Читать книгу Пакахай мяне, калі ласка… (зборнік) - Коллектив авторов, Ю. Д. Земенков, Koostaja: Ajakiri New Scientist - Страница 4

Вольга Бабкова
Дом на Пярэспе
Аповед

Оглавление

Кожны вір мае свайго вадзяніка…

З міфаў Бацькаўшчыны.

Дом рос як на дражджах. Ужо нават мала хто са старажылаў мог прыгадаць невялікі лапік зялёнай пусткі вільготнай зямлі, што колісь дружна абыходзілі, спускаючыся з прыступак сваіх пад’ездаў, каб не змачыць у твані спрытныя зранку ногі. Сцежкі ды бітыя тымі ж нагамі шляхі крэслілі навокал утравелага квадрата мудрагелістыя кругі ды стрэлы, абмінаючы і не дасягаючы зялёнай пустэчы, заціснутай з усіх бакоў старымі пяціпавярховікамі. Трава тут буяла па пояс, а каму і па воспінку на руцэ, пад нагамі хлюпала, а сінія ды брунатныя стрыблі садзіліся блізу не на самыя шчокі. Яшчэ кажуць, летнімі вечарамі падымалася над гэтым месцам лёгкае воблака туману, якое, будучы асветленым навылёт кухоннымі ды іншымі вокнамі блізкіх дамоў, клубілася над цёмным месцам, нікуды не распаўзаючыся і праз ноч не знікаючы. З долу халаднаватымі зоркамі паглядалі ўгору праз аер надзвычай зыркія незабудкі, якія так любяць квітнець на мокрадзі.

Будаваць пачалі на пачатку восені. Жалезныя магутныя машыны абляпілі пустку з усіх бакоў, ушчаўшы зранку да позняй ночы страшэнны лязгат і калатнечу. Шкло пазвоньвала ў шыбінах дамоў, зямля гула пад коламі цяжкіх механізмаў. Неўпрыкмет на месцы былой пусткі ўзнік адпаведных памераў катлаван. Тлустая чорная зямля цяжкімі пластамі плюхалася з каўша экскаватара ў корабы грузавікоў, і тыя, буксуючы ў гразкім бездарожжы, перакошаныя ад ношы, цягнуліся адзін за адным кудысьці за край горада. Пасля іх замянілі на больш магутныя машыны, і неўзабаве на месцы былой зялёнай роўнядзі зеўрыла ў нябёсы глыбокая чорная яміна-катлаван.

Неспадзеўка пачалася на золку наступнага дня. Пабуджаныя нечаканай цішынёй, жыхары блізкіх дамоў наўздзіў пачулі ў сваіх пакоях свежы водар ракі. Катлаван быў амаль на палову запоўнены вадой, у якой адбіваліся халаднаватыя цені аблокаў. Вады было дастаткова, каб восеньскі ветрык утвараў на яе серабрыстай паверхні лёгкі зыб. Праз некалькі дзён вады ў копанцы пабольшала, і разгубленыя будаўнікі, адклаўшы на час свае чарцяжы ды праекты, паглыбіліся ў вывучэнне старой мапы, што замовілі са сховішчаў блізкага ад месца здарэння архіва. Рэчышча старой ракі, як сведчыла мапа, праходзіла на значнай адлегласці ад будоўлі, але ж крыніцы ўсё яшчэ бруіліся глыбока пад зямлёй, жывіліся нябачнымі токамі. З вышыні птушынага лёту квартал гэтай часткі горада амаль супадаў з выявай на старой архіўнай мапе. Паабапал ручва высахлай ракі раслі магутныя вязы, купіны буйной расліннасці прыходзілся на крынічныя мясціны, зрэзаныя пагоркі ўсё адно цягнулі ўгору cтаптаныя макаўкі.

З якога такога арэшка струменіла нябачная вада, але ж гіганцкія помпы не здолелі даць ёй рады. Хіба што, счакаўшы, калі ўзровень вады трохі памяншаўся, натурыстыя далакопы коштам вялікіх намаганняў утыркнулі-такі на дно бетонныя палі і сталі чакаць маразоў.

