Читать книгу Пакахай мяне, калі ласка… (зборнік) - Коллектив авторов, Ю. Д. Земенков, Koostaja: Ajakiri New Scientist - Страница 11

Югася Каляда
Замалёўкі з вясковага жыцця
Навела

Оглавление

Ёў! Я еду ў вёску!

Шлях да вёскі цяжкі ды складаны. Каб яго адолець, трэба прыкласці багата намаганняў.

Па-першае, трэба на гэта наважыцца. Падняцца з канапы – гэта ўлетку, калі няма пільнае патрэбы адрывацца ад канапы з тэлевізарам ані сёння, ані заўтра, ані праз тыдзень – дык вось, падхапіцца з канапы, папрасаваць спадніцу… а мо’, не трэба – для сельскае мясцовасці?.. Зрабіць нешта прыстойнае з тварам ды валасамі, пакласці ў торбу зубную шчотку, перакрыць газ, ссунуць фіранкі, замкнуць кватэру, выклікаць ліфт, вярнуцца па парасон! Выйсці нарэшце з пад’езду, набыць у шапіку цыгарэты ды рушыць на аўтобусны прыпынак. Дачакацца аўтобуса нумар дваццаць сем ці дваццаць восем ды даехаць да вакзала. На вакзале набыць марозіва, потым квасу, потым пашкадаваць аб зробленым і доўга вырашаць: ехаць маршруткай або чакаць аўтобуса? Прапусціць маршрутку, потым з вялікім шкадаваннем чакаць аўтобуса нумар чатыры, дачакацца, з пагардаю прапусціць ашалелы натоўп, зайсці апошняй і – хуценька! – шмыгануць на месца ля акна, каб усю дарогу не саступаць месца ніводнай бабе з вялікімі клункамі ды не глядзець убок п’яных мужыкоў.

Я гляджу ў акно ўсю дарогу. На мосце цераз Сож мне карціць крыкнуць: «Глядзіце, дэльфіны!», але ж я адна, няма каму падтрымаць майго жарціка.

На канцавым прыпынку я выходжу – вёска!

Бабы з клункамі ды п’яныя мужыкі кіруюць налева. Не. Я туды не пайду! Мне – направа.

Уздоўж дарогі – акуратны гаёк, а за ім – дагледжаная вулка, абсаджаная паабапал туямі. За пятнаццаць гадоў яны выраслі нібыта ў Ялце. А вось, паміж туямі, мая брамка – ледзь заўважная. Замест таго, каб адмыкаць яе ключом, я перакідваю цераз плот спачатку торбу, пасля – зірнуўшы навокал ды задзершы спадніцу – хуценька пераскокваю сама. Я заўжды лажу цераз плот – каб сцвердзіць бабулі, што яе замок – адна відочнасць.

Сабака брэхам абвяшчае пра маё з’яўленне – зноўку не атрымалася зрабіць сюрпрызу. Я цалую бабулю, праходжу ў залу, улучаю тэлевізар ды завальваюся на канапу. Цяпер можна спакойна жыць далей.

Я вельмі люблю свой вясковы побыт. Асабліва за тое, што вёскай ён амаль не пахне. Вёска – гэта, збольшага ў тэрытарыяльным сэнсе, звычайны прыватны дом за горадам. Дом з цэнтральным ацяпленнем ды газам. Лазенка з акном, з чорнай кафляй, прыбіральня – з блакітнай. Зала, кухня, спальня, другі паверх… Усё, як у горадзе. Амаль. З негарадскога я люблю веранду – суцэльныя вокны, драўляныя сцены ды паркет. Тут стаіць толькі пісьмовы стол ды швейная машынка «Зінгер». На верандзе я праводжу большую частку свайго вясковага жыцця – я тут чытаю кніжкі, паклаўшы ногі ўзімку – на батарэю, улетку – на падаконне.

