Читать книгу Праклён - Валеры Гапееў - Страница 8
Частка 2
1
ОглавлениеНедзе на трэцім курсе ўніверсітэта Генадзь Колтун пачаў сніць маленства. Невыразныя мроі, колеры і адчуванні. На іх можна было б і не звяртаць увагі, калі б не пачуццё незразумелай трывогі пасля такіх сноў. І гэта раздражняла. Класціся спаць упэўненым, здаровым, у гуморы – і прачынацца з разуменнем пэўнай пустэчы ў сваёй памяці, з усведамленнем нейкім замаляванага, зачыненага для цябе кавалка твайго жыцця.
Генадзь добра памятаў сябе гадоў з пяці – лета ў бабулі, дзіцячы сад. Выхавальніца, якая лаялася на яго за тое, што пасікаў міма гаршка, і яго крыўда на той крык, а потым – удар нагой па гаршку і жоўтыя ручаі на падлозе.
Але нешта было да бабулі. Бацька? Ён памятае не бацьку – памятае нейкую сілу, якая абхапіла яго маленькую ручку, некуды цягне. Памятае сапраўдны ўзлёт – і страх таго імгнення, калі сіла, якая яго падкінула, раптам знікла, і ён падаў, падаў, захлынаўся ў жаху, мярцвеў, і тады тая сіла зноў лавіла яго, утрымвала. І зноў кідала ўгару, дзе маленькі Генік заходзіўся ў крыку.
Ён сёння разумее, чаму не любіць вышыні. Страх ідзе адтуль – ад таго першага падкідвання.
Маці доўга не гаварыла з ім пра ягонага бацьку, і толькі раз, быццам загадзя рыхтавалася, запрасіла ў свой маленькі пакой. На яе ложку ляжала некалькі фотакартак. Маці сказала, што на здымках ягоны бацька. Расказвала, як яны пажаніліся, як ад першых дзён узненавідзела яе свякроўка, як законны муж з закаханага і ўважлівага чалавека пад паглядамі свае маці раптам ператварыўся ў дэспатычнага, грубага мужыка. Хоць так не мусіла быць: яна позна выйшла замуж, муж яе быў ужо не маладым чалавекам, і ягоная маці павінна была б радавацца, што ўрэшце прыпуціўся, што падаравала нявестка ўнука. Яны жылі ў вёсцы… на самай ускраіне. Нейкае глухое і страшнае месца, за гародам адразу пачынаўся змрочны альховы лес, мокры, балотлівы, мноства кустоўя. У суседняй вялікай вёсцы была школа, клуб, у які маладая жанчына магла б ісці працаваць, але муж не пусціў – памагай па гаспадарцы. Тры каровы, свінні… Ды цяжка было не працаваць, цяжка было вытрымваць штодзённыя едкія свекрывіны слоўцы, ненавісныя позіркі. Чым не дагадзіла нявестка – старая ніколі не казала. Почасту яна ляжала – ці то сапраўды хварэла, ці то прыдавалася хворай, каб яшчэ больш памучыць сваю нявестку. Памерла. Яе сын, Генадзяў бацька, праз месяц па смерці маці ў п’янай бойцы зарэзаў п’яную жанчыну. Тады маці забрала маленькага Генадзя, і яны з’ехалі да другой бабулі…
Генадзь глядзеў фотакарткі. Выявы на іх яго зусім не чаплялі. Тут было не ягонае жыццё. Ён глядзеў на фотаздымак свайго бацькі з меншай цікавасцю, чым на здымак у газеце прэзідэнта якой краіны. Усё было чужым. Далёкім, такім далёкім, што памяць нават не захавала кропелькі адчуванняў, і чужым. Адзінае – страх вышыні.
Мы памятаем не пражытыя гады і падзеі, мы памятаем эмоцыі. Тыя, найяскравейшыя, якія ўзрушалі нашу свядомасць да такой ступені, што нервовыя клеткі ў мозгу складваліся ў пэўным парадку для іх захавання і захавання тых абставінаў, якімі эмоцыі былі народжаныя. Генадзь у свае васемнаццаць гадоў ведаў пра гэта. Ён аднаго не разумеў: навошта маці вось цяпер выклала пажоўклыя фотаздымкі і паказвае яму? Расказвае нашто?
