртуальным жыццём недзе на другім курсе – калі зразумеў, што ягоная будучая прафесія інжынера-тэхнолага не проста не цікавая яму, а глыбока варожая ягонай існасці. Форум з яго віртуальным светам раптам разбурыў грэблю таго жадання да камунікавання, якое, як выявілася, збіралася ўсе гады ў Генадзявай душы і вось – атрымала выйсце. Цудоўнае выйсце! Тут было галоўнае: мажлівасць адказваць не тут і зараз, а праз некалькіх хвілін ці нават гадзін. І за гэты час можна было прыдумаць ці знайсці ў сеціве адказ… Ён знайшоў для сябе арыгінальную тактыку камунікавання на форуме, віртуальны партрэт заўзятара рэсурсу: ён ніколі не бараніў нейкіх ідэй ці думак, не расказваў і не даводзіў. Ён заўжды займаўся адным: разбурэннем, крытыкай, руйнаваннем. Неабмежаваная тэматыка размоў прывяла да таго, што Генадзь патроху стаў разбірацца ў шмат якіх праявах жыцця, самых розных тэмах. Бо без тэарэтычных ведаў нельга было знайсці ў выказваннях праціўніка слабых месцаў, скласці тонкую схему заваблівання суразмоўніка ў загадзя падрыхтаваную пастку, і Генадзь мусіў шмат чытаць, самага рознага кшталту: ад Бібліі да тэорыі касмічных струн, ад апошніх даследаванняў у археалогіі да эксперыментаў з калайдарам.

З’яўленне ў ягонай кватэры Людмілы істотна не паўплывала на яго вечаровыя гадзіны – іншым разам ён заседжваўся да глыбокай ночы: ці то смакуючы, прыціскаў апанента да сцяны сваімі пытаннямі, ці то шукаў у сеціве патрэбную інфармацыю, каб выказацца заўтра, пакінуць у тэме яскравы і выразны пост.

Генадзя і паважалі, і асцерагаліся, хоць, зразумела, знаходзіліся і тыя, хто яго не любіў. Дакладней, той вобраз, які ён стварыў: едкага, бязлітаснага забойцу чужых ідэй і думак, цынічнага разбуральніка. Пакрысе, але няўхільна, яго аўтарытэт разбуральніка рос, і нярэдка, калі які актыўны навік хацеў на форуме эфектна заявіць пра сябе, здзівіць суразмоўцу нечым арыгінальным і цікавым, апошняга папярэджвалі: “Чакай-чакай, зараз прыйдзе Віконт…”.

Віконт – гэта Генадзяў нік. Больш яго ніяк не ведалі.

“Рэч 24 міліметры ў дыяметры, каля 1,6 міліметра таўшчынёй з берага. На адным баку – выпуклая кветка з пяці пялёсткаў. Другі бок чысты. Срэбра. Па-варварску праз верхні пялёстак зроблена дзірачка і прапушчаны ланцужок. Вось малюнак. Хто мне патлумачыць: што гэта?”

Генадзь пачаў тэму, а сам усё шукаў у сеціве хоць нешта падобнае. Зрэшты, нічога дзіўнага не было: пяціпялёсткавая кветка не рэдкасць. Усё як звычайна: талісман.

“Падобна да кветкі канюшыны, пяціпялёсткавай. Трохпялёсткавая – звычайны амулет, які сімвалізуе тройцу. Чатырохпялёсткавы – талісман кахання. Ну, а калі пяць – то дзеля грошай насілі.” “Рэдкі амулет. Арыгіналаў не сустракаў, хоць цікавіўся. Адно бясспрэчна: лік пяць – не тройца Божая”.

“Баіцеся вы пяці, як чорт ладану”.

“Баяцца не трэба, а трэба ведаць: пяціканцовая зорка – сімвал таго, а не гэтага”.

