Читать книгу Пакахай мяне, калі ласка… (зборнік) - Коллектив авторов, Ю. Д. Земенков, Koostaja: Ajakiri New Scientist - Страница 6

Аліса Бізяева
Нашы з табой падарожжы
Горад К

Оглавление

Мы ішлі ажыўленай вуліцай горада К., і ўсе на нас глядзелі, таму што мы былі вельмі прыгожай парай. Мабыць, нехта нам зайздройсціў, бо па маёй патыліцы бегаў халадок нечых позіркаў. Горад К. быў вельмі стары і вядомы. На вуліцы мітусіліся натоўпы людзей, і чарада машынаў, ледзь рухаючыся ў заторы, марудна прасоўвалася. Мы з цяжкасцю пракладвалі сабе шлях сярод гэтай блытаніны людзей ды аўто, а калі-нікалі нават даводзілася кранацца мінакоў рукой. Нейкі хлопчык, які нёс сваёй дзяўчыне вялізны букет парніковых бязводарных кветак і вельмі спяшаўся, нават наступіў мне на нагу. Мы вырашылі пайсці далей ад цэнтра і нечакана набрылі на звярынец.

Плот быў вельмі высокі, зроблены з металічнае сеткі на каркасе. Я папрасілася адпачыць крыху і пад’есці, перш чым браць гэтую перашкоду. Мы селі побач, прытуліўшыся да вялізнага, скручанага ў катушку стога. Можна было проста пераляцець цераз гэты плот, але нас маглі заўважыць. Ты дапамог мне спусціцца ўніз на тым баку, я зачапілася за вострую сетку і крыху параніла далонь. Ты злізнуў маленькія кроплі крыві асцярожна і прынёс аднекуль ліст трыпутніку.

Мы размаўлялі з жывёламі і кармілі іх свежай капустай, якую пакінулі сабе на вячэру. Нам ніхто не замінаў праціснуцца скрозь агароджы і падысці да жывёл бліжэй – сказаць нешта на вуха малпе, пагладзіць па сумцы маму-кенгуру, якая спачатку была паскакала ад нас, але вярнулася на адмысловы крык, зразумеўшы, што мы з ёй адной крыві. Мы бачылі ржавых лісаў, што рыхтаваліся да зімы. Ты бегаў навыперадкі са страусамі, я каталася на спінах зебраў, чапляючыся за белыя палоскі, мы назіралі за фанабэрыстымі паўлінамі, лашчылі драпежнікаў, напаткалі сям’ю зуброў, але не сталі іх турбаваць, бо ў іх зусім нядаўна нарадзілася зубраня, і яны былі варожыя да ўсяго свету, нячулыя да нашых запэўненняў у бяскрыўднасці.

Нам было цяжка глядзець на птушак, многія з якіх у няволі развучыліся лятаць. Мы нават раздалі ім частку сваёй калекцыі камянёў, што збіралі ў розных краінах. Птушкі, якім пашчасціла знайсці камень са сваёй радзімы, праглынулі гэты каштоўны падарунак і захавалі назаўсёды ў сваім валлі. Мы бачылі кракадзілаў, бегемотаў, розных грызуноў, толькі коней нідзе не было. Ты неяк крыху спахмурнеў, вочы твае, якія заўсёды прыцягвалі святло, сталі цьмянымі, нібыта хтосьці задзьмуў іх, як свечку. Жартаўлівая бойка маленькіх медзведзяняткаў цябе крыху ўсцешыла і павесяліла. Іх бацькі распавялі нам, што гэта іх першае патомства, і што толькі дзякуючы сваім дзеткам яны адчулі сябе ў гэтым чужым горадзе, як дома.

Нешта надзвычайнае лунала ў паветры. Відаць, не выпадкова поўня прывяла нас у гэты горад. Ты сядзеў перада мной і глядзеў на набліжэнне захаду. Я імкнулася зрабіць усё як мага хутчэй, пакуль было дастаткова святла. Імпрэсіяністы заўсёды малявалі памежныя станы, і толькі зараз я зразумела, як гэта цяжка: злавіць тваю ледзь заўважную ўсмешку і глыбокія вочы, у якіх люструецца жоўтае сонца, што паступова сыходзіць на другую частку зямлі, пакідаючы свой цёплы след на даху заціхаючага горада.

Маленькі пэндзаль быў зроблены з маіх валасоў, а вялікі – з тваіх. Фарбу для малюнкаў я збірала ў самых дзіўных месцах: парцалянавы блакіт Чорнага мора, шэраружовая галька – Азоўскага, таматна-памаранчавы сок Мексікі, цёмны колер піва Гінэс, празрыстае чэшскае шкло, чорны дождж Лондана, бездакорны белы – Барселоны. Фарбы захоўвалі подых і дух тых мясцінаў, з якіх былі прывезеныя, а таму і малюнкі звычайна дыхалі нейкай шматнароднай традыцыяй. У іх зліваліся гарачыя іспанскія рытмы, ірландская народная весялосць, шум мора, святочнасць Рыо, англійская суворасць, чэшская сціпласць – яркія вясёлкавыя пералівы ўсіх часцінаў свету.

Для партрэту я абрала цёплыя карычнева-жоўтазялёныя колеры: аліўкавыя ўзгор’і Харватыі, ахрыстае сухое лісце Карпатаў, пяшчотна-салатавае першае цвіценне крымскіх падгор’яў, а таксама светла-шэры Свіцязі для тваіх вачэй. У салёнай вадзе заліву гэтыя фарбы рабіліся яшчэ больш выразнымі і лёгка клаліся на тканіну аповеду. І вось пасярэдзіне подыху, паміж расплюшчанымі і заплюшчанымі вачыма, пасля сонца і перад поўняй, на пераходзе ад святла да цені, на самай мяжы сяброўства ды кахання выявіўся твой твар, подобны хутчэй на сімвал бясконцага пераўтварэння інь у янь.

Пакахай мяне, калі ласка… (зборнік)

Подняться наверх