Читать книгу Праклён - Валеры Гапееў - Страница 7
Частка 1
6
ОглавлениеБыццам нехта невядомы ўздумаў пасмяяцца з Уладзіміра – у той кавярні, якую ён палюбіў за прастэчу, у якой ужо навучыўся паводзіць сябе нязмушана, была якраз нейкая вечарына, і месцаў, зразумела, не было. Давялося ісці далей праспектам, які пачынаў жыць сваім вечаровым жыццём: менела машын, большала людзей на ходніках. У няспешнай плыні маладых, шчаслівых, закаханых было прыемна ісці, як плыць у добра вядомай рэчцы: ведаеш, якое дно, дзе вір, дзе вада можа абхапіць халоднымі мацукамі знізу, дзе плынь вынесе імкліва ўбок.
Уладзімір добра адчуваў настрой (ён у тым быў пэўны, яму нібыта падказваў нехта збоку, што і як) асобных купак моладзі. Без памылак вызначаў, каму трэба саступіць пры сустрэчы, хто саступіць яму. Дзе кіруе агрэсіўная ўпэўненасць, якая толькі і чакае нагоды для выхаду сваёй энергіі, дзе паважлівая абыякавасць… Ён адчуваў усё так, быццам ад розных людзей дзьмуў розны ветрык: ці то лёгкі павеў з пакошанага лугу, ці то ўладная пераднавальнічная хваля, ці лёгкае калыханне паветра ў хваёвым бары.
У кавярню, што мясцілася ў цокальным паверсе будынка і прыцягвала ўвагу сваёй някідкай, але выразнай рэкламай гарбаты і напояў з траў, Уладзімір раней не заходзіў. Спусціўся кароткімі сходамі і на імгненне прыпыніўся разгублены. Ён ніяк не мог даць рады сабе ў такіх выпадках – з’яўляўся на парозе незнаёмай кавярні і губляўся ад няведання таго, як сябе паводзіць: падыходзіць да стойкі бара (што ўся аблепленая наведнікамі) ці проста ісці і сядаць на вольнае месца, чакаць, калі да цябе падбяжыць кельнерка і возьме заказ. Хоць і ведаў, што такая работа ў кельнеркі – падыходзіць да цябе, пытацца, а потым прыносіць заказанае, ніяк не мог суладаць з пачуццём сваёй вінаватасці: сваім прыходам ён надае лішняга клопату якой мілай дзяўчыне, і пэўна ж яна думае пра яго: “Прыпёрся… Пытайся ласкава, усміхайся. Мог бы кавы і дома напіцца. Тут людзі віскі пляшкамі бяруць… Што я з тваёй філіжанкі кавы буду мець… Драбяза галотная…”
Толькі адзін столік на два месцы заставаўся вольным, Уладзімір яшчэ патрываў імгненне, як пачуў, што ззаду расчыняюцца дзверы, і зразумеў: не зойме месца, дык давядзецца ціснуцца ў шчыльнае кола вакол стойкі бара.
Пайшоў, прысеў.
– Ці вольна ля вас?
Голас быў трошкі нервовы. Уладзімір узняў вочы і пабачыў маладую кабету гадоў дваццаці пяці. Бялявыя густыя валасы да плячэй, твар з выразна акрэсленымі ротам, носам і вачыма. Прыемны твар, сімпатычны нават. Хударлявая. Яе кофтачка была вязаная з тонкіх зялёных нітак, праз карункі і кветкі прасвечвалася цела і белы станік. “А чаму не зялёны?” – нечакана падумаў Уладзімір, кіўнуў як мага прыязней:
– Калі ласка, калі вы адна, то тады вольна.
Жанчына адказала нейкай грымасай, і Уладзімір адчуў сябе дурнем: як можна было казаць пра нейкую яшчэ ўмову, калі месца каля яго – адно? Выпітая раней самагонка не тлуміла галавы, але прыспешвала думкі, надавала хуткасці словам, якія рабіліся вось такімі смелымі, зразумела ж, з якой прычыны. У наступны момант Уладзімір прапанаваў:
– Вы не будзеце супраць, калі я пачастую вас? Я яшчэ нічога не заказваў…
– Дзякуй, я завітала выпіць кавы, а на каву я знайду грошы, – не халодна, хутчэй нейтральна адказала жанчына.