Вокны выходзяць у вялікі сад; яшчэ – уласна вясковае – ёсць агарод, лазня, дзве цяпліцы – таксама з цэнтральным ацяпленнем, ну і розныя гаспадарчыя пабудовы. З усялякіх гаспадарчых я больш за ўсё люблю гараж – на яго другім паверсе ёсць доўгі гаўбец, дзе я валяюся з ранку да вечара, чытаючы кніжкі ды раздражняючы суседзяў лайдацкім выглядам сярод кіпучае вясковае працы.

Ну нарэшце, нарэшце я ў вёсцы! Пачынаецца мой сапраўдны адпачынак.

Але, але. Шчыра кажучы, я сюды ўцякла. Я ўцякала з горада, як войска, пацярпеўшы паразу, уцякае з поля бітвы. Так мог Напалеон уцякаць – нібыта адыходзіць з горда паднятай галавою – з падпаленай Масквы. Так пацукі, першымі адчуўшы ваду, спешна пакідаюць карабель. Так птушкі адлятаюць у цёплыя краіны, не жадаючы прыстасоўвацца да новых умоў існавання.

Я ўцякла з горада ў вёску, каб выратаваць сваё лета. Маё адзінае, непарушна МАЁ лета – яно так рэдка мне даецца, усяго толькі раз на год – маё лета трэба было ратаваць.

Ад каго ці ад чаго – не ведаю нават, як сфармуляваць, – але лета пагражала папросту знікнуць.

Ператварыцца ў чаканне.

Безвыніковае чаканне. Змарнаваны час, бязлітасна забіты час. Час – хвіліны, гадзіны, дні, тыдні, месяцы – майго жыцця. Я не хацела марнаваць маё жыццё.

Бо мінулае лета, напрыклад, я змарнавала. Я правяла яго ў горадзе, чакаючы немаведама чаго. Трывала жахлівая спёка, гарэлі тарфянікі, у горадзе стаяў куродым, а кволы ветрык ледзь ганяў пыл. Усе газоны былі спаленыя, і гарадское дно, залітае чорным асфальтам, нагадвала пекла.

А я сядзела ў горадзе, у пустой кватэры, не рэагуючы на заклікі сямейства ехаць да іх на лецішча. І да бабулі ў вёску я таксама не ехала. Выразна памятаю, як я штодня мыла падлогу ў нашай немаленькай кватэры: амаль голая, у адных майтках ды абхінутая празрыстым фіялетавым парэа – бо ніякае вопраткі ў такую спёку цела не трывала. І мяне па чарзе ахоплівалі розныя пачуцці: або экстатычная радасць, або пранізлівая журба. І яшчэ: раз на дзень, звычайна ўвечары – я супакойвалася. Напэўна, мая нервовая сістэма была проста няздатная трываць такі пачуццёвы цэйтнот і форс-мажор. У адчыненыя вокны вецер нарэшце заносіў пахі блізкае ракі ды зёлак, фіранкі пяшчотна калыхаліся, і я сядзела за піяніна ды грала ўвесь свой рэпертуар. І нейкае прахалоднае падабенства гармоніі краналася майго ілба – каб я магла заснуць.

І я чакала, чакала… У тое лета я лічыла сябе закаханай – нядоўга, але моцна: роўна два месяцы. Ну, тры, калі з нацяжкай, але жнівень ужо не лічыцца: так, рэцыдыў хваробы, рэшткавыя з’явы… А два першыя летнія месяцы я чакала, чакала, чакала… Я сядала ў кухні на падаконні, брала цыгарэту ды глядзела ўніз: чакала, пакуль ён пройдзе пад маімі вокнамі. Ягонае ўрачыстае дэфіле па нашым двары было абавязковаю часткаю штовечаровага шпацыру. Ён жыў на іншым краі нашага мікрараёна – праз чатыры дамы, амаль насупраць, і, калі напружыцца, выйсці на гаўбец бацькоўскае спальні, падысці да самага краю ды рызыкоўна высунуцца на руках – я магла б пабачыць ягоныя вокны. І я напружвалася, і высоўвалася, і рызыкавала… І чакала, чакала, чакала… І нічога не дачакалася, натуральна. На пачатку жніўня ён пачаў маршыраваць пад маімі вокнамі ў абдымку з дзяўчынкай – бясспрэчна, назло мне. Яна была такая ніякая, што я палічыла за абразу чакаць нечага ад чалавека, які выбраў не мяне, а нешта невыразнае. Злезла з акна, апранулася, замкнула кватэру ды з’ехала да бацькоў на лецішча, дзе валялася на канапе, перачытваючы «Дванаццаць крэслаў», ды была ўся закаханая ў Астапа Бэндэра. Тут якраз пачаліся жнівеньскія дажджы, якія абвяшчалі канец лета. І, у дадатак, у горад вярнулася гарачая вада, якая абвяшчала пачатак восені. І трэба было выходзіць на працу, і ніякага Сярожу я ўжо не кахала.

