Читать книгу Праклён - Валеры Гапееў - Страница 2
Частка 1
1
Оглавление– У вас гарыць нешта…
Голас прагучаў зусім без эмоцыяў, роўна і спакойна. Люба, дваццаціпяцігадовая Толікава жонка, стаяла на парозе пакоя, вываліўшы з-за крыса халата рыхлую левую цыцку, і соўгала яе правай рукой, спрабавала патрапіць тоўстым, доўгім, як палец на назе, карычневым смочкам у раток дзіцяці, якога няўклюдна прыціскала да сябе.
– Што ў нас гарыць? – падскочыў з канапы яе Толік, вырачыў вочы. – Валодзька! Гарыць нешта!
У Толікавай каржакаватай фігуры – ён быў невялікага росту, трошкі вышэйшы за сваю Любу, шыракаплечы, з доўгімі дужымі рукамі – было столькі разгубленасці і страху, што гэта мімаволі выклікала ўсмешку.
Уладзімір Жабрун з падсвядомай палёгкай – яго бянтэжыла белая, мяккая Любіна цыцка – імкліва нахіліўся, прынюхаўся да трансівера, памацаў яго рукой, потым правёў рукой па прайгравальніку, таксама панюхаў, урэшце абнюхаў, абмацаў тэлевізар, які цяпер працаваў. Звычайны пах электронікі ў час працы, дыму таксама нідзе не відаць…
– Нічога ў нас не гарыць, – мусіў узняць ён вочы на збабленую Любіну постаць.
Некалі яна была яго аднакласніцай, яе вабныя формы пачалі выяўляцца ў класе шостым, калі большасць дзяўчынак хадзіла “шалёўкамі”. А ў сёмым, на занятках фізкультуры, хлопцы ўжо елі вачыма яе постаць, немаленькія, выразна, па-жаноцку, акрэсленыя клубы, пругкія грудзі. Люба распаўнела яшчэ да замуства, а як нарадзіла першынца, дык во – новы махеравы халат, што прывёз сёння з Расеі Толік, ёй, відавочна, замалы. Крыссё сцягнутае адно на жываце, ніжэй расхінаецца вольна, відаць не толькі белае сцягно, але і лапік блакітных майтак, калі Люба сядае ў фатэль і шырока разводзіць калені… Раздаліся, растаўсцелі плечы, рукі, шыя стала зусім кароткая, і невялікая, нерасчасаная галава ў кароткіх русых кудзерках расла нібыта адразу з плячэй.
Уладзімір толькі што кончыў падлучаць спадарожнікавую талерку і наладжваць трансівер – Толік прывёз апаратуру сёння, і сёння ж захацеў усё паставіць.
– От тады сядзем і будзем з табой замочваць мае заробкі! – угаворваў ён і сябе, і Уладзіміра.
І праўда – не піў амаль да канца. А як толькі на вялізным плазменным экране з’явілася першая карцінка, не вытрымаў, хацеў хапнуць з рылца гарэлкі, а пляшка, халера, з дазатарам, чакай, пакуль нальецца… Давялося “цадзіць” у шклянку…
Пакой быў пазастаўляны парожнімі скрынкамі з-пад апаратуры. І наагул, нечым нагадваў саму гаспадыню. Тут усё было дарагое, новае: вялікая канапа ў куце, арыгінальная “сценка-горка”, адмысловы кампутарны стол у другім куце, два вялікія фатэлі, прыгожы часопісны столік са шкла. Гэта калі не лічыць вось цяпер падвешанага плазменнага экрана, тумбачкі з прайгравальнікам… Але, як Люба адзетая, так канапа засланая неахайна, абы накінуць.
А посцілка – куды меншага памеру, што яшчэ больш нагадвала Любу. На паліцах “сценкі”, нават за шклом відаць добры слой пылу. Зрэшты, Любе, як заўважыў, пакуль працаваў, Уладзімір, тое зусім не рупіла. Яна толькі хадзіла, то па хаце, то па двары, насіла свайго трохмесячнага сына і совала яму ў твар смочкі то адной, то другой цыцкі. Здаецца, нічым больш і не займалася, і не думала займацца, бо Толік сам бегаў на кухню. А там такі самы гармідар – сярод новай і дарагой мэблі. Бачыў Уладзімір, калі хадзіў піць. Толік з кухні крычаў Уладзіміру, якую каўбасу той будзе есці (хацеў пахваліцца, што прывёз з Расеі аж некалькі гатункаў), сам і каўбасу рэзаў і хлеб кроіў, сюды насіў. Ёсць жанкі, заўважыў сам сабе Уладзімір, – і дзяцей дагледзяць, і мужа, і гасцей, і хату… А можа, Люба мудрэйшая за іншых? Усё ж драбяза! Апрача дзяцей…
– Што ў нас гарыць? – аж запсіхаваў Толік – у жончыных словах ён адчуў пагрозу таму моманту, калі засталося ўжо толькі найпрыемнейшае: наліваць, выпіваць-закусваць ды дзівіцца на любы з трохсот каналаў.
– Дык не ў нас, – павольна прамовіла Люба, пазіраючы, як дзіця ўрэшце лянотна пачало пасмоктваць, узняла галаву і дадала: – То ў Валодзькі там на пасёлку гарыць нешта… Я дзівіцца не стала, бо пажар жа, мне нельга… Быццам дом які гарыць, – дакончыла яна без аніякай трывогі і цікавасці, падкрэсліваючы: гарыць – ну і хай сабе гарыць, мне што з таго?
Яна яшчэ не дагаварыла, а ў Уладзіміра паўстала ў памяці палудзеннае: брат вярнуўся з чарговых “заробкаў” добра падпітым, здаволеным – нёс у кішэні зашмальцаванага фрэнча пляшку белай – далі і з сабой.
– Глядзі акуратна тут, – кінуў яму тады Уладзімір, заводзячы матацыкл.
– Не ссы, – ікнуў у адказ брат.
– Не куры на канапе, папрапальваў усю, згарыш нахрэн! – ужо гучна, праз стракатанне матацыкла крыкнуў Уладзімір, стаў выязджаць з двара і пачуў абыякава-разухабістае ў спіну:
– Што згарыць, то не згніе!..
Уладзімір кінуўся да дзвярэй, Люба нехаця адступіла ўбок, ён ледзь праціснуўся, каб не даткнуцца да яе адрузлага цела. Выскачыў на веранду, і ў гарод – адтуль за ляском быў відаць іх пасёлак.
І пабачыў зарыва, вялікае, нечым нават святочнае. Не барвова-крывавым свяцілася неба, а жывым, трапятка-памаранчавым.
– Што там гарыць?