Уладзіміра казытала неадольнае жаданне гаварыць з ёй, быць у гэты вечар патрэбным і значным хоць для каго. Бо дзень, такі быў дзень добры, не можа ён скончыцца блага! Ён быў на лёгкім падпітку, усведамляў гэта, але памятаў і пра тое, што невялікая колькасць алкаголю толькі і давала яму мажлівасці трымацца з незнаёмымі жанчынамі ўпэўнена і нязмушана. Раней яму не раз казалі як пра яго няўменне гаварыць з жанчынамі, так і пра тое, што ягоны воблік вельмі даспадобы жанчынам, а гарэлка робіць яго гаваркім і дасціпным.
– Выбачайце, але ж хіба я сказаў нешта пра ваш партманет? Я проста хацеў бы вас пачаставаць, тым больш, што і сам буду піць адно каву.
Мабыць, твар у яго выглядаў пакрыўджаным, бо жанчына ўжо цёпла ўсміхнулася і дазволіла, як павінілася:
– Калі ласка…
Якраз у гэты момант і падышла маладзенькая кельнерка. Заказалі каву. Уладзімір не ўпільнаваў моманту, каб афіцыянтка падціснула вусны ад невялікага заказу, употай ён абгледзеў залу і з яшчэ большай прыемнасцю для сябе зазначыў, што за шмат якімі столікамі сядзелі менавіта пры кубках, з кавай ці гарбатай.
Уважлівей паглядзеў на жанчыну насупраць сябе, знарок затрымаўшы вочы на твары. Яна не змаўчала ў адказ:
– Вывучылі? Будзеце варажыць будучыню?
Уладзімір любіў вось такія моманты. Звычайна так казалі ўсе, з кім яму раней давялося сустракацца на рэдкіх пагулянках у такіх вось абставінах – твар супраць твару.
– Будучыню чалавек сам сабе ладзіць, – паважна пачаў Уладзімір. – І з вашым характарам у вас усё павінна ўдасца.
– Авой, і які ж у мяне характар? – усміхнулася жанчына, адкінулася на спінку крэсла, быццам з палёгкай.
– Выразна акрэсленыя вусны, верхняя – тонкая. Значыць, любіце дабіцца свайго, упэўненая ў сабе, разлічваеце болей на сябе. Здольная на жорсткасць дзеля мэты. Просты нос, тонкі, крылы тонкія, трапяткія. Выснова: імпульсіўная, недзе і залішне крыўдлівая… Дарэчы, вы сёння не былі на працы…
– Цікава, – усміхнулася жанчына. – Гэта ваш такі стандартны набор для пачатку сустрэч з жанчынамі? Каб было чым заінтрыгаваць? А сёння я працавала. Хоць, скажу праўду: працавала ўдома. І з чаго на гэты конт ваша выснова – адзіна цікавая?
– Выбачайце, пазногці, – Уладзімір паглядзеў жанчыне на рукі. – Лак месцамі выцерся, відаць, што вы не сёння іх малявалі. То я падумаў…
– Назіральны які… І Вы, пэўна ж, паспрабавалі ўгледзець, ці ёсць на пальцы правай рукі паласа ад шлюбнага пярсцёнка?
– Так, – вінавата ўсміхнуўся Уладзімір.
– А іншае адкуль? Хоць што я пытаюся, сёння такіх вось ведаў у сеціве – як смецця на нашай вуліцы пасля нядзелі… Мяне завуць Ірына, я не замужам, займаюся фрылансам.
– Дзякуй, вельмі прыемна, я Уладзімір, – заспяшаўся Уладзімір. – А да фрыланса чым займаліся?
– Навошта Вам? Ну, педагог, філолаг.
– І што пішаце? Вы ж пішаце?
– Так, пішу… Казкі… дарослыя. Генерую тэксты. Апісваю сцэны любошчаў, трапяткога кахання. Яны ў мяне выходзяць, кажуць, дужа добра. Аднаго разу знайшла сваю сцэну ў нейкай выдадзенай кніжцы.
– Зразумела…
Прынеслі каву. Кубачкі былі маленькія, кава пахучая і не надта гарачая.
Ірына дастала цыгарэты, закурыла. Уладзімір таксама падумаў закурыць – першы раз у кавярні. Дагэтуль ён нечага саромеўся, хоць і бачыў перад сабой на століку попельнічкі.
– Мо яшчэ возьмем? – прапанаваў Уладзімір, калі пабачыў, што Ірынін кубачак амаль парожні. – Ці, можа, віна?