“От зараз паклічам у тэму якога ветэрана, дасць ён за пяціканцовую зорку!” “На пяціканцовую знойдзецца зорка Давіда”. “Дык здолее хто падказаць мне: у якім кірунку шукаць?” – раззлаваўся Генадзь з таго, што ў тэме пачалі флудзіць.

“О, Віконт абураецца. Трымайцеся: колькі сябе памятаю, першы раз у нашага сябра няма адказу на пытанне))” “Калі па справе пісаць, то казаць няма чаго. Хутчэй за ўсё, нейкі асабісты талісман, заказаны адмыслова для сябе. Ну, а кветку там намалявалі, ці яшчэ што – ніякай розніцы. Рэч не ў малюнку, галоўнае, каб ён розніўся, быў арыгінальным”.

“Вось, хоць нешта разумнае, дзякуй”, – адказаў Генадзь.

“А дзе знайшлі такую рэч? Шкада, што няма нідзе аналагаў, можа, яна каштуе нямала… Выкласці на аўкцыёне чорных археолагаў – яны ўмомант цану скажуць”.

“Не прадаю, – катэгарычна адмовіўся Генадзь. – Спадчына ад бабулі”.

Ён і не спадзяваўся знайсці адказу, зрэшты, і не абавязкова яму было ведаць, што за амулет у яго вось цяпер на грудзях, што значыць на ім кветка.

Гэта было неістотным, другасным. Проста ўвесь вечар Генадзь адчуваў невытлумачальнае жаданне падзяліцца з як мага большай колькасцю людзей сваім набыткам. І калі напісаў апошнія словы – пра спадчыну, адчуў палёгку, нібыта завершыў пачатую справу: калі раней заставаліся невялікія сумневы, не сумневы нават, а так, лёгкія аблачынкі сумневаў, дык цяпер, пасля напісання сваіх слоў, як пасля асабістага роспісу на строгім дакуменце, Генадзь канчаткова ўпэўніўся: незразумелы талісман быў пакінуты бабуляй яму і толькі яму. Бо бабуля ведала: ён стане тым чалавекам, які будзе над людзьмі.

Але нічога не здарылася ні на заўтра, ні за два дні, ні за тры. Напружанае чаканне нечага незвычайнага спакваля ўлеглася, Генадзь усё часцей задумляўся над тым, што на ўсё свая пара.

Жыццё амаль вярнулася ў звыклае рэчышча, хіба што адно змянілася: Генадзь накіраваў Людмілу спаць у вялікі, агульны пакой – ён не мог больш трываць яе цела побач з сабой цэлую ноч. Калі іх рукі ці ногі судакраналіся, ён адчуваў гарачыню, потым – непрыемную вільготнасць ад поту. Уначы ён міжволі стрымваў сябе, не мог, як карцела калі, раскінуцца, ці перакаціцца на другі бок. Людміла зноў не выказала ніякіх эмоцыяў: яна цалкам ужылася ў ролю бездакорнай служкі ці нават хатняй нявольніцы, і яе здавальняла яе месца. Прынамсі, Генадзь не заўважаў, каб яна праявіла хоць кроплю нейкага супраціву ці элементарнай незадаволенасці.

Іншым разам Генадзь задумана спыняў вочы на Людміле, калі тая пыласосіла падлогу ці мыла посуд, гатавала ці кахалася з ім. Бабуліны словы пра тое, што Генадзь будзе над людзьмі, спраўджваліся вось у гэтай дзяўчыне. Генадзь разважаў: калі ёсць такія, якія гатовы служыць, пераўтварыць сваё жыццё ў служэнне, значыцца, павінны быць і тыя, каму служэнне прысвячаецца. І зразумела, што першых у разы, у дзясяткі і сотні разоў болей за другіх. Людміла абрала яго. А яшчэ сотні такіх Людміл недзе шукаюць яго, Генадзя, яшчэ не зразумелі свайго прызначэння, як зразумела Людміла. І ён сам яшчэ нічым асабліва не паказаў свету, што гатовы прыняць іх. Пакуль што адна Людміла…

