Читать книгу Пакахай мяне, калі ласка… (зборнік) - Коллектив авторов, Ю. Д. Земенков, Koostaja: Ajakiri New Scientist - Страница 14

Ганна Кандрацюк
Час райскага пеўня
Падляшскія аповеды
Дзірка ў неба

Оглавление

На месцы старой хаткі Макаркавай Гапкі асталася глыбокая яма. Без раслінаў і жыцця, як у пустыні. Сярод шэрай патрэсканай гліны валяецца дзіравы чобат. Ля паваленага, гнілога плота бачу прыладу з часоў сярэднявечча – драўляны гарпун. У заваленай студні плавае мёртвы пацук.

– Каго так шукаем, га? – як з-пад зямлі на забытым панадворку з’яўляецца аброслы асобень. Страшнавата, калі падыходзіць бліжэй.

– Я таго… – чамусьці займае мне мову, – я-я фатаграфую… Мой фотааб’ектыў накіроўваецца ў бок сухога дуба, на які пачэпленыя стужкі, ручнікі і ўсякія чарадзейныя латкі.

– Гэта прыватная тэрыторыя! – асцерагае мяне незнаёмы, а я адчуваю, як нейкая сіла вырывае фотаапарат у мяне з рук.

* * *

Генік Макаркаў, той аброслы асобень, першы заводзіць гутарку. Кажа, што любіць дзяўчат, якія яшчэ ўмеюць гаварыць па-свойму.

– Прабач мне, што такі непабрыты, – кажа пра свой нясвежы выгляд. Пасля пакажа сваю гаспадарку: гэта мой кот, гэта мой ровар, гэта мая крапіва. Сярод буйной крапівы, якая разраслася на панадворку, выглядае яшчэ матацыкл «Ява», сапсаваны дваццаць гадоў таму.

– Няма для каго мне старацца, – быццам на апраўданне кажа стары кавалер. Сапраўды, ахвота выбівацца ў людзі даўно пакінула майго субяседніка. Больш цягне яго ў бок лесу. Праз чарапіцу ягонай мураванкі прабіваецца бяроза, якая вырасла ў запушчаным пакоі. Хлявы і стадолу Генік парубаў на дровы і спаліў у печцы ў часе калядных маразоў.

– Сястра ў Беласток забраць мяне хацела, – успамінае, – намаўляла каб палячам[1] уладкаваўся, каб новае жыццё завёў. А не як той дзікун па руінах туляўся.

Але Геніку напляваць на тыя гарадскія падвалы:

– У мяне хоць чыстае паветра ёсць!

Пра ежу не клапоціцца. Два разы ў тыдзень давозяць яму пашу з сацыяльнай дапамогі.

* * *

Неахайнасць, абыякавасць да сябе самога ў Геніка падазроная, на кіламетр чуваць ягоную моц і ўмеласць зачараваць ад галавы да ног. Гэта маскіроўка. Хоць сам Генік Макаркаў клянецца і божыцца, што не ведае чараў, усе ў Н. кажуць адно – менавіта ён «нешта ведае»! У бары «Амазонка» называюць яго Кашпіроўскім.

– А як дакранецца да галавы, то пронд па спіне ідзе, – кажа барменка Алька. І раіць, каб не страціць розуму ў яго прысутнасці. – Бо то такі балдун, што… о-го-го!

Генік – унук Гапкі Макаркавай.

– Калі ў каровы малако прападзе, або калі конь знаровіцца, то да яго з цэлага свету едуць па раду, – кажа баба Сонька. Пад лозунгам «з цэлага свету» мае на думцы сваю парафію, у якой пяць вёсак.

– А ёсць у Н. хоць адзін конь? – пытаю.

– Нэма, нэма! – чую ў адказ.

Калі размова пра жывёлу, у аздараўленні якой спецыялізуецца Генік Макаркаў, дык у Н. зусім няма для яго выклікаў. У хатках, дзе дажываюць самотныя ўдовы, асталіся адныя каты, пахрышчаныя імёнамі герояў тэлесерыялаў. Час ад часу трапіцца авечка або курка з пеўнем. Лясная звярына, якая шакіруе і наводзіць зайздрасць у суседніх вёсках, чамусьці шырокім кругам абмінае іх вёску.

