Читать книгу Праклён - Валеры Гапееў - Страница 9
Частка 2
2
ОглавлениеМенавіта праз машыну і Людмілу ў ёй, у Генадзева жыццё ўварваўся першы ўсвядомлены кавалак памяці маленства.
Быў травень, гарачы, выбуховы, у квецені і зеляніне. Людміла папрасіла-прапанавала: з’ездзіць на гарадское возера – немажліва сядзець у кватэры ў такую гарачыню. Генадзь згадзіўся. На момант у яго ў галаве бліснула думка пра тое, што пляж – выдатнае месца для знаёмства. Вось паедзе, можа, сустрэне каго… цікавейшага. Бо Людміла, калі шчыра, пачынала яму не тое што надакучаць, а рабіцца прэснай. Карцела прайсці яшчэ раз гэтым шляхам заваявання, адкрыцця новага цела, новых (павінны ж быць) пачуццяў.
Аднак, з задавальненнем для сябе, Генадзь мусіў прызнаць, што на пляжы яго Людміла выйгравала ўва ўсіх жанчын і дзяўчат: акуратныя, цудоўнай формы сцёгны, як пляшачкі лыткі, аніводнай складкі тлушчу на жываце… Генадзь глядзеў на чужыя жаночыя фігуры з непрыемным адкрыццём: ён і не падазраваў, што гэтулькі жанчын маюць нізка апушчаны азадак, ці то кавалерыйскай формы сцёгны, худыя, або тоўстыя ў лытках ногі, непрыгожую паверхню скуры, а то і скулкі на грудзях… І ў дадатак, ён адзначаў тое, з якой прагай пазіраюць на ягоную Людмілу мужыкі. О, яна тут была каралевай, гэта факт…
Людміла была ўмелай плыўчыхай, усё ніяк не магла насыціцца вадой, як для Генадзя – дык і вельмі халоднай. Сталі збірацца назад.
Тут і здарылася.
Салон угрэўся, было невыносна задушна ў першыя хвіліны. Людміла на сядзенні побач адкінулася ў крэсле, мужчынская сарочка, якую замест сукенкі яна адзела на пляж, была не зашпіленая, толькі трохі затуляла яе грудзі вольным крыссём.
Нешта ў крыссі сарочкі, пасцы цела між імі падалося знаёмым, даўным, надзвычай важным, але незразумелым і ад таго невыносным. Са злосцю на пачуццё (ён ледзь не крыкнуў Людміле: “Зашпілі! Вываліла цыцкі, разляглася!”, але стрымаўся, болей з таго, што існавала нейкая кволая надзея: ён успомніць…), Генадзь стаў круціць люк у салоне.
Пабачыў кавалак неба.
І раптам адтуль выцяла так, што Генадзь на хвіліну замружыўся.
У вачох быў лапік неба, які свяціўся над палоскай скуры між грудзей.
– Во як падрала ўсё на сабе… Анягож, такі боль… Як іншым балела, яна не чула… От цяпер адбаліць за ўсіх…
Генадзь не расплюшчваў вочы. Замёр.
Запахла нечым старым… Успомніў – даўно не паленай, сырой грубай.
Ён сядзіць на грубцы (гэта частка грубкі завецца ляжанка), якая закінутая нейкім покрывам. Праз шчыліну ён бачыць ложак, на якім ляжыць старая жанчына: ускудлачаныя валасы, шэры твар з заплюшчанымі вачыма і скрыўленым ротам, вострым носам. Светла-шэрая ночная кашуля на ёй падраная пасярэдзіне, відаць скуру пляскатых, мярцвянабелых грудзей. Ніжэй цела затуляе брудна-зялёная коўдра. З-пад яе выглядвае адна сухая шэрая рука ў мностве белых плям, перавязаная ля запясця.
Раптам старая на ложку скаланаецца, цела як быццам нехта штурхае знізу, рука спрабуе ўзляцець, але застаецца прывязанай.
– А-а-ы-ы! А-а-ы-ы!.. – крычыць старая страшным, нялюдскім голасам, які цалкам забірае ў сябе маленькага Генадзя, ён не можа працівіцца яму, не можа выдрацца. Ён адгукаецца на голас. Так, ён разумее, што ён – маленькі, што на ложку яго бабуля. Ён ужо даўно чуў яе крыкі, яго праганялі з пакойчыка, забаранялі ісці на другую палову дома, ён мусіць спаць у пуні, там смачна пахне сена і ўначы шумна дыхае карова, а яму карцела… Не, не проста карцела – яго цягнуў, ім кіраваў, яго заварожваў сваёй нечалавечнасцю бабульчын жудасны крык.