А лета было змарнаванае.

І гэтае лета, маё цудоўнае лета, таксама пагражае ператварыцца ў чаканне.

Калі я памру, на тым свеце я сустрэну чалавека, які вынайшаў тэлефон, ды выкажу яму набалелае.

Рэч у тым, што я баюся тэлефонаў. Два дні таму, калі адбыўся гэты лёсавырашальны і летавызначальны званок, мая тэлефонафобія квітнела ды буяла ўсімі колерамі вясёлкі. Тэлефон абудзіў мяне ўранні і пасля так і званіў з кароткімі перапынкамі. Тэлефон, ха! – два тэлефоны, і было вельмі кранальна, калі яны пілікалі адначасова. Мае бацькі былі на лецішчы і лічылі сваім абавязкам штогадзінна цікавіцца маім здароўем, даючы каштоўныя парады наконт гатавання макаронаў. А калі мае бацькі з’язджаюць на лецішча, яны адразу становяцца патрэбнымі процьме народу. І брат з сястрою – таксама. А яшчэ мне тэлефанавалі з працы дахаты – гэта ж жах, гэта ж парушэнне маёй чалавечай недатыкальнасці! А яшчэ тэлефанавалі асабіста мне – розныя хлопчыкі, якія клікалі мяне на рэчку ці проста пагуляць. Ну, у крайнім выпадку, проста са мной паразмаўляць – калі ўжо на рэчку мне «халодна», а пагуляць – «не хочацца». О, божа, жах! Пачуўшы піліканне, я пачынала голасна лаяцца ды бегла, перакульваючы зэдлікі, да тэлефона, які папярэдне кінула невядома дзе.

І вось я пабегла чарговы раз, гатовая кінуць слухаўку, калі гэта будзе нехта з тых, хто ўжо званіў сёння.

– Алё!

Піўлюм-піўлюм – ага, міжгорад, гэта Іра, дзякуй богу.

– Алё!

– Дзень добры. Ці можна Жэню?

Так, мужчынскі голас. Я падумала, што гэта Вася, Ірчын бойфрэнд, і мелася ўжо адказаць: «Вася, ты? Ну што ты там з Ірай ужо зрабіў?» Дарэмна я так не зрабіла, трэ’ было…

– Так! Я слухаю! – жорсткім голасам знерваванае сакратаркі.

– Жэня? Здароў, гэта Сева.

Сева? Сева… Ну нішто сабе… Се-е-е-ева… Ну-ну. Вось гэта навіна. Вось гэта ДЗІВА, я вам скажу! Рэч у тым, што Сева пакутаваў на такую самую тэлефонафобію, як і я, і ніколі нікому не тэлефанаваў. (Я сама, дарэчы, вельмі рэдка тэлефаную, і праз гэта пасварылася ўжо з некаторымі імпульсіўнымі асобамі.) А каб Сева сам патэлефанаваў, ды яшчэ каму – мне! – а мне ён апрыёры не мог тэлефанаваць, такія ўжо ў нас былі з ім стасункі. Дарэчы, ніякіх не было, мы і не тэлефанавалі адно адному, каб ні ў кога не ўзнікла пэўнасці, што нейкія стасункі ёсць.