– Каб не ўпікаў мяне. Можа, табе захочацца знайсці бацьку, – адказала ціха маці.
– За што ўпікаць? Што гэтулькі гадоў хавала? Не разумею, – пацепнуў плячыма Генадзь. – Шукаць бацьку, цяпер? Падзякаваць яму, што ў самым маленькім веку ўзнагародзіў мяне акрафобіяй? Адзінае, што я помню, што нітуе мяне з ім – як ён падкідае мяне, а я крычу. Было ж так?
– Але, было, – кіўнула маці. – Калі вяртаўся з работы выпіўшы, то лавіў цябе і падкідаў. Я хавала… баялася. Адзін раз ён ледзь паспеў злавіць цябе, ты выцяўся…
– Ну во… выкідвай свае фоткі, яны мне не патрэбныя. Ці ты сама хочаш знайсці яго?
– Навошта? – разгубілася маці.
– Ну, а я ведаю? Мо пахваліцца, якога сына выгадавала. Ці каб я яму пысу набіў.
– Генік… Што ты кажаш? – маці, было відаць, спужалася, пачала мітусліва збіраць фотакарткі. – Я ж во паказаць ды расказаць…
– Мяне не хвалюе маё галазадае маленства недзе ў балоце, – жорстка адказаў Генадзь. – І не думаю, што бацька стаў нейкім мільянерам. Ці стаў? Ты нічога не ведаеш больш пра яго?
Маці сцялася, падціснула вусны, быццам жанчыну схапілі за руку ў час яе непрыгожых, непрыстойных дзеянняў. Пасля невялікай паўзы яна адказала:
– Ён выйшаў праз сем гадоў… Шукаў нас. Прыехаў да маёй маці, патрабаваў адрас. Я паехала туды… Не заспела: ён паспеў абрабаваць саму маці і яе суседку, уцёк. Яго злавілі і зноў судзілі. Болей я нічога не ведаю.
– Выдатна! Цяпер усім маім знаёмым трэба паведаміць, што ў мяне бацька – забойца, рабаўнік, зэк і згніў у турме! Во якую дзіўную спадчыну я атрымаў ад сваёй роднай маці ў год паўналецця! Дзякуй!
Маці заплакала.
Генадзь выйшаў з пакоя.
Болей яны пра бацьку не гаварылі. Месяцы праз тры пасля гутаркі маці пастукала ў ягоны пакой, асцярожна зайшла.
– Вось, – яна прыўзняла руку з нейкімі паперамі, загорнутымі ў цэлафанавы пакет.
– Што “вось”? – Генадзь адарваў вочы ад манітора.
– Аблігацыі… Я збірала… Ты ўжо студэнт, ты малады… сёння цяжка без машыны. Тут… павінна ставаць на першы ўзнос. Возьмем крэдыт. Табе зручней будзе. І да бабулі калі пад’едзем. Яна зусім кволая стала…
Генадзь разглядаў паперы, як просьбу маці аб прабачэнні. Рэальная мажлівасць мець сваю машыну так узрушыла яго, што яшчэ цэлых паўгода, пакуль вучыўся і здаваў экзамены ў школе аўтамабілістаў, ён быў уважлівым і стрыманым: не грубіў, не адказваў аднаскладова – у тыя месяцы ў іх хаце было так, як было, калі яны былі разам на дварэ, і так, як малявалі сабе дачыненні маці і сына Колтунаў іхныя суседзі.
Пачуццё вінаватасці перад Генадзем у маці з’явілася неяк адразу, неспадзявана для яго самога. Яму не было тады яшчэ і шаснаццаці. У той летні вечар у іх кампаніі ў аднаго з сяброў быў дзень нарадзінаў, і бацькі шчодра забяспечылі яго грашыма. Набылі пляшку гарэлкі на чатырох і піва, як наймацнейшага. Генадзь, у якога ўсё хісталася перад вачыма, ледзь дабраўся пасля паўночы да сваёй кватэры. Мабільнік ён вымкнуў – каб маці не даставала званкамі. І яшчэ не паспела яна ў вітальні ці то напалохацца ад яго выгляду, ці то ўздыхнуць з палёгкай – сын жывы, хоць і выпіўшы, як Генадзь пачаў.
