Читать книгу Праклён - Валеры Гапееў - Страница 5

Частка 1
4

Оглавление

Была пятніца. Надвор’е ўжо колькі дзён было роўным, цёплым – усё абяцала добры ўлоў. Якраз на заўтра і дамовіліся з суседам. Нішто не магло ўжо змяніць Лобачавага настрою ў пятніцу: ні няўцямныя адказы завочнікаў, ні поўная непадрыхтаванасць некага. Ён даўно ставіўся да сваёй працы як да стужкі канвеера: было, ёсць і будзе. Амаль без паўтарэнняў. А вось рыба – гэта было святое, бо кожная ягоная вылазка на прыроду ўваходзіла ў свядомасць пахамі, колерамі, адчуваннямі. Рыбацтва было не проста нейкім адпачынкам, адхланнем, як кажуць, а блізу сакральнай дзеяй, да якой Алесь рыхтаваўся з не менш сур’ёзнай урачыстасцю і нутраным хваляваннем, чым даўнейшыя маладыя крывічы да жаніцьбы Цярэшкі. Так, прынамсі, ён уяўляў для сябе.

Дык і сённяшні экзамен быў для Лобача шараговай падзеяй, якая не павінна была нешта змяніць у заўтрашнім дні.

Апошнім у аўдыторыі застаўся хлопец гадоў дваццаці пяці, з простым сялянскім тварам і такой самай паставай, трохі няўклюдны, баязлівы нават, аднак, у ім адчувалася тое, што завецца цвердалобасцю. “Не ведае нічога”, – канстатаваў для сябе Лобач. Гэтага хлопца ён не заўважыў на зімовай сесіі. Звычайны… І была яшчэ жанчына гадоў трыццаці пяці. Цяжарная. Жывот яе быў проста вялізарны. Калі яна брала білет, пад тонкай тканінай шырокай сукенкі на жываце праступілі нейкія матузкі і складкі. Лобач скрывіўся, як ад кіслага. Той самы выпадак з кабетай, якая пры ім папраўляла свой накладны жывот, стаўся легендай універсітэта, няўжо студэнтка не чула пра яе? Можа, і не чула – першы курс, на зімовай сесіі маглі не расказаць…

Жанчына ішла за стол у аўдыторыі, падтрымваючы свой жывот, што яшчэ больш пераканала Алеся ў слушнасці яго здагадкі. Яна села, і ён змог разглядзець твар: непрыгожы ад вялікага завостранага носу, запалых вачэй у цёмным паўкружжы.

Лобач прымаў адказы ў іншых, паглядваў зрэдку на “курыцу”, як назваў у думках маладую жанчыну з вялікім жыватом. Заўважыў, што яна амаль не адымае сваёй левай рукі ад сябе: папраўляе, падціскае злёгку. Яна і ішла да яго стала адказваць усё так сама трымаючы руку на нізе жывата. Села.

– Калі ласка, – халодна запрасіў да адказу Лобач.

– Старадаўныя музычныя інструменты… – неяк незвычайна плаўна, амаль напеўна прагаварыла жанчына і раптам ціхенька войкнула, асцярожна абхапіла жывот аберуч. – Выбачайце… Тузаецца, – і ўсміхнулася вінавата выкладніку.

– Вас, шаноўная, мабыць, не папярэдзілі, што фокус з цяжарнасцю, які іншым разам хочуць прадэманстраваць мне студэнткі, канчаецца для іх вельмі сумна? – ціха і суха спытаў Лобач.

Жанчына пільна зірнула на яго, і ў яе ў вачох Алесь пабачыў незвычайны жаль і спагаду адначасна. Яна нязмушана, як перад лекарам, прыхапіла пальцамі абедзвюх рук прыпол сукенкі і пацягнула яго ўгору, дэманструючы вачом выкладніка хударлявыя незагарэлыя ногі і белую скуру вялікага, проста вялізнага, жывата, абхопленага ў няновы, шараваты ўжо гарсэт з тугім шнураваннем.

– Прашу прабачэння, – усміхнулася ласкава, як старому знаёмаму, акуратна паправіла сукенку, паглядзела на Лобача, твар якога стаў імкліва налівацца чырванню. – Прабачце, – паўтарыла з разгубленасцю і вінаватасцю. – У мяне даведкі няма, дый што тая паперка… Я магу адказваць на пытанне?