Лістапад выдаўся сцюдзёны ды празрысты, як шкло. Пахукаць – запацее, упусціць – расколецца на шмат вострых аскепкаў. Маразы надышлі, не раўнуючы, – калядныя. Ваду ў катлаване скаваў да самага дна свежы лёд. Цяпер карціна будоўлі выглядала надзвычай фантасмагарычна. Пасярод роўнай, амаль шкляной паверхні, тарчалі самотныя шэрыя палі, бы калоны ад храма даўняй антычнай эпохі. На колькі дзён, пакуль падвозілі матэрыялы, мясцовыя дзеці акупавалі гэтае нязвыклае месца для гульні на каньках у даганялкі і хованкі на лёдзе паміж «калонамі».

З дапамогай расшыральнага бетону ўрэшце замацавалі пляцоўку, і далей справа пайшла надзвычай хутка. Ужо да сярэдзіны наступнай восені на той самай пустцы ўзвышаўся над дахамі шэрых дамкоў стромкі белы хмарачос на адзін пад’езд, падобны адначасова на вежу і чымсьці на карабель, гатовы вось-вось скрануцца ды рушыць у самотнае плаванне.

* * *

Соня пад’язджала глядзець на сваё новае жытло, яшчэ калі ў доме ішлі абліцовачныя работы. Пад нагамі шкамуцела будаўнічае смецце. Свежы пыл зацярушыў навюткае шкло квадратовых вокнаў; пакрыў шэранню каляровы глянец кафлі. Карцела падняцца на свой паверх, зазірнуць у кватэру, а то і пастаяць на гаўбцы, паўглядацца ў краявіды. Так агоркла ўжо тулянне па інтэрнацкіх заканурках за пяцігоддзе жыцця ў сталіцы. Усяленне ў новы дом планавалася на вясну наступнага года. У гэтым быў пэўны знак. Вясна распачынала новы парадак, і ў Сонінай галаве складаўся новы расклад на жыццё. Хацелася б усё пачаць ад чыстага аркуша, адпрэчыцца ад уласных забабонаў, старых дачыненняў. Яна прагла адчуць сябе вольнай ад сваяцкіх надакучлівых умяшальніцтаў ва ўласнае жыццё, дакорлівых поглядаў бабкі Ядзі, адчужанасці старэйшай сястры. Калісьці вялікая іх сям’я цяпер здрабнела ды патроху расцярушылася па свеце. Бацькі ўжо не жылі, і Соня сапраўды адчувала сябе засохлым карэньчыкам, ну хоць бы і шыпшыны, але ж жухлай, змарнелай, без цвету і водару. Баба Ядзя жыла непадалёк ад Менску, але бачыліся яны гады ў рады без імпэту і асаблівай цеплыні. Чаму? Часам Соні здавалася, што бабка мелася штосьці паведаць ёй, вачыма клікала бліжэй да сябе ды, здаецца, з гадамі губляла і розум, і памяць. У рэдкія апошнімі гадамі сустрэчы пыталася пра неістотныя для Соні рэчы, змаўкала ці-то спявала паціху нешта пра далёкую рэчку Дунай. Таму ў Заслаўе Соня ездзіла ўсё радзей і радзей.

Якая яна была, тая Соня? Няпэўныя рысы, размытае ўражанне. Яе ўнутранае жыццё, думкі неяк не супадалі з тварам, унікалі яго. Адбывалася разыходжанне, збівалася рэзкасць, губляўся фокус. Нібы яна і тут, а праявіць сябе, заявіць сваю прысутнасць не ў стане. Ходзяць дзве такія Соні на паўкроку адна ад адной. Усё мусіла перамяніцца з пераездам у новае жытло! Жыццё – нанова! Трэба было павыкідваць з галавы замшэлыя, слізкія камяні сумненняў, як бы вызваліць на волю з запруды хуткую плынь, павымятаць павуту сваіх ды чужых жахаў. Вызваліць душу для чагосьці сапраўды вартага.