Ён крычаў, плакаў, дакараў, упікаў – ён выказваў ёй усе тыя крыўды, якія пазбіраліся за ўсе гады ягонага свядомага жыцця, якія ён сам ашчадна збіраў – можа, яшчэ тады думаў, планаваў вось такі дзень, калі ў твар маці выкажа ўсё. Пра адзенне і танны мабільнік, пра патрыманы кампутар, які з’явіўся ў яго пазней за ўсіх у класе, пра свой сорам, калі аднакласнікі прыходзілі да яго ў іх бедную кватэру… Хутчэй за ўсё, яго ніхто спецыяльна і не крыўдзіў, але самыя невялікія заўвагі, самыя бяскрыўдныя кепікі аднагодкаў Генадзь успрымаў як абразы, праўда, не адказваў ніяк, і ўсе думалі, што гэта нічога страшнага: трохі пацвельваць з сябра, “мамчынага сынка”.
З таго дня ў іхнай кватэры ён стаў галоўным. Маці з сынам за парогам кватэры жылі так, як і раней: паважна і ласкава адзін да аднаго, у самой жа кватэры маці стала больш прыслугай і хатняй гаспадыняй. А ў Генадзя знайшлося выйсце для яго комплексу непаўнавартаснасці, і ён з апантанасцю згаладалага на салодкае дзіцяці адшчыкваў і адломваў штовечара і штораніцы невялікія, але такія салодкія кавалкі сваёй асабістай значнасці, якая палягала ў служэнні яму, у павазе яго ды поўнай падпарадкаванасці яму. Маці была на пенсіі, але працавала – у тым жа ДК, толькі не памочнікам рэжысёра, а прыбіральніцай.
Аўтамабіль, які яны набылі, прынёс у сям’ю часовае супакаенне і лад. Генадзь усведамляў, што тая ранейшая бядота і была пэўнай прычынай для сённяшняга набытку: маці ашчаджала грошы для яго, для пачатку самастойнага жыцця. І аднак жа, яе віна, як няздольнай у тыя часы зарабляць болей, ці хоць выйсці другі раз замуж ды забяспечыць нармальнае маленства і юнацтва сыну, не мінала, хіба што паменшылася, прытупілася. Генадзь чакаў ад маці яшчэ аднаго кроку, пра які яна сама неяк і прагаварылася, калі наведалі бабулю:
– Трэба, мабыць, збірацца мне ды пераязджаць сюды, – казала маці сваёй маці. – Геначка ўжо дарослы, сам здолее пражыць, а тут мне і пенсію траціць не давядзецца – зямля пракорміць, і за табой дагляджу…
– Глядзі, каб не вадзіў там усялякіх, – устрывожылася бабуля. – Цяпер такая моладзь…
– Не, за Геніка я спакойная, ён вельмі адказны, разумны, – пераконвала яе маці.
Але мінула і паўгода, а маці быццам забылася на свае словы. Генадзь, які стаў тады выпадковым і незаўважаным сведкам размовы, не нагадваў маці пра яе жаданне, трываў: нічога не заставалася, як чакаць. Не вытрываў: раз і другі псіхануў быў, сказаў, што не можа нармальна запрасіць дзяўчыну ў госці, бо яна саромеецца. Маці моўчкі праглынула ўпікі, але пасля другога разу пачала збірацца. І не на тыдзень які, а грунтоўна. Назусім. Пра што сыну і выказалася асцярожна. Генадзь, умела хаваючы сваё сапраўднае пачуццё радасці, адказаў, што няма падстаў за яго перажываць – у яго ёсць галава на плячох.
