Читать книгу Пакахай мяне, калі ласка… (зборнік) - Коллектив авторов, Ю. Д. Земенков, Koostaja: Ajakiri New Scientist - Страница 15

Ганна Кандрацюк
Час райскага пеўня
Падляшскія аповеды
Час райскага пеўня

Оглавление

Было такое! – чырванее Антоша Круп. Гісторыя дурненькая, і гэта добра разумее сам герой, і таму пра здарэнне распавядае выключна ў п’яным выглядзе.

Злосныя языкі бачаць тут яшчэ выяўленне варажбы з удзелам курэй і пеўня.

Бо «цырк» разыграўся ў каляду кітайскага Года Пеўня, значыць, у магічны дзень, як наша Гагатуха.

– Пожывэм-побачым! – уздыхае Антон Круп. – Будэ відно…

* * *

Яшчэ нядаўна Антоша Круп карыстаўся заслужанай славай першага Казановы і Дон Жуана ў Н. і нават у парафіі. Прытым яго любімым заняткам, апроч эратычных заваёваў, была і ёсць гадоўля курэй. Ён гадзінамі мог выседжваць ля акна і скрыта любавацца сваімі курачкамі і пеўнем. Антошка ў пэўным сэнсе паўтараў рытуал продкаў. Яго прабабка Параска ніколі адкрыта і шчыра не дазволіла зірнуць на сямейнае хараство, а ў хвіліны захаплення шаптала закляцце тыпу: «Соль табе, Парасачка, у вочы!»

Антоша не раскідаўся соллю, хоць заўзята чытаў магічныя часопісы кшталту «Gwiazdy mówic» ды вульгарна-салёную парнуху. Апошняй не ўдзяляў увагі і замест таго, каб упрыгожваць ёю сцены, як старыя кавалеры ў Н., кідаў у сметніцу, дзе і валялася яна разам з лучынай і паленамі, падрыхтаванымі для падпалкі.

Вось і ў вілею Года Пеўніка Антоша Круп сядзеў каля вакна з кубкам кавы «Sido» і хваляваўся за лёс планеты. Карацей, ён чытаў у апошнім нумары «Wróіkі» пра апакаліпсіс і жахлівае цунамі ў Тайландзе.

– Ку-ка-рэ-ку! – запеў, неяк дзіка, Прыблуда.

Антоша зірнуў на сваіх курэй, заўсміхаўся і далей патануў у катастрафічную літаратуру.

Кукарэканне паўтарылася.

Пасля гадзіны кудахтання, кукарэкання і запявання, якое Антошу напамінала чамусьці музыку рэп, гаспадар прыкмеціў сцэну. Насупраць адно аднога стаялі Юха з Прыблудам і змагаліся быццам рыцары на турніры. Аднак, што здзівіла Антошку, паводзілі сябе як пацыфісты – не біліся і не дзяўбліся, а толькі кукарэкалі – хто галасней! Да ўсяго, вядома, прыглядаліся куры, якія стаялі ў бяспечнай адлегласці і кудахталі, быццам публіка на трыбуне.

– Нейкая аранжавая рэвалюцыя ў мяне на панадворку? – падумаў Круп і ад уражання туды-сюды захадзіў па сваёй прасторнай кухні. Змаганне на кукарэканне, здалося яму, трывала без канца. Сам Круп, не ведаць калі, зрабіўся балельшчыкам матча і перажываў – як гэта ўсё скончыцца?

Наўздзіў – перамог Прыблуда! Райскі пеўнік, які з’явіўся невядома адкуль і навошта ў адзін летні вечар.

Чорны конь турніру, значыць, чырвоны певень Юха, з самавітым, як вяргіня, грэбенем, прыняў да ведама свой пройгрыш і адышоў за кацубнік, а пасля і зусім прапаў…

Антоша Круп нават пашкадаваў ветэрана, хоць яшчэ больш сябе, што не паспеў зарубіць Юху і згатаваць булён.