– Не, віна не трэба, не сёння, – адказала Ірына чамусьці цёпла, як старому знаёмаму, нават як таварышу, празрыста намякаючы на мажлівасць новай сустрэчы. – А кавы можна… Мне сёння яшчэ шмат пісаць…
Уладзімір павярнуўся, каб пашукаць вачыма кельнерку, і тая, быццам чакала ягонага позірку, адразу падышла.
– Яшчэ па кубачку кавы, калі ласка, і разлік, так? – павярнуўся ён да Ірыны.
– Так, – кіўнула яна.
Кельнерка прынесла яшчэ два кубачкі кавы, паклала на бераг стала нешта накшталт невялікага нататніка, ці, больш слушна, вокладкі ад яго. Уладзімір разгарнуў, паглядзеў чэк, дастаў купюру, уклаў і загарнуў. Кельнерка, зноў жа, як назірала за ім, падышла адразу, узяла “нататнік” і праз хвіліну прынесла з рэштай.
– Паслухайце, Ірына, – з вінаватай усмешкай Уладзімір звярнуўся да жанчыны. – Я разумею, што не павінен згодна з добрым тонам забіраць усю рэшту, трэба крыху тут пакінуць. Але я… хлопец вясковы, я не ведаю, шчыра кажу, колькі пакідаць. Заўсёды бянтэжуся…
– Пяць-дзесяць адсоткаў ад цаны, – спакойна адказала Ірына. – Але, зразумела, у залежнасці ад заказу. За нашыя два кубкі кавы пакідаеце тысячу, будзе нармальна.
– Ух, дзякуй, – выдыхнуў з палёгкай Уладзімір, прыемна ўражаны тым, што Ірына адказвала без ценю паблажлівасці, падказвала, як сябру. – Я вас за падказку гатовы правесці вуліцамі горада на якую хочаш ускраіну!
– Не трэба на ўскраіну. Я жыву недалёка, для мяне шпацыр сюды двойчы на дзень – як фіззарадка. Так што не разлічвайце, што я адмоўлюся, – яна хітравата прымружылася. – Заадно раскажаце, што вы за назіральны такі вясковец, які чытае характары жанчын па тварах, любіць частаваць іх кавай і адначасна не ведае, як паводзіць сябе ў звычайнай кавярні.
– Самы што ні на ёсць вясковец, – стаў гаварыць пра сябе Уладзімір, калі яны разам рушылі ад кавярні уверх па вуліцы. – Што ведаю – дык гэта з сеціва, і вы не памыліліся. Часу вольнага шмат было, што рабіць вечарамі?
– А як жа жанчыны, сябры, улюбёны занятак, гарод-гаспадарка?
– Ды не трымалі мы гаспадаркі… з братам. Жанчыны… Нешта не выйшла з былой каханай. Дый не было кахання. Так, пацалункі пад месячыкам, яшчэ да войска. Сябры? Ну, у карты гуляць, смаліць без перапынку ды гарэлку піць? У клуб ісці, дзе трынаццацігадовыя дзяўчынкі прыйшлі засведчыць свае цыцачкі перад вяскоўцамі? Улюбёны занятак вось і атрымаўся…
– І чым жа вы займаліся ў сеціве? – з гуллівым падтэкстам спыталася Ірына.
– Ды розным, – не пачуў падтэксту Уладзімір. – Фільмы глядзеў цікавыя, чытаў форумы розныя, дзённікі, блогі. Вучыўся казкі разгадваць.
– Казкі? І шмат разгадалі? – з лёгкім здзіўленнем запытала Ірына.
– Пакуль што няшмат. Дый не сам… Вось, прыкладам, найпрасцейшая, яе першую дзіцяці расказваюць, ну, вы ж ведаеце: жылі-былі дзед ды баба. Была ў іх курка Раба. Знесла курка яечка… ну і далей. Што цікава: чаму казка такая неўміручая? Чым яна так прываблівае?
– Сваёй прастатой для разумення, мабыць, – паціснула плячыма Ірына. – Ну, і якая разгадка казкі, які сэнс?
– О, тут далёка не ўсё так проста! – загарэўся Уладзімір. – Вось глядзіце, ад пачатку: курачка знесла яйка, ды не простае, а залатое. Навошта дзеду і бабе біць залатое яйка? Дзеля чаго? Далей – нечаканая лёгкасць, з якой яечка б’ецца, падаючы ад махання адно толькі мышынага хвосціка. І яшчэ больш незразумелы канец: курка суцяшае бабу і дзеда тым, што знясе яечка лепшае – простае. Хіба мала незразумелага?