Хоць ніякай дзяўчыны не было. Бо Генадзь баяўся. Набыты аўтамабіль хоць і змяніў кардынальна самога Генадзя і стаўленне дзяўчат да яго, аднак нічога не мог змяніць у ягоным стаўленні да дзяўчат. Генадзь стаў адкрывальнікам простага сакрэту мужчынскай прывабнасці: поспех у жанчын маюць упэўненыя мужчыны. Тыя, што ведаюць сабе цану. Тыя, што паказваюць сваю ўладу над абставінамі. Упэўненасць прыйшла скора: адзіны гаспадар кватэры, аўтамабіля, цалкам самастойны пяцікурснік. Усё неўзабаве праявілася вонкава, як пот праступіў праз сарочку ў летнюю спёку ў гарадскім аўтобусе. І толькі адно Генадзь хаваў старанна – тое, што ён быў цнатлівым. Так, у свае больш за дваццаць два гады вось такі. Але тут ён не прыспешваў сябе, хоць ад пачатку і была думка: маці з’ехала, дык трэба прывесці якую… за грошы. Стрымвала тое, што жанчына застанецца тут, у горадзе, ён будзе ведаць, што яна жыве і, можа, расказвае некаму, смеючыся, пра яго першую бязладную спробу, хваляванне, сарамлівасць. Генадзь чакаў і ведаў, чаго чакае: набліжалася размеркаванне. Хлопцы яму казалі, што на яго глядзелі як на патэнцыйнага “мужа” – фіктыўны шлюб даваў дзяўчыне мажлівасць застацца ў горадзе, а не ехаць у які аграгарадок. Маці ў свой час парупілася не толькі пра яго паступленне – на трэцім курсе ён праходзіў практыку на гарадскім прадпрыемстве з дакладнай перспектывай работы па заканчэнні. Так і выйшла – ён атрымваў рабочае месца, яго не датычыла перспектыва пакідаць горад.
Урэшце ён атрымаў аж дзве прапановы і спыніў свой выбар на сціплай дзяўчыне, далёка не красуні, хоць постаць у яе была зграбная. Дакладней – магла быць, калі б яе адзелі, як трэба. Цынік і сцябач Вінцусь з іх курса, які пасля месяца навучання даў мянушкі кожнаму студэнту групы (палова з якіх і прыжылася), называў дзяўчыну “хурлядзь”. Што праўда, хоць большасць і не ведала значэння прыдуманага слова, але, выразна адчуваючы ў ім нейкі надта ж абразлівы прысмак, у вочы дзяўчыну так не называлі. Больш таму, што яна і сама не лезла нікому ў вочы. Не проста шэрая мыш, а паўпразрыстая шэрая мыш – так сціпла яна трымалася. Пра яе, на пытанне, якая яна, можна было адказаць двума словамі: ніякая і хурлядзь. Бо хурлядзь, як патлумачыў Вінцусь, тое ж самае, што і рухлядзь, але маладая: “Рухлядзь ёсць асобіна жаночага полу, якая з гадамі страціла ўсё жаночае, апрача таго, што схавана між ног, і скарыстоўвае яго адно на тое, каб хадзіць у прыбіральню. А хурлядзь – тая маладая, якая свайго жаночага так і не знайшла і перакананая: тое, што хавае ніжэй пояса, створанае адно каб пасікаць”.
І вось гэтая дзяўчына, трэба заўважыць, без асаблівай сарамлівасці, хутчэй са сваёй, ужо легендарнай, сціпласцю, падышла да Генадзя і прапанавала яму зарабіць на фіктыўным шлюбе з ёй.
Генадзь толькі паабяцаў “падумаць”, як пабачыў у вачох у дзяўчыны пакорлівасць і гатовасць ці не да ўсяго. Не ўсцешыўся, а нібыта паставіў недзе ўнутры сябе “птушачку” – не памыліўся. Грошы, якія ён атрымваў ад дзяўчыны за “шлюб” былі не галоўным, грошай ставала: маці з вёскі пераводзіла яму ўсю пенсію, яшчэ і бабулінай частку. Генадзь, стоячы перад невысокага росту дзяўчынай з простым, без макіяжу тварам, гледзячы ў яе невыразныя, зусім не намаляваныя вочы, дзе адбіваліся надзея і страх, прапанаваў проста і недвухсэнсоўна: ён жыве цяпер адзін, харчуецца па страўнях ды канапкамі, начамі яму сумна – то чаму б ёй не сыграць ролю жонкі больш грунтоўна?
