Читать книгу Пакахай мяне, калі ласка… (зборнік) - Коллектив авторов, Ю. Д. Земенков, Koostaja: Ajakiri New Scientist - Страница 10

Кася Дземянчук

Оглавление

Такой восені больш не будзе
Імпрэсіі

Лісце пад нагамі

Божа, падаруй мне верасень! Я з задавальненнем прыму твой дарунак. Ты маеш рацыю сказаўшы, што я не заслужыла яго. Але ж кожны мае права на шчасце! Простае чалавечае шчасце…

Сяджу на прыступках у восеньскім парку, сціскаю ў руках сухі жоўты кляновы лісток з чырвонымі прожылкамі. А дрэвы не перастаюць губляць лісты, якія засыпалі ўжо ўвесь дол мяккай разнаколернай коўдрай. Хочацца доўга-доўга глядзець на сумнае восеньскае неба, да якога ўжо не заходзіць у гасціну сонца, але яно яшчэ прыгажэйшае, чым улетку: здаецца, глядзіць на цябе сваімі сумнымі вачыма-хмарамі. Такое самотнае і ў той жа час мілае і прывабнае.

Надвор’е стаіць вельмі цёплае. Цёплыя нават прыступкі, на якіх сяджу ў задуменні. Вакол шумяць восеньскія дрэвы. Пад маімі нагамі ляжыць безліч лісточкаў. Яны ўсе аднолькавыя і ў той жа час такія розныя: жоўтыя, чырвоныя, радзей зялёныя і самыя, на мой погляд, цікавыя лісточкі колеру моцнай кавы. Гэта яны толькі з выгляду такія сухія ды цёмныя… Мне здаецца, яны самыя прыгожыя з усіх лістоў у гэтым парку. Чаму? Таму, што яны адны такія.

Яны вылучаюцца з няхай і разнаколернага агулу. Іх можна параўнаць з людзьмі. Самастойнымі асобамі, якія думаюць, жывуць так, як лічаць патрэбным, не звяртаючы ўвагі ні на што, ні на кога. Са свабоднымі людзьмі. З сапраўды вартымі асобамі. А такіх, на вялікі жаль, вельмі мала. Можна пазайздросціць гэтым лісцікам. Яны ўмеюць вылучыцца. А людзі… Яны ўсе такія аднолькавыя. Чалавек павінен прайсці пэўны шлях, дзеля станаўлення сваёй асобы. Свабоднай і незалежнай. Непадобнай ні на кога. Ісціннай. Адзінаю. Кожны чалавек павінен мысліць самастойна. Няхай яго думка і няправільная, часам, нікому не зразумелая, але ж яна яго, уласная, індывідуальная, ні на чыю не падобная.

Пачало змяркацца. Вершаліны дрэў апынуліся ў змроку. Іх не відаць. Падняўшыся з прыступак, я пайшла і пачула лёгкі шоргат лісця пад нагамі. Дрэвы моўчкі праводзілі мяне – дзяўчыну ў чорнай кофтачцы, з зялёнымі вачыма і самотным позіркам.

Восень у душы маёй

Восень сышла. Нечакана і прыгожа. Я шкадую, што не паспела сфатаграфаваць гэтую восень, тое лісце, дрэвы, якія стаяць ужо голыя, страціўшы сваё рознакаляровае ўбранне. Больш такой восені не будзе. Бо хутка, ужо вельмі хутка, яе зменіць зіма, якая цягнецца за ёй па пятах і перашкаджае дапаліць апошнія восеньскія ліхтарыкі, што засталіся б у памяці кожнага. Але ж… Усё ў прыродзе адбываецца своечасова. Зіма ўжо можа браць уладу ў свае магутныя, ледзяныя рукі. Мабыць, некаторыя чакалі зімовага марознага паветра і… снегу! Хутка будзе, не спяшайцеся, бо не паспеем мы і азірнуцца, як неба пачне сыпаць белыя зорачкі, і яны будуць кружыцца ў паветры і падаць нам на далоні. Зіма знойдзе ў шаліках нашы твары і пакіне нам у сэрцы агеньчык, які начніком будзе асвятляць нашы сны.

А цяпер восень развітваецца з намі, махаючы апошнімі лісточкамі, як далонямі. Здаецца, без яе і горад апусцее, апусцее без святочнага дывана, без яркіх фарбаў, без рознакаляровых лістоў, якія кружацца вакол вежаў нашага замку, нібыта абуджаючы іх ад векавога сну. Не чуваць ужо спеваў птушак. І гэта не дзіўна. Людзі і тыя пахаваліся па сваіх «норках». А восень… Восень адыходзіць. Мне будзе яе вельмі не хапаць, яе красак, кветак, лісточкаў, і асабліва сапраўднай восеньскай казкі, дзе дрэвы ў прыгожым убранні стаяць нерухомыя, а лісцікі, як чараўнікі, варожаць вакол, вецер падхоплівае іх і нясе далёка-далёка, туды, дзе яны знаходзяць сабе прытулак і чакаюць, калі мы зноў пазавем іх, калі ў нашай душы зноў з’явіцца месца для гэтых маленькіх лісцікаў…

А пакуль яшчэ… у паветры кружацца, нібы ў танцы, лісцікі – гэтыя маленькія кавалачкі шчасця. Чаму кавалачкі шчасця? А я адкажу: у свае 15 гадоў я ўжо такая багатая! Дрэвы, кусты, будынкі, паркі, скверы, нарэшце, горад, краіна – гэта ўсё маё. А што чалавеку патрэбна для шчасця? Лічу, толькі адно: ісці па родным горадзе, адчуваць, што ён твой, неадрыўны кавалачак тваёй душы, які напаўняе сэрца сапраўднай любоўю да Бацькаўшчыны, да роднага краю, слухаць шоргат лісця пад нагамі і марыць, марыць..

Пакахай мяне, калі ласка… (зборнік)

Подняться наверх