– Ну, калі так ужо задумвацца над сэнсам, то можна дзе хочаш шукаць схаваныя загадкі.
– Не-не, загадкі трэба шукаць там, дзе ёсць нешта незразумелае, – запратэставаў Уладзімір. – Вам цікава, якая разгадка?
– Цікава, – шчыра прызналася Ірына. – Але кажыце хутчэй, бо мы неўзабаве прыйдзем, а гуляць я не магу, у мяне яшчэ шмат працы…
Яны ішлі ціхай вуліцай, паглыбляючыся ў квартал старой забудовы – тут стаялі трохпавярховыя дамы, з высокімі вузкімі вокнамі, з ляпнінай пад імі і над дзвярыма. Ходнік быў вузкі, адгароджаны ад дамоў тоўстымі стваламі ліп. Ірына і Уладзімір ішлі побач, часам кранаючыся плячыма. Але як ні карцела Уладзіміру ўзяць Ірыну пад руку, ён не мог адважыцца на такі просты жэст: не ўзяў адразу, то няма чаго цяпер…
– Добра, я зараз, – паабяцаў Уладзімір. – Успомнім Біблію, першыя тры раздзелы, дзе ідзецца пра стварэнне Богам Сусвету, Адама і Евы, іх зграшэнне і потым – выгнанне з Раю. Яшчэ раз чытаем казку і – шукаем аналогіі. Бог стварыў Зямлю, людзей і даў ім Рай. Што такое Рай для людзей, як не месца шчасця, залатое месца? Хіба не тое яйка, якое знесла курка? Цяпер дапусцім, што курка – гэта Бог, які дае людзям Сусвет, залаты, без граху. Што робяць людзі? Парушаюць запаветы Бога! Імкненне разбіць залатое яйка – хіба не акт непаслушэнства? І вось далей ідзе цікавы момант: у Бібліі пабіць залатое яйка значыць – страціць Рай, людзям памагае д’ябал. Стварэнне з хвастом. У казцы мы бачым шэрую мыш, якая нічога такога не зрабіла, толькі паварушыла хвастком – і канец, трагедыя! Напрасцейшая аналогія. Мышыны хвост тут – змяя там. У Бібліі д’ябал таксама практычна нічога не робіць, хіба што кажа Еве: еш, будзеш падобная да Бога. І вось яйка разбітае, Рай страчаны. Што кажа Бог у Бібліі? Ідзіце і потам і крывёю зарабляйце сабе свой хлеб. Залаты век скончыўся, пачаўся век працы і войнаў. І курка абяцае дзеду з бабай: знясу вам яечка простае. Вось так: не пажадалі шанаваць залатое – карыстайцеся простым…
– Ух ты, цікава, вельмі, – не стала хаваць свайго захаплення Ірына. – У вас на кожную казку такія вось нечаканыя аналогіі падабраныя? Самыя да ўсяго дапялі?
– Ай-а, што вы, – крыху зніякавеў Уладзімір ад слоў жанчыны. – Так, яшчэ пару казак ёсць… якія кладуцца на расшыфроўку. Бо часта казка – нейкія веды, факты, якія людзі хацелі ўсяго толькі данесці да нашчадкаў. Нешта сам дадумляю, нешта вышукваю ў сеціве.
– Што вас натхніла на такі занятак? І навошта?
– Неяк даўно глядзеў адну перадачу… У сеціве, на сайце. Там навуковец наважыўся расшыфраваць легенды інкаў. Іх было шмат, яны былі цікавыя, але часта, вось як нашая гісторыя з яйкам, мелі нейкія нутраныя супярэчнасці, бязглуздзіцу. Гэта яго і насцярожыла. Вось… Ён пачаў шукаць, параўноўваць, аналізаваць…
– І знайшоў? – Ірына прыпынілася – відавочна, яны дайшлі да яе дома.
– Так… Прыкладам, у адной легендзе гаварылася: “І калі лісіца памачала свой хвост, то…” і далей нешта там адбылося. Праўда ж, глупства выходзіць: якая ліса і чаго ёй мачаць свой хвост?
– Ну, хто ж яго ведае? Казкі – казкі і ёсць, – нясмела запярэчыла Ірына, здаецца, заінтрыгаваная гісторыяй.