Гэта Толік выйшаў у гарод, пачухваў пад пахай, пытаўся нездаволена: от ты скажы, такі вечар добры быў, зараз бы пасядзелі так файна…
– Не разабраць… ды чаму там яшчэ гарэць… пяць хат…
Уладзімір хутка выкаціў на вуліцу свой матацыкл, нервова тузануў нагой завадны падважнік.
Выехаў з цэнтральнай сядзібы на дарогу да пасёлка – кіламетры два заставалася, і зразумеў, што няма чаго цешыць сябе надзеяй: ён даўно ўжо вызначыў за гэтулькі гадоў кірунак на сваю бацькоўскую хату ад гэтага вось месца. Толькі яна магла зараз гарэць. Ці бабкі Праскоўі, яна стаіць якраз за хатай Жабруноў. Але з чаго сярод ночы гарэць бабінай хаце, калі яна і печ даўно не паліць?
За кіламетр апошнія сумневы зніклі. Добра відочныя на чорным небе языкі яскрава-памаранчавага колеру, чорны на тле зорнага неба хвост дыму ўздымаліся ад іхнай хаты. Дагнаў пажарную аўтацыстэрну – калгасную.
– Валодзька, дзе ў вас студня там блізка? – крыкнуў яму з кабіны Сяргей Вакульчык, пажарнік, хлопец на два гады старэйшы, з франтаватай вузкай паласою чорных вусаў, упакаваны ў спецадзенне, з шаломам на галаве.
– Адразу на ўездзе! Што, без вады едзеце?
– Дык, тваю маць, во бочку завезлі ў Плянту! Гулянка там…
Плянта – месца знакамітае. Нейкі прыезджы прыватнік узяў у арэнду возера ў лесе, на беразе паставіў дом адпачынку. З басейнам, бо возера само праз сябе топкае і плыткае, не пакупаешся. Месца ўпадабалі і мясцовыя начальнікі, і з раёна як хто прыязджаў, то цэлілі туды патрапіць – як далей ад людскіх вачэй…
Першая палова хаты ўжо ўся была ахопленая полымем. Некалькі старых у разгубленасці стаялі перад надворкам, не ведаючы, як даць рады бядзе – вёдрамі тут нешта рабіць было бессэнсоўна.
Уладзімір кінуў матацыкл на траву, падскочыў:
– Брат дзе? Бачылі?
Нехта з жанчын спалохана ўскрыкнуў; забожкала, зашапталася ўстрывожана і рэшта.
Уладзімір кінуўся да тыльнага боку хаты, да другой паловы, якая яшчэ чарнела звонку і ўнутры.
– Ой, Валодзечка, не лезь! Не лезь, бо зарэ, як акно разаб’еш – чмыхне, спаліць! – загаласіла нейкая бабця за спінай. – Не ўратуеш ужо яго, як ён там застаўся…
Уладзімір наблізіўся да акна, што было ў ягоным пакойчыку, зазірнуў. Нічога не пабачыў – як малака хто наліў у пакой па самую столь – так дыму нацягнула. Ды наперадзе ледзь паблісквала чырвоным у дзве паласы – гэта праз шчыліны дзвярэй прагнула праткнуцца полымя.
Дакрануўся да шыбы і адчуў, якая яна гарачая, не вытрымаць. Наважліва стукнуў локцем, зазвінела шкло. Прасунуў руку, адшчапіў рамы, расчыніў. У твар ударыла едкая гарачыня. Зразумеў, што яшчэ момант – і ўсё бухне, што тут не гарэла, бо не ставала полымю паветра. Малюнак выбуховага загарання на момант затрымаў яго, але Уладзімір прагнаў страх, падцягнуўся і кульнуўся ў пакой, заплюшчыўшы вочы.
Апынуўся перад шафкаю, пацягнуў дужку і суцешыўся – от добра, што гэтым разам не стаў замыкаць ад брата. Хапіў усе паперы, усё, чаго было там: дакументы, розныя даведкі, страхоўкі, грошы, ашчадныя кніжкі, карацей – усю сваю хатнюю бухгалтэрыю – і, адчуваючы вострую рэзь у вачох і боль, што раздзіраў грудзі, сеў на падаконне, потым скочыў. Упаў на калені, хацеў устаць, выпрастацца, як раптам хакнула ззаду, нібыта ўздыхнуў нехта велізарны, з усхліпам, і з расчыненага акна вырваўся зыркі, пякучы струмень агню, усё адно як дзьмулі адтуль, з пакоя, тры пашчы Змея Гарынавіча…
Выпаўз чацвярыцай далей ад хаты, азірнуўся – яна амаль уся была ў агні.
– Цэлы, Валодзька? – кульгаў да яго сусед, дзед Мірон.
– Цэлы, дакументы во… Не бачылі брата?
– Ды ніхто не бачыў… Беглі – толькі відаць было, як за акном шугае ды дым з-пад страхі ідзе. А бліжэй падышлі, то шкло – трэсь, а яно як шугане – да неба! І ўсё ўсхапілася, як бензінам хто абліў… Даўно гарэла ў хаце, паветра не ставала, от знайшло сабе дарогу – праз столь… Дзе тыя пажарныя?
– Ваду набіраюць… У нас, са студні.
– Трасцу яны набяруць, там ніякіх шлангаў не стане, вада так глыбока, а тае вады – на адно колца! Ёлупні, вашу маць, з парожняй бочкай ехалі… – вылаяўся стары.
Пажарныя прыехалі, пачалі разгортвацца, хоць і подбегам, але без асаблівага імпэту – што тут ратаваць, які сэнс? Сцены ўжо гарэлі суздром, дах і столь праваліліся ў трысцене…
Вады хапіла пажарным хвілін на дзесяць, потым паехалі набіраць ваду да другога калодзежа. Хвілін за сорак прыйшла машына з райцэнтра, за ёй яшчэ адна. Але ратаваць не было чаго. Лілі ваду, бо агонь гарэў. Людзей пазбіралася шмат, моладзь прыбегла з клуба падзівіцца на пажар – тут цікавей, чым на танцульках, усё ж падзея.
Каля чацвертай раніцы, калі стала добра віднець, полымя патушылі, дымілі толькі асобныя галавешкі.
Увесь гэты час Уладзімір сядзеў на бярвенні воддаль, курыў адну за адной цыгарэты. Потым безуважна глядзеў, як ходзяць па пажарышчы пажарныя, нешта шукаюць. Зразумеў – брата шукаюць.