І вось ён мне тэлефануе. Ха. Ля-ля-ля, як жывеш, выдатна, а я вось еду ў Чэхію на два тыдні (не я – ён), а як там нашы агульныя знаёмыя, так вось і так, зусім звар’яцелі, мабыць, той а тая ажэняцца, уаў, як цікава, дык хоць запрасіце мяне (гэтым разам – МЯНЕ) на вяселле, а то ўвогуле зрабіліся нахабнымі, на мяне зусім забыліся, ды не, не трэба ніякага вяселля, лепш прыязджай проста так, піва пап’ем, дык ты ж з’язджаеш у Чэхію, а ты што, пасля не зможаш, натуральна, змагу, патэлефануй, як вернешся, не пытанне, патэлефаную, ну бывай, пакуль.

Вось і ўсё.

Дзве хвіліны, якія паставілі пад пагрозу маё лета. Цяпер я два тыдні чакаю вяртання яго з Чэхіі, пасля тыдзень – чакаю абяцанага тэлефанавання з запрашэннем, пасля яшчэ адзін тыдзень пойдзе на ўцямліванне таго, што ён не патэлефануе, яшчэ тыдзень – на марныя, усвядомлена марныя, а ад таго больш самотныя спадзяванні. Ну вось і лета скончылася.

Колькі дзён таму я нічога не чакала. Я меркавала ўлетку адпачываць, чытаючы кніжкі, ды млець ад уласнае самазадаволенасці, выходзячы раз-пораз у крыжовыя паходы па рэстарацыях у кампаніі… не скажу каго (я яшчэ пяць гадоў таму зразумела, што ад гэтага «нескажу-каго» я ніколі нічога не дачакаюся).

І што? Гіне маё лета, гіне на вачах!

Чаканне… Гэта жах. Гэта пекла. Гэта найнепрыемнейшы з усіх маіх станаў. Я ўвесь час імкнуся яго пазбыцца.

Як высвятляецца, не толькі я. Аднойчы на першым курсе, у Менску, мы з адным хлопчыкам пасля шматгадзіннага бадзяння па горадзе, апусціліся, стомленыя, на лаўку пад пад’ездам, дзе мусілі дачакацца нейкага чалавека, у якога хацелі танна набыць касеты. Нам паведамілі, што ён з’явіцца «неўзабаве», то бок невядома калі.

І вось мой сябар, хлопец з дзіўным лёсам, які па жыцці дачакаўся зусім не таго, на што разлічваў, нечакана злосна вымавіў:

– Чаканне, чаканне… Ненавіджу! Усё жыццё чакаеш невядома чаго!

Я, збянтэжаная, змоўкла і не знайшлася, што адказаць: настолькі ягоныя думкі супалі з маімі. У маім, тады яшчэ не такім працяглым жыцці, таксама быў досвед чакання, ды яшчэ якога! Яго апафеозам стаўся травеньскі дзень. Тады мусіў прыехаць у Гомель з Варшавы праз Менск адзін чалавек. Але я не ведала, калі дакладна. І я патэлефанавала ў даведку ды спытала, калі прыходзяць менскія цягнікі. У мяне пацікавіліся: «Уранні, удзень ці ўвечары?» Я ўздыхнула ды адказала:

– Уранні, удзень і ўвечары.

Няма патрэбы тлумачыць, што я прасядзела на вакзале ўвесь дзень – з раніцы да вечара. І нікога не сустрэла – ён вырашыў затрымацца ў Менску.

«Так банальна, вакзальна цішэла, сціхала вясна».

У той дзень я зараклася нікога ніколі больш не чакаць. Але ведаю я адну варону, якая таксама заракалася…

Колькі я сябе памятаю, я заўжды нечага чакала. Спачатку я чакала, пакуль мяне забяруць з дзіцячага садка, які выклікаў у мяне агіду ды нянавісць. Не памятаю ніводнага дня, калі б мне там падабалася. Цяпер я разумею, што нашы пачуцці не мяняюцца на працягу ўсяго жыцця, і ў сталым веку чалавек усё адчувае гэтаксама як у дзяцінстве. Я выразна памятаю сваю пагарду і да брудных саплівых дзяцей, і да выхавальніц, якія няправільна вымаўлялі словы і непрыгожа сябе паводзілі. Выдатна памятаю, як мне было самотна ў дзіцячым садку – нашмат больш, чымся цяпер.