Ён незаўважна прашмыгнуў – і вось схаваўся, глядзіць і слухае. Голас гучыць як нейкі загад яму, Генадзю. Ён нешта павінен зрабіць, ён адчувае гэта. Але ён нічога не будзе рабіць, бо цяпер ён скаваны жудасцю, не чуе нават, як б’ецца ягонае сэрца. Ён не чуе сябе – ён нібыта не тут, яго няма, яму сніцца…
– Цімафей прыйдзе, няхай разбірае столь… Ага, нічога не будзе, не памрэ, трэба разбіраць… Во сабрала сабе клунак у дарогу… Не грашыце, бабы, няведама, як самым паміраць… Ага, а хіба ніхто не ведае, што Дунька вырабляла… – чуе Генадзь у кароткай пярэрве між крыкамі. Яго бабулю завуць Дунькай. Цімафей – гэта яго бацька, дужы, страшны…
Здаецца, мінае шмат часу.
Бабуля Дунька на ложку зноў крычыць, не спыняючыся, нібы і не яна крычыць, а проста дыхае нехта з нутра ў яе – вялікі і невядомы, сіпаты, і дыханне ягонае такое гучнае, працяжнае: аыы-аыы-аыы. На крык не звяртаюць увагі. Прыходзяць нейкія людзі, Генадзь бачыць вялікія ногі ў растаптаных кірзавых ботах, пад якімі гнуцца масніцы. На бабулю кладуць прасціну ў жоўтыя кветкі.
Потым Генадзь чуе, як над галавой нехта ходзіць, вошкаецца. Ён чакае са страхам, што на яго зараз усё абрынецца, але гук змяшчаецца ўбок. І раптам у паўзмрок пакойчыка падае нязыркае святло – у столі з’яўлецца вузкая і доўгая дзірка, акурат над ложкам.
– Яшчэ адну дошку вымайце, хлопцы, – чуецца жаночы голас. – Каб прайшла вольна.
Дзірка пашыраецца.
Цяпер Генадзь бы прыкаваны да грубкі, ён намагаецца зліцца з ёй, бо халадзее ад думкі, што яго пабачаць і прагоняць. Цяпер жа павінна быць самае галоўнае, самае-самае…
Праходзяць хвіліны… Час цягнецца, ён амаль фізічна адчуваецца – густы, з пылам, што вісіць у слупе дзённага святла над ложкам, адзінкамі часу ёсць крыкі з-пад прасціны, на якую нацерушылася смецця:
– А-а-ы! А-а-ы!
– Цімафей, рэж страху… Не адыдзе яна…
Згары праз вузкую дзірку ў столі сыплецца саламяная церуха, а потым адтуль б’е сноп сапраўднага дзённага святла.
Знікае жоўтая матэрыя. На тонкую маршчыністую скуру старых грудзей падае паласа святла.
І адгукаючыся на святло пачынае біцца на сваім ложку старэчае прывязанае цела, заходзіцца крыкам болю і роспачы, працяглымі стогнамі.
– Адыходзіць, канчаецца… Божа-Божа, во як пакутуе… А як Маньцы свая карова цыцку прабіла рогам і рэбры паламала – той не балела? А дзеці без малака сярод зімы засталіся? А Варка, ці памятаеце, бабы, як той клуначак падняла на двары, дык пальцы рук так скруціла, што крыкам крычала, тыдзень карову не даіла, і дзеці хлеб у рот клалі і ваду падносілі. Во, кінула забаўку была. А каб дзіця падняло – страх і думаць… От хай той боль цяпер забірае сабе… Праўду казалі людзі, праўду… І тут узнікае цішыня – аж чуваць, як над дзіркай праз столь і дах каротка піскае ластаўка.
Сціх стогнат.
Генадзь бачыць, як баба Дунька расплюшчыла вочы. І гэтулькі нянавісці і ўлады было ў яе зусім свядомым паглядзе, што пачулася тупаценне: гэта жанчыны, што стаялі каля ложку, падаліся назад.