Праз тыдзень на форуме, пасля чарговай спрэчкі, а дакладней слоўнага баксёрскага раўнда, у якім Генадзь прафесійна і звыкла некалькімі кароткімі сказамі-аперкотамі заціснуў праціўніка ў кут і дабіў загадзя падрыхтаванай цытатай, ён заўважыў, што да яго ў асобку прыйшоў ліст. Не частая з’ява – Генадзь практычна ні з кім не падтрымваў такіх дачыненняў, якія давалі падставы весці схаваны ад іншых дыялог.

“Віконт, добры дзень! Колькі часу назіраю за вашымі слоўнымі баталіямі. Вы валодаеце рэдкім для нашага часу дарам разбіваць моўныя канструкцыі праціўнікаў імкліва, аргументавана і надзейна. Так, што праціўнік пачынае задумляцца над безсэнсоўнасцю таго, у што толькі што верыў. Колькі б ні казалі, што руйнаваць заўсёды прасцей, чым будаваць, аднак талент патрэбен і тут. Вось якая справа: ці не хацелі б вы ад забаў перайсці да больш прадметнай дзейнасці? Патлумачу: ёсць адзін аўтар, які напісаў адзін артыкул. Артыкул выкладзены ў сеціве. Трэба напісаць іншы артыкул, які б не тое што каменя на камені не пакінуў ад разважанняў аўтара (адразу не выйдзе, бо аўтар – доктар гістарычных навук), а каб паставіць пад сумнеў некаторыя аспекты артыкула. Вядома, такая работа будзе аплачаная. Калі якасць мяне задаволіць – 20 даляраў за тысячу знакаў без прабелаў (выбачайце, пустое месца не аплачваецца). Памер таго артыкула каля дзесяці тысяч знакаў. Вам не трэба пісаць столькі сама, ні ў якім разе болей. Скажам, 5 тыс. знакаў. Тэрмін – тры дні (Вам, зразумела, трэба будзе невялікая тэарэтычная падрыхтаванасць.) Асноўны кірунак вашай працы я паведамлю, калі вы прачытаеце артыкул і дасцё сваю згоду. Вось спасылка на артыкул. Я не прыспешваю, але пажадана адказаць сёння”.

Генадзь за хвіліну ўсхвалявана прачытаў тэкст ліста. Няўжо? Няўжо яго майстэрства слоўнага пікавання заўважылі – і ён мае шанец зарабляць на сваім уменні грошы? Вось жа, а яшчэ год таму нехта з удзельнікаў форуму казаў: падавайся ў капірайтары, з тваімі здольнасцямі будзеш зарабляць, седзячы дома, маючы вольны графік, і сам абіраць кліентаў. Не, капірайтарам працаваць Генадзь не збіраўся: атрымваць па 4–5 даляраў за старонку тэксту? Чаму ён не паступіў на філфак? Цяпер жа відавочна – мае ён талент пісання, мае! Так, таленты ва ўніверсітэтах не выдаюць разам з дыпломам.