А аднойчы я была настолькі абражаная, што зусім перастала ставіцца да іх з павагаю. Дома я была прывучаная есці акуратна і няспешна, з відэльцам, нажом (!) ды сурвэткамі; да таго ж, мяне ніхто ніколі не прымушаў есці тое, што мне не падабаецца. А не падабаўся мне боршч, якога мне аднойчы ў яслях налілі поўную талерку, да таго ж вельмі гарачага. Я адважна спрабавала яго адолець, а ўсе іншыя дзеці ўжо былі пакладзеныя спаць. І вось, у звязку з тым, што «яна тут яшчэ доўга корпацца будзе», нянечка, якая хацела хутчэй перамыць усе талеркі, узяла мае макароны ды зваліла іх у мой боршч. Дагэтуль памятаю, як гэта выглядала: тоўстыя такія макароны, з мясам. Дзіўлюся, як яна мне кампот туды ж не выліла. Я паклала лыжку на стол і да талеркі больш не дакранулася. У мяне дагэтуль ёсць жаданне сустрэць гэтую свінню-нянечку ды выкупаць у вялізным рондлі з гарачым баршчом.

Спачатку з дзіцячага садка мяне забірала бабуля. Яна садзіла мяне на гэтыя рознакаляровыя шафікі, каб апрануць – напэўна, я тады была вельмі маленькая.

Пасля мы пераехалі, і маё чаканне набыло проста фантастычныя маштабы. Забіраць мяне мог толькі бацька, а ён працаваў ледзь не да ночы. У групе заставаліся чалавекі два-тры. Я ўжо, не саромеючыся, кідалася да маладога, прыгожага міліцыянта ў шынялі – гэта мой тата! Ён тады працаваў начальнікам інспекцыі па справах непаўналетніх і раз-пораз браў мяне на працу. Таму цяпер я маю падставы сцвярджаць, што вялікую частку свайго дзяцінства я правяла ў аддзяленні міліцыі, дзе, між іншым, нават удзельнічала ў следчых эксперыментах: колькі дзіцячая рука можа ўзяць манетак са сподачку? Ці здолее дзіця націснуць на спуск самаробнага пісталета? І гэтак далей.

Потым я вельмі чакала, калі ж у мяне нарэшце народзіцца брацік. Я чамусьці ведала, што гэта будзе менавіта брацік.

І вось ён нарадзіўся, і я ўжо чакаю, калі ён перастане есці ды спаць і пачне бегаць ды размаўляць. Потым давялося чакаць, калі ён перастане псаваць мае рэчы ды змушаць мяне гуляць у кубікі.

З сястрычкаю было тое самае, толькі я ўжо ведала, чаго чакаць ад яе. Да таго ж, на момант яе з’яўлення ў мяне ўжо была процьма іншых нагод для чакання.

Я вучылася ў школе і на доўгіх уроках чакала кароткіх перапынкаў – не толькі я, усе дзеці нашай ды іншых краінаў заўжды пакутуюць на гэты від чакання. Усе – у незалежнасці ад таго, хто як вучыцца. Я, напрыклад, вучылася добра, але гэта нічога не змяняла. У любы момант мяне маглі выклікаць, выявіць маю недасведчанасць ды зганіць перад усім класам. Нават калі я ўсё ведала, я напружана чакала гэтага моманту – выкліку. А калі мяне не мусілі выклікаць, мяне проста нудзіла. Колькі казак я тады прыдумляла сабе, седзячы за сваёй другой партай у першым шэрагу ад акна! Збольшага я глядзела ў акно. Калі мне рабілі заўвагу, я засяроджвалася на ўласных пазногцях ды марыла: добра было б, калі б зараз пада мною ўзнік белы прыгожы казачны конь з доўгаю грываю ды журботнымі вачыма, які зруйнаваў бы гэтую агідную парту ды павольна, цокаючы капытамі, вывез бы мяне прэч з гэтага класа. Ува ўсіх на вачах! Вось чым бавяцца дзеці замест таго, каб стоадсоткава засвойваць матэрыял.