– Дык вось, – працягнуў пераможна Уладзімір. – Ён знайшоў сэнс. Выявілася, што Лісіца – не простая лісіца, а так называлі старажытныя інкі адно з сузор’яў. І яно, сузор’е Лісіцы, у адну з начэй года апускалася сваімі зоркамі, якія інкі ўважалі за Лісіцын хвост, да паверхні акіяна. Вось такая простая разгадка ў бязглуздай на першы пагляд показцы: інкі зафіксавалі дакладную дату здарэння!
– Файна як, – пагадзілася Ірына. – Але мы ўжо прыйшлі. Дзякуй вам за каву і цудоўны настрой, які ў мяне з’явіўся. З вамі было вельмі цікава. Не крыўдуйце, я вам скажу шчыра, бо вы са мной былі шчырым. Дык вось, калі б на маім месцы сёння была іншая… Вас бы палічылі за вясковага дзівака, з якім ад суму можна памерці… А мне было цікава і не сумна.
– Я ведаю, – сумна ўсміхнуўся ў адказ Уладзімір. – То вам дзякуй. Усё так нечакана. І цудоўна. У мяне дзень быў сёння… незвычайны. І вось ён завяршыўся так шыкоўна – сустрэчай і размовай з вамі. А што іншыя… Я ведаю. У мяне з дзяўчатамі… рэдка бываюць супольныя тэмы. Дый не ўмею я… з гарадскімі. А заўтра Вы будзеце рабіць сваю фіззарадку? У гэты ж час і ў тую ж кавярню?
– О, не, – з лёгкай скрухай адгукнулася Ірына. – Мне паўночы яшчэ працаваць, а заўтра ў другой палове дня з сябрамі выязджаем за горад, там лецішча, рэчка. Так што толькі ў панядзелак. Можа, у такі ж час.
– Зразумела, – панура адказаў Уладзімір, і ад Ірыніных слоў “з сябрамі” на яго пыхнула прыкрым пачуццём рэўнасці і адначасна – сваёй асабістай вылучнасці, ізаляванасці ад яе свету, а значыць, ад свету ўсіх прыгожых і разумных жанчын.
– Не сумуйце, – усміхнулася ў цемры Ірына.
На яе твар падала размытае святло з вокнаў дамоў, адцяняючы вясёлыя ямінкі на шчоках, якія ўзнікалі тады, калі яна ўсміхалася. Уладзімір адчуў нязвыклую пяшчоту да гэтай амаль незнаёмай яму жанчыны.
– Бывайце, да сустрэчы, – Ірына падала яму руку. – Буду чакаць ад вас разгадкі якой іншай казкі. Скажам, пра дзедку і рэпку.
– Я пастараюся адшукаць разгадку рэпкі, – Уладзімір ціхенька сціснуў кволую жаночую руку ў сваёй, адчуваючы яе цеплыню і лёгкае трымценне.
Ён падыходзіў да сцішанага ў глыбіні старога саду дома зусім працверазеўшы. Дзівіўся сам з сябе: як лёгка ўдалося пазнаёміцца! Якая яна цікавая і… мілая. Побач з ёй утульна і спакойна. Яна не пазірае грэбліва, не кпіць з яго захаплення, з яго цікавасці.
Добрая ў бабулі самагонка!
Калі сон пачаў пакрысе прыгладжваць пікі вострых адчуванняў, рабіць усё раўнейшым і спакайнейшым, тут і вылезла, вытыркнулася, як галоўка невялікага цвічка, адно адчуванне, якому не надаў раней значэння, якое прапусціў паўз свядомасць, а яно, бачыш, не мінулася, засела… І цяпер вось набывае важкасць, прымушае ўспамінаць, шукаць аналогіяў, тлумачэння. А як яго патлумачыць? Проста ў той самы момант, калі ў сваёй руцэ адчуў цёплую Ірыніну руку, маленькая, на сотыя долі секунды, праскокнула думка-іскра: “Папаўся!” Ага, папаўся, – з мяккай радасцю пагадзіўся ён цяпер, засынаючы. Такой жанчыне за шчасце папасціся. Апошняя яго думка была пра Алену, нават не пра яе, а пра тое, што ён ні разу не ўспомніў сёння пра яе. Дык чаго яна ўлезла ў яго голаў цяпер? Адмахнуўся ад думкі…
Ранкам прыехаў сусед па вёсцы Марыі Фамічны, і яна, нечым падобная ў гэтыя хвіліны да спуджанай з гнязда курыцы, што прымасцілася несціся, бегала то з дома на двор, то адтуль у свой пакой.
