Читать книгу Пакахай мяне, калі ласка… (зборнік) - Коллектив авторов, Ю. Д. Земенков, Koostaja: Ajakiri New Scientist - Страница 13

Ганна Кандрацюк
Час райскага пеўня
Падляшскія аповеды
Царскія хаўтуры

Оглавление

Юрка Карасюк памёр нечакана для сябе самога. Памёрлы са здзіўленым тварам сядзеў на лавачцы тры-чатыры гадзіны і не прыцягнуў нічыёй увагі. Першым убачыў яго дурны Яшка, які доўга таптаўся ля нябожчыка і прасіў папяроску. Пасля лётаў ад хаты да хаты і прадказваў нейкі баль. У бок дурнога ўдовы пасылалі дулі або затыкалі яму рот скібкай пірагу з цукрам.

Пад вечар Карасюка знайшла маці.

– Што сядзіш як затычка ад пекла, – накрычала спачатку старая.

Пасля на вуліцы, рыхтык як у пажар, пачуўся пранізлівы бабскі віск. Гэта быў пачатак вялікага зрыву, які тры дні і тры ночы панаваў у Н. і які, без сумнення, можна назваць найбольшай падзеяй за апошнія дзесяць гадоў.

* * *

Праз дваццаць хвілінаў у Н. зноў пачулі рык. Гэтым разам па брукаванай вулачцы імчала «хуткая дапамога». Не ўсе паверылі ў смерць Юрася Карасюка, нават тады, калі лекар пацвердзіў на паперы скон.

Але пайшлі ўжо ў рух тэлефоны, бабулі званілі сваім дочкам, тыя, у сваю чаргу, перадавалі навіну далейшым сваякам і знаёмым ды ўсім хросным дочкам і сынам, якіх асіраціў Карасюк. Звестка пра здарэнне ў дрымучай і забытай вёсачцы на працягу першай гадзіны даляцела ў Аўстралію.

Нейкія дзве гадзіны пазней, сярэдзiнай вуліцы, басанож, імчала Шурка С. Удава толькі што ачуняла ад двухтыднёвага запою.

– Ах, мой саколік! Мой родненькі! Для каго ты нас бедных пакінуў?! – луналі пад неба яе журботныя галашэнні.

Пад уплывам ляманту, які выклікаў дрыжыкі на спіне і наклікаў плач, у вёсачцы зараўлі дзве апошнія каровы.

Аднак да гэтай пары дзве найстарэйшыя ўдавы паспелі ўжо памыць мерцвяка. Апранутага як на шлюб Юрася, з кальцом са штучнага золата, паклалі на покуці.

– А я дапільнавала, каб ніхто вады не свіснуў, – скажа пасля ў таямніцы старажылка Сонька Ш.

У Н. ведае стары і малы (хоць тых апошніх, як на лякарства), што ля хаўтур труцца аматары чорнай магіі. Самым вялікім для іх выклікам ёсць пакража вады, у якой мыюць нябожчыка.

– Такой вадой лёгка чалавека або жывёлу са свету звесці, – асцерагае добрая старажылка.

Пасля апошняй звесткі я адлятаю на Філіпіны.

* * *

Раніцай, недзе ў сем гадзінаў, над вёсачкай зноў пачуўся адчайны віск. У гэты раз калолі парсюка пад памінальную абедню. Яшчэ ўначы, калі бабулі сядзелі ля пакойніка і пяялі яму «Кажут людэ, што я ўмру», чыталі галашэнні са старых сшыткаў, у якіх перапісаныя хаўтурныя творы, актывізавалася мужчынская талака. Старыя кавалеры, у тым ліку Ёзік Дрозд і Слава Касцюк, пазлівалі з усіх бунькаў брагу, якую знаходзілі ці то на печы, ці то ў кацубніку пенсіянераў, і выгналі тры вёдры самагонкі. Раніцай пагналіся яшчэ ў лес і насеклі поўны воз фашыны, якой выслалі панадворак памерлага. Каб прыгожа пахла.

З раніцы да вечара ў Н. панавала небывалае ажыўленне. У гэты дзень наймалодшыя элеганткі адправіліся ў мястэчка, каб зрабіць перманентную завіўку. Вядома, паводле афіцыйнай версіі, кабеты спяшаліся па жалобны вянок – такія аздобы заказалі, здаецца, з кожнага двара.

На смерць Юрася Карасюка адгукнуліся і ўласнікі аб’язных крамаў. Апрача хлеба і цукру прапанавалі яны лампадкі, пластмасавыя букеты з надпісам «Ostatnie pożegnanie», чорныя бабскія калготы.