Дом сустрэў першых жыхароў амаль у поўным маўчанні. Дзверы не рыпелі і не ляпалі, вецер загразнуў недзе звонку, не галосячы звыкла ў трубах. Адно гучна крапала недзе вада, быццам з незакручанага як след крана. Першыя ж гукі галасоў, што вымаўляліся пад час неабходнага знаёмства суседзяў на лесвічных пралётах, прагучалі як бы знутры якой студні – голасна, вільготна, з ледзь чутным водгуллем рэха. Соня была рада прычыніць за сабой дзверы ўласнай кватэры, бы адрэзаць кавалак таго густога калідорнага паветра, у якім як у ваце патанулі галасы будучых суседзяў па пляцоўцы.

Шпалеры для свайго пакоя Соня выбрала белыябелыя. Калі ўжо з новага аркуша, дык з самага чыстага! Хопіць азірацца. Тут у высотным доме так вабіць далячынь, якая праглядаецца ва ўсіх трох вокнах яе кватэры, яе хуткаснага лайнера пасярод аблокаў! Далей ад свайго мінулага жыцця, прэч насамрэч! І чым хутчэй, тым лепей. Каб заквітнець буйным цветам, трэба пусціць новыя карані, не шкадаваць вады, каб не перасохлі, адшчапіць змарнелыя старыя, каб новая кроў пацякла праз новыя пуцявіны.

Першая ж ноч на новым месцы прынесла Соні незвычайны спакой. Так глыбока і соладка яна не спала з маленства. Кладучыся, не забылася загадаць старое, з бабчынага: «На новым месцы хай прысніцца жаніх нявесце!» Прысніўся чыйсьці голас, але праз плюскатанне вады было не разабраць слоў. Пасля, прачнуўшыся, Соня вывудзіла з памяці пра сон яшчэ адзін пошум, які замінаў пачуць словы. Так калісьці шамацеў чарот, калі яе бацька рассоўваў вёсламі сухое сцябло, прабіраючыся да берагу скрозь густы зараснік. А яна, Соня, крышыла пальцамі варсістую рудую галоўку чарота, здзьмухваючы пасля з каленяў мяккі паветраны пух.

Апоўдні яна ўжо не згадвала пра голас, занятая ўладкаваннем свайго новага жыцця. Рэчаў было няшмат, ламачча і рыззё засталіся па старым адрасе. Усё з нуля, усё з чыстага аркуша! Адмовілася нават ад альбома са старымі фотаздымкамі. Тых людзей ужо даўно няма ў яе жыцці, унівеч абярнулася і памяць пра іх. Пакінула адно картку з бацькамі і немаўлём на руцэ. Не ведала толькі яе ці сястру, укручанаю ў коўдру, трымае на здымку маці. Міжволі падумалася пра тое, што маці трымае не проста скрутак з дзіцём, а лёс, які хтосьці ўклаў ёй у рукі. Прычым лёс пэўнага чалавека. Бо калі гэта сястра, дык гэта адзін лёс, а калі гэта Соня – дык зусім іншы.

Увечары, на пустой яшчэ кухні, Соня згатавала сабе зялёную гарбату. Пакуль тая настойвалася ў празрыстым цыліндрычным імбрыку, яе так моцна пацягнула на сон, што Соня разам з танцуючымі ў кіпені пялёсткамі язміну павольна апусціла голаў на рукі і правалілася кудысьці долу. Сон быў працягненнем явы, адно што свет гарбаты памяняўся нейкім чынам месцам са светам, у якім яна была дагэтуль.

Жыццё, якое віравала ўнутры, патанала і нараджалася кожную хвіліну нанова. Бурштынавыя ясвінкі святла праціналі тут і там густую слаістую прастору ды высвечвалі абрысы доўгіх цёмных сцяблінаў, што цягнуліся ўгору, падобныя на ножкі рачных жоўтых гарлачыкаў. Яны павольна разгойдваліся, калышучы зверху тое, што ў нас завецца небам. Нябачная апона затуляла гэты безбярэжны свет, кладучыся ценем на здзіўлены Сонін твар. Ізноў яе наведаў незвычайны спакой, нібы яна завітала ў госці да нейкага вельмі надзейнага сябра, які з гатоўнасцю прыняў на сябе ўсе яе турботы. «…тут, на том свеце, цяпер і заўжды…» шаптаў побач чыйсьці голас, поўны пяшчоты і спагады.