Генадзь яшчэ раз перачытаў ліст. Пры ўсім тым, што ліст быў паважны, аўтар, адчувалася, чалавек справы: яшчэ Генадзь не згадзіўся з прапановай, а ўмовы ўжо выстаўленыя, і выстаўленыя жорстка. Цікава. Генадзь прайшоў па спасылцы, пабачыў, што гэты сайт – электроннае выданне. Знайшоў артыкул. Найперш здзівіўся – не на рускай мове. Пачаў чытаць і здзівіўся яшчэ болей: гаворка ў артыкуле ішла пра значэнне для людзей у час паганства святаў. Ніколі нідзе раней на такія тэмы яму спрачацца не даводзілася. Адмовіцца? Але ж 20 даляраў за тысячу знакаў! Адно незразумела: як аспрэчваць, у які бок? Аўтар кажа пра тое, што само рыхтаванне да свята вяло да змены свядомасці чалавека, рыхтавала яго да святкавання – і вызначаны момант чалавек сустракаў з іншай свядомасцю, ачышчанай ад штодзённых клопатаў, вызваленай ад нудных турбот, і таму давала мажлівасць, імаверна, судакрануцца з нечым незвычайным, не штодзённым, адчуць і прыняць яго. Значыць, галоўным было не так само свята, як рыхтаванне да яго. І такім парадкам, адчуваючы ў адзін момант разам з усім родам, племем элемент незвычайнасці, чалавек усведамляў сябе як часцінку цэлага: свята было адно на ўсіх, больш таго, аднаму практычна і нельга было дасягнуць такога роўню змены свядомасці. Бо залучаліся музыка, скокі, полымя вогнішчаў, розная атрыбутыка…

Што тут можна сказаць супраць? Давядзецца дужа шмат шукаць і перачытваць усяго. Ды каб жа хоць які кірунак… Але чаму б і не паспрабаваць? Балазе, кірунак падкажуць… “Пачытаў. Вельмі цікава і, не буду хаваць, незвычайна для мяне. Шчыра кажучы, не ведаю, як падступіцца”, – адказаў Генадзь на ліст.

“Прыемна пачытаць, што вас зацікавіла прапанова. Гэта галоўнае. Падступіцца зусім не цяжка, гэта толькі здаецца. Адразу давайце зробім з вамі так. Паглядзім на свята з іншага боку – з боку арганізатараў. Як вы думаеце, арганізатары, скажам, святочнага шэсця ў наш Дзень Перамогі маюць гэтакі ж святочны настрой, як тыя ветэраны, што ідуць у калоне? Відавочна ж, што і ў мінулым былі тыя, хто свята рыхтаваў, арганізоўваў – значыць, такім людзям нейкая там сакральнасць, што нібыта адкрывалася ў святкаванні, і непатрэбная была… Зразумелы ход маіх думак?” “О, зразумеў! Значыцца, тыя, хто арганізоўваў святы, і не мелі ніякай патрэбы ў той сакральнасці, бо яе, хутчэй за ўсё, і не было! А далей можна паставіць пытанне: чаму ўсякая сістэма, у аснове якой ляжыць ідэалогія падпарадкавання меншасцю большасці, так імкнецца да масавых мерапрыемстваў: камуністы, фашысты, ды проста кожная таталітарная…“ – адказаў Генадзь – яму стала цікава.

“Цудоўна, вы слушна ўсё зразумелі, але пра таталітарызм нічога казаць не будзем. Не трэба чапаць сённяшні час. А вось на камуністах трэба зрабіць акцэнт. Яшчэ лепей спрасціць разуменне камунізму да калгаснага ладу”, – пахваліў Генадзя невядомы суразмоўнік (у яго быў нейкі невыразны нік).

“Непраблемна. Тады ўсякае масавае мерапрыемства, арганізаванае зверху, скіраванае на дэманстрацыю нібыта еднасці… Адначасна існая сістэма кіравання правярае свае здольнасці: вывесці тысячы людзей, прымусіць натоўп дзеяць паводле зададзенага сцэнарыю, падпарадкаваць эмацыйны і псіхічны настрой натоўпу, кіраваць ім, мяняць згодна са сваім планам”, – падзяліўся Генадзь далей думкамі.

“Выдатна, кірунак той, які трэба. Я папрасіў бы вас зрабіць матэрыял як нібыта дыялог, але не злоўжывайце цытатамі аўтара артыкула. Сем з паловай тысяч знакаў, 20 даляраў за тысячу. Тэкст цалкам застаецца маім, самыя разумееце, ніякага аўтарскага права тут быць не можа. Чакаю праз тры дні ў гэты час артыкул на адрас…”.

