Читать книгу Праклён - Валеры Гапееў - Страница 12
Частка 3
Оглавление1
Алесь Лобач добра ўсвядоміў, што непрыемнасці здараюцца заўсёды нечакана. І прывучыў сябе, здавалася, прымаць іх годна, прынамсі трымацца і не дазваляць свайму параненаму нутру праяўляць сябе праз вонкі. Аднак ва ўсім бывае вынятак, іначай правіла перастае быць правілам. Так здарылася і ў панядзелак, дзень, які зранку яшчэ поўніўся суботнім рыбацтвам ды нядзельным баўленнем са злоўленай рыбай, дзень, у якім яшчэ звінела камарэча і паплавок на тонкіх хвальках гойдаўся, і рукі памяталі слізкае срэбра рыбы.
Гэта было несправядліва – менавіта ў такі ранак даведацца, што фінансаванне палявых работ скарацілі не на траціну, не на палову, а аж на дзве траціны.
– Штогод усё меней і меней першакурснікаў, якія шчыра гатовыя ўзяць удзел у палявых работах. Іх збіраеш, іх натхняеш і абяцаеш ім сустрэчу з сапраўдным. Трэба бачыць і разумець, як балюча сустракаць пасля ўсіх размоў пустыя вочы, а больш такія, у якіх напісана: “Ідзі сам, калі дурны!”. Няма ў вас грошай? Дык дазвольце нам самым сябе прафінансаваць! Нельга! Мне што, сапраўды на лета напісаць мэту работ: “Шуканне сведчанняў пра роднасць суседніх народаў на базе народных прымавак і прыказак пра хлеб, радзіму і Сталіна”?
– Дык жа трэба будзе справаздачу пісаць, а потым яе надрукаваць папросяць… у якім папулярным выданні.
– Затое Алесь Паўлавіч стане адным з найбольш цытаваных этнографаў у ідэолагаў раённага роўню.
Лобач толькі роспачна махнуў рукою на рэплікі калег. Штогод фінансаванне скарачалася ад запланаванага, але каб нагэтулькі, каб вось так, каб у апошні літаральна дзень – такога даўно не было. І выйсця не было: трэба скарачаць колькасць студэнтаў, колькасць дзён, мяняць маршрут…
Тут і ўспомніўся ўчорашні выпадак на рыбе, і рыхтык цаглінка легла ў сцяну, якой якраз і не ставала. Што ўжо хаваць – чакаў Лобач непрыемнасці, чакаў. Хоць і супраціўляўся яго розум навукоўца-даследніка розным прымхам і прыкметам, не мог ён ніяк выкінуць са свядомасці ўчорашні трэці закід і трэцюю рыбіну.
Добра брацца пачало адразу. Ужо за пяць хвілін шмаргануў – і такі харашун лінок затрапятаў на лёсцы. Потым – акунь ладненькі. Трэцяя спроба была дзіўная: паплавок без аніякіх кіўкоў павольна пайшоў у ваду. Шмаргануў, нешта незвычайнае выцяла па вачох, і працягнутая да злоўленага рука інстынктыўна тарганулася ўбок ад гідлівасці: на лёсцы мёртва вісеў, не варушыўся зусім, карась велічынёй з далонь, амаль без лускі, а з бакоў у яго звісалі агідныя, тоўстыя п’яўкі. Алеся страсянула, ён нагой наступіў на мярзотнае відовішча, хуценька вызваліў кручок і нагой жа адкінуў цела рыбіны з прысмактанымі крывасмокамі далей ад вады, пад лазовы куст. Здаецца, адкуль у яго, хто маленства правёў у вёсцы, хто пазбываўся п’явак, як прысмокчуцца да нагі, з дапамогай прыпаленай цыгарэты, магло ўзнікнуць пачуццё гідлівасці? Але думкі тлумілі галаву: як яшчэ плаваў той карась, ён жа фактычна нежывы, як ён узяў прынаду? Кручок хапануў так, як ішоў на самазабойства. І ўвесь дзень, вышморгваючы рыбін з вады, Алесь баяўся зноў пабачыць якую плотку з п’яўкай, браў рыбіну асцярожна…
– Алесь Паўлавіч, Вас там пытаюць, – паклікалі ад дзвярэй.