Апрытомнела Соня ад прыступу блізкіх ванітаў, бы яе хто кульнуў зверху ўгару нагамі ды напхаў поўны рот нейкай вострай драбязы, якая да таго ж яшчэ смярдзела пахам потных далоняў, што з квадранец часу шоргалі па парэнчах электрацягніка. Рот распірала, душыў металёвы пах, ваніты падбіраліся вышэй, і ўрэшце-ткі Соніна нутро скаланулася ды выпхнула з сябе ўсю непатрэбшчыну, пасля чаго, і праўда, ёй стала адразу вельмі лёгка. Збіраючы з падлогі, Соня прыгадала, што раней, па прыездзе ў кватэру, першае, што мусіла зрабіць, – сабраць у куце ды зліць у вадасцёк нейкую тваністую куламесу, бы рэшту засохлай ціны і водарасцяў, абцягнутых ледзь прыкметнаю плеўкаю. Скуль тое ўзялося ў новым доме, Соня даўмецца не магла. Хіба што будаўнікі прыцягнулі адкульсці на сваіх ботах, калі па нейкай там патрэбе прашкандыбалі па навюткім блішчастым паркеце яе пакоя.

Вясна ўсталявалася позняя, чым далей, тым больш мокрая: спачатку доўга таяў снег, пасля над горадам навіслі амаль нерухомыя, набрынялыя вільгаццю воблакі-цэпеліны, з якіх амаль без перастанку церусіў не па-вясноваму занудлівы дожджык. Паветра пахла нябеснай вадой упярэмешку з духам вільготнай зямлі. Вяртаючыся з працы, Соня найперш зачыняла фортку, з якой цягнула вільгаццю, але шчодры пах вады не знікаў з кватэры і праз усю ноч.

Новае жытло мала што змяніла ў Сонінай штодзённасці. Сястра па-ранейшаму адмоўчвалася, затое апошняя паездка ў Заслаўе да бабкі пасяліла ў душы шчымлівую пяшчоту. Старая, прытуліўшыся да яе на развітанне, раптам зашаптала, зазіраючы ў вочы: «Зафейка, ці памятаеш той грабеньчык, што ляжаў у нас на камодзе, то гэта ж яго Рагнеда згубіла, калі на кані праз роў скакала, а я яго і падняла. Во там тыя равы!», – махала рукой кудысьці ўбок. Бабуля – вядомая мудрагелька ды прыдумшчыца. З дзяцінства стаіць у Соніных вачах карцінка: баба Ядзя сядзіць жнівеньскім надвячоркам на ганку, узіраецца пільным вокам у край далягляду, услухоўваецца ў маўклівы ўжо без птушак сад, і сама сабе кажа весела так: «Лецейка-та – брык». Шмат чаго памятае Соня, не памятае толькі, з чаго тое сталася, што расцягнула іх усіх па розных кутах, сцёршы да белаты мінулае, пакінуўшы хіба адно горкае шкадаванне.

Ужо дома, выкладаючы з торбы бабчыны гасцінцы, на вочы трапіўся тэкст з газеты, у якую быў загорнуты кавалак заслаўскага цвёрдага сыру. «Паездкі ў Беларусь асацыююцца ў мяне з навуковай фантастыкай. Гэта нейкі сюжэт пра расшчапленне рэальнасці ці пра паралельныя сусветы. Я пачынаю разумець, што жыццё – гэта нейкая вадкая субстанцыя, якая можа набываць мноства розных нечаканых формаў…» Пісаў гэта вядомы «чалавек-аркестр» з Украіны, які быў праездам у Менску, і словы гэтыя чымсьці моцна ўразілі яе і зноў вярнулі памяць пра сны, якія апошнімі часамі трывала запанавалі над яе думкамі.

У гэтую ноч вільгаццю патыхала наймацней. Адчуваючы на сабе цёплы дотык коўдры, Соні тым не менш падалося на паўкроку ад засынання, што яна простатакі патанае, правальваецца ў мяккае воглае воблака, і раптоўная зеляніна шпалераў была апошнім, што здзівіла яе тут. А там ізноў быў спакой, цурчанне вады і раптоўнае дакрананне сухіх шурпатых вуснаў да яе, Соніных, крыху прыадкрытых у сне.

