Читать книгу Праклён - Валеры Гапееў - Страница 3
Частка 1
2
Оглавление“Папаўся!” Гарачая хваля ўдарыла ў твар, імгненна напаўняючы сабой усё цела аж да канчукоў пальцаў, і яны ўмомант узмакрэлі ад поту, вокладка пашпарта ледзь не выпала з рук. Уладзімір Жабрун асцярожна паклаў пашпарт і запоўнены квіток каля акенца, стрымана выдыхнуў. Павольна павярнуўся, разгледзеўся.
Звычайны пакой пашпартнага стала, цёмна-блакітныя сцены ў плакатах і стэндах. Ля суседняга акна стаіць жанчына, спінай, то не відаць, колькі ёй гадоў, толькі шлейкі станіка пад цеснай кофтай упіваюцца ў тоўстыя бакі. А нагавіцы тонкія і вузкія і шчыльна сядзяць на такім самым тоўстым азадку – сёння падобныя носяць ад падлетка да пенсіянера. Дзве кабеты за акенцамі, адна яшчэ маладая – ля той жанчыны.
Насупраць Уладзіміра за акенцам жанчына гадоў сарака, хударлявая, з кароткай, нават вельмі кароткай, стрыжкай, нервовым тварам, хвіліну таму ўзняла вочы на яго і сказала:
– Што ў Вас?
– Зарэгістравацца, – адказаў Уладзімір. І тады адчуў хвалю.
Што такое? Адкуль гэтае пачуццё страху і адчування прорвы наперадзе ды сваёй бездапаможнасці?
Паслужлівая памяць умомант выцягнула з глыбіні свядомасці той самы дзень, калі такая самая хваля накрыла яго, прымусіла знерухомець, забрала ўсякую мажлівасць хоць пальцам варухнуць, а ў галаве роспачна білася думка: усё прапала, усё прапала! І немажліва было, ніяк немажліва хоць нешта змяніць!
Тады ім было па дзесяць гадоў – Уладзіміру і ягонаму сябру Толіку. Дарога да школы ішла паўз малады густы хвойнік, праставала на бальшак. І Уладзімір, і Толік не любілі ўрокаў гісторыі, ненавідзелі і баяліся настаўніка – крыклівага Георгія Зіноўевіча, якога ў школе дражнілі за вочы “Кульбам”. Ім старшакласнікі зазвычай палохалі чацвертакласнікаў: “От Вам Кульба пакажа! Умомант адправіць назад у трэці клас!” І здарылася такое. На другім занятку Георгій Зіноўевіч спытаўся хатняе заданне ў Толіка, той пачаў мямліць і заікацца. Ён то, можа, і ведаў урок, бо вучыў, усе вучылі – баяліся ж, але Кульба зароў:
– Не ведаеш? Ідзі бяры сваю торбу, складай кніжкі – і ў трэці клас! І скажы, што гэта я цябе адправіў! Ідзі!
Толік заплакаў. Стаяў ля парты, хапіўся за яе бераг, як за выратавальную саломінку, і плакаў. Але ў класе ніхто з яго не засмяяўся. Кульба пабачыў слёзы, мабыць, застаўся задаволены, бо пасадзіў Толіка на месца і сказаў:
– Дарую на першы раз. А ад заўтрашняга дня хто не адкажа – буду выганяць!
Настаўнік стрымаў сваё слова – не аднаго вучня яшчэ спрабаваў выгнаць у трэці клас, але скора ўсе зразумелі, што трэба толькі заплакаць – і сядзеш на месца. За месяц заняткаў “выгнанні” скончыліся. Аднак калі Георгій Зіноўевіч падымаў цябе, а ты не вывучыў – было страшна. Так крычаў – уся школа чула. І потым паспрабуй адкажы добра на наступным уроку. Ужо як адзін раз паставіць “двойку” – не злезе…
Неяк правучыліся восень і зіму. А на весну, калі снег цалкам зышоў з вясковай вуліцы і добра прыгрэла, выйшлі з дому раней, зайшлі ў хвойнік і – далей у лес, шукаючы якую бярэзіну: неслі з сабой слоік, нож і загадзя змайстраваны з кансервавай бляшанкі латок – каб спусціць сок. Пакуль будуць у школе, накапае поўны слоік! Далей-далей адходзілі, мінулі малады хвойнік, углыбіліся ў стары лес і напароліся на былы акоп з часоў вайны. Акопаў, амаль зарослых, было ў лесе нямала. І гэты быў зарослы. Але ж у такім месцы ён быў – не ўгледзець. Тут і бярозка расла сярод густых ялінак, крывая ад камля, так і цягнула зрабіць падсечку, паставіць слоік пад латок, з якога хутка-хутка пакаціліся першыя каламутныя, з парушынкамі кроплі, а потым закрапалі чысцюткія. Не ўтрымаліся, пачакалі, хвілінку, калі набяжыць па два глыткі – і паспрабавалі першы ў годзе бярозавік: халодны, саладкаваты…
Вярнуліся са школы, то ўжо напіліся ўволю: слоік быў поўны, сок выцякаў на зямлю. Каму першаму прыйшла ў галаву думка пра зямлянку – невядома. Але перакусіўшы, памчалі ў лес. Рабілі зямлянку ў старым акопе. І потым штодня крадком прыходзілі. За месяц тут узнік сапраўдны штаб: вялікая, у ёй можна было стаяць, старанна замаскаваная зямлянка. Сюды яны ўцякалі з урокаў гісторыі. Спакваля абжываліся рознымі рэчамі: зэдлікам, сталом на паленцах. Былі тут і сухары, і сок у пляшках. Раскопваючы акоп далей, напароліся на рэшткі кулямётнай стужкі з пяццю ржавымі набоямі. І тут ужо іх апанаваў такі азарт, што прагульвалася не толькі гісторыя – цэлыя дні. За месяц яны знайшлі і раскапалі некалькі акопаў. Дзясяткі паедзеных іржой патронаў, дзве гільзы з-пад гарматных набояў невялікага калібру. Найкаштоўнейшае – аўтамат ППШ з цалкам згнілым прыкладам, іржавай руляй, цяжкі і вялікі… Але яны былі пэўныя, што змайструюць прыклад, адчысцяць рулю, і ў іх будзе сапраўдны аўтамат.
