Читать книгу Праклён - Валеры Гапееў - Страница 4

Частка 1
3

Оглавление

Стаўленне Алеся Лобача да маладых цяжарных жанчын цяжка было вызначыць адным словам. Была тут і павага, якая больш грунтавалася на ягоным стаўленні да маці, цяпер нябожчыцы. Была хлапчуковая сарамлівасць. Хоць адкуль ёй быць? Алесю Лобачу, кандыдату гістарычных навук, выкладніку ўніверсітэта, дацэнту кафедры айчыннай і агульнай гісторыі, мінула трыццаць. Быў недавер да адчуванняў і пачуццяў, як да сваіх, так і да чуллівасці цяжарных жанчын. Было чаканне нейкага падману. Апошняе тлумачылася лёгка: колішняя Алесява жанчына, лабарантка Тоня, падманула яго, тады маладога аспіранта, менавіта на цяжарнасці. Таго і цяпер не хочацца ўпамінаць. Асабліва першую ноч. Дзякуй Богу, яна амаль уся схавалася ў п’янай няпамяці. Не хочацца ўспамінаць і нахабнай, дзёрзкай манеры Тоніных паводзінаў, калі яна пры ўсіх прыціскалася, брала яго пад руку, пыталася пра тое, што еў наранку. Карацей, заяўляла на яго ўсе правы – і рабіла тое дэманстрацыйна, без кроплі сораму ці ніякаватасці. Так, нечым яна падабалася яму – хуткая, вясёлая і, як кажуць цяпер, прабіўная. Няхай ён і саромеўся ўдзень, адчуваў сябе на кафедры мішэнню пад хітраватымі позіркамі, але ж наставала ноч – і дзень з яго адчуваннямі нечага няправільнага, непатрэбнага ў ягоным жыцці, знікаў у віхуры любошчаў. У такой віхуры першы раз ледзь не захлынуўся Алесь, калі праз тыдзень пасля той п’янай ночы Тоня прыйшла сама, не стала чакаць запрашэння. Яе юрлівасць распаліла яго да той ступені, што авалоданне жаночым целам – вось гэтым целам і вось цяпер – першы раз, бо нельга ж уважаць тую п’яную ноч за нейкі досвед, калі ён фактычна нічога не памятаў – набыло значнасць найвышэйшай і найважнейшай задачы. І потым ён чакаў ночы. Не хацеў сабе ў тым прызнавацца, гнаў ад сябе думку, што вось, карыстаецца дзявоцкай закаханасцю, але чакаў.

Надыходзіла ранне. Жаночая галава побач на падушцы і ўчорашні бессаромны вір зноў спляталіся ў прыкрым усведамленні: ён не кахае, ён не павінен, усё непрыгожа, подла.

За два з нечым месяцы Тоня сказала, што зацяжарала. Пачуць пра тое было, як спатыкнуцца на роўнай, акуратнай сцяжынцы: Алесь зразумеў, што цяпер свет вакол яго павінен змяніцца, назаўсёды.

Але ж ён не збіраўся пакуль што жаніцца, а пагатоў з ёй, пагатоў, цяпер, калі гэтулькі часу і моцы забірала пісанне кандыдацкай і аспірантура з універсітэтам. Яму была патрэбная простая, роўная сцяжынка на бліжэйшыя гады.

Але ў Тоні былі свае планы на будучыню. Ён потым зразумеў, што яго скарыстоўвалі як нейкую бязвольную прыладу, як рэч. А тады… Тады Тоня ў адзін дзень сустрэла яго на ганку ў сукенцы, якую раней ніколі не адзявала. Сукенка была не яе памеру, не яе фасону, такія сукенкі не носяць жанчыны без уважнай прычыны. І яму нельга было не заўважыць, як вырас Тонін жывот…

Яна не плакала і не скардзілася на жыццё. Сказала, што аборт рабіць не будзе, але яе маці пракляне і выгане з дому, калі яна народзіць без бацькі. І куды ёй падзецца, калі яна туліцца ў інтэрнацкім пакойчыку, які ёй праўдамі і няпраўдамі выбіў загаднік кафедры? І калі Алесь хоча, каб ягонае жыццё належала яму самому, калі хоча, каб яго навуковая кар’ера ішла, як ім задумана, яна не будзе яму замінаць. Не будзе прасіцца замуж, але ён мусіць з ёй распісацца. Штамп у пашпарце яму нічым не шкодзіць, пазней яны развядуцца. Калі хоча, то і шлюбную дамову можна аформіць. Але яна не будзе нараджаць дзіця без бацькі, яна не хоча яму будучыні безбацькавіча.