– Так… так… Дзякуй, вось, – Алесь імкліва выставіў адзнаку, распісаўся, падаў залікоўку жанчыне. – Усё… Ідзіце. Усяго найлепшага Вам… і дзіцяці.

Устаў з-за стала, адышоўся да акна, глядзеў на вуліцу горада, якая жыла сваім распланаваным будзённым жыццём, а думак ніякіх не было, уся ягоная свядомасць была запоўненая вірам пачуццяў, дзе спакваля цішэў цнатлівы сорам, меншала пякучая прыкрасць, укладвалася на месца вінаватасць. І толькі адно пачало расці, уздымацца – зайздрасць. Да таго невядомага мужчыны, які мо нават і сёння зможа прыкласці асцярожна руку да жывата гэтай жанчыны і пачуць, як тузаецца ягонае дзіця.

Уладзімір Жабрун глядзеў на выкладніка, які нібыта забыўся на адзінага ў аўдыторыі студэнта, маўкліва стаяў ля акна. Уладзіміра пацягнула падысці да стала проста цяпер, скончыць гэты апошні для яго экзамен – і паставіць хоць адну кропку ў сваім жыцці. Бо за паўмесяца пабыту ў горадзе ён так і не вызначыўся хоць у нечым: што рабіць і як жыць. Братава смерць на пажары ў роднай хаце як нейкую рысу падвяла для Уладзіміра, і трэба было вызначацца, азірнуцца, зразумець.

Азірацца ж не было куды. Работа тэхнікам у калгасе, вось першы год навучання ў універсітэце. І ўсё. Гэта тое, што было за душой.

Здавалася, прыедзе сюды – і стане ясным і зразумелым тое, што ён робіць і дзеля чаго. Але калі пачаў рыхтавацца да сесіі, раптам адчуў, што ўсё, чым ён займаецца, не мае да яго лёсу ніякага дачынення. У яго нічога не было – нічога, апрача таго, што страціў. Пяць паслявайсковых гадоў у сваёй вёсцы на выміранні, пахаванне маці – п’яная, яна застудзіла галаву, і менінгіт з’еў яе за кароткія чатыры дні. Жанчына, з якой не ўдалося жыць, ніяк не ўдалося. Праца. Што праўда, і ў вёсцы, і на сядзібе Уладзіміра паважалі: ён і разетку заменіць, і цалкам праводку ў доме правядзе, і на слуп ускараскаецца, і тэлевізар парамантуе. Дый так рукі да працы здольныя, а галава ў пляшку не лезе.

Была мэта ў яго, Уладзіміра? Не мэта, хутчэй нейкае прачуванне мэты, неўсвядомленая да канца патрэба нешта рабіць, якая вылівалася ў беспрычынную тугу ці сядзенне гадзінамі ў сеціве, чытанне і сцягванні розных артыкулаў. Урэшце ўсё гэта вылілася ў амаль што роспачны крок, да канца мо і не ўсвядомлены ім, Уладзімірам. І ён надумаўся паступіць ва ўніверсітэт, на завочнае. На гістарычны факультэт. Той год, калі ён рыхтаваўся да паступлення, і першыя паўгода навучання праляцелі кароткім, напоўненым сэнсам імгненнем. Пасля першай зімовай сесіі з’явіўся горкі прысмак расчаравання. І вось цяпер, на пачатку лета – пажар. Потым быў покліч: ехаць сюды, рабіць сваю справу. А якую?

У аўдыторыі было горача. Уладзімір расшпіліў яшчэ адзін гузік на кашулі, адчуўшы, як казытнула холадам скуру кветка на ланцужку. Чаму яна то халодная, то гарачая? Ніяк не разабрацца… Вадзіў асадкай па кавалку паперы, вымалёўваючы бяздумныя завіткі, чакаў, калі выкладнік сядзе за стол.

– Вы падрыхтаваліся? Калі ласка, – Алесь Лобач павярнуўся ад акна да Уладзіміра, сам пайшоў да стала, паказваючы, што гатовы выслухаць студэнтаў адказ.