Брат-алкаголік – трыццацігадовы нягеглы мужчына, якога па чарзе выганялі з прымаў адна за адной жанкі цэнтральнай сядзібы калгаса, і ён зноў вяртаўся ў бацькоўскую хату. Улетку яшчэ было тае бяды: не брат шукаў працу за чарку, а праца шукала яго. У вёсачцы, дзе адзінымі непенсіянерамі заставаліся браты Жабруны, дужыя мужчынскія рукі заўсёды былі ў патрэбе. І раніцай бабулькі выстойвалі пад хатай у братоў, калі прачнецца старэйшы, Ігнат, А ён выходзіў, чухаючы запалыя, зарослыя рэдкім валоссем грудзі, аглядаў суседзяў, важна пытаўся, у каго работа пільнейшая, вызначаў час і зарплату. А іншым разам і адмаўляў, паблажліва кідаючы: “У мяне ўжо на тыдзень усё распісана”.
Горай было познай восенню, зімой, калі ніякай такой працы для Ігната не было, і ён канькаў ува Уладзіміра на пляшку чарніла, выпіваў, сядаў перад тэлевізарам на старой канапе, напоўніцу пускаў гук, пстрыкаў пультам, выбіраючы сабе перадачу па душы. Гучна рагатаў, гучна каментаваў бачанае, намагаючыся перакрычаць тэлевізар.
І пад тое курыў адну за адной смярдзючую “Астру”, гарачы попел часам сыпаўся на канапу, і на той расла колькасць чорных плямаў і круглых, з чорнымі берагамі дзірак.
Яго і знайшлі на рэштках канапы, дакладней тое, што засталося ад чалавека: абгарэлыя косткі.
Стоячы ў ранішнім сутонні перад пажарышчам, дзе грувасціліся і дымілі яшчэ чорныя бярвенні і два коміны дэманстравалі сваю чырвона-цагляную аголенасць, якую хавалі дзесяцігоддзямі на гарышчы, Уладзімір пакуль што адчуваў страту толькі аднаго: таго архіву запісаў, артыкулаў, які збіраў па сеціве ў свой кампутар. І самога кампутара з самаробным сталом, за якім так утульна пачувалася, за якім наступала новае жыццё, трываў свой асаблівы сусвет.
Тое месца, дзе быў ягоны пакойчык, здавалася цяпер, без сценаў, вялікім. Ад новага манітора засталася чорная горка расплаўленага пластыку, металічны корпус сістэмнага блока быў чорным, але цэлым, недзе варухнулася думка, што, можа, і дыск яшчэ запрацуе… Але потым веды і досвед тэхніка-электрыка згасілі кволую надзею.
Раніца разгаралася, святлела і спакваля адкрывала Уладзіміру ўсю велічыню яго страты. У чорным папялішчы былі незваротнасць і рэчаіснасць: трэба заказваць труну для брата, прасіць, каб капалі магілу, трэба недзе шукаць сталы на хаўтуры, набываць прадукты і гарэлку, гатаваць…
Нечаканыя хаўтуры – не запланаванае вяселле. Два дні мінулі ў тлуме і беганіне, Уладзімір амаль не адрозніваў гадзін. Балазе, дапамаглі ў калгаснай кавярні – толькі заплаціў, усё зрабілі. Дый сам калгас дапамог і з труной, і з машынай. Суседзі, вядома ж. А найбольш Алена, яго колішняя аднакласніца, развядзёнка з двума дзецьмі. Яна, кухар у кавярні, лічы, і была галоўнай распарадніцай на неспадзяваных хаўтурах, і ў вёсцы адкрыта казалі, што цяпер Уладзіміру адна дарога – да яе парога, бо што рабіць адному на папялішчы? Алена ж – жанчына спраўная, характарам добрая, дзеці дагледжаныя і парадак у хаце, і на твар не благая, і да работы не гультайка, і што ж ёй адной векаваць, і чаго Уладзіміру нешта думаць, і гэта ж некалі яны і ў кіно разам хадзілі, і на лавачцы, было лета адно, праседжвалі да трэціх пеўняў. А што не дачакалася Алена Уладзіміра з войска, дык маладосць, што тут паробіш, ды яшчэ бацькі ўгаворвалі, упадабалі яны былі маладога тэхніка-асемянатара. Ну, хіба што работа такая – быком працаваць, дык і такую работу некаму трэба рабіць, а плацяць яму добра, во і дамок новы калгас дае на сядзібе…
Калі людзі разышліся з кавярні, Алена запрасіла Уладзіміра сама – проста пакуль што пажыць, бо начаваць жа няма дзе.
Уладзімір адмовіўся, як мог падзякаваў, адводзячы вочы ўбок – ён адчуваў сябе абавязаным перад Аленай, перад усёй вёскай, у якой пасля пахавання, за хаўтурным сталом, толькі і гаманілі пра іх, і мужчыны проста сцвярджалі, што не бывае шчасця без няшчасця. Уладзімір цяпер як бы ішоў супраць усіх, разбураў акуратна складзены агулам і ёй, Аленай, няхітры план, у якім усім было добра і хораша.
Можа, ён і пайшоў бы ў той вечар да Алены, што прагла мужчынскай ласкі. Калі б не яшчэ адна погаласка, што шамацела ў размовах бабулек ды дзядоў.
“Праклён”.
Даўны, на ўсю вёску накладзены, а найперш на іхны род – Жабруноў, з якога адзін Уладзімір цяпер і застаўся. Нікога болей няма, апрача яго, ніхто болей у вёсцы не носіць гэтага прозвішча, а некалі ж – ого! – Жабруноў палова вёскі было, успаміналі старыя. Цяпер няма. І ці не кожную сям’ю напаткаў вось такі лёс: нехта гінуў у агні, а калі хто і ратаваўся, дык гінула ўсё на надворку ў бязлітасным пажары: дом, гаспадарка, жывёла.
Уладзімір застаўся ў дзеда Мірона на колькі дзён – хата ў дзеда вялікая, то далі адзін пакойчык. Дзеці ўнукаў яшчэ не папрывозілі, пакуль што ў летніках… Уладзімір разбіраўся з паперамі. Раптам у яго ў руках апынулася вялікая сума грошай: і страхоўка за дом, і што на пахаванне давалі, не ўсё патраціў, і ад калгаса, і людзі пазбіралі. Ён меўся ехаць на сесію, узяў адпачынак, адразу за два гады, бо леташні не адбыў – захварэў механізатар, давялося ісці памочнікам камбайнера. Дык і адпускныя далі за два гады. Прыкупіў сабе што з адзення на лета.
Яшчэ тыдзень заставаўся да ад’езду на сесію. Адзіная справа, якой ён змог заняць сябе – разграбаць папялішча.