Праўда, недахоп шкоды ад пушчанскіх дзікоў і аленяў аж пераеўся ў Н.

Страхоўкі ад гміны не выдубіш, наракаюць тут. Вядома, больш з перасцярогі, каб не пашкодзіць сабе залішняй хвальбой. Кожны ведае жалезны прынцып: калі табе добра – наракай!

* * *

Ніякія знакі на небе і на зямлі не прадказвалі нараджэння такога Геніка. На Гапку, ягоную бабулю, ніхто не звяртаў увагі, – яна замаўляла боль і немач як усе жанчыны з Н. Жыццё Геніка таксама не вылучалася і не адставала ад іншых. Будучы падшпаркам, з сакавіка па лістапад басанож ганяўся па брукаванай вулачцы, пасвіў кароў і авечак, пасля біўся як усе маладзёны на вясковых забавах. Хоць найстарэйшыя жанчыны ведалі… Генік не быў просты. Ён нарадзіўся як блізнюк, а гэта ў Н. гарантавала метафізічны поспех. «Будэ тое, шчэ будэ!» – шапталі з надзеяй старажылкі. Ужо быў адзін знак, хоць мала хто ведаў старыя прыкметы. Калі ў тры месяцы пасля нараджэння памёр раптоўна яго брат-блізнюк, уся падараваная сіла перайшла на адну галаву, значыць, на Геніка. Не дарма хлапец вучыўся на адны пяцёркі. Гэта таксама быў доказ: ён ведаў больш, чым ведаў! Хоць у той час ён сам нічога не ведаў і не хацеў ведаць, смяяўся з забабонаў і з замоваў бабулі, якая час ад часу ўпамінала духаў, расказвала пра малако кароў, якое забралі зайздросныя вочы.

Генік закончыў ліцэй і збіраўся паступаць на студыі. Марыў стаць адвакатам і, як бабка, дапамагаць людзям.

* * *

Пра моц Гапкі Макаркавай даведаліся адно ў дзень яе смерці. Раней яе магічныя практыкі лічылі звычайнай тут штодзёншчынай. Але баба Гапка не магла памерці. Што ні рабілі ў Н., каб выправіць яе ў лепшы свет! Спачатку маліліся дзень і ноч. Аднак малітвы не дапамагалі. Гапка ляжала на прыпечку і выла ад болю як воўк. (Чулі ў суседняй вёсцы.) Калі з’ехаў бацечка, у Н. прыгадалі стары спосаб. Трэба было вырваць дзірку ў страсе хаты. Гэтая практыка ледзь не закончылася смерцю першага выканаўцы. Калі падвыпіўшы Уладзік Максімкаў ускараскаўся на дах, яго раптам ірванула і нейкая сіла грымнула аб зямлю. Хлопец ляжаў без дыху і здавалася, што канчаецца.

Каб нешчасліўца вярнуць да жыцця, яго доўга шыкалі-калысалі ў квяцістай радзюжцы і шапталі замовы. Пасля паспрабаваў узлезці на дах яшчэ баявіты сусед Міцька. Яго таксама не дапусціла – як кажуць пра таемнае кіраванне ў Н. Адкрыць дзіру ў даху ўдалося аднаму Геніку, які быццам кот ускараскаўся на дах і без ніякіх перашкод выдзер патрэбную шчыліну.

Гапка Макаркава супакоілася і прызвала да сябе ўнука. Цяпер адна яна ведала, што рабіць, каб аблегчыць сваю смерць. Хоць не хацела такой долі свайму ўнуку! «Бачыла» свет, у якім людзі хадзілі як свінні, на чатырох нагах. Цікавіла іх адно: карыта. Словам – ніякага прэстыжу і гонару ад дабрадзейства не атрымае яе ўнучак! Але справа рабілася незалежна ад іх. Будучы адвакат сам стаў на калені ля смяротнай пасцелі і папрасіўся:

– Я ўжо гатовы, – сказаў паміраючай.

Гапка Макаркава доўга шаптала яму нешта на вуха. Памерла яна ў той самы вечар.

Усю ноч, як клянуцца старажылы, была поўня, вылі ваўкі.

1

Паляч (польск. palacz) – качагар.

Пакахай мяне, калі ласка… (зборнік)

Подняться наверх