Прачнуўшыся, Соня ляжала, баючыся паварухнуцца, страсянуць штосьці ўнутры, таму што тое, што там цяпер знаходзілася, ціснула такім салодкім цяжарам, пякло такім нясцерпным агнём, што на хвілю яна перастала адчуваць свае межы. У сне хтосьці проста падышоў да яе і правёў далонню ўздоўж цела – па валасах, плячы, сцягну, па нагах, дакрануўшыся да самага мезінца. Пры гэтым другая частка цела заставалася халоднай і нямой на дотык, у той час як іншая залілася імгненнай гарачынёй. Чые гэта былі далоні Соні не было дадзена ведаць, таму што гэты хтосьці быў адначасова ўсімі яе знаёмцамі адразу. І тым не менш нейкі выразны ўспамін з мінулага проста прыціснуў яе да канапы.

Яны сустрэліся вачыма ў бібліятэцы і неяк адразу скіраваліся да выхаду. Была сярэдзіна восені, апошні яе цёплы дзень, і гарадскі краявід з акна, да якога яны падышлі не змаўляючыся, здзівіў абодвух. Дзве нерухомыя вялікія цёмна-зялёныя елкі завостранымі вершалінамі ўтыркаліся проста ў блакіт, ствараючы ўражанне маўклівых пірамідаў на тле адыходзячай на час прыроды. Карціна за акном рабіла дваістае ўражанне. Здавалася, што елкі са сваёй стромкай вертыкальнасці, не скранаючыся з месца, выпростваліся да кругагляду і ператвараліся ў шлях, указвалі напрамак. Трэба было проста задоўжыць на іх погляд, а, можа быць, гэта называецца змяніць гледзішча. Дарога клікала, і яны пайшлі на гэты покліч.

Пазней жыццё чыніла ім сітуацыі, калі змена арыенціра абрынала на іхнія плечы невядомыя дагэтуль адчуванні. У каго з іх першага зламаўся гэты каштоўны пачуццёвы механізм – невядома, але тады, калі, здавалася, свет належаў толькі ім, адбылася страта. Елкі з акна бібліятэкі яшчэ паказвалі шлях для абраных, але кожны з іх ужо вандраваў па сваім.

Соня ледзь перажыла той год. Зрабіла ўсё магчымае, каб вызваліцца ад успамінаў. Пераезд у новы дом быў адным са спланаваных крокаў у гэтым накірунку. Разлад у яе сям’і таксама, мусіць, быў водгуллем на гэта. (Як бы Соні ні хацелася так думаць.) Проста немажліва было тлумачыць сястры ды і старой тое, што ёй самой не ўкладалася ў галаве. Хацелася ўнікнуць усяго. З успамінаў таго перыяду найбольш выразным запомнілася пачуццё, калі даводзілася выходзіць у ноч з чужых асветленых пакояў. З якой асалодай твар акунаўся ў выратавальную немату. Цемра рабілася прыязнай, сваёй. Нарэшце можна было адпачыць, загаіць стаптаны цікаўнымі паглядамі твар.

Прахалода, якая цяпер амаль заўсёды панавала ў доме, была насамрэч патрэбна Соні. Жарсць і спакуса, гэтыя два пякучыя словы, з шыпеннем правальваліся ў нейкія сцюдзёныя воды, не пакідаючы нават бурбалак, ці, можа быць, адно бурбалкі і пакідаючы. Таму, прачнуўшыся пацалаванай, Соня баялася паварухнуцца. Каб не спужнуць, каб успомніць.