Уладзімір павольна ўзняўся з месца, павагаўся: ісці адразу да дзвярэй, ці прысесці да стала, і ўсё ж прысеў. Хай будзе як будзе.

“Не ведае. І ведаць не жадае”, – яшчэ раз, цяпер упэўнена падумаў Алесь Лобач.

– Слухаю, – усё ж зычліва падахвоціў ён студэнта.

– Рамёствы… – прагаварыў Уладзімір і замаўчаў.

– Што ж, цікавая тэма, – Лобач зазірнуў у твар студэнту. – Лекцыйная, дарэчы. Вы ж былі на лекцыі? Слухалі, запомнілі што?

– Быў… Слухаў… – безуважна адказаў Уладзімір і зноў замаўчаў.

– У вас ёсць што адказваць па білеце? – ужо строга спытаў Лобач.

– Практычна няма, – не стаў хлусіць Уладзімір, які і праўда ніводнай хвіліны не задумляўся над пытаннем.

– Што, вас не цікавіць, якія рамёствы былі ў вашых продкаў? Чым яны займаліся раней, што ўмелі майстраваць? – пачаў Алесь Лобач з лёгкай раздражнёнасцю і адчуў, што вось цяпер, зараз, хваля прыкрасці, якая пачалася з лёгкага ўздыму сукенкі, якая, падуладная тонкім пальцам, адкрыла жывот цяжарнай жанчыны, хваля, якая была заглушаная іншым, не менш непрыемным пачуццём зайздрасці, цяпер узнялася – і гатовая абрынуцца едкімі, злымі слоўцамі на студэнта, тыповага вяскоўца.

Ён разумеў, што так нельга, што гэта супярэчыць нормам пісаным і няпісаным, але ўтрымацца не змог:

– Навошта вы паступалі ў універсітэт? Навошта вам заняткі? Проста, каб атрымаць “корачкі”? Бо ёсць пасада, якую вы можаце заняць толькі пасля атрымання іх? Мне асабіста не шкада гэтых “корачак”, але ж дзе, у якой установе вы зможаце працаваць, прыносіць карысць дзяржаве і людзям, калі не ведаеце і не жадаеце ведаць гісторыю свае айчыны?

Прамоўленае было банальнасцю, і Лобачу стала невыносна прыкра казаць і ўсведамляць свае словы. Выкладаючы першы год пасля аспірантуры, ён не раз казаў так у думках якой размаляванай бландзінцы, што пачынала лыпаць вялікімі і цяжкімі ад фарбы вейкамі, выкочваючы з-пад іх кроплю слязы. Але трываў, бо – жанчыны… Цяпер перад ім сядзеў праставаты малады чалавек, які, Лобач быў пэўны, не пойдзе скардзіцца, моўчкі праглыне крыўдныя ды справядлівыя словы.

Уладзімір Жабрун заставаўся бадай што безуважны да слоў выкладніка. Больш таго – яны клаліся на яго роздум як камяні ў хісткую пакуль што сцяну сумневу, якая і мусіла вызначыць ягоную будучыню. Ён палічыў патрэбным адказаць выкладніку, думаючы, што таго сапраўды хвалюе пытанне: чаму Уладзімір Жабрун надумаўся паступіць ва ўніверсітэт.

– Вёска ў нас вымірае, – нечакана ціха прамовіў ён. – З маладых адзін я і застаўся. Я сам шмат чаго перачытаў, у сеціве знаходзіў… Вось і паступіў.

– Дык… – Лобач нават разгубіўся ад такога адказу, потым з палёгкай (студэнт не пакрыўдзіўся) дадаў: – Калі, мой шаноўны, вымірае вёска, дык з вёскі не ўцякаць трэба, а заставацца там жыць, дзяцей нараджаць! Не на гістарычны трэба паступаць, а на эканамічны, гаспадаранню на зямлі вучыцца!

Ён пасунуў залікоўку да Уладзіміра.

Жабрун склаў залікоўку, паклаў у кішэню сарочкі.

– Гэта не паможа, – ціха і пераканаўча адказаў ён. – Праклятая наша вёска.