* * *

Два тыдні пазней ноччу ў Н. успыхнуў перапалох. Толькі цяпер выявілася, што ў старой хаце Касцюкоў зноў аб’явіўся д’ябал, значыць, нячысцік жыве там ад 13 студзеня 1972 года. Тады менавіта мясцовая кавалерка, за намовай чароўнай паненкі Ані Касцюк, наладзіла ў Гагатуху спірытычны сеанс. Моладзі пашанцавала выклікаць здань, з якой сям’я змагаецца ўжо трыццаць тры гады. Д’ябал, як вядома, не спіць, ды час ад часу закрадаецца ў новую хату і вычварае фокусы. То зжарэ бульбу з каструлі, то разалье ваду з вядра на дываны, то раскіне пер’е па чыстым пакоі і мэблі. Што ні рабілі Касцюкі, дзе не падаваліся за дапамогай, няма спосабу. Не дапамагаюць чарадзейныя замовы, ні бацечка са свянцонай вадой, ні партрэт Сталіна, які памерлая бабуля Прузына выразала з падручніка беларускай мовы 1952 года і павесіла на покуці, накрыўшы рытуальна «выцінанку» абразком святога Юр’я. Яшчэ летам 1972 года Касцюкі запісаліся ў партыю, атрымалі беззваротны крэдыт ды мігам пабудавалі белую мураванку. Праўда, злыдзень упадабаў сабе больш традыцыйную архітэктуру, і, як кажуць, жыве сабе як пан у старой хатцы. Ніхто дакладна не ведае, як маюцца яго справы – на ўсякі выпадак людзі з бояззю жагнаюцца, калі пераходзяць побач сядзібы Касцюкоў, вядомай ужо ў народзе як «Чортаў Хвост».

Вось, у першы дзень Года Пеўня, Пётр Касцюк, як заўсёды, пайшоў у старую хатку, каб зачарпнуць асыпку для быка. Нягледзячы на гады сужыцця з нячысцікам, Пётр баяўся абіваць парогі старой хаткі. Цяпер таксама дзеля адвагі ён мармытаў пад носам песню: «Ты мяне над крыніцаю…»

Пётр насыпаў з каробкі асыпкі і ўжо пераступаў парог, як раптам… грук! Касцюк азірнуўся і… здранцвеў. З коміна вылазіў чырвоны певень, з грэбнем, як вяргіня.

Як заклінаюцца ў Н., Касцюк прастаяў на адным месцы да вечара.

* * *

Хто ведае, які быў бы далейшы лёс Пеці Касцюка, каб не адна трагедыя. У першы дзень Года Пеўня, дакладна 9 лютага ў 17 гадзінаў 52 хвіліны, загарэлася клуня ва ўдавы Шуркі. Тут трэба адзначыць, што Пётр Касцюк – першы ў акрузе пажарнік-добраахвотнік. Хоць у Н. ад урочышча Касцюкоў тры кіламетры, Пётр з’явіўся раней, чым Арлянская пажарная каманда. Праўда, злыя языкі даказваюць, што арлянскія пажарнікі прыехалі апошнімі не з-за ляноты і бязладдзя, а толькі з за палітыкі войта, які пазамыкаў на тры ключы пажарныя машыны. Хлопцы і дзяўчаты (там працуе таксама жаночая каманда) пакуль рушылі ў бой, мусілі разбіць сцяну дэпо.

Ніхто не ведаў пра здарэнне ў старой хатцы Касцюкоў (сутыкненне фактаў наступіць 25 лютага, у дзве гадзіны ночы, перад згаданым ужо тэлефонам-запрашэннем!), але тады наш Пётр, як сам пажар, кідаўся на дваццаць кіламетраў у вочы. І, вядома, на языкі агню. Шырокая публіка, што ўміг з’ехалася на машынах з усёй гміны, шаптала, што ў Касцюка ўступіў сам чорт. Ён першы кінуўся ў агонь і як кот скакаў па сценах, па вышках, па ентках. Выгружваў з занятай агнём клуні старыя цапы, хамуты, капанькі… І хоць старой стадолкі ўдавы не пашанцавала адратаваць, Пётр Касцюк быў узнагароджаны. Пасля пажару ён зайшоў прысыпаць соллю свежа апараныя рукі ў гасцінную хатку пацярпелай гаспадыні. Як даказваюць зайздросныя языкі, чуллівая ўдава па сённяшні дзень займаецца лекаваннем нашага героя.

Паводле іншых – збылося ТОЕ, што паказалі на панадворку пеўні. Яшчэ да пажару, значыць, да апошняга дня кітайскага Года Малпы, пані Шурка найахвотней лекавала Антошу Крупа.

* * *

Вось яшчэ інфармацыі з апошняй хвіліны: калі ўчора я зноў наведала Н., выў вецер і скрыпеў пад нагамі снег. Антоша Круп ішоў усёй шырынёй вуліцы ў расхрыстанай фуфайцы, без шапкі і шаліка ды ваўкавыйна заводзіў: «Белым снего-о-о…»

Між песнямі ён балбатаў пра канец свету і пра першую інвестыцыю за еўрасаюзныя залатоўкі:

– Kуплю пісталет і заб’ю курву!

Цяпер у Н. не спяць па начах і гадаюць – каго менавіта заб’е Антоша К.?! Адны кажуць, што найперш расправіцца з подлым сапернікам, другія – што з нявернай удавой, трэція – што застрэліць іх абодвух, злоўленых у момант лекавання?

Пакахай мяне, калі ласка… (зборнік)

Подняться наверх