Читать книгу Пакахай мяне, калі ласка… (зборнік) - Коллектив авторов, Ю. Д. Земенков, Koostaja: Ajakiri New Scientist - Страница 12

Зараслава Камінская

Оглавление

Каб любіць Юеларусь
Фрэска

Учора зноўку ішла па вуліцы з шэрымі дамамікаробкамі, спадчынай савецкага часу, і каля новай, пераробленай па еўрастандартах, крамы ўбачыла жабрака. То быў стары мужчына, мабыць, пенсіянер, які саромеўся нават працягнуць руку – проста трымаў поліэтыленавы мяшэчак і кардонны ліст з надпісам, чамусьці па-беларуску: «Памажыце». А крама ў гэты час «работала круглосуточно» і «сердечно приглашала»… Трэба быць моцным. Каб любіць Беларусь.

Сёння быў урок беларускай літаратуры. Зноў пераказвалі крытыку, бо ўласныя думкі не лічацца вартымі ўвагі. І няўжо нельга не прапагандаваць ідэалогію ў школьных падручніках і падбіраць цікавейшыя творы? Бо ствараецца ўражанне, што вывучаецца ўсё, абы было напісана па-беларуску. Але і гэта здаецца не надта дрэнным, калі прыходзіш на ўрок беларускай гісторыі і слухаеш доўгі, пераважна на трасянцы, пераказ старонак падручніка.

Трэба вучыцца самастойна. Каб любіць Беларусь.

Нядаўна стаяла на месцы, дзе знаходзіўся полацкі сабор Святога Стэфана. Яго ўзарвалі ў 1964 годзе, бо ён «псаваў выгляд» мясцовым жыхарам. Кіраўніцтва горада пасля выдзеліла 40 тысяч рублёў, каб вывезці смецце. Цяпер тут жылы дом з крамаю і кавярняю на першым паверсе. У гэтай кавярні дэфіцыт кіпеню і блакітныя пластмасавыя лыжкі, якія каштавалі 3 капейкі…

Трэба помніць усё. Каб любіць Беларусь.

Глядзела перадачу пра Амерыку. Тэлевізар спяваў пра камфорт, уласныя аўтамабілі, медыцынскую страхоўку, адрамантаваныя дарогі, багатых фермераў, агульны экзамен пасля школы, гімн, вядомы кожнаму грамадзяніну, і сцяг, якім усе ганарацца. Туды мараць эмігрыраваць шмат знаёмых, сябры жадаюць застацца тут…

Трэба зайздросціць. Каб любіць Беларусь.

Часта гуляю з сабакам, істотай небяспечнаю, бо заўсёды жадае палезці ў бойку з сабе падобным. Мы жывём на ўскраіне горада, побач з вёскай, дзе шмат вартавых сабакаў, якія сядзяць на ланцугах і чакаюць злодзеяў. І я заўжды баялася, што мая занадта смелая пачвара пачуе выццё і ўцячэ, каб пагрызціся з іншымі пачварамі. Але вясковыя сабакі брэшуць і ўначы, і ўдзень, ды Тарас не звяртае на іх ніякай увагі, яго больш цікавіць уласны хвост…

Трэба не быць на ланцугу. Каб любіць Беларусь. Гляджу на круты, падобны на лоб маладога шчанюка, бераг Дзвіны. Самой ракі не відаць – зіма схавала яе пад гладкі, бы магільны камень, і такі ж халодны, лёд. А наверсе – блякла-сіняе палінялае неба і чырвань галінаў, і хтосьці нябачны трусіць на зямлю белую кастрыцу. Гэта толькі здаецца, што хвалі спяць. Але чутны іх подых, шалёны шэпт, і бачны ўжо трэшчыны на магільным камяні. І дарэмна галосяць званы, бо прыйдзе вясна, абавязкова прыйдзе.

Я стаю на беразе Дзвіны і гляджу ў невядомую, туманную далечыню… А над маёю зямлёю – мо аблокі, мо шызыя крылы анёлаў.

У нас няма нічога, акрамя магілаў, але мы іх не вартыя. А трэба быць вартымі. Каб любіць Беларусь.

Полацкае эсэ

Подых ветру, у валасах павуцінне змяшалася з праменямі сонца. Спеў крыніц ля Сафіі гучнейшы за голас аргана. Кніга Арлова ў сумцы, «Наўтылус» у плэеры, поціск далоні, якога так не хапала ў Менску. Вандроўка з Горада Хіміі ў Калыску Духоўнасці. Прывітанне, улюблёны Полацк.

Рух – і змена. Подых – страчана нешта. Гляджу? Не, ёсць спадзяванне, што бачу.

Сонца ў небе ці сонца ў лужыне – выбары восені, дзе я – назіральнік. Колеры перамешаныя – чарната атрымалася крылаў вароны. Узмах – расплёхнутыя фарбы, і разляцеліся па свеце чырвань і барва, нябёсаў блакіт, дзе бель аблокаў сушыць Усявышні.

Музыка грае: не чутна званоў з-пад зямлі – месца сабору Святога Стэфана занятае крамай. Раней у цэрквах ішоў гандаль, цяпер – над цэрквамі.

Рука жабрака на пагосце атрымала кроплю дажджу ад нябёсаў: солі няма ў ёй – таму хлусня, што гэта нечыя слёзы.

Месцы, з дзяцінства знаёмыя, перад вачыма.

Помнік Францыску Скарыну, Полацкай Ефрасінні і Сімяону – традыцыя шанавання нябожчыкаў, лялька для «годных» нашчадкаў. Побач – помнік для літары «У нескладовае».

Хутка хаўтуры?

Рэшткі манастыра бернардзінцаў побач з вар’ятняй. Плот з дошак і дроту – гэта не мяжа, мяжа ў сэрцах. Ніводнага гуку – панаванне жалобы, што стала чутней за былыя малітвы. І адчуванне нясцерпнае, што нехта за сценамі побач канае, і чакае спацелае цела зямля, што прыліпла брудам да ботаў.

Цень на зямлі – змроку кавалак, напамін пра Уладзіміра-Сонейка. Кананізаваны забойца – рукі ў крыві Рагвалода. Вусны ў пацалунках Рагнеды…

У горадзе амаль усе цагліны з крыві паганцаў, схізматаў, габрэяў, паўстанцаў. І кроплі гэтай крыві выступаюць цяпер з цаглінаў. Ці мо дождж?…

Мятла дворніка гуляе ў лістападзе: сухія галіны падхапілі лісце дрэў з брукаванай дарогі, прытулілі, бы ўласныя, і кінулі. Гульня ў жыццё, успаміны… Зноў праца. Мары не вартыя таго, каб адпраўляцца да часу на сметнік.

Ліст дубу схавала ў кішэню побач з грашыма – маленькі гербарый гараджанкі.

Барысаў камень. Крыж-заваёўнік – шнар на святыні язычніка. Мая рука на крыжы. Не чую цяпла, толькі холад у камяні хрысціянства…

У Менску знайшла ліст дуба ў кішэні – вітанне ад Полацка ці на шлях дадому квіток?

Пакахай мяне, калі ласка… (зборнік)

Подняться наверх