– І хто ж яе пракляў? – здзівіўся Лобач, не мог утрымацца, каб не спытаць далей: – І вы што ж, надумалі шукаць супраціву заклёну ў універсітэце?

– Можа, і так, – шчыра паціснуў плячыма Уладзімір Жабрун. – Я думаў… Мы неяк не так жыць сталі. Ну, не так, як раней. Вось таму…

– Як – не так? – не стаў хаваць сваёй цікавасці Лобач.

– Раней… Раней, помню, маленькім быў, дык на хаўтурах людзі плакалі, галасілі. Я аж спалохаўся быў першы раз. І потым жудасна было чуць галашэнне. А на вяселлях раней спявалі, скакалі ўсе… Сёння не галосяць на пахаваннях, за труной ідуць, пра розныя справы гавораць: ці добра бульба ўзышла, якая новая атрута ад жука ёсць, ці пастаіць пагода, каб сена высушыць. А на вяселлях, на якіх быў, толькі моладзь танцуе… пад калонкі. А рэшта сядзіць, глядзіць, не спявае…

Уладзімір палічыў, што размова скончаная, памкнуўся ўстаць, каб ісці.

Лобач прытрымаў яго:

– Выбачайце, але я пакуль што ніяк не знаходжу сувязі з гістарычным факультэтам вось гэтых з’яў. Тое, пра што вы кажаце, ляжыць зусім у іншай плоскасці: у эканамічнай, сацыяльнай…

– Я думаў, тут даведаюся…

– Пра што? Пра заклён? – не мог не ўсміхнуцца Лобач.

– Ну, і пра яго…

Уладзімір нейкі момант быццам раздумваў: казаць ці не казаць, потым выдыхнуў, як перад скокам у ваду і загаварыў перш спакойна, а потым горача і ўсхвалявана:

– У нас вёска маленькая, дваццаць двароў. А сядзіба калгасная праз лес. Я малым быў, дзяцей было ў нас – у кожным доме. Узімку на Каляды па хатах хадзілі, калядавалі. На Вялікдзень пасярэдзіне вёскі гуртаваліся, яечкі фарбаваныя качалі, спаборніцтвы цэлыя былі. І ўсе-ўсе людзі выходзілі, святочна адзетыя. Бацька, як яшчэ жывы быў, нам з братам абавязкова на Вялікдзень абновы купляў: ці чаравікі, ці пінжачкі. А Купалле якое ладзілі! А цяпер… няма нічога. Я думаў… што гэтыя святы мы потым няслушна сталі рабіць… Не так сталі ўсё рабіць. Камень чортаў сцягнулі, дубовы гай высеклі…

– Нечаканая выснова, – шчыра здзівіўся Лобач. – Хоць і не вы першы ўскладаеце віну за існы стан рэчаў на няслушнасць выканання пэўных абрадаў, але тое, выбачайце, практыкуецца… практыкавалася ў каменны і трошкі пазнейшы век.

– Дык жа людзі не змяніліся, што ў каменны век, што ў наш, – асцярожна запярэчыў Уладзімір.

– Думаю, вы памыляецеся, – мякка сказаў Лобач. – Людзі змяніліся і змянілі свае абрады… А што там за заклён? І як можа навука дапамагчы?

Уладзімір першы раз зірнуў выкладніку ў вочы, і Лобач прыемна здзівіўся – у хлопца быў сапраўдны сум у вачох. Хоць і дагэтуль ён верыў у шчырасць ягоных слоў.