Зразумела, цяпер Лобач акурат і не хацеў ні з кім бачыцца. Ідучы да дзвярэй, успомніў, што дамаўляўся пра сустрэчу з тым завочнікам, вяскоўцам. Можа таму і не напружваўся, не змог схаваць цалкам (дый надта не імкнуўся) сваю прыкрасць на твары.
Уладзімір Жабрун сустрэў яго асцярожнай, нават вінаватай усмешкай.
– Выбачайце, мы неяк не дамовіліся пра час… То я зранку, вось…
– Нічога, усё нармальна… Адыдземся вунь у той куток, пагаворым. Хоць мне, папраўдзе, асабліва няма часу, раптоўныя праблемы…
– Ды я хутка, – заспяшаўся Уладзімір, расшпіліў торбу, у якой ляжаў і ноўтбук, дастаў аркушы:
– Вось, аповед пра Купалле маёй гаспадыні. Мне здалося, там цікава вельмі… Незразумелае ёсць у адным месцы.
– І ў якім? – Лобач узяў аркушы з тэкстам, заўважыў, што аформленыя яны так, як ён і папярэджваў: з указаннем месца дзеяння, аўтара аповеду, яго дадзеных.
– Ну… Там пра тое, як шукаць Папараць-кветку, – выказаў свае сумненні Уладзімір.
Алесь Лобач нічога не адказаў, хутка прабег вачыма дзве старонкі тэксту, потым вярнуўся, стаў перачытваць асобныя месцы больш уважна.
– А мяне напачатку іншае зацікавіла, – зірнуў ён на Жабруна. – Вам вось парадак запальвання купальскіх вогнішчаў нічога не кажа?
– Не, бадай што, – ніякавата пацепнуў плячыма Уладзімір.
– Дрэнна, малады чалавек, дрэнна! – Лобач казаў рэзка і асуджальна. – А гэта тое, пра што я казаў раней: спроба шукання нечага без навучання і базавых ведаў. Калі б у вас былі гэтыя базавыя веды пра Купалле, дык звярнулі б увагу на такую акалічнасць. Бо ўва ўсіх вядомых крыніцах пра такі парадак не ўзгадваецца.
– А пра што ён… сведчыць? – асцярожна запытаў Уладзімір, цешачыся ўнутры: яго запіс у нечым арыгінальны і цікавы для выкладніка.
Лобач хацеў раззлавацца, але потым усміхнуўся:
– Вас, мабыць, не перарабіць. Хто ж ведае, чаму так было і навошта рабілася? Шукаць трэба, шукаць.
– А я падумаў…
Уладзімір стрымваў сваё хваляванне, яго распірала ад радасці: ага, не памыліўся, выкладніка таксама зацікавілі агні! Яшчэ першы раз праслухоўваючы запіс, пасля гаспадыніных слоў пра тое, як запальвалі вогнішча, ён у нейкае імгненне быццам пабачыў усё з вышыні: вось, недзе пачынаецца – і запальваюцца адной лініяй агняныя кропкі на зямлі. І – пайшло, далей, далей імкліва бяжыць ужо не лінія – паласа, а ззаду ад яе ззяе Купальскімі агнямі зямля. І раптам асвятляецца яна, нібы ўзыходзіць сонца сярод ночы, нібы аднекуль адтуль, з глыбінь космасу, ўпаў на краіну гаючы прамень чарадзейнага святла – і круціцца зямля, паступова падстаўляе яму ўсю Беларусь ад канца да пачатку, ад усходу на захад.
Ён і не спяшаўся апавядаць выкладніку пра свае здагадкі, чакаў: а ці зверне ён увагі, бо калі не зверне – то нічога і дзіўнага няма, шараговы выпадак, так заўжды было, тады і хваляванне тое, і разлікі Уладзіміравы нічога не вартыя.
– І пра што падумалі? – скептычна перабіў Лобач. – Не-не, кажыце, мне проста цікава, вось пра што можна падумаць, сустрэўшы такі факт? Чым патлумачыць? А Вы ж, пэўна што, маеце і нейкае тлумачэнне, я так зразумеў?