А яшчэ я штогод чакала візіту маёй стрыечнай сястры, якая жыве ва Уладзівастоку. Яна прыязджала або з дзядзькам – бацькавым братам, або з маці, зрэдчас яны прыязджалі разам. Не прыязджалі – прыляталі, і мы заўжды ездзілі ў аэрапорт іх сустракаць. Чамусьці мы шторазу прыбывалі за некалькі гадзінаў да іхнага самалёту, і аэрапорт за гэтыя гадзіны чакання стаўся для мяне домам родным. Натуральна, што мне трэ’ было пасядзець на кожнай лаўцы, залезці ў кожны кут ды паглядзець з кожнага акна. Гэтае аэрапортнае чаканне можна нават назваць прыемным.

А было яшчэ іншае чаканне – калі заставаліся лічаныя дні да прылёту Тані з дзядзькам Віталікам або цёткай Галяй. Тады я проста не ведала, куды сябе падзець. Аднаго разу, улетку пасля першага класа, я ўзялася чытаць ды за адзін дзень прачытала «Айбаліта» ў прозе, чым выклікала вялікае здзіўленне маці, якая мне не паверыла ды зладзіла мне іспыт. «А як клікалі ягонага сабаку?» «А якія птушкі прынеслі Айбаліту кошык з падарункамі?»

Гэты доктар Цэлюліт даў мне каштоўны досвед: чаканне лепш за ўсё бавіць у чытанні. Цяпер таўшчыня шкельцаў маіх акуляраў дазваляе зрабіць выснову, што чакаць мне даводзілася багата.

О, я памятаю: яшчэ я чакала дыснееўскіх мульцікаў! Цэлы тыдзень. Іх паказвалі ў нядзелю а шостай. У гэтым чаканні я была салідарная з усімі саюзнымі дзецьмі: Саюз тады дажываў апошнія дні, а гэтыя мульцікі былі ледзь не першай ластаўкай з Амерыкі. Ластаўка была прызначаная дзецям, але шырока адгукнулася сярод дарослых. Дзядуля аднойчы абурыўся іх бязглуздасцю ды няспынным мільгаценнем яркіх колераў, даволі слушна, як на мой цяперашні погляд, але маці нечакана ўзялася абараняць Дыснея.

– Тата! А што ты прапануеш глядзець? Ведаеш, як абрыдзелі гэтыя Таптыжкі?

Паказвалі па дзве серыі запар. Мне больш за ўсё падабаліся «Мішкі Гамі», а меней за ўсё – «Чорны плашч». Яшчэ былі гісторыі пра Віні Пуха, але Віні Пух быў нейкі не такі. Саюзмультфільмаўскі мядзведзь застаўсятакі адзіным сапраўдным. Але іншыя вініпухаўскія героі былі проста песня! Ірка на першым курсе набыла пяць ілюстраваных дзіцячых кніжак, і мы пачалі гульню. Кожны з нашай кампаніі атрымаў сваю ролю. Іра – Віні Пух, Ната – Пятачок, я – Заяц, бо таксама была ў акулярах ды мела два выдатныя пярэднія зубы, якія ў мяне і дагэтуль вытыркаюцца наперад, нягледзячы на ўсе пакуты з пласцінкамі ў пачатковай школе. Андрэй быў аслянём Ія, а Сева – Тыграм. Мы доўга забаўляліся, падпісваючы назовы да малюнкаў – гэтак ілюстрацыі супадалі з рэальнымі сітуацыямі. Вось, напрыклад, Тыгра першы раз прыходзіць да Віні Пуха на хвасце – дык гэта ж Сева завальваецца да Панінай апоўначы, бо яго не пусцілі ў інтэрнат! А вось Кролік (язык не паварочваецца называць яго Трусом), падымаючы лапкі дагары, лямантуючы, мітусіцца вакол Віні Пуха – дык гэта ж я пераконваю Паніну, што небяспечна для нашага бюджэту і яе здароўя гэтулькі есці! Так мы рагаталі, пакуль Іра ўрэшце не набыла «Винни Пух и философия обыденного языка» – даволі цікавы твор, з якога вынікала, што Мілн, сам таго не ведаючы, з дакладнасцю, вартай самога Фрэйда, паказаў дзіцячае сексуальнае жыццё. Мы прачыталі нашы псіхалагічныя партрэты – Віні Пуха, Пятачка, Асляняці, Тыгры – ды схамянуліся ад іх трапнасці. Выходзіла, што я – неўраўнаважаная, істэрычная ды дэманстратыўная асоба, якая любіць камандаваць ды пакутуе на манію велічы. Так жыццё паціху ператваралася ў суцэльныя сімвалы.