– Вады прынясеце…
– Дзе Марыя? Марыя дзе? Свякруха вады просіць! Марыя, го! Нясі піць свякрусе!
Генадзь бачыць постаць жанчыны са спіны, яна нахілілася над бабай.
– Руку адвяжы мне ету… Цяпер ідзі, – голас бабы Дунькі слабы, але ў ім па-ранейшаму гучыць уладная грэблівасць.
Ціхі шэпт жанчын перапыняе гэты ж голас, але ўжо з ноткамі зларадасці і з’едлівага смеху:
– А я ж усё-усёханькі чула… Што кожная казала… І ўсіх бачыла. Усіх… Усіх запомню…
Нехта першы з жанчын не вытрымвае і выскоквае за дзверы. За ёй – іншыя.
Настае цішыня. Генадзю робіцца страшна, яму расхацелася тут сядзець, ён думае пра тое, што баба яго бачыць – бачыць праз тканіну покрыва, і цела ягонае яшчэ болей дранцвее, ён адчувае, як пакрываецца пухіркамі спіна. І не памыляецца. Голас старой загадвае, але ласкава:
– Хадзі сюды, унучак, не бойся. Хадзі, баба табе нешта важнае скажа… Хадзі, не бойся. Ты станеш заможным, у цябе ўсё будзе. Толькі баба скажа…
Генадзю хочацца, каб у яго ўсё было. Былі цукеркі і цацкі. Ён сам не разумее, як апынаецца ля ложка старой. Зблізу твар бабы Дунькі яшчэ страшнейшы, скура ўся зморшчаная, жоўта-шэрая, у плямах і плямках, рудых і чорных, тонкія вусны амаль сінія, у барвовых кропках, але ў вачох яе блішчаць агеньчыкі, і тыя агеньчыкі не страшныя – можа, у іх адбіваецца сіняе неба.
– Можна мне зазірнуць?
– Зазірні…
Генадзь падыходзіць зусім блізка і зазірае ўгару: праз няроўны прастакутнік выдранай саломы ён бачыць сіняе-сіняе неба і кавалачак белай аблачынкі.
– Дай мне руку, – чуе Генадзь загад.
Яму не хочацца даваць сваю руку бабе, але адначасна ён ведае, што даць павінен. Бабу трэба слухаць.
Ягоная рука раптам кранаецца нечага невыказна халоднага, як лёду, і холад пранізвае ўсе пальцы, далонь – гэта бабіны тонкія крываватыя пальцы абхапілі яе.
Той даўны холад з маленства быў такім моцным, што Генадзь уздрыгнуў цяпер, тут, і зразумеў, што колькі часу сядзіць застыўшы, з задранай угару рукой – трымаецца за рэгулятар адкрыцця люка.
Не, часу мінула зусім не шмат – Людміла побач нават не павярнула да яго галавы. Ён не перажываў успаміну – ён уварваўся ў ягоную свядомасць тысячамі гукаў, фарбаў, адценняў і пачуццяў, і цяпер можна не спяшаючыся, павольна, успамінаць, нібыта праглядаць на маніторы хвіліны маленства… Маленства, якое ў яго ўкрала маці!
Генадзь не памятаў, як ён даехаў да горада – усе яго думкі былі занятыя. Ён засяродзіўся на сваім адчуванні там і зразумеў, што старая нешта сказала яму. Што? Баба клікала яго не дзеля таго, каб патрымаць за руку! Не таму! Ён ішоў слухаць – калі памяць вярнула той момант, значыць, баба нешта сказала. Важнае. Вельмі важнае… бо ў яго была асаблівая бабуля Дунька! Бач, як яе баяліся… І смерць яе не брала гэтулькі часу. Не, бабуля ведала шмат, бабуля шмат магла… Трэба ўспамінаць, успамінаць… Яна нешта мусіла сказаць…
У той вечар ён не сядаў за кампутар, не ўлучаў тэлевізара. Проста ляжаў на ложку, глядзеў у столь. Людміла паспрабавала было пацікавіцца, што з ім, ці не яна таму віной, але Генадзь адно махнуў рукой, каб зачыніла дзверы.
У кватэры да самай ночы было ціха.
Генадзь нічога не ўспомніў. Ён зноў прысніў маленства. Ён не бачыў там нічога выразнага: тыя самыя колеры, нейкія плямы-фігуры, адчуванне страху і захаплення. І цвёрдая ўпэўненасць у тым, што гэта менавіта маленства.