Алесь быў расціснуты, як выпаўзак на ходніку. Адна нейкая частка яго сутаргавата білася, праклінаючы той вечар і тую ноч, і ўсе іншыя ночы, і сваё подленькае задавальненне ад іх, сваю бязвольнасць іх пазбыцца, а рэшта ў ім сцялася ў гатоўнасці падпарадкавацца ўладнай моцы гэтай маладой жанчыны, яе нечаканай драпежнасці, абы далей… потым, пасля, ўсё было як і раней: ён адзін і ягоная навука.

Яны падалі заяву на рэгістрацыю шлюбу, трэба было чакаць належны тэрмін. Тоня нервавалася, некуды хадзіла-ездзіла, але здалася: не выйшла “прыспешыць працэс”. Яна болей не прыходзіла да яго на ноч, хоць ён і запрашаў, абяцаючы пад тое, што не будзе настойваць на блізкасці, але Тоня аднеквалася: “А як я сама не вытрымаю? А я баюся…”

Неяк на тры дні яна была знікла, узяўшы раптам адпачынак за свой кошт, не папярэдзіла, не адказвала на тэлефанаванні. Сяброўкі ў інтэрнаце сказалі, быццам бы паехала дадому.

Урэшце яна з’явілася. У заўсёдных джынсах і кашулі. Жывот у яе быў плоскі і роўны, як і некалі. А твар сухі і паніклы. Тоня яму нічога не пажадала казаць, толькі прамовіла, сцяўшы вусны, нібы каму чужому, нібы на нейкім страшным допыце: “Не адна я вінаватая…” Ён зразумеў, што адбылося страшнае. Алесь заўважаў самыя розныя позіркі, спачувальныя і асуджальныя, адчуваў тыя позіркі спінай. Ён разумеў, што і сяброўкі Тоніны, і яго знаёмыя, і выкладнікі на кафедры думаюць, нібыта гэта ён, Алесь, запатрабаваў ад маладой жанчыны такой страшнай ахвяры – зрабіць аборт. Цяпер ужо толькі рэгістрацыя іх шлюбу, жыццё разам давалі яму мажлівасць давесці ўсім і самому сабе яго невінаватасць і прыстойнасць. Адчуванне віны вырывалася вонкі абавязковай пяшчотай і ўважлівасцю да Тоні, гатовасцю выконваць яе жаданні, нешта рабіць, некуды хадзіць, абы яна даравала яму… Што даравала? Гэта было няважна.

І тое самакатаванне мо доўжылася б бясконца, калі б неяк яго не спыніла на калідоры, не запрасіла на гутарку выкладнік кафедры Алена Адамаўна, колішняя матчына сяброўка. Яна першы год пасля той заўчаснай смерці апекавалася Алесем, дык і цяпер гаварыла з ім як маці з сынам-небаракам.

– Ты выбачай мне, я не маю права лезці ў тваё жыццё, але тут маўчаць не выпадае… Антаніна не была цяжарная, не вінаваць сябе, – проста сказала яна. – Я яе тры разы бачыла, і ўсе гэтыя тры разы я заўважала… Каб вы, мужчыны, былі уважлівейшымі, вы б самыя здагадваліся, дзе цяжарнасць, а дзе падвязаны жывот. Невялікая хітрасць…

Алесь у той момант адчуў сябе тым самым маленькім хлапчуком, якога цёця Алена крадком ад маці частавала шакаладнымі цукеркамі, калі прыходзіла да іх на гасціны.

– Калі б гэта датычыла толькі пачуццяў, я змаўчала б, – асцярожна працягвала Алена Адамаўна. – Але калі аднойчы Антаніна прыйдзе ў тваю кватэру на правох жонкі… Яна застанецца там гаспадыняй.