Пажарныя ўсё ж адну карысную рэч зрабілі – не далі агню перакінуцца на блізкі хлеўчык. Жыўнасці там не было ніякай, а вось інструменту шмат. Галоўнае – бензапіла. Уладзімір цяпер выцягваў чорныя бярвенні, абчэсваў сякерай вуголле, потым рэзаў і адразу шчапаў. Што ж, будуць вось дровы дзеду Мірону, не прападаць жа… Абмые яшчэ дожджыкам, прасушыць сонцам…
Рабіў старанна, па парадку, як і заўсёды любіў: няспешна, але настойліва, каб не пакідаць нічога па сабе, каб не вяртацца. За першы дзень змарыўся так, што ледзь дакандыбаў до копанкі за вёскай, дзе хацеў памыцца. Шараваў сябе мо з паўгадзіны, але якое тут мыццё – халоднай вадой сажу не змыеш… Нічога, за чатыры дні будуць паліць лазню на сядзібе…
Тры вянцы зруба знізу засталіся амаль цэлымі, папытаўся ў дзеда – ці трэба іх рэзаць, той толькі махнуў рукой: дрэву гэтаму гадоў пад пяцьдзясят, каму яно сёння трэба? Ды і па вуглох спарахнела крыху. Рэж на дровы.
Уладзімір меўся канчаць на сёння, але на трэцім рэзе бервяна не заўважыў цвік, скрыгатнула так, аж у пячонцы аддалося. Давялося здымаць ланцуг пілы, вастрыць – не мог такую работу пакінуць на заўтра.
Сонца схілілася нізка на захадзе. Было ціха (тут у іх наагул заўсёды вельмі ціха!), таму Уладзімір здалёк пачуў крокі – шорганне нечых ног у высахлай траве. Зірнуў з-пад рукі, і сэрца ўздрыганулася – да яго ішла Алена.
Ён бы зманіў, каб сказаў, што не думаў пра яе начыма. Думаў. Ляжаў у чужой хаце, на чужым ложку і чужой бялізне – і думаў пра Алену. Галоўнае хацеў зразумець: што яго трымае? Няўжо крыўдуе ён да гэтай пары на яе за тое, што не прычакала з войска? Дык… Шчыра кажучы, больш фанабэрыі было тады ў Уладзіміра, чым сапраўднага пачуцця гора: павінен жа хлопец вось так крыўдаваць, калі яго дзяўчына не дачакалася, мусіць тыдзень хадзіць п’яным, абавязаны штоноч ціснуць, мяць да болю грудзі новай маладухі? А то ж! А вось сапраўднага болю ў душы і не было. Прыкра – гэта так. Бо за два гады ў войску не тое каб астынуў Уладзімір, не. Глядзець на ўсё стаў разважліва, няспешна. Ды яшчэ, што тут хаваць, пабачыў першы раз Алену, ужо замужнюю, дык нечага аж зарадаваўся – такой непрывабнай, з запалымі вачыма, з плямамі на твары, худой падалася яму яна. Не разумеў ён тады, што тое ад цяжарнасці… Але сэрца гэта супакоіла. Хай сабе і грызла яго нешта тупымі зубамі, але не балюча было… нібы бяззубы сабака кусае за руку…
– Памагай Бог.
– Дзякуй на добрым слове, – Уладзімір намагаўся схаваць напружанне, якое ўзвілося з першым позіркам на Алену. – Далёка ідзеш? – спытаў, каб нешта спытаць.
– Да цябе, – проста адказала Алена.
Яна была ў сініх спартовых нагавіцах, закасаных да каленяў, у белай майцы з кароткімі рукавамі. Уладзімір не мог не спыніць вачэй на Аленінай постаці: не худзенькая, а дзябёлая, моцная жанчына, круглявая праз невысокі рост, але не выглядала тоўстай. Паўнаватыя плечы і рукі, але відаць – дужыя рукі. Будуць дужыя, будуць і цягліцы на руках, калі адной гадаваць дзяцей, цягаць на кухні вядзёрныя рондалі, трымаць парсюкоў ды шчыраваць на гародзе.
– То сядай во, – Уладзімір паставіў старкачом не рассечаны яшчэ адрэзаны кавалак бервяна. – На ім сажы няма.
– Ды я не ў чыстым, – супакоіла яго Алена, села, і Уладзімір зноў не мог не заўважыць, як шыракаватыя Аленіны сцёгны не расплыліся на палене тлушчам, а толькі напяліся, як надзіманыя.
Прысела, прыгнулася, глядзела сабе пад ногі, а шырокі выраз на саколцы глыбока адкрываў лагчынку між велікаватых грудзей.
Уладзімір адвёў вочы.
– Наўмысна з вёскі ішла?
– Дзе там, вячэру развозілі касцом… То тут злезла… Я ўжо другі дзень тут праязджаю… У копанцы мыешся?
– Ага…
– Хадзем, памыешся ў мяне па-людску. Ды пакармлю нармальна. Баба Міроніха толькі бульбай з капустай корміць?
– Ды чаго мне жаліцца… – засаромеўся Уладзімір. – Бульба дык бульба, я не пераборлівы.
– Я ведаю, – кіўнула згодна Алена, – ты не пераборлівы… Калі не пераборлівы, дык хадзем.
Уладзімір ліхаманкава думаў: як адказаць і што. Паўза зацягнулася, і Алена невясёла хмыкнула:
– Ды не пужайся ты… Не збіраюся я цябе прывязваць. Ты ж з нашых аднакласнікаў адзін мне сябрам быў, адзін во чалавекам застаўся. Я табе як сябру, як аднакласніку і кажу: памыешся, павячэраеш – рабі далей, як хочаш.
– А, ну… добра… Я да дзеда заеду, вазьму што чыстае, – з палёгкай згадзіўся Уладзімір – Алена прапанавала яму такі варыянт паводзінаў і стасункаў, пра які ён і падумаць чамусьці не мог, але прапанаванае было найлепшым на гэты момант.
– Ды ў мяне засталося ад майго быка, новае, неадзяванае… Як уцякаў, дык і майткі пакідаў, – спыніла Уладзіміра Алена.
Быком абзывалі за вочы, а пазней дык хто і ў вочы былога Аленінага мужа – працаваў асемянатарам. Абзывалі з зласлівай насмешкай: хударлявы, драбнявы, відавочна, слабы. А гонару затое – не павітаецца ні з даяркамі, ні з нагляднікамі. Спецыяліст, анягож. Як выявілася, меў ён свае погляды на будучыню, і там не было ні кароў, ні вёскі, ні сям’і з дзецьмі. У першыя месяцы сямейнага жыцця, як зацяжарала Алена ды пачаўся таксікоз, “бык” запсіхаваў – ён прызвычаіўся (а папраўдзе – Алена прывучыла), каб кожная хвіліна была аддадзеная яму, каб усё ў хаце рабілася дзеля яго. О, які скандал ён учыніў, калі Алена не змагла прыгатаваць упадабаны ім плоў. А яе ванітавала ад аднога выгляду і паху мяса, як ні перасільвала сябе – не магла падысці да стала, дзе яно ляжала ад ранку, яе згінала ад прыступаў яшчэ на парозе кухні.