– Самыя вінаватыя… Мне бабуля казала… Тады амаль уся наша вёска была з Жабруноў. А за лесам стаяў маёнтак, дзе цяпер сядзіба калгасная. Ну, у вёсцы, у асноўным, усе тыя былі, хто ў маёнтку працаваў. Калі пачалася рэвалюцыя, мужыкі адзін аднаго падбухторылі дый пайшлі маёнтак рабаваць. За імі і бабы. Уначы. А варта ж таксама свая была, з вёскі. Скляпы парасчынялі, бочку з віном выкацілі, пілі. Цягнулі, хто што мог… Коней са стайні пахапалі, кароў з хлявоў, авечак на спінах цягнулі. Пан, казала бабуля, назіраў з акна, моўчкі. Потым падпілі добра, сталі ў дзверы панскага дома біць. Дзвярэй пан не адчыняў. Тады падпалілі дом. Там пан і згарэў, разам са сваёй хворай маці і малодшай дачкой, бо старэйшая дачка з жонкай акурат тады паехала некуды на воды. Бабуля казала, што ўсе бачылі, як дом палае, а пан… Ён пан добры быў, не здзекаваўся з людзей, як хто жаніўся з рабочых маёнтка, то на вяселле добра даваў і грошай, і рознага там на разжытак, і лесу на хату… Дык вось, пан да апошняга моманту ў акне стаяў і на людзей глядзеў… Ну, з таго і пачалося. У нашай вёсцы хіба што жанчыны сваёй смерцю паміралі, а мужчыны гінулі… Пажараў шмат было, раз палова вёскі гарэла: бура была вялікая, адкуль той агонь прынесла. У пажарах і дзеці гінулі. А мужыкі… То лясіна ў лесе прыдушыць, то конь капытом у скроню пападзе, то між сабой паб’юцца ды за нажы хопяцца. А цяпер во паспіваліся яшчэ: хто ў вар’ятні ляжыць, хто сядзіць у турме, хто наагул сінім полымем згарэў. Жабруны… ну, яны амаль усе радня былі. Дык вось, я апошні і застаўся. Брат быў… Паўмесяца таму згарэў… разам з нашай хатай.

– Так… Нечакана вельмі, – Лобач і праўда быў трохі разгублены. – Першы раз сустракаю такое… такую прычыну для паступлення. Значыцца, вы хочаце атрымаць веды, праўда? Хочаце нешта знайсці, тое, што змяніла б кон вашай вёскі. Дык, выбачайце, чаму вы не вучыцеся?

– А чаму тут вучаць? – уздыхнуў непрытворна Уладзімір. – Паўгода мінула…

– Так… А што вы хочаце ведаць? Навучыцца, як здымаць заклёны?

– Не… Я думаў, што тут… Што тут знайду адказы на свае пытанні. Я ж кажу, мы няправільна жыць сталі, не так… – Уладзімір зноў нейкі момант вагаўся і потым загаварыў нечакана для Лобача зусім іншым тонам, з роспачнай горыччу: – Я так зразумеў, што ўніверсітэт не можа даць адказу на нейкае канкрэтнае пытанне. Бо ніхто тут не займаецца канкрэтыкай. Вось, прыкладам, быў недалёка ад нас Чортаў камень. Кажуць, што некалі там жыў чорт, які шыў людзям адзенне і боты. А бабуля мне казала, што нельга камень чапаць. Бяда будзе вялікая. Ды камень сцягнулі некуды, звезлі, я яго ўжо не пабачыў. Тады я прачытаў, што знайшоў, пра такія камяні. Я хацеў знайсці адказ: ці можа быць камень звязаны з той бядой, пра якую бабуля казала? Бачу, пазбіралі звесткі і зрабілі выснову: вось такая і такая група людзей, якія жылі тут і тут – нейкім парадкам роднасныя, бо камяні маюць аднолькавыя легенды.

– А што ж вы хацелі даведацца? – не зразумеў Лобач.

– Ды простае: чаму ў камені жыў чорт і чаму ён шыў. І чаму нельга было людзям прыбіраць той камень, хоць там і чорт, хоць у той вопратцы нельга было ў царкву ісці, – загаварыў Жабрун зноў ціха, нібы вінавацячыся за ранейшы запал.

– Ну, дарагі мой, – Лобач развёў рукі, – каб адказаць на такое пытанне, трэба шукаць.

– Я і шукаю…

– Як? Проста лазіце па сеціве, чытаеце кніжкі? Выбачайце, шукаюць тыя, хто гадамі і дзесяцігоддзямі збірае ўсялякія легенды і міфы, ходзячы ад вёскі да вёскі, ад бабулькі да бабулькі, аналізуе, сістэматызуе і робіць асцярожныя высновы, стварае рабочыя гіпотэзы. Вы чыталі колькі старонак тэксту – а за ім праца тысяч чалавекадзён. І вы яшчэ незадаволены, вы кажаце, што шукаюць няслушна, – Лобач не змог утрымаць сарказму. – Што ж вы прапануеце? Як трэба шукаць?