Нічога не паробіш – такія норавы цяперашнія, яна – прагматычная маладая саміца, для якой важна замацавацца ў горадзе, займець жыллёвую плошчу. Можна асуджаць яе, можна не асуджаць, але варта разумець, што калі яна атрымвае – ты аддаеш. Аддасі цяпер? У цябе вялікая кватэра, тры пакоі, сястра жыве асобна… Але надыдзе час, ты сустрэнеш сваё каханне. І што будзе тады? Таму, Алесік, сваё мужчынскае шкадаванне пакінь на іншы выпадак. Цябе выкарыстоўваюць, нельга так прыніжаць сябе, дазваляць ашукваць…

Алена Адамаўна яшчэ пра нешта гаварыла, пыталася пра планы, пра рыхтаванне кандыдацкай, пра хуткі палявы сезон. А Алеся паліла пачуццё сораму. Пад канец размовы ён адчуў, што яго літаральна ўтрымалі над безданню – так, сапраўды, бо менавіта сёння ён збіраўся ісці ў пашпартны аддзел, каб прапісаць Тоню ў кватэру.

Тое, што адбылося ў той вечар, наклала адбітак на ўсе далейшыя дачыненні Алеся з жанчынамі. Падалося, што ён неверагодным спосабам патрапіў у фільм жахаў, дзе лагодная, усмешлівая жанчына раптам пераўтвараецца ў страшную ў сваёй лютай нямозе пачвару-крывасмока. Ставала аднога слова “не” на адказ аб прапісцы і намер забраць заяву з загсу. І Тоня, тая Тоня, якая ўсе мінулыя месяцы была чуйнай гаспадыняй і ласкавай каханкай, стала істэрычнай фурыяй. Алесь маўчаў, не вінаваціў у падмане, не ўпікаў. Ён сціснуў зубы і, нібы заклён, паўтараў сам сабе думку, што неўзабаве кончыцца, пройдзе, мінецца ўсё, а ягонае жыццё зноў стане спакойным і акрэсленым.

Але не дзень і не два, а яшчэ цэлы тыдзень Тоня ўрывалася ў яго жытло, бесцырымонна з’яўлялася на кафедры, тэлефанавала, пагражала, прасіла, кленчыла… Выратаваў загаднік кафедры. Часам становячыся сведкам “спатканняў” Тоні і Алеся на кафедры, ён крывіўся, як ад болю зубоў. Не стрымаўся, выклікаў да сябе маладога супрацоўніка і выправіў яго назаўтра ж у абласны цэнтр, у архіў. Ключы ад кватэры Алесь аддаў сваёй старэйшай сястры, Надзеі. Калі праз тыдзень вярнуўся, кватэра сустрэла яго звыклай цішынёй і сціпласцю маладога кавалера-аспіранта – Надзея ў адзін дзень расшукала аўтамабіль з грузчыкамі і майстра: усе Антанініны рэчы былі акуратна дастаўленыя ў пакойчык у інтэрнаце, адкуль яна прадбачліва не спяшалася высяляцца, а замок у Алесявай кватэры быў заменены.

Яшчэ гады тры пасля такой сваёй першай “жаніцьбы” Алесь Лобач, калі бачыў перад сабой вясёлыя, усмешлівыя, спагадлівыя твары жанчын і дзяўчат, міжволі ўяўляў, як яны, твары, могуць імгненна скінуць з сябе маску дабрыні і ашчэрыцца драпежна і хціва.

Цяпер, праз гады пасля тых падзей, Лобач не хацеў мець справы з маладымі цяжарнымі жанчынамі. Ён мог сустракаць іх вачыма на вуліцах горада, паважліва ставіцца да іх і мець нават лёгкае трапяткое пачуццё гатовасці абараніць і памагчы, адчуваць і эстэтычнае задавальненне ад сузірання жыццясцвярджальнай карціны – але каб не мець ніякіх асабістых дачыненняў.

Пагатоў дачыненняў цяжарнай завочніцы з выкладнікам на экзамене.