– Дзе там, патлумачыць не магу, – раптам асмялеў Жабрун. – Я прачытаў пра спосаб запальвання і потым надумаў палічыць…
– Што палічыць? – уразіўся Лобач болей таму, што Жабрун усё ж звярнуў увагу на той самы факт.
– Знайшоў мапу той мясцовасці, дзе жыла гаспадыня, ну, аўтар гісторыі. Старую мапу. Паглядзеў адлегласці між вёскамі з усходу на захад. Падлічыў прыблізны час, які патрэбны, каб агонь жыгнуў і яго стала добра відаць з суседняга паселішча. У выніку выйшла… Вось, паглядзіце, – Уладзімір дастаў яшчэ аркуш з сумкі, падаў Лобачу. – Карацей, у выніку выйшла, што ўсе вогнішчы, калі запальваліся паводле такога правіла, загараліся адначасова. То бок, я хацеў сказаць – у адзін астранамічны час. Калі ўлічыць, што жэрдзе нашмараванае дзёгцем, успыхвала добра… Уяўны прамень сонца пры яго ўзыходзе бяжыць праз усю цяперашнюю краіну з усходу на захад і прабягае яе за крыху больш за трыццаць хвілін. Вось калі б усе вогнішчы запальваліся такім спосабам, як апісвае мая гаспадыня, то і хваля з агнёў бегла б з той самай хуткасцю… Вось. Я толькі не разумею, дзеля чаго людзі так рабілі. Думаю, для людзей было галоўнае менавіта ў адзін астранамічны час. Яны ж разумелі, што зямля круціцца.
– Таго яны не разумелі, – механічна заўважыў Лобач, уражаны кірункам Жабруновых думак: ён прыняў бабуліны словы як даведзены факт, як дадзенасць, і не раздумваючы – навошта, з якой прычыны, надумаў правяраць агнёвую хвалю на хуткасць. І не памыліўся – цікавыя лічбы. Што гэта? Інтуіцыя?..
– Няблага выходныя прайшлі, нядрэнна папрацавалі, – мусіў пахваліць ён Жабруна. – Пакуль што можна папярэдне меркаваць, што хваля імітавала сабой узыход сонца. Не забываймася, Купалле звязанае перадусім з сонцам.
– Я вось толькі ў той частцы пра Папараць-кветку не зразумеў, – працягнуў Уладзімір, унутрана цешачыся ад слушнасці сваёй здагадкі (недарэмна ж лічыў!) і радуючыся таму, што настрой выкладніка змяніўся. – Як зразумець: каб перамагчы Богавых ворагаў, трэба ад Бога адмовіцца?
Лобач кіўнуў, жэстам папрасіў пачакаць, перачытаў яшчэ раз уважліва тэкст.
– Я не думаю, што тут шмат загадкавага. Але сапраўды – вельмі аўтэнтычны тэкст, чым і прываблівае. Што да фрагмента з адсячэннем пальца і абразом… Гэта паказвае на ўплыў хрысціянства. Своеасаблівая забарона, заклён на распаўсюджаную легенду. Адна справа сумнявацца ў тым, ёсць Хрыстос ці не, маліцца нейкаму свайму богу, і зусім іншая – выканаць такія дзеянні: не словам адмовіцца ад Хрыста, што ўжо для чалавека тае пары было страшным, а дзеяннем, прытым, заўважце, такім, якое нельга схаваць: ты ж навек застаешся з пакалечаным пальцам, цябе імгненна пазнаюць. Адлучаць ад царквы – што было страшнейшае? Хоць, згаджуся, словы пра тое, што Папараць-кветка – смерць для рознай чартаўні, мне незразумелыя…
– Дык трэба шукаць… – уставіў Жабрун.
– Шукаць трэба, – з усмешкай згадзіўся Лобач. – Але шукаць яшчэ такія самыя запісы, мноства запісаў, параўноўваць іх, аналізаваць – і потым рабіць нейкую выснову, уносіць нешта новае ў разуменне свята і самой легенды. Але нельга такое рабіць паводле аднаго аповеду адной бабулькі з адной вёскі. Разумееце?