Мінула дні тры, Генадзь пастанавіў для сябе, што для ўспаміну трэба нейкі вылучны, асаблівы момант – накшталт такога, які адбыўся ў машыне ля возера. Трэба, каб для памяці была падсунутая карцінка, максімальна блізкая да таго, што было. Тады, у машыне, усё адбылося выпадкова: расхрыстаныя Людміліны грудзі, яе сарочка, нібыта падраная старая кашуля бабы Дунькі, адкрытая частка неба над жанчынай…
Наступныя дні былі занятыя шуканнем: што і дзе? Што можа вярнуць яго ў маленства? Дзе можна зноў сустрэць такі малюнак?
Зразумела, ён не аднаго разу, а двойчы (адзін раз ездзілі на возера) прымушаў Людмілу гэтаксама як тады, адкідвацца ў крэсле, расшпільваць кашулю. Круціў люк… выніку не было.
У той дзень неспадзеўкі надышла навальніца, прагрукатала, пасляпіла маланкамі, абдала горад кароткаю залевай. Людміла выйшла на балкон, расхінула рамы, гукнула яго:
– Генік, ідзі, падыхай свежым! Так цудоўна пахне!
Генадзь выйшаў.
Людміла працягвала рукі пад кроплі, што зрываліся з верхняга балкона.
Падлога балкона быццам падзеленая напалам: адна цёмная частка ля яго пярэдняй сцяны, і другая – светлая, шчодра залітая сонцам.
Генадзь застыў, гледзячы на гэтую вузкую паласу святла ля сцяны.
У галаве рыхтык круцілася старая, з шчэрбамі кружэлка, па якой скакала з дарожкі на дарожку голка, і ў свядомасці ўсплывалі нават не абрыўкі фраз, а пачаткі ці канцоўкі гукаў, кароткія ўсхліпы мелодыяў.
– Ляж тут, – хрыпла загадаў ён.
Людміла азірнулася, гуллівая нясмелая ўсмешка сходзіла з яе твару – яе напужаў Генадзяў твар.
– На… навошта? – асцярожна спытала яна, але апусцілася на калені. – Скідаць халат?
– Расхіні…
Людміла падпарадкавалася, легла, з неспакоем сачыла за Генадзем. Ён прысеў перад ёй на калені, глядзеў на паласу святла, на постаць дзяўчыны пад гэтай паласой.
Яна павольна, можа, каб хоць трохі супакоіцца самой, адчуць ягонае цела, узняла руку і дакранулася ёю да Генадзявай далоні.
Пальцы ў Людмілы былі халодныя ад кропель дажджу. Халодныя… як бабуліны.
Генадзь уздрыгнуў і заплюшчыў вочы.
Гэтым разам мінулае не ўварвалася, а працяло ягоную свядомасць, выклікаючы салодкую дрыготку.
…Ён зноў там – ля бабулі.
– Ты будзеш вялікім чалавекам, будзеш, – шэпча пераканаўча баба Дунька, нібыта загадвае яму, Генадзю, такім быць. – Табе будуць падпарадкоўвацца, ты будзеш наверсе, ты будзеш вялікім. Слухай і глядзі. Знакі глядзі. Не прапусці – цябе паклічуць. Пасля… потым… знайдзі пада мной… забяры – гэта тваё. Яно… І нечакана Генадзя рве, уздымае ўгару нешта імклівае і дужае.
Яго нясуць на руках, ён з паху пазнае – маці, бачыць, як зачыняюцца за ім дзверы ў пакой, дзверы ў хату, потым галінка яблыні чапляецца, моцна драпае ягоную галаву, і ён плача…
Генадзь расплюшчыў вочы, уздыхнуў глыбока, выдыхнуў і ўголас сказаў:
– Буду…
Людміла няўцямна ўсміхнулася яму.
– Буду! – Генадзь адразу абедзвюма рукамі схапіў аголеныя дзявочыя грудзі, сціснуў моцна, аж скрывілася ад болю Людміла, і загадаў: – Уставай. Збірайся, заўтра паедзеш са мной. Да маці.
Калі б ён зазірнуў у Людміліны вочы, ён пабачыў бы там страх – ужо сапраўдны жаноцкі страх.