Тое, што пачало адбывацца з Соняй пазней, не мела для яе ніякіх тлумачэнняў. Чароды вобразаў цяклі ў яе душу амаль без перастанку, прынамсі, калі яна заставалася ў доме. (Хіба што апоўначы на кароткі час свядомасць вызвалялася, расцякалася спакойнай роўняддзю па-за ўласныя межы.) …Пад млынавы грукат да яе даносіліся галасы ўзброеных людзей. Змест гаманы было не ўцяміць, гаворка нагадвала птушыныя перагукванні. Варта было пасунуць галаву на падушцы трохі ўбок, і відзежа квітнеючай яблыні запаланяла сабой усю прастору яе пакоя (ці быў то пакой?). Дрэва, што ўвабралася ў самы росквіт, абтрасала ружовыя пялёсткі на цёмную галоўку малога пастушка, што сядзеў пад ім. Грукат млына раптоўна змешваўся з нарастаючым гулам падаючага з неба жалеззя, і пасля Соня ўжо не бачыла, але чула плач і стогн многіх людзей. Ізноў чула плюскатанне вады ды бачыла збялелыя вершаліны ўспоратага чароту, зялёныя пагоркі і горад на даляглядзе…

Аднойчы ўначы праз сон ёй падалося, што хтосьці пазваніў у дзверы. Соня дасюль не ведае, ці падхапілася яна насамрэч, ці ўсё адбывалася падчас яе сну. Але калі яна ўзялася за клямку, дык раптам зразумела, што адчыніць дзверы не здолее, а калі б і магла, то забаялася, што ўяўная вада вырвецца з яе кватэры навонкі ды проста змые начнога госця. І гэта было відавочна. Адно што ранкам Соня не магла ўцяміць, як жа сама яна магла знаходзіцца тут, да таго ж унізе таксама жылі людзі. Пасля той ночы Соня заўважыла змены ў сваёй кватэры. Яе белыя шпалеры пакрыліся тонкім, бы павуцінне, малюнкам, падобным на выявы вадзяных раслінаў, а пад босымі нагамі дзе-нідзе шамацеў белы рачны пясочак, бы хтосьці знарок рассыпаў змесціва шклянога гадзінніка. Соня баялася паверыць самой сабе.

Начны госць прыйшоў наступным разам. Сон аказаўся ў руку: на парозе стаяў чалавек з мінулага. Яе нарачоны. Раптоўная хваля радасці ледзь не збіла Соню з ног. Усё адбылося амаль з дакладнасцю да наадварот. Толькі цяпер гэта была зусім не хваля сцюдзёнай, звыклай вады яе асяроддзя. Мяккі штуршок у грудзі прымусіў Соню зрабіць крок назад ад расчыненых дзвярэй, у паўцемру свайго пакоя, якая сцялася ў яе за спінай у прытоеным чаканні.

Яны сядзелі на кухні і згадвалі сваё жыццё. Вечар успамінаў. Цяпер не праз сон, не праз мрою, а наўпрост – словамі, вачыма, вуснамі – твар у твар.

Горад запальваў ліхтары, і яны сустракаліся на месцы Старога рынку. Амаль заўсёды на адным і тым жа месцы. Пасля выбіралі кірунак сваіх блуканняў. Менск датуль застаецца халодным і маўклівым для людзей, народжаных наводдаль ад яго, пакуль яны не ўбачаць яго вачыма свайго кахання. Мураваныя лаўкі не здаваліся халоднымі, калі яны сядалі на іх, а святло чужых вокнаў сагравала тады, калі на начных вуліцах у твар дзьмуў ледзяны лістападаўскі вецер. Прытулкам былі чужыя пад’езды на праспекце і ў Старым горадзе, а варажба па сценках пустых кававых філіжанак абяцала абодвум бясконцы працяг іхніх вандраванняў. У канцы доўгага калідора ў будынку старога уніяцкага кляштара яны грэліся адной каляднай ноччу ля гарачай батарэі. Пахла ваўнянымі Сонінымі рукаўкамі, сплеценымі заслаўскімі вечарамі бабуляй, а ён расціраў яе тонкія пальцы, разпораз цалуючы кожны паасобку. «Твае белыя пальчыкі – барабанныя палачкі», – шаптаў і дзьмуў горача ў яе жменьку той малады музыка, аматар Малера і партугальскага джазу.

Ён сышоў уначы, пакінуўшы ў падарунак ракавіну, даўгую, з зазубрынамі, якія спіраллю ўкручваліся і знікалі ў сярэдзіне глыбокай адтуліны. Зусім нетутэйшая, з далёкіх выспаў.