Дзяўчына, яе звалі Людай, спалохана міргала вачыма, потым каўтнула і сказала:
– Ты… хочаш, каб я жыла з табой як жонка? І… у ложку?
– Чаму б і не? Калі не хочаш – я ж не настойваю, – знарок абыякава адказаў Генадзь. – Ахвотныя знойдуцца. І за большую суму. Дый раптам мне да смаку прыйдзецца жыццё з табой? – амаль гулліва дакончыў ён.
Люда пачырванела – так моцна, што ён здзівіўся, і ціха сказала:
– Я паспрабую… Але… ты ведай, што ў мяне няма… досведу. Ніякага.
Генадзь усміхнуўся куточкамі вуснаў, а недзе яшчэ адна “птушачка” стала і ўскінула свае крылцы: ён зноў не памыліўся.
– Ува ўсіх на пачатку не бывае досведу, – амаль суцяшаючы, адказаў ён.
Праз дзень – “А чаго адкладаць?” – яны падалі заяву, і ўвечары Людміла прыехала да яго з невялікай торбаю: халат, пантофлі, нешта з бялізны і дробязныя рэчы. І засталася нанач.
Генадзь разумеў, што для яго гэта першы досвед, і можа быць фіяска: як толькі Людміла пераступіла парог, яго ўзбуджэнне стало імкліва нарастаць, ён ледзь стрымваў сябе, каб не пачаць загадваць ёй распранацца адразу ж, ісці ў спальню. Таму выпіў набытую ў аптэцы пігулку і дазволіў Людміле пайсці ўзяць душ, сам паставіў віно – няхай усё будзе неяк хоць крышку аформлена…
Упэўненасць, якую надала яму выпітая пігулка, вера ў яе цудадзейную моц, дазволіла яму быць няспешлівым, не хвалявацца. І Людміла, якая і распраналася, і клалася на канапу так, нібыта рыхтавалася да страшэннага пакарання, наўрад ці падумала, што для Генадзя яна была першай жанчынай.
Генадзь кпіў нязлосна з яе сарамлівасці, і гэта дазволіла яму самому не адчуваць таго ж пачуцця. Ён сцягваў з яе прасціну, вымушаў ляжаць вольна – ён першы раз у сваім жыцці бачыў перад сабой аголенае дзявочае цела. Калі яна падпарадкавалася, выструнілася, Генадзяў шал на нейкі момант адступіў месца захапленню, якое ішло ад аголенага цела: Генадзь раптам пабачыў, што перад ім амаль бездакорнае хараство, вытанчаная фігура дзяўчыны, лялька, нібыта зробленая паводле ўсіх галівудскіх законаў сэксуальнасці. Потым амаль на паўгадзіны яна сапраўды стала для Генадзя жывой лялькай: ці не ўсё тое, што Генадзь бачыў у порна-роліках, ён захацеў увасобіць сам. Людміла амаль не супраціўлялася, толькі часам жаласліва прасілася, калі ёй было нясцерпна балюча. Па праўдзе, Генадзь трохі шкадаваў дзяўчыну, але не мог спыніцца, пакуль не здаволіць свайго юру, нягледзячы на тое, што дзяўчына пад ім уздрыгвала не ад задавальнення, а ад болю, што на прасціне з’явілася крывавая пляміна, што на Людміліных сцёгнах былі крывавыя пісягі, і яго ўласная пахвіна была ў дзявоцкай крыві першага жаночага болю. І пагатоў не мог спыніцца, бо ў тыя хвіліны быў прасякнуты не толькі першым пачуццём сапраўднай блізкасці, якое амаль па-шчанячаму падвывала ў ім, але і салодкім, да вар’яцтва, ўсведамленнем поўнай улады над дзяўчынай, яе целам і воляй.