Як нарадзілася малое, дык напачатку гідзіўся падысці. А каб пялюшку запэцканую ў рукі ўзяць – ані туды тое. Вось жа скажы – каровам руку пад хвост засоўвае да пляча (хай і ў спецыяльнай пальчатцы тая рука), а ад гавенца свайго дзіцяці ванітаваць бяжыць… Алена бачыла, адчувала, што адбылося зусім адваротнае таму, чаго яна чакала ад нараджэння сына. Што дом і сям’я раптам страцілі для яе мужа ўсякі інтарэс, а сама яна засталася патрэбнай яму ў дзвюх іпастасях: як хатняя служка ды крыху жывая гумавая лялька ў ложку – каб не адмаўляла ні ў чым і сама паварочвалася… І не спяшалася б Алена нараджаць другое дзіця, ды падвяла жаноцкая мудрасць – нібыта, як малаком дзіця корміш, дык не зацяжараеш. Панесла, ад першага разу панесла. Як бацька некалі з маці жартаваў: хлопцы толькі нагавіцамі патрасуць, а ты ўжо надзімаешся. Так і дачка…
Калі муж даведаўся пра другую цяжарнасць, то аж збялеў. І сарваўся на істэрычны крык – рабі аборт. На што Алена з нейкай неверагоднай асалодай, нібы даўно хацелася-марылася так зрабіць, ды не было добрай нагоды, акуратна склала і тыцнула пад нос свайму мужу дулю. Той вызверыўся і нечакана кінуўся на яе з кулакамі. А яна, быццам такое не раз рабіла, дужая ў руках, перахапіла яго хліпкі замах і так таўханула ад сябе, што “бык” не ўтрымаўся на нагах ад неспадзеву. Як ён спалохаўся тады! І за хвіліну стаў збіраць валізку.
Найневерагоднейшым было тое, што Алену гэтая невялікая прыгода ў іх сямейным жыцці, першы яе супраціў мужу развесяліў. Яна без аніякай жальбы назірала за тым, як імкліва бегае па пакоях “бык” і збірае свае транты. Ні кропелькі не шкада было! Адно жаданне – хай знікне з вачэй. І знік, толькі праз паўгода з’явіўся, каб аформіць развод. Нахабства набраўся папрасіць, каб аліменты яна патрабавала на адно дзіця – бо бачыш, з жанчынай сваёй ён на кватэры ў горадзе, а там так усё дорага. Алена адмахнулася: няхай. Ідзі, знікай хутчэй. Маці з бацькам жывыя – не дадуць памерці. Выкараскаюся і з двума дзецьмі. І выкараскалася.
Уладзімір не ўсё ведаў пра дачыненні Алены і ейнага мужа, але пра цяперашняе ведаў: што Алена упраўляецца сама, і парадак у яе ў хаце ды надворку такі, што іншая замужняя не дараўнаецца. І дзеці дагледжаныя, паслухмяныя: хлопец і дзяўчынка.
Ён успомніў, як дзе й калі ў вёсцы пра гэты Аленін развод – “выгнала быка з хаты”, і нечакана як прасвятлела ў галаве: а Алена ж і праўда не збіраецца яго прывязваць. Яна ж і без мужа вунь падымае дзяцей. Яе клопат пра яго, Уладзіміра – зусім іншы клопат. Можа, і папраўдзе, шчыры, сяброўскі…
Склаў інструменты, занёс у хлеўчык, адтуль выкаціў матацыкл, які хаваў там ад спякотнага сонца.
– Паехалі? – сеў на матацыкл.
– Ага, – узнялася Алена, абцерла азадак.
Села, абхапіла рукамі, прыціснулася грудзямі да спіны – пругкімі, гарачымі.
І Уладзімір раптам адчуў, як токам яго працяло, колькі жадання ў жанчыне, колькі нерастрачанай пяшчоты і любові.
“Застануся! – як пакляўся сам сабе. – На адну ноч застануся. Вось проста аддзячу, каб свіннёй не быць…”
Але, калі Алена сабрала яму чыстую (і сапраўды – новую) бялізну, калі з асалодай вылежаўся чвэрць гадзіны ў ванне, а потым мыўся, яго цвёрдасць змянілася на млявы абавязак, змешаны з бояззю. І яшчэ болей завагаўся, напалохаўся Уладзімір, калі выйшаў з лазенкі, і Алена паклікала адразу на кухню: стол быў накрыты. А сама яна ў відавочна новым халаце з паўпразрыстай тканіны і не збіралася хаваць сваіх мараў, кожны рух яе цела, не надта прыхаваны шоўкам, клікаў і абяцаў, а заадно, здавалася, і папярэджваў насмешліва: “Нікуды не дзенешся”.
Ува Уладзіміра віравала ў душы пачуццё прыкрасці: сказала ўжо яму Алена, што дзеці ў бабы. Сказала прыгатаванай вячэрай і халатам празрыстым, пад якім свеціцца белымі карункамі бялізна (гэта ж яна на двары пад летнім душам мылася…), што запрашае яго, Уладзіміра, застацца. І калі ты здаровы і вольны мужык, у вачох якога Алена – кабета спраўная, здаровая целам, калі ты бачыш, што яна толькі чакае твайго жадання, і сама яна вольная, дык павячэраць, кінуць “дзякуй” і з’ехаць – тое ці нармальна для мужчыны? Гэта ж проста смешна! Што ён – імпатэнт?
Была б іншая якая – Уладзімір бы застаўся. А што яму, калі той – нішто? Але ж Алена…
Алена пачакала, пакуль Уладзімір сядзе пры стале, дастала аднекуль збоку паўлітровую пляшку.
– У мяне самагонка ёсць, маці гнала, добрая. На святаянніку настоеная, мяккая. Нальем для апетыту?
Уладзімір пачырванеў. Алена знайшла найлепшае выйсце, каб даведацца пра ягоныя планы і прапанаваць сябе. Калі Уладзімір вып’е, дык на матацыкл не сядзе – усе ведалі ў вёсцы непарушнае правіла Жабруна-малодшага: на слуп, выпіўшы, ніколі не палезе, за руль, хоць грамульку вып’е – не возьмецца…
– Ты хочаш, каб я нанач застаўся? – выціснуў Уладзімір з сябе пытанне, спадзеючыся ўпотай, што ў адказе Алены зможа нарэшце знайсці тлумачэнне сваім пачуццям: а ён сам чаго хоча?