Рэшта ночы цалкам перакуліла Соніны ўяўленні пра свет і пра сябе. Яна цягнулася бясконца доўга і адначасова прамільгнула, як бы яе і не было зусім. Але ці было насамрэч праўдай тое, што адбылося гэтай ноччу з Соняй, яна не ведала. Цяпер яна ўвогуле нічога не ведала! Той, хто абдымаў яе ў сне гэтай ноччу, быў самой музыкай, што ўвабрала ў сябе пошум і гукі ўсяго наваколля. Толькі адкуль поруч са спевамі невядомых ёй птушак – грукат і пляскат вадаспаду? А можа, гэтак грукоча і рыпіць вялізарнае кола вадзянога млына ў кіпучай вадзе глыбокага ставу? Ці хтосьці вялікі і невядомы разгойдвае з самога дна азёрную паверхню. Пырскі ахіналі Соню з ног да галавы, але былі яны народжаныя хвалямі такой асалоды, што можна было знікнуць. Самой стаць мелодыяй, ветрам, вадой… Проста знікнуць.

Ракавіна ляжала на стале, павернутая да святла маціцовым пляскатым бачком, роўна так, як яе паклалі. Праз шчыльна загорнутыя фіранкі тачылася рэдкае святло. Калі памірае чалавек, жыццё працягваецца ва ўсіх сваіх вялікіх і малых дробязях, выяўляючы поўную абыякавасць да зніклага, але не абражаючы сваім бадзёрым працягам таго, хто выпадае з кола. Калі ж памірае каханне, усё навокал таксама застаецца на ранейшым сваім месцы, адно чалавек робіцца памерлым, жывучы сярод жывых.

Нарэшце яна знайшла адказ…

З працы вярталася амаль весела. Пазваніла з пошты бабулі. Здзівілася, наколькі родным падаўся яе голас. Адразу ў цеснай кабінцы запахла водарам бабчынага хвартуха – часнок, кроп, сухая меліса, упярэмешку з махоркай, якой тая ўпарта пасыпала зямлю хатніх кветак, што буялі ў яе на падвоканнях нават узімку. Бабуля клікала на Каляды ў Заслаўе, абяцалася штосьці падараваць. Не верылася, што, павесіўшы цяпер слухаўку, Соня ўжо распачынае сыход уніз па калодзежных прыступках з гэтай паверхні, дзе згубілася і ніяк не знаходзіцца яе радасць. «Хто сказаў табе, што мы нараджаемся дзеля таго, каб быць шчаслівымі?» – запытаўся ў яе аднойчы знаёмы з дакорам у голасе. Гэтага дакору ёй хапіла з каптуром, каб больш не бачыцца з сапраўды разумным чалавекам, бо яна ўжо добра ўмела розніць сэнс сказанага ад інтанацыяў, з якімі яны былі прамоўленыя.

Зімовае сутонне панавала ў кватэры. Соня не стала запальваць святла. Лягла на спіну на канапу і заплюшчыла вочы. Пошукі радасці былі цяпер яе клопатам. Дзе яе гнёзды, прычыны, фарбы? Якія птушкі прыносяць яе ў дзюбах для спакутаваных? А можа сама Соня пераблытала і расказала сама сабе другую гісторыю, зусім не з тым канцом. Яна ж была народжаная ў каханні. Бабуля казала ім з сястрой, што яны проста абавязаныя быць шчаслівымі, бо бацькі пражылі свой век, трымаючы адно аднаго за рукі. Проста сама Соня, падросшы, похапкам ускочыла не на той човен ды адплыла ад свайго берага, забыўшыся запрыкмеціць шлях да вяртання. Колькі год яна адчайна грабе, каб наблізіцца да самой сябе, але, здаецца, човен рухаецца па коле. Тады, седзячы за спінай бацькі ў чаротавым зарасніку, яна цвёрда ведала, што ён абавязкова выруліць да патрэбнага месца, абмінаючы перашкоды. Цяпер жа каторы год яе самотны човен шчэпкай гойдаецца па жыцці. Перастаць варушыцца, лавіць плынь? Скарыцца волі хваляў, каб патануць у пластах вады, якая з такой настойлівасцю грукаецца ў зачыненыя дзверы яе памяці? Патануць, каб дастаць дна, шчакой дакрануцца да зыбучага пяску? Дык вось значыць, як шарасціць час, сцякаючы паміж пальцаў… Марудна і хутка адначасова.