– Цётка, усё давязу, нічога не растрасу, – казаў уладальнік старэнькіх “жыгулёў”, праставаты мужчына гадоў пяцідзесяці.
– Ай, каб жа не забыць нічога, – вохкала гаспадыня. – Дзівіся, тут во шкляное, Валодзечка, асцярожней тамака, чакай, я мо на рукі тое вазьму, – крычала гаспадыня Уладзіміру, бегла за ім на надворак.
Урэшце мітусня скончылася: заладаваліся – што ў багажнік, што на задняе сядзенне.
– Глядзі ж, дзеткі, каб усё ладна было, пакідаю табе найдаражэйшае, што ёсць – дом, то ж глядзі, глядзі на ўсе вочы. З газам асцярожны будзь, фортку не пакідай адчыненай, як куды ідзеш… Ды глядзі, з дзеўкамі пільным будзь: не маленькі, мусіш ведаць: чорт у лазу завядзе, а баба ў нетры.
– Буду глядзець, Марыя Фамічна, усё будзе добра, – запэўніваў Уладзімір старую і ўпотай чакаў, каб хутчэй паехаў з двара аўтамабіль.
І вось ён застаўся адзін – адзін у такім вялікім доме.
Раптам стала трывожна.
Пачуццё, што тут яшчэ нехта ёсць, як выскачыла аднекуль з кутка ці выпаўзла гадзюкай з-пад дзвярэй бабульчынага пакоя. Уладзімір, сам сабе лаючыся – от жа, заблазнаваў, – абышоў пакоі: бабулін быў зачынены на ключ, у залі было пуста: канапа, шафа-“сценка” набытая гадоў трыццаць таму, стол з тэлевізарам, накрытым адмысловай вышыванкай. Калідор, яго пакой направа…
Уладзімір уздрыгнуў: у ягоным пакоі сядзеў кот. І кот уздрыгнуў. Прыпаў да пярэстага ходніка, прыціснуў вушы, напружыніўся, паказваючы гатовасць у кожны момант скочыць проста ў твар.
– Ну, і навошта ты сюды прыйшоў?
Голас прагучаў неяк хрыпата, вельмі гучна для пустога дому.
Уладзімір ступіў крок у пакой і адразу ж адступіў убок ад уваходу. Кот не зводзіў з яго жоўтых вачэй.
– Прыбірайся, адкуль прыйшоў, – загадаў кату Уладзімір.
І той быццам зразумеў словы – узняўся і хутка, але з годнасцю, выбег з пакоя, крутануўся ў калідоры, і праз адчыненую вітальню выскачыў на веранду.
Уладзімір прайшоў за ім, пабачыў, як кот схаваўся ў густой траве пад плотам у глыбіні садка.
Зачыніў дзверы. Вярнуўся на кухню, але, падуладны незразумеламу пачуццю трывогі, зноў зазірнуў у пакой, нават нахіліўся і паглядзеў пад ложак – было пуста. Ды трывога не адпускала. Уладзімір і сам не разумеў, што адбылося незвычайнага: кот, шукаючы ежы, зайшоў у дом, бо дзверы былі адчыненыя, пакуль тут бегалі з клункамі.
“Пайшоў ты к чорту, чорны кот“, – паспрабаваў прагнаць сваю трывогу Уладзімір і спатыкнуўся на думцы: ён запомніў вялікія жоўтыя катовы вочы. А які быў сам кот – Уладзімір як не бачыў.
За гадзіну ён выправіўся ў кавярню – пад’есці, потым сеў занатоўваць гаспадынін аповед пра Купалле. Трэба было паспяшацца, каб паспець да пятай гадзіны схадзіць у бліжэйшы які пункт і раздрукаваць.
“Прынтар трэба набыць”, – падумаў Уладзімір.
У нядзелю праседзеў рыхтуючыся да чарговага экзамену – Уладзімір дакладна пастанавіў, што кідаць універсітэт не будзе.
Увечары, пасля таго, як схадзіў у кавярню (у той самы час, што і ў пятніцу, з кволай надзеяй, а раптам Ірына ўсё ж з’явіцца там), зайшоў у дом і разгублена спыніўся ў вітальні: у ноздры шыбануў моцны пах падлы.