– Ну, адказ на канкрэтнае пытанне. Знайсці пытанне, потым шукаць адказу.

“І праўда, цвердалобы… А гэта ж і няблага”, – падумаў Лобач, услых спытаў:

– І шмат у вас такіх вось… канкрэтных пытанняў?

– Не вельмі шмат, – упэўнена адказаў Уладзімір.

– Яшчэ якое, калі можна сказаць, мне проста цікава…

– Ну, яшчэ пра Купалле, да прыкладу… незразумела.

– А тыя тлумачэнні, якія ёсць, Вас не здавальняюць?

– Ну дзе там!

– Чаму?

Уладзімір Жабрун утаропіўся ў стол і зноў загаварыў горача, хвалюючыся:

– Бо яны не тлумачыць для мяне галоўнага: чаму Купаллю, паганскаму святу, не знайшлося месца ў хрысціянстве? Усім знайшлося, Купаллю – не. Чаму хрысціянства так актыўна змагалася з ім і яшчэ з большым імпэтам – цяпер, калі займела падтрымку ўладаў?

– А вы не такі і просты, як падаяцеся, – усміхнуўся Лобач. – Усё, што вы кажаце, цікава… А можа, у вас ёсць сваё тлумачэнне хоць бы Купалля? Што за сэнс у свята?

– Я пэўны ў адным: яно было найважнейшым для нас некалі. Ну, і частка гэтага свята – ініцыяцыя.

– Во як? І адкуль такая… тэорыя?

– З таго, што ўсе народы мелі такі дзень: пасвячэнне хлопчыкаў у мужчыны, дзяўчат – у жанчыны. У нас чамусьці не захавалася пра гэта слядоў. А разам з тым, успомніце, хрысціянства гаворыць пра Купалле як ноч разбэшчанасці, распусты. Хіба гэта не адгалосак колішняй ініцыяцыі? І потым, у хрысціянстве самой ініцыяцыі ніяк не можа быць, гэта ідзе насуперак ягонай навуцы. Таму Купалле не магло стаць святам для нейкага эпізоду з хрысціянства.

– Ну, і на чым грунтуюцца вашы высновы? – дазволіў сабе паблажліва ўсміхнуцца Лобач. – Вядома, апроч вашых разважанняў.

– А разважанняў мала? Хіба яны не тлумачаць усё?

– Нічога яны не тлумачыць… Паслухайце, – Лобач загаварыў сур’ёзна, намагаючыся акцэнтаваць увагу на кожным слове. – Гістарычная навука – у першую чаргу збіранне. Па радкох. Па словах. Па крупінках. Для таго, каб зрабіць хоць нейкую выснову пра мінулае, трэба сотні, тысячы фактаў, якія пацвярджаюць адзін аднаго, іх навуковая абгрунтаванасць. Вы кажаце, што Купалле – ініцыяцыя. Выдатна, згодны, цікавы кірунак думкі. Успамінаю, у адной купальскай песні ёсць радкі пра тое, што сёння дзяўчына, заўтра жанчына. Але ж адна песня. Адзін радок. Болей ніякіх пацвярджэнняў!

– Трэба шукаць… – спакойна запярэчыў Уладзімір. – Мэтна.

– Мэтна шукаць факты пад прыдуманую тэорыю? Выбачайце, мой дарагі – такім спосабам можна знайсці і давесці што захочаш. Хоць наяўнасць у нашай аўдыторыі іншапланецян. Гісторыя сведчыць, што калі навука ідзе такім шляхам, яна становіцца служкай ідэалогіі. І стварае базу пад якую хочаш тэорыю. Прыкладам, пад тэорыю звышчалавека, прасцей кажучы – пад нацызм.

– Дык… Дык я ж не пад тэорыю хачу шукаць… – зніякавеў Уладзімір і стаў зноў тым самым няўпэўненым вяскоўцам. – Я проста думаю, што калі вось заняцца адной справай, толькі адной, дык можна знайсці адказы… на пытанні.