– Я ж – жывая баба, – гледзячы яму ў вочы з сумнай усмешкай, што непрыгожа крывіла яе рот (з падмаляванымі? ну, так, падмаляванымі) вуснамі, адказала Алена. – Чаму мужыкі думаюць, што ім хочацца, а нам не? Ды што хочацца… Я вось новы халат першы раз за год адзела… Во глядзі, – Алена хутка тузанула пас, развяла ў бакі крыссё халата, дэманструючы сябе, і Уладзімір спужаўся, сцяўся, каб не здрыгануцца ад нечакана адкрытага перад ім здаровага, жаноцкага цела і кароткага, як стрэл, узбуджэння. – Бялізну новую адзела, – спакойна доўжыла Алена. – Ведаеш, колькі ў кожнай бабы новай бялізны? Прыгожай, ды ні разу не адзяванай? Бо няма для каго… А для сябе мала трэба.
Захінула крыссё, нервова звязала вузлом пояс, потым стомлена прысела, ні слова болей не кажучы, наліла дзве чаркі.
– Не можаш дараваць? – узняла вочы на Уладзіміра.
– Не, не тое… – уздыхнуў Уладзімір, раптам адчуўшы палёгку – Алена, паказваючы яму бялізну і зараз вось запытаўшы наўпрост, як настроіла іхную вячэру на шчырасць, і яму прасцей стала гаварыць таксама шчыра. – Баюся… Назад, у мінулае вяртацца – хіба можа быць нешта добрае ў гэтым?
– У мінулае нам не вярнуцца, – усміхнулася лагодна, як малодшаму, Алена. – У мінулым і ты дурны, і я дурная.
– Чаму так? – здзівіўся Уладзімір. – Не дурныя. Ну, без досведу. Мне здаецца, я такім і застаўся…
– Ты – можа, – са шкадаваннем заўважыла Алена. – Я – не. Калі б ты тады пад вербамі трошкі больш настойлівы быў… Я, дурніца, загадала: як сунеш руку мне ў майткі – усё, выпрастаюся, раскіну ногі. Хоць баялася, але ж во надумала. А ты мне толькі левую цыцку так змяў, што сінякі засталіся. Была б я разумнейшая – сама б майткі з сябе сцягнула. І руку тваю б паклала, куды трэба…
Уладзімір зачырванеўся. Тая цёплая купальская ноч пад вербамі доўга жыла ў ягонай памяці напятай да найвышэйшага гуку струной. Ён доўгія гады ціха песціў тое сваё невыказнае пачуццё пяшчоты, адчуванне поўнай улады над дзявочым целам. І думаў увесь гэты час, што зрабіў слушна – нельга было тады, няправільна. Трэба, каб першае, найчысцейшае, было ў чыстым і на чыстым… на белай прасціне, а не на траве. І от, як выявілася… Ён не ведаў, што адказаць і што думаць – проста працягнуў руку, узяў і выпіў адразу ўсё налітае ў чарку, шумна прынюхаў хлеб і палез па цыгарэты.
– Закусіў бы… Куры тут, – ціха паўшчувала і папрасіла яго Алена, узнялася, паставіла на стол сподачак. – Хоць пах мужчынскі застанецца, – сказала з незразумелай інтанацыяй.
– Я тады думаў… – Уладзімір зацягнуўся раз і другі і патушыў цыгарэту. – Я тады думаў, што ты… іншага хочаш. Каб не недзе пад вербамі, каб у ложку чыстым, каб не баяцца, што нехта пабачыць і заўтра пераказваць будуць…
– Еш, – ціха адказала Алена. – Пастыла ўсё. Хочаш – заставайся. Сёння чысты ложак, белыя прасціны, не трэба баяцца, што нехта падглядае. Я… хачу, каб ты застаўся. Хоць на адну ноч…
Уладзімір застаўся.
Ён потым курыў на парозе, расчыніўшы дзверы веранды, дзівячыся таму нязвыкламу пачуццю, якое ім авалодала ўпершыню – колькі хвілін таму ў ягоных абдымках Алена сутаргава забілася, наструнілася і выгукнула нешта працяглае, незразумелае, гартанным крыкам, а потым абшчаперыла, сціснула з такой моцай сваіх рук, што перахапіла подых, і шаптала, плакала ў вуха: “Дзякуй, дзякуй, дзякуй…” А ён у той момант разгублена, амаль з абавязку, цалаваў яе мокрыя вочы і шчокі, адначасна ўзрадаваны, акрылены і крыху спалоханы такім бурным праяўленнем пачуццяў жанчыны.
“Чаму б мне не жыць з Аленай?”
Што трымала і трымае ад такой простай пастановы: прыйсці ды пажыць колькі дзён, хай тыдзень, месяц – і паглядзець, што там надалей будзе? Можа, як той казаў, злюбіцца. А калі гэта лёс яго, а ён ніяк не падыдзе да яго, бо баіцца? Лёсу баіцца? У чым яго лёс?
Было ціха, ужо і цвыркуны ўлегліся. Неба ў тысячах зорак трохі разганяла цемру, але невялікі садок (Уладзімір сядзеў на парозе дзвярэй, што выходзілі ў гарод) патанаў у густым чарноцці. Нечакана моцна, не раўнуючы, як нехта толькі што дэзадарантам папшыкаў, пахлі невідочныя кветкі. Аж цягнула пайсці, адшукаць і пабачыць – што за яны? Пах прыемны, незвычайны…
Пачуў, як прыадчыніліся дзверы, не азірнуўся. Алена выйшла басанож, захінутая ў лёгкую коўдру. Прысела побач, схіліла галаву на ягонае плячо.
– Так хораша мне, Валодзька… Ты не ўяўляеш нават, як хораша вось цяпер. Ты калі болей і не прыйдзеш – я не буду на цябе злаваць. Мне гэтай адзінай ночы надоўга будзе.
– Я не ведаю, Алена… Мне ісці няма куды, але… не ведаю… Я вось на сесію з’езджу, пабуду там. Падумаю над усім, – прызнаўся Уладзімір. – Што так пахне?
– Ага, едзь сабе, – лёгка згадзілася Алена. – Ты толькі ведай, што табе ёсць куды вяртацца. А кветкі – гэта мацыёла. Зусім такая… непрыкметная кветка. Некалі бабуля дала. Казала – вядзьмарская кветка. Пакажу раніцай. Я іншым разам выйду ўвечары, як пакладу дзяцей, вось сяду тут і сяджу доўга-доўга. І мацыёла пахне… І я думаю… І не ўстрымалася, расхінула коўдру, прыпала голым, дагэтуль гарачым целам да Уладзіміра, абняла, захінаючы абоіх коўдрай, прыціснулася і замерла.