Нешта непрыемна заказытала… Невядомы адно з першага погляду падаваўся мяккім і ўважлівым. Генадзя непрыемна ўразіў канец ліста: да ўсіх умоў дадалася яшчэ адна, якая і не абмяркоўвалася на пачатку: пазбыццё аўтарства. І раптоўна зменены аб’ём, жорстка ўказана на памер тэксту… Але пры ўсім казытанні Генадзь адчуваў павагу да невядомага і ягоную сілу. Павага – гэта ад грошай. Можа, лянуецца сам пісаць артыкул у які часопіс… Але ж такія грошы! Дык колькі яму самому плацяць? Ат, не яго справа. А вось тое, што валявы, моцны чалавек… Дык выдатна: чаму б не завесці сяброўства з вось такім чалавекам? Нават калі Генадзь і будзе ў нейкай ступені не паўнапраўным, а малодшым сябрам. Галоўнае: невядомы заўважыў тыя здольнасці, якімі Генадзь употай мог ганарыцца.

Генадзь адразу, хоць было ўжо далёка за поўнач, стаў шукаць яшчэ якія артыкулы па тэме старажытных святаў і іх значэння. Нічога асаблівага не знаходзіў, альбо артыкулы былі такія велізарныя, складана-навуковыя, з мноствам тэрмінаў, значэнне якіх яшчэ трэба было шукаць, што Генадзь адмовіўся ад шуканняў. Усё патрэбнае ў яго ёсць: ён досыць добра ў свой час даведаўся пра ідэалогію камунізму ў СССР, нямала прачытаў рознай літаратуры, то “раскласці на лапаткі” таго доктара навук з яго наіўным меркаваннем пра шуканне і здабыванне сакральнага ў часы паганскіх святаў будзе не цяжка.

Артыкул Генадзь пісаў зранку, усе сем з паловай тысяч знакаў, не ўстаючы з-за клавіятуры. Людміла прыносіла паесці, потым каву, выкідала недакуркі з попельніцы.

Позна ўвечары Генадзь перачытаў артыкул, сам дзівячыся той лёгкасці і дакладнасці думак, якія нараджаліся ў яго наранку. Артыкул падабаўся яму самому. Ён ужо хацеў напісаць ліст да заказцы: гатова, маўляў, але перадумаў – трэба слухаць старэйшых: тэрмін ёсць тэрмін.

“Тое, што і патрабавалася. Калі ласка, партманет. Ваш артыкул будзе падпісаны вось такім імем… Сёння ён будзе размешчаны на адным рэсурсе. Вы зойдзеце туды і пастарайцеся дасціпна адказваць на каментары. Пазней я вышлю Вам дадзеныя для ўвахода”.

Зноў казытнула: вось, не было ж дамоўлена напачатку, што Генадзь павінен адказваць на тыя каментары… Але ён змаўчаў – той факт, што ён не памыліўся з ацэнкай свайго артыкула, грэў самалюбства. Дык і праўда ж цікава: што будуць казаць тыя вучоныя дзядзькі на яго з’едлівы сцёб?

Генадзь адправіў нумар партманета, пераказ быў зроблены адразу ж: 150 даляраў. Прыемная сума! Але… пераказ быў з пратэкцыяй коду. Генадзь раптам адчуў у сабе халодную пустэчу: няўжо кідок? Не можа быць! Ён хацеў пісаць заказцы, калі пабачыў: прыйшоў ліст.

“Выбачайце, тэрміновае тэлефанаванне было, таму не адразу паведаміў код пратэкцыі. Вось ён… Дарэчы, неразумна з Вашага боку хваліцца на ўвесь свет такім медальёнам.”

Сэрца быццам спынілася, а потым затахкала так, што ўдары яго адчуваліся кожнай кропкай цела. Генадзь глядзеў на літары на маніторы, і адна думка білася, звінела ў ягонай галаве кароткім гукам: “Знак… Знак… Гэта знак!”

Праклён

Подняться наверх