* * *

Пасля абеду, у час, калі завяршаецца працоўны дзень, у Н. пачалі з’язджацца гарадскія сваякі. Машыны імчалі адна за адной, а потым іх можна было сустрэць ля кожнай старэнькай хаткі, рыхтык у Вялікдзень. Праўда, пасля ўскладвання ля труны кветак або вянка, многія адразу вярталіся ў горад на начлег. Толькі старажылкі і найбліжэйшая сям’я – сёстры, браты і маці, трымалі ўсю ноч варту ля нябожчыка.

– Няма большага гора, чым пахаваць дзіця, – каментавалі па баках лямант і роспач маці, якія ўспыхвалі прыблізна сем разоў на гадзіну.

Час ад часу ўзрываліся спантанныя галашэнні і сярод аднавяскоўцаў. У гэтай справе ярка вылучалася згаданая ўжо ўдава Шурка С. У галашэннях успаміналіся толькі станоўчыя рысы памерлага. Сам Юрась, каб жыў, дык дзіваваўся б гэтым раптоўным і квяцістым захапленнем ягоным пройдзеным шляхам. У жыцці па-рознаму бывала, асабліва ў апошнія дваццаць гадоў, калі на маразм і дэпрэсію, выкліканую пастаяннымі пахаваннямі, у Н. мелі адно лякарства – запой. Але Юрась і тут меў сваю шляхетную місію.

– Нават у час, калі стаў лізаць дэнатурат, меў ён свой людскі клас, – скажа пасля Ёзік Дрозд. – Ён уставаў з-за стала або з лаўкі на зважай і прапаноўваў не банальны тост: За шчасце і волю беларусаў!

Гэты тост новапрадстаўлены Георгій меў пачуць яшчэ ў часы дзяцінства ад свайго дзеда, балахоўца.

* * *

Праўда, мала каму з прыезджых падабалася, што Карасюка хаваюць свае людзі, значыць, вяскоўцы. Асабліва гарадскія круцілі насамі:

– Пахавальная фірма хавала б яго ў белых рукавічках!

Юрася Карасюка пахавалі на трэці дзень па смерці, калі з’ехаліся ўжо з цэлай краіны і з замежжа сваякі. Сама магіла напамінала піраміду. Аблажылі яе гурбой пластмасавых вянкоў, як пасля з зайздрасцю будуць паўтараць у Н. – як па нейкім епіскапе. Сам бацечка, з якім сям’я таргавалася наконт ганарару за пахаванне, назначаную суму аргументаваў словамі: «Я ж яго як самога цара вам пахаваў!»

Афіцыйныя хаўтуры закончыліся рытуальным спажываннем канону і шчодрым абедам, які цягам двух дзён смажылі і гатавалі сваячкі і знаёмыя – таксама дружнай талакой. Цягам гадзіны на сталы паставілі звыш пяцідзесяці мясных, рыбных і салодкіх страў. Былі галубцы і першасныя каўбасы, адбіўныя катлеткі і бігас, селядцы і рыба на пяць спосабаў, салаты з гародніны і экзатычных пладоў, пончыкі і далікатныя пірагі з крэмавымі і шакаладнымі начынкамі.

Пры стале, згодна з традыцыяй, выпілі па тры кілішачкі, а потым усе разышліся па дамах.

– Які слаўны погжэб вы Юрасю справілі, – гаварылі на развітанне ўдзельнікі сумнай гасціны.

Яшчэ ў той самы дзень у хаце пакойніка жанчыны спалілі смецце і памылі падлогу.

* * *

Памінанне новапрадстаўленага працягвалася пасля ў наваколлі бара «Амазонка». У спітай кампаніі ўсё выхвалялі шляхетнасць і непаўторнасць памерлага. Дзеля апошняй справы пайшлі ў рух згаданыя ўжо тры вядры самагонкі, якую распівалі-выпівалі калейкай, парцалянавай філіжанкай без вушка. Тут жа адбывалася і свайго роду тусоўка са смерцю:

– Цяпер чарга дайшла да мяне, – роў дзікім голасам Ёзік Дрозд. Яго змрочную перспектыву меў прадвяшчаць апошні сон. Менавіта Дразду, як першаму, прысніўся мярцвяк. Юрась ехаў фурманкай па вуліцы і спыніўся каля яго хаткі. Зрабіў каля сябе месца і рукой заклікаў да сябе.

– У нас добро, вясёло, – заахвочваў калегу прысесці побач. Сон Ёзіка разгадалі ў Н. адназначна, з-за чаго налівалі яму большыя дозы самагонкі.

Адчайная п’янка, у час якой мяшаліся слёзы і песні кшталту «Тапаля-тапаля», доўжылася яшчэ два тыдні. Ніхто не прыкмеціў, як памерла старая Палашка. Яе хаўтуры не цікавілі кампанію.

Палашку пахавала фірма ў белых рукавічках!

Пакахай мяне, калі ласка… (зборнік)

Подняться наверх