Уранку, калі Уладзімір выйшаў курыць сюды ж, Алена паказала яму кветкі – невялікія, непрыкметныя. І цяпер яны зусім не пахлі.
– Не падобныя да вядзьмарскіх, – заўважыў Уладзімір.
– А табе скуль ведаць? – прымружылася Алена. – Шкада, баба памерла, а то б яна даўно падказала мне ўрабіць, каб ты ад майго парога нікуды дарогі болей не ведаў.
– Твая баба магла такое зрабіць? – здзівіўся Уладзімір.
– Магла… Яна шмат чаго магла. Прыедзеш увечары? – скончыла нечакана Алена пытаннем.
– Не ведаю, – шчыра прызнаўся Уладзімір. – Дай дажыць да вечара.
– Ну, глядзі сам, – проста адказала Алена, усё адно як размова ішла пра нешта дробязнае, не надта вартае ўвагі. – Трымай, перакусіш… – сунула ў рукі клуначак, які хіба ўначы сабрала, бо, здаецца, усё ранне была на вачох…
Толькі калі Уладзімір прыехаў да свайго згарэлага дома, ён спакойна абдумаў тое, што стрэмкай сядзела ў свядомасці ўчора ўвечары, не давала заснуць уначы і пякло першыя хвіліны раніцы. Ён баяўся, што калі пераспіць з Аленай, яна адразу ж пачне паводзіць сябе так, быццам ужо сталася ягонай жонкай, ды яшчэ колькі гадоў таму. Але нічога не змянілася ў Аленіных паводзінах. От зусім-зусім нічога. Нібы і не было гэтай ночы, некалькіх гадзін яе адданага кахання. Толькі вочы Аленіны свяціліся. Нечым такім, што не схаваеш ніяк, колькі ні спрабуй, што бабы адразу ж пазнаюць. Пра такое святло нехта пажартуе незласліва, нехта падкалупне са злым жартам, але ж большасць пазайздросціць – хто падобраму, хто са злосцю. Якая ж жанчына не хоча пачувацца шчаслівай у першыя гадзіны раніцы…
Уладзімір зняў апошні вянец, які ляжаў на вялікіх, амаль што схаваных у зямлі, шэрых камянёх, і тады пабачыў той вузельчык. Ён ляжаў на самым вялікім камені ўсходняга вугла. Жаўтлявая тканіна была ахайна перавязаная чорнай ніткай. Ведаў, што гэтак павінна быць – заўсёды раней клалі пад першы і трэці вянец нейкую ахвяру, адкуплялі месца – такое чытаў. То і расчараваўся быў, калі пад трэцім вянцом нічога не знайшоў, бярвенні перагледзеў – можа, прыляпіліся да дрэва тыя некалькі манет (звычайна ж іх клалі) ці ў моху схаваліся. І мох раздзіраў – нічога не было. А так цікава глянуць – што там клалі дзед ці прадзед, ці баба, ці прабаба… І вось – вузельчык. Нечакана. Прысеў, закурыў. Тады толькі ўзяў яго ў рукі і неспадзеўкі адчуў хваляванне. Мо найперш таму, што вузельчык выдаваў на парожні – не адчувалася ў ім вагі хоць адной манеты. Але навобмацак там нешта было.
Не стаў рваць ніткак, развязаў, няспешна разгарнуў тканіну.
Пацямнелы ад часу ланцужок (можа, срэбны) і на ім – з таго ж металу шасціканцовая кветка, пялёсткі якой загіналіся ў адзін бок так, што востры канчарык аднаго злучаўся з сярэдзінай наступнага, быццам круцілася колца.
Затахкала сэрца, ад хвалявання задрыжэла рука. Уладзімір нечакана для самога сябе хутка разгледзеўся, пацікаваў на бакі – ці не бачыць хто? Чаму ён так устрывожыўся, што было незвычайнага ў знойдзеным – Уладзімір не разумеў. Але як збоку нехта нашаптаў, аднекуль з’явілася веданне, што срэбная кветка на ланцужку – зусім няпростая.
А можа, яму карцела знайсці тут, у сваім колішнім доме, хоць у апошні момант нешта такое, што б падказала, параіла, памагло адшукаць адказ на такое простае і няпростае пытанне: што рабіць далей, як жыць і навошта?
Ён вагаўся толькі момант – не ў кішэню ж класці знаходку, калі яна з’явілася на белы свет. У кішэні – смецця і пацярухі поўна, яшчэ згубіш, а тут такое ўсё чыстае, хоць пралежала… колькі гадоў? Пяцьдзясят, здаецца, казаў стары Мірон.
Цераз галаву надзеў на шыю ланцужок, адчуў, як халодны метал кветкі дакрануўся да гарачага цела.
І нешта адбылося.
Раптам стала зразумела, што яму няма чаго рабіць на сваім папялішчы. Апошняе, што абавязаны быў зрабіць тут Уладзімір – гэта адшукаць срэбную кветку на ланцужку. І што трэба не расцягваць на невядомы час свой пабыт у вёсцы, а ехаць. Ехаць і шукаць адказы… бо тут ён нічога не знойдзе.
Бліжэй да вечара каротка пікнуў тэлефон – прыйшла СМС-ка. Думаў, звычайная рэклама ад аператара, але паведамленне было ад Алены. Прачытаў прадбачанае: “Цябе чакаць?”.
“Патэлефанаваць не магла? – нечакана разабрала прыкрасць на жанчыну. – Зараз яшчэ пачнецца гульня ў цыдулкі…”
Націснуў выклік, пачакаў. Калі Алена адказала, упікнуў:
– Што, сучасныя тэхналогіі вядуць рэй? Тэлефанаваць складаней, чым літаркі набіраць?
Ён і сам не чакаў, што ў ім з’явіцца вось такі паблажліва-павучальны тон. Збіраўся ж казаць іншае – што сёння будзе да самай цемры, бо трэба кончыць да заўтра, каб ехаць… Яму трэба ехаць.
– Не, я баялася, што голас задрыжыць, – ціха і вінавата адказала Алена – куды толькі падзелася яе ўчорашняя бестурботнасць і смеласць?
– З чаго яму дрыжаць? – здзівіўся Уладзімір.
– Потым скажу… як прыедзеш.
– Я тут доўга збіраюся быць… працы шмат.
– Ты еў што? – клопат умомант прагнаў Аленіну няёмкасць.
– Палуднаваў, што ты збірала…
– Што там было есці… Я прынясу зараз. І Алена адлучылася.
Уладзімір сеў. Закурыў. Металічная (усё ж срэбра, падумаў Уладзімір) кветка на грудзях, як жывая, казытала цела сваім халадком. Ён асцярожна прыціснуў яе да грудзей і здзівіўся яшчэ болей: яна заставалася халоднай, нібы во зараз дасталі аднекуль з пограба.