Яны спалі разам, раніцай Генадзь адчуў яшчэ большае, як увечары, узбуджэнне. Нечакана для Генадзя яно было глыбокім і – з непажаданым ды прыкрым для яго адценнем пяшчоты, якое ён пастараўся прагнаць. Настрою дадало тое, што Людміла цяпер зусім не саромелася (а ў спальні было зусім светла) і не сціскала вусны ад болю – наадварот, ён адчуў, як яна сама асцярожна, сарамліва імкнецца яму насустрач. І ён пачаў жадаць, каб яна атрымала задавальненне, каб ускрыквала пад ім, салодка стагнала, не стрымвалася, прасіла “яшчэ” – каб урэшце яму самому пераканацца ў сваёй здольнасці даводзіць жанчыну да бяспамяцтва аргазму.
Людміла нібыта адгадала ягоныя думкі, хоць цалкам можа быць, што яна і гуляла ў сваю, схаваную ад яго гульню. Але на чацвертую ноч яна першая прыпала да яго. І была ўжо сапраўднай каханкай – такой, якіх Генадзь бачыў на экране манітора: бессаромнай, адгукалася на кожны яго рух, адгадвала жаданні і, галоўнае, стагнала, ускрыквала, і, урэшце, забілася пад ім у канвульсіях асалоды.
Пасля ночы, калі Людміла гатавала канапкі ў кароценькай ночнай кашулі (купіла два дні таму), Генадзь зведаў сапраўдную асалоду ад спазірання яе вытанчанай фігуркі і ўсведамлення таго, што гэтая дзяўчына належыць яму. І сказаў тады:
– Слухай, у цябе ж нармальная фігура, на твар ты не пачвара. Чаго ты ходзіш, як хурлядзь якая калгасная? Адзявацца не ўмееш?
Людміла ўспыхнула чырванню, нічога не адказала. Але за два наступныя дні яна змяніла амаль увесь свой гардэроб. Высока адкрыла свае сапраўды прыгожыя ногі з круглявымі каленямі. Можа, крышку велікаватыя, але дужа прывабныя грудзі цяпер спакусліва выглядалі ці то з глыбокага выразу цішоткі, ці то з-за расшпіленых гузікаў блюзкі. Яна пабыла ў салоне – прафесійны макіяж разам з новай фрызурай да непазнавальнасці змянілі яе твар. Колішні “хвост” пераўтварыўся ў модную стрыжку, валасы змянілі невыразны цёмна-русы колер на яркі каштанавы. У яе хадзе і паставе з’явіліся плаўнасць рухаў, адкрытасць, а з імі – прывабнасць і нават больш: тое, што мужчыны называюць “сэксапільнасцю”. Цяпер яна зусім не нагадвала тую сціплую, безгустоўную вяскоўку. Што праўда, яна не дэманстравала свае дачыненні з Генадзем ва ўніверсітэце. Але і ў вочы, і за спінай Генадзь чуў галасы захаплення не так ёй, як ім: “Ты глядзі, што зрабіў з калгасніцы…”. Гэта грэла. Генадзь і сам заўважыў, як зусім па-іншаму стаў выглядаць і Людмілін твар – яго асвячала нейкае нутраное святло сваёй асабістай значнасці і… шчасця.
Аднак, хоць Генадзь і адносіў змены на свой асабісты рахунак, пакідаў і мажлівасць для трывіяльнага разліку самой Людмілы: вельмі магло быць, што яна здумала, быццам мае шанцы застацца ў Генадзевай кватэры сапраўднай жонкай, скарыстоўваючы сваю пекнату і паслужлівасць. Мажлівасць такіх практычных планаў не засмучала Генадзя – ён іх разумеў і прымаў. Але пасміхаўся ў думках: прапісваць Людмілу ён не збіраўся, апрача таго, кватэру маці аформіла як падарунак сыну, так што хвалявацца не было падстаў: калі хочаш ён мог вышпурнуць дзяўчыну з кватэры.
Але пакуль што – няхай будзе. Яна цалкам адпавядала уяўленню добрай жанчыны з барадатага анекдота: гаспадыня на кухні, каралева на людзях, прастытутка ў ложку. І, да ўсяго, служка ў кватэры – Людміла ўжо праз два тыдні іх супольнага жыцця незаўважна для самога Генадзя цалкам узяла на сябе ўсе хатнія абавязкі. Генадзь быў здаволены, з ёй было яшчэ бестурботней, чым раней з маці, да таго яна была яшчэ і жанчына ў ягоны ложак.