Здаецца, яна адчувае глыбіню гэтай прорвы споду года, гэтую нізіну, куды звальваюцца нязручнасці, непамыслоты, незавершаныя спадзяванні. Цёмная пара датуль, пакуль не ўваб’ецца ў сваю сярэдзіну снежань, не падбеліць прастору навокал, не наваліць гурбаў на чорную зямлю, усё вышэй і вышэй, пакуль яны не дастануць зімовага сонца…

Соня ўжо не мела сілаў нацягнуць на сябе коўдру. Імгненнае жаданне ўхутацца ў раптоўна схаладнелым пакоі згасла, ледзь паспеўшы ўзнікнуць. Ніжэй, глыбей, туды, дзе гучыць голас, поўны пяшчоты і спагады. У забыццё.

Вада змяняе аблічча чалавека. Змывае напругу з твару, расслабляе цягліцы, вызваляе ўсмешку, ярчэйшым робіць пагляд. Нібыта з неўсвядомленай радасцю мы кідаемся ў абдоймы свайго пачатку. І калі гульба з вадой прытоміць цела да салодкай знямогі, выпрастае яго нерухомым лістком, свядомасць расцячэцца па вадзяной роўнядзі і адлюструецца ў ёй усё-усё, да самай апошняй драбніцы. Бо няма дробязі, не вартай увагі, ёсць панаванне марнасці, якое робіць сэрца пустым.

Соні падалося, што яна ўжо даўно ляжыць на глыбокім дне, хаця да паверхні дня, у якім яна прылягла надвячоркам на спіну на канапе, варта было толькі працягнуць рукой… Цела перастала слухацца і згубіла ўшыркі і ўдоўжкі свае межы. Ёй падалося, што яна пачала распускацца ў вадзе і вось-вось знікне сама, страціць сваё імя, але зрабіла глыток і адчула яго, значыць была яшчэ тут. Тут. А там знеадкуль пачуўся далёкі вокліч яе бабулі: «Зафейка!» Раптам мяккі, моцны штуршок чыіхсьці вялікіх далоняў скрануў яе з месца, надаў яе целу рух і форму, і гэтая форма ізноў заняла сваё ранейшае месца ў прасторы. «Зафейка!» – бабуля наблізілася і ласкава паманіла яе да сябе, дастала з кішэні хвартуха драўляны грабеньчык ды правяла па доўгіх валасах унучкі. Раз, другі, трэці… «Густыя валасы, як ва ўсіх кабет з нашага роду, Зафейка». Бабуля гладзіла ды гладзіла няроўнай, шурпатай далонькай яе галаву, перабірала нягнуткімі пальцамі шаўковыя пасмачкі ды нягучна спявала сваё:

…А ў тым Дунае сам Бог купаўся.

Святы вечар добрым людзям!

Галоўку схіліў – слёзачку зраніў.

Святы вечар добрым людзям!

З тэя слёзачкі Дунай разліўся.

Святы вечар добрым людзям!..


Зафея прыслухоўвалася да гучання свайго новага імя. Як з мінулага жыцця. Знаёмыя спалучэнні гукаў. Усё неяк пачало станавіцца на свае месцы. Яна павольна вынырвала з уласных глыбіняў, з радасцю прыслухоўваючыся да гукаў навокал. Надыходзіла раніца: ізноў сутаргава закалацілася старэнькая лядоўня на кухні, забрахаў унізе ля пад’езда сабака, па мокрым асфальце пранёсся легкавік, зашаргацела пруцяная мятла ў руках дзядзькі Язэпа, вымятаючы з лужынаў позняе лістападаўскае лісце…

У Зафеі сёння было шмат справаў. Упершыню за апошні час. Яна азірнулася на свой дом, стромкі белы хмарачос, падобны адначасова на вежу і чымсьці на карабель, калі была ўжо на другім баку вуліцы.

Пакахай мяне, калі ласка… (зборнік)

Подняться наверх