Бо завочнікаў Алесь Лобач проста не любіў.

Ён даўно зразумеў, што іх універсітэт стаў своеасаблівай “кузняй кадраў” для выканкамаў рознага роўню, сюды, асабліва на гістарычны факультэт, паступалі тыя, каго на месцах вызначалі як “перспектыўны кадравы рэзерв”, адрывалі ад звыклых спраў і пасылалі вучыцца. Лічылася чамусьці, што для работы ў розных рай і гарвыканкамах прыдаюцца лепей за ўсё пасля завочнага навучання на гістарычным факультэце. І тое было б няблага, ува ўсякім разе не было падстаў успрымаць той факт з вялікай незадаволенасцю, калі б… калі б завочнікі вучыліся.

Будучыя работнікі выканкамаў чамусьці былі перакананыя, што этнаграфія і этналогія ніякага дачынення да іх будучай работы не маюць, і малады выкладнік Алесь Лобач мусіць разумець гэты просты факт. Алесь разумець не хацеў. Калі яго пасля другога года выкладання сталі ўшчуваць на паседжанні кафедры за яго залішнюю, на погляд збоку, патрабавальнасць, ён выбухнуў:

– Няхай яны не ведаюць, у якім стагоддзі яцвягі пайшлі, а дрыгавічы прыйшлі, няхай блытаюць шнуравую кераміку з шаравой маланкай. Але этнаграфія – твая зямля! Твая гісторыя і культура, твой народ, твае продкі! Ты заўтра будзеш кіраваць людзьмі, часткай гэтай краіны. І ты не ведаеш, чым жылі да цябе, чым жывуць сёння людзі, што шануюць, што ўмеюць, што шанавалі і што ўмелі. Ты не хочаш нават ведаць! Дык ты ж найміт! Трэба ненавідзець краіну, каб сядаць у кіраўнічае крэсла і не ведаць яе культуры, гідзіцца ёй, грэбуючы здабыткамі соцень пакаленняў. Я нікому не буду рабіць папушчэнняў. Нікому і ніколі! Пагатоў – завочнікам. Я прабачу нястачу ведаў у этнаграфіі, але не прабачу грэблівасці да іх, стаўлення як да нечага другаснага… А гэта вызначыць проста, як проста і запомніць найэлементарнейшыя праўды. Я не патрабую немажлівага ад завочнікаў…

Лобача выслухалі моўчкі. Але маўчанне было шматаблічным як ніколі: тут былі згода, нязгода, абыякавасць і страх. Так, найзвычайнейшы страх, які не цяжка было згледзець на многіх тварах, які выразна праяўляўся ў кароткіх позірках на дзверы ці ў апушчаных у стол вачох.

Лобач сапраўды нікому не рабіў папушчэнняў. Але цяжарную жанчыну-завочніцу ён ні разу не здолеў адправіць на пераздачу – ён рабіў усё, каб найменей бачыць яе перад сабой, практычна ніколі і не пытаўся па білеце.

Жанчыны-завочніцы хутка заўважылі стаўленне маладога выкладніка Алеся Лобача да цяжарных. І ацанілі, і скарыстоўвалі. Неяк на адным экзамене, калі Алесь, як зазвычай, нават не пытаючы нічога, пацягнуўся, каб паставіць адзнаку маладой чырванатварай цяжарнай жанчыне, тая нязграбна… паправіла свой вялікі жывот, які неяк апынуўся раптам збоку, калі яна прысела перад сталом выкладніка. Чырвоная фарба з твару жанчыны быццам пералілася на Лобачаў твар – той пачырванеў, а жанчына збялела. Алесь тады паставіў адзнаку, адразу ж, не пытаючыся нічога, моўчкі. Але на лекцыі ў другой групе нечакана для ўсіх суха і жорстка папярэдзіў:

– Я мушу сказаць вось што… Маё стаўленне да цяжарных жанчын нехта зразумеў як мажлівасць мяне падманваць. Таму проста папярэджваю: заўважу падман – і ў студэнткі будуць вялікія праблемы са здачай экзаменаў. Я дарую шмат чаго, але не дарую падману. Ніколі.

Праклён

Подняться наверх