Читать книгу Пакахай мяне, калі ласка… (зборнік) - Коллектив авторов, Ю. Д. Земенков, Koostaja: Ajakiri New Scientist - Страница 9

Вікторыя Герасімчук

Оглавление

Я

Я плачу.

Колькі дзён таму я нырнула ў раку пад назовам Дэпрэсія і дагэтуль не магу з яе выбрацца. Адбылося гэта менавіта ў той дзень сакавіка, калі горад паплыў у акіян расталага снегу і дажджоў. Вось і мяне знесла той плынню. Што рабіць – не ведаю… Махаю рукамі і крычу, але ніхто мяне не бачыць і не чуе, ніхто не ратуе. Калі б ведаць, што хутка прыйдзе Вясна, бачыць яе хоць здалёк, было б лягчэй. А яна, мабыць, такая ж, як і я, песімістка і ніколі ўжо не прыйдзе, не вернецца… Што з яе возьмеш?

Я плачу ўвесь час. Плачу ад таго, што скончыліся ўсе грошы, што няма чаго апрануць (ды і няма куды), што ў дзяўчыны ў люстэрку прышчык на носе, што ў мяне дрэнныя адзнакі па хіміі (ды і не разумею я яе!), што няма каму патэлефанаваць, што няма натхнення і новых малюнкаў… Плачу аб тым, што планета тоне ў брудзе, што дзеткам дзесьці няма чаго есці, што ўсе наўкол па чарзе паміраюць… Плачу з-за дзвюхмоўя ў Беларусі!!!

Маім блізкім не хочацца мяне слухаць, і таму я плачу ад таго, што ўсе вакол аглухлі. Магчыма, і аслеплі. Ах, як жа шкада іх усіх і, найперш, сябе!

І мне хочацца крычаць і тупаць нагамі, біць посуд і рваць паперу. Дурныя і бессэнсоўныя памкненні, але ж… Лепш так, чым нерухома ляжаць і глядзець застылымі вачамі на сцяну, бачыць, як…

Мой партрэт плача. Сумныя вочы, вусны, нават нос. Зніштожыць яго (на…)? Шкада: не стане яго, дык з кім жа я буду плакаць? Разам весялей. Ай, усё адно гэта бяздарны малюнак. Вось вазьму аловак і накрэмзаю ўсмешку, падмалюю бляск у вачах. Ха! Здаецца… так лепей. Вось дзіва! Так і пакінем. Панясу гэты партрэт на выставу. Не возьмуць? Дык тады павешу яго ў метро на самым бачным месцы. Людзі будуць ісці і дзівіцца на такую дурніцу. А раптам… і ён будзе ісці міма і заўважыць сярод натоўпу мае вочы, і тады… Так лепей…

Тэлефануй. Ужо чакаю я.

* * *

У цябе такія прыгожыя вочы…

Мне хочацца выкалупнуць

гэтае чорнае круглае семя,

аблізаць яго і выплюнуць…

Застанецца толькі льдзінка –

Празрыстая і слізкая.

Калі ты плачаш…

Не плач больш ніколі, а то

я не стрымаюся і зраблю гэта.

Хіба мы выжывем?


З. В. на дзень св. В.

Кахання тут няма…

Яна стаіць побач з табою і паліць. Хто ЯНА? Табе і самому цікава.

Язык заблытаўся між зубоў, пакрыўдзіўся…

Шэрыя людзі без твараў (і без твораў) нясуць у руках свае гумовыя і папяровыя сэрцы. Смех ды і толькі! Гэта ж няправільна – паказваць вось так усім свае сэрцы, ды яшчэ пісаць на іх «Я тебя люблю»! Нават сорамна за іх. Не магу больш трываць!..

У тваіх руках сэрца не бачу. Я нідзе яго не бачу! Ау-у, ты дзе? Мае вочы (і я ўвогуле) не прызначаныя для таго, каб, зняўшы з цябе чорную вопратку, разадраць цела і разглядзець там тваё сэрца, гарачае і слізкае, што бясконца тухкае, б’ецца і захлынаецца, а ўсё прагне жыцця і славы.

У вачах тваіх бачу маскітаў. Вось яны, гады! Хаця… для цябе яны не гады – каханкі.

Я баюся. Д’ябал, я ж нічога не баюся! Усё ж… баюся. Баюся. Дзяўчынка-правінцыялка з вялікімі вачыма. Архітэктура-журфак! Ха-ха!

Заўсёды хочацца таго, чаго ў цябе няма. А калі ёсць, то абавязкова павінна быць лепшым. Не за ўсіх астатніх, а за самую сябе. Максімалістка?.. Проста дурніца, чарговая дурніца, што падышла да цябе, каб зазірнуць у гэтыя глыбокія чорныя вочы (з маскітамі).

Будзем лічыць, што гэта ты мяне ўзнагародзіў (за адвагу) гэтай агіднай хваробай. Арыгінальна, як заўсёды. Але…

Кахання тут няма. Ша!

* * *

Яна падымае рукі да неба, раскідвае іх, як крылы. Яе мяккія спрытныя ногі лёгка рухаюцца. У яе дзіўным танцы яе цела звіваецца, як змяя, у яго быццам ужо няма шкілету, яно амаль ужо нематэрыяльнае і хутка разляціцца на дробныя рознакаляровыя рэшткі. Разліваючыся гучным смехам, яна як быццам аддае сябе ўсяму свету.

Яна кружыцца ў сваім шаманскім танцы. То прыпадае да зямлі, то зноў імкнецца ўвышыню, як полымя. Яе доўгія бліскучыя валасы разлятаюцца ад ветру і ад яе няспыннага руху. Яе рукі апісваюць у паветры дзіўныя фігуры.

У сваім вар’яцкім танцы яна ўсміхаецца Сонцу, заплюшчвае вочы ад ягонага святла, гіганцкай любові да яе і ад моцнага пачуцця… З яе вуснаў вырываюцца словы незразумелай песні. Яна зноў уздымае рукі да Сонца… Глядзі, яна зараз паляціць! Але ты не можаш быць проста назіральнікам, ты дакранаешся да яе… І ад гэтага музыка яе душы сціхае, яна, бяссільная, падае на зямлю, сцішваецца і… губляецца ў снах. Slеер…

Хто яна была, ужо не важна, і дурань той, каму гэта яшчэ цікава. Яе ўжо няма! Не бачыш? Яна… памерла!!!

Ты будзеш проста пустой клеткай, дзяўчына, калі заб’еш птушку.

Пакахай мяне, калі ласка… (зборнік)

Подняться наверх