– Не, так не бывае. І ўніверсітэт, расчарую ўжо Вас дарэшты, не дае адказаў на падобныя пытанні з вуліцы. Універсітэт дае вядомую базу, універсітэт вучыць, як здабываць веды. Вы гэтага зразумець не хочаце – тады, калі ласка, карыстайцеся сваёй асабістай методыкай, – ужо рэзка адказаў Лобач, бо ён адчуў сябе прыніжаным Жабруном. Вось так нахабна заявіць, што навука – няслушная, што ўсё сабранае не мае сэнсу, бо, бачыце, разыходзіцца з ягонай тэорыяй… Трэба ж мець такое нахабства. Цвердалобы…

– Выбачайце, – нечакана вінавата, але цвёрда паставіў кропку і Уладзімір – ён зразумеў Лобачава жаданне скончыць размову. – Я… не хацеў вас – пакрыўдзіць. Мне здаецца, што вось калі біцца-біцца над адным нечым…

– Я думаю, мы з Вамі сустрэнемся яшчэ раз. Дзень пераздачы будзе на дошцы абвестак. Вы ж прыйдзеце на пераздачу? – хутка рассудзіў Лобач.

– Прыйду, – вырвалася ў Уладзіміра перш, чым ён паспеў усвядоміць пытанне.

– От і добра. Прыходзьце ў панядзелак. Я дам вам, ну скажам так, заданне. Менавіта для вашай, гм-м, методыкі. А пакуль што параю ўспомніць дакладна, з максімумам усіх падрабязнасцяў, святкаванне некалі ў вас таго ж Купалля і запісаць. Разам паглядзім.

– Ды звычайна ў нас было, – пацепнуў плячыма Уладзімір. – Апоны аўтамабільныя кралі… Я ў бабулі тут пакой здымаю, лепей у яе папытаю. Яна старэнькая, ёй каля васьмідзесяці, – аж захваляваўся Уладзімір – нечаканая перспектыва атрымаць сапраўднае заданне ўзрушыла яго.

– Выдатна, папытайцеся ў яе пра Купалле. Як адзначалі ў часы яе маладосці, якія песні спявалі. І запішыце. Але, калі ласка, пазначце абавязкова: у якім месцы святкавалася, у якія гады і цалкам імя-прозвішча бабулькі. Толькі тады запісанае будзе рэальным фактам, які можна далей неяк скарыстаць. Зразумелі?

– Зразумеў, дзякуй вам.

– Няма за што дзякаваць. У панядзелак знойдзеце мяне. Яшчэ. Ёсць мажлівасць для работы з электроннай копіяй тэксту?

– Так, так… Я ноўтбук сабе набыў… Камп’ютар згарэў тады…

– Вось і добра. Вазьміце з сабой.

Лобач павагаўся адно імгненне і падумаў запытацца пра тое, што яго зацікавіла ў той самы першы момант, калі Жабрун сеў за стол, і між крыссяў кашулі на ягоных грудзях цьмяна засвяцілася срэбрам шасціпялёсткавая кветка.

– Прашу прабачэння, адно асабістае пытанне, калі дазволіце? – спытаў ён.

– Так, пытайцеся, – паспешна дазволіў Уладзімір.

– У вас на грудзях, як гэта цяпер называюць, талісман. Я нешта не сустракаў такія ў крамах, хоць яны мне вядомыя… – і замаўчаў, запрашаючы Жабруна да пытання.

– А адкуль вядомыя? – не прамарудзіў Уладзімір. Лобач усміхнуўся – ён не памыліўся, што спытае Жабрун.

– На тое і вучоныя, каб ім было вядома… Вы, думаю, самыя б маглі пацікавіцца: што за знак, чаму такі?

– Дык… не знайшоў пакуль што нічога, – пачаў апраўдвацца Уладзімір. – Нешта ёсць пра Перуна… – ён зірнуў на Лобача, пабачыў там сапраўдную цікавасць у вачох і надумаўся сказаць больш: – Калі нашу згарэлую хату разбіраў, дык пад апошнім вянцом ляжала, загорнутае ў тканіну. Я падумаў – гэта нібыта ахвяра.