“Значыць, так трэба”.
Алена прыйшла за хвілін дваццаць, з клуначкам, задыханая.
– Навошта ты? – мякка ўпікнуў яе Уладзімір. – Не надта ж галодны.
– Да цёмнага яшчэ чатыры гадзіны, – адмахнулася Алена, пачала даставаць прынесенае, стаўляць проста на траву.
Уладзімір, пачуваючыся трохі ніякавата, апусціўся побач, нават прылёг на бок, з задавальненнем выцягнуў ногі.
– Ну вось, зараз будзе на вёсцы размоў… І чаго ў цябе голас мог дрыжаць? – запытаў, няўклюдна жартуючы.
Алена прыпынілася, ціха сказала:
– Еш…
Памаўчала, счакала, пакуль Уладзімір не пачаў даставаць з літровіка смажаную бульбу, і яшчэ цішэй стала казаць са штучнай жартаўлівасцю:
– Не думала ніяк… А тут узяла слухаўку табе патэлефанаваць і уявіла, як ты мне скажаш: “Пайшла нахер, трахайся з кім хочаш”. І зразумела, што калі пачую нешта такое, то не вытрымаю – загалашу, завыю сучкай. Ведаеш, я не плакала вельмі даўно. Вось уначы ўчора плакала, сама здзівілася, падушка ўся мокрая была, гэтулькі слёзаў сабралася. Ды во не ўсе, мабыць. Так мне страшна стала… адной у хаце. Сумна-сумна…
Уладзімір адчуў, як скура на грудзях датыкаецца да нечага цёплага, зірнуў долу – можа, з відэльца ўпаў кавалак бульбіны… Не было ніякага кавалка, і было дзіўна, бо цяпло нібыта ад самога позірку толькі ўзмацнілася, амаль пякло ўжо, хоць трымаць можна.
– Хто цябе зацугляў? – спытала Алена, вачыма паказала Уладзіміру на грудзі, і ён, перавёўшы свае вочы за яе позіркам, зразумеў, што цеплыня ідзе якраз ад дзіўнай кветкі ў яго на грудзях.
– Сам зацугляўся, – памарудзіўшы, адказаў Уладзімір, дакрануўся да кветкі і ўпэўніўся, што яна сапраўды цёплая, бадай што гарачая. З чаго яна так угрэлася? Дзіўна… – Гэта маё… – дадаў ён, – ну, накшталт спадчыны. Знайшлося.
– Во як… Табе памагчы што? – перавяла размову на іншае Алена.
– Не трэба… Ты ідзі, – мякка папрасіў Уладзімір. – Я прыеду… Але пазаўтра паеду… Мне на сесію. І адпачынак у мяне. Грошы ёсць… Я вось на моры ніколі не быў… Не ведаю. Не ведаю пакуль што, – адставіў слоік з бульбай убок, крануў рукой кветку на грудзях, глядзеў на яе, толькі каб не сустракацца з Аленінымі вачыма.
– Дык і добра, з’ездзі на мора, – сказала, як супакойвала малое капрызлівае дзіця, Алена, і твар яе, шыракаваты, скуласты, з загарэлым і таму на выгляд велікаватым носам, быў цяпер такі, усё адно як яна і папраўдзе схілялася над калыскай з дзіцём. Потым усё схавала хмарка злой наважлівасці: – Толькі ведаеш… Ты дзеля шкадавання да мяне не прыходзь. Хочацца табе са мной – дзверы адчыню. А шкадаваць мяне не трэба, – скончыла Алена цвёрда.
– Нічога я не шкадую, – буркнуў Уладзімір. – Што ты ад мяне хочаш? Каб я сказаў табе, што добра мне з табой?
– Што ты ў зямлю гаворыш? – упікнула Алена. – Хачу… хачу каб ты паводле свайго хацення рабіў…
– Ды не ведаю, не ведаю я, што я хачу, разумееш? – нечакана для сябе самога раптам вырваліся ў Уладзіміра словы, і ён спужаўся свайго незапланаванага прызнання, са страхам зірнуў на Алену – навошта ёй такое ведаць? Зразумее яна?
Алена маўчала, сарвала і пакусвала травінку.
– Слухай, я тыя палянякі пазношу да калодкі… А ты парэжаш пакуль што. Хутчэй пашчапаеш… – прапанавала, адвёўшы вочы.
– Добра, – устаў з травы Уладзімір. – Можа, застанецца назаўтра толькі прыбраць збольшага…
Працавалі яны да цёмнага, і праўда, зрабілі шмат. Ужо ўначы ў лазенцы мыліся разам – каб хутчэй.
За дзень Уладзімір сеў на рэйсавы аўтобус – да райцэнтра, каб адтуль ехаць далей. Ён ніяк не чакаў, што будзе пакідаць Аленін дом і яе саму не са шкадаваннем, не з болем, не з надзеяй, а з палёгкай. Яму было прыкра за сябе, ён хацеў думаць пра Алену з удзячнасцю і жалем, але нічога не выходзіла – сапраўды было ўсцешна, лёгка на душы менавіта вось у гэтым бляшаным нутры аўтобуса, які вёз яго ўпрочкі. Калі аўтобус загудзеў, зрушыўся, успыхнула яшчэ адно пачуццё – сораму. Быццам Уладзімір украў нешта, важкае, каштоўнае ўкраў – у яе, Алены. І яна бачыла, яна ведае, што ён – злодзей.
Аўтобус развярнуўся ў цэнтры сядзібы, дзе мясціліся клуб, магазіны і кавярня, прыпыніўся, каб забраць тут пасажыраў, якія сабраліся пад навесам новага прыпынку. Уладзімір не хацеў паварочваць галавы ўправа – ён баяўся праз шыбу акна пабачыць Алену, якая, вядома ж, у кавярні, і магла выйсці, можа, каб махнуць яму рукой на развітанне.
І не ўтрымаўся – зірнуў.
Алена, апранутая ў доўгі, вельмі доўгі, блакітны халат, мыла звонку вялікае акно кавярні. Дакладней, мыла раней, а цяпер стаяла на шырокім уступе, упіраючыся адной рукой у сцяну каля праёму, трымаючы ў другой белую анучу. Ануча выслізнула з рукі, ўпала на зямлю. Высакавата… Жанчыне трэба было скочыць долу. Яна ўперлася другой рукой у супраціўны бок акна і застыла на імгненне.
Уладзіміра працяла нечаканая выява. Алена з раскінутымі рукамі ў доўгім блакітным халаце вымалёўвалася на цёмным праёме акна. Рама за яе спінай выглядала крыжом, і яна стаяла укрыжаваная…