Эх, як добра тут марылася!
Той ранак быў дажджысты, волкі. Ужо буяў бэз пахучымі купамі ля старой школы, лічаныя дні заставаліся да летніх канікулаў. А ў Толіка нечакана разбалеўся зуб, і ягоная маці зранку аўтобусам павезла сына ў мястэчка. Ісці без Толіка ў школу, калі там першым урокам гісторыя? Ага, зараз… І Уладзімір крадком збочыў у хвойнік, разгледзеўся ўпярод: ці не сочыць хто за ім. Як быццам, ніхто не сачыў.
У зямлянцы было зацішна і суха. Запаліў агарак свечкі, дастаў цыгарэціну, што украў у бацькі. Падпаліў, паспрабаваў зацягнуцца, закашляўся… Хацелася навучыцца курыць па-даросламу, узацяжку, каб здзівіць Толіка: той прыедзе з выдраным зубам, а перад ім зацягнуцца глыбока і доўга выпускаць дым. Кашляў, галава круцілася – кінуў цыгарэту і прылёг на самаробны тапчан: жэрдкі з лапнікам. Мякка, не заўважыў, як заснуў…
– Тут ён! – раздаўся крык, і ў адначассе ў зямлянку ўдарыла невыносна зыркае святло.
Валодзька падхапіўся, як выцялі яго знізу, а сэрца дык падскочыла аж у самае горла. Міргаў вачыма, яшчэ нічога не разумеючы, а ў зямлянку ўжо зазіралі маці, класная кіраўніца і ён, ненавісны Кульба.
Вось тады і ўдарыла ў грудзі, аглушыла, адняла ўсю моц, каб хоць нешта зрабіць, тая тугая хваля безвыходнасці, страху і роспачы: “Папаўся!” …Уладзімір страсянуў галавой, адганяючы прывід дзіцячых успамінаў, які быў такі праўдзівы, што, здавалася, адчуў пах зямлі і дымка ад патухлай свечкі.
– На мяне паглядзіце, – пачуў ён голас пашпартысткі.
Зірнуў. Жанчына трымала ягоны пашпарт перад сабой, глядзела на картку, мабыць, потым падняла вочы.
І раптам Уладзімір пабачыў не яе вочы, а дзве амаль чорныя, вялікія кропкі, якія шырыліся, раслі раз за разам, і з якіх ішла, разыходзілася хваля. У гэтае імгненне яму не падалося, не! Жанчына ўсміхнулася гэтымі дзвюма чорнымі дзіркамі, хіжа ўсміхнулася, са злой радасцю.
Пагляд быў скіраваны не так у твар Уладзіміру, ён адчуў яго на сваіх грудзях, там раптам пачало пячы, аж да болю. Але Уладзімір стрымаўся, не стаў чапаць рукой гэтае месца.
За пяць хвілін ён выйшаў з пашпартнага кабінета ў калідор, потым – на вуліцу і ўздыхнуў на ўсе грудзі. Цяпер дакрануўся рукой да таго месца, якое пякло ад пагляду пашпартысткі, і ўспомніў, што на ім – тая самая кветка. Пад тканінай кашулі ён адчуў яе гарачыню. Не ўтрымаўся, павярнуўся да сцяны і расшпіліў гузік. Здрыгануўся ад выявы – на скуры была выразная чырвоная пляма ад апёку. “Мабыць, трэба зняць яе…” – падумаў пра сваю кветку, зашпіліў гузік.
Затое ўжо не было ні страху, ні роспачы. Была здаволенасць ад зробленай справы: цяпер у пашпарце стаіць штамп аб рэгістрацыі. І запальваючыся, Уладзімір думаў пра тую хвалю, якая яму падалася. Відаць, у пашпартным кабінеце было нешта такое, што імгненна нагадала яму пра іх дзіцячую зямлянку ў лесе. От і ўзнікла пачуццё… А пашпартыстка… звычайная кабета. Самая звычайная. І вочы ў яе таксама звычайныя: шаравата-зялёныя, як ён потым разгледзеў. Ну, нешта прымроілася, як зірнула першы раз…