– Во як? – шчыра здзівіўся Лобач. – А хата даўно будавалася? Не, не думаю, што гэтым ахвяравалі… Такі знак апісаны… называюць яго грамавым знакам, агнявіком. Выяву можна было раней сустрэць у аздабленні дамоў. На вільчыку, ліштвах…

– Ну, дык, калі грамавы знак, значыць, Пярун? – асцярожна прапанаваў Уладзімір. – А хаце больш за паўсотні гадоў…

– Вельмі ж цікавы тады ў вас знак… Не, не Пярун гэта. Грамавы знак, на думку некаторых даследнікаў, – маланка.

– Маланка? Такая? Тады Пярун…

– Так, маланка. – пасміхнуўся Лобач з Жабруновай упартасці. – У біблійных тэкстах, дарэчы, сустракаецца апісанне анёлаў ці Бога, якія паказваюцца людзям, а замест твараў – маланкі. Ведаеце ж, што маланак дзве бывае, ёсць і шаравая. Шаравая маланка і дагэтуль, дарэчы, самая невывучаная з’ява… Такі знак, мяркуюць, – знак шаравай маланкі. Шасціканцовая зорка сімвалізавала нябесны Род…

– Род? Найвышні бог? – узрадаваўся невядома чаму Уладзімір.

– Род – не бог, – мякка запярэчыў Уладзімір. – Хоць некаторыя і называюць яго так. У паганцаў не было найвышняга бога, які б ствараў сусвет, зямлю… Род – гэта само жыццё. Бытнасць Роду ажыўляе мёртвую прыроду. Якая існавала і будзе існаваць вечна. Такая вось кветка, як у вас – гэта і абярэг, і адначасна – як знак прыналежнасці да служкаў Роду. Цікавы знак…

Жабрун адчуў прытоены ўздых у апошніх Лобачавых словах і борзда расшпіліў просценькі замок на ланцужку, зняў яго разам з кветкай, паклаў перад выкладнікам.

– Дык паглядзіце бліжэй… А чаму – шэсць пялёсткаў?

– Чаму шэсць? – перапытаў Лобач, пасунуў да сябе аркуш, на які паклаў Уладзімір ланцужок і кветку на ім. – Якая дакладная работа… І яму акурат больш за пяцьдзясят гадоў, кажаце… А можна мне яго сфатаграфаваць, замерыць? – папрасіў ён.

– Ды калі ласка… Вазьміце, потым вернеце…

– Дзякуй, вельмі незвычайная кветка… Я зраблю замеры, пакажу аднаму свайму калегу, ён вельмі цікавіцца “грамавым знакам”… А чаму шэсць пялёсткаў? Ніхто дакладна не ведае. Некаторыя лічаць, што тут замешана простая сняжынка – чалавек у тыя часы мог заўважыць, што ў ёй заўсёды шэсць прамянёў. Потым, іншая версія, “родзій” у старажытных грэкаў якраз значыў маланку і адначасна такі плод як гранат. А гранат і чырвоны, агністы, і ўнутры, на разрэзе мае менавіта шэсць перагародак. А ад родзій блізка і род…

– А ў сеціве… ёсць пра Род? – запытаўся Уладзімір.

– Там усяго стае, але сур’ёзныя работы цікавыя толькі вузкаму колу, яны рэдка трапляюць у сеціва, бо занадта вялікія і нудныя неабазнанаму чытачу. Але пашукайце. Калі надта цікава – магу даць назвы некаторых кніг, іх знойдзеце ў бібліятэцы.

– Ага, дзякуй, я пашукаю.

– То даяце мне пад “чэснае слова” на час свой абярэг? – перапытаў яшчэ раз Лобач.

– Ды няўжо ж, калі вам цікава і трэба…

– Ну, тады дзякуй і чакаю Вас.

– Ага, да пабачэння, – развітаўся Уладзімір Жабрун, борзда падняўся з месца, выйшаў з аўдыторыі.

Нейкі час Лобач сядзеў нерухома, асцярожна аналізуючы свае думкі і пачуцці. Усё ж добра, што пасля той жанчыны быў яшчэ гэты студэнт, і добра, што ён распачаў з ім гутарку. Нешта ёсць у гэтым хлопцы… Сапраўднае нешта. І гэта заспакойвала. От каб такіх хоць дзесяць чалавек на ўсю патоку!..

Праклён

Подняться наверх