Я забегла далёка наперад. Чаго я яшчэ чакала, калі вучылася ў школе?

Пра першае каханне можна нават нічога не тлумачыць. Яно перапоўніла маё жыццё хісткім, нетрывалым сэнсам напружанага бясплённага чакання. Кожны дзень, з сёмага да дзесятага класа. Не ведаю, нават не ўяўляю, якім было б маё жыццё без гэтага пачуцця. Як мяркую, я стварыла яго наўмысна; больш за тое, гэта было запраграмавана лёсам. Памятаю, як глядзела першыя часткі серыяла «Багатыя таксама плачуць» – ніхто тады не ведаў, наколькі ён апынецца працяглы – і адзін з герояў, ужо немаладога, дарэчы, веку, усхвалявана прамаўляў: «А што гэта за пачуццё такое – каханне? Кажуць, нібыта на крылах лётаеш!» Бязглуздая, бессэнсоўная фраза адыграла вялікую ролю ў маім жыцці: я ўзялася напружана чакаць гэтае абавязковае дарослае пачуццё.

Дачакалася – аб’ект быў абраны з майго ж класа, ён сядзеў на першай парце сярэдняга шэрагу, насіў акуляры ды быў самы інтэлігентны з хлопчыкаў-аднакласнікаў.

І пачалося іншае чаканне… Каханне, чаканне, чытанне – гэтымі словамі можна ахапіць усе мае юнацкія настроі. Іншыя былі вытворныя ад гэтых трох.

Хацелася хутчэй зрабіцца дарослай – каб мяне сур’ёзна ўспрымалі людзі. Тады я не ведала, што «даросласць» – гэта сумнеўная катэгорыя, якая перадусім вызначаецца сур’ёзным стаўленнем да цябе. І толькі потым – уласнымі якасцямі, разумовымі здольнасцямі ды жыццёвым досведам. Бо, напрыклад, у пятнаццаць гадоў (ды, можа, і ў трынаццаць) мой агульны ўзровень адукаванасці быў вышэйшы, як у некаторых тых, хто меў перавагу векам ды аўтарытэтам «дарослых» – я здзіўлялася, адзначаючы, напрыклад, што адна знаёмая жанчына кепска чытае. Ну што тут дзіўнага? – рабіла я высновы. Што робіцца з дзецьмі, якія не чытаюць кніжак? Яны ператвараюцца ў дарослых, якія не чытаюць кніжак. «Пыха – смяротны грэх», а як было не стацца фанабэрлівай, робячы на кожным кроку такія адкрыцці? Аднойчы ў дзіцячым санаторыі мы пасябравалі з дзяўчынкай – знайшлі адна ў адной суразмоўніц дзеля абмеркавання прачытанага. Я сказала важатай пра нешта: «Нібы кануў у Лету», а яна шчыра перапытала: «Куды?» Трэба было бачыць нашы пагардлівыя позіркі, якімі мы абмяняліся з сяброўкай! Ну так, нам было па трынаццаць гадоў.

А цяпер я стала «дарослай» – так хутка і нечакана, што сама не магу ў гэта паверыць. Што я ні вымаўлю, усё прымаецца сур’ёзна, а я думаю: «Калі ж яны мяне рассакрэцяць?» Я нібыта дзіця-шпіён у краіне дарослых. Але здаецца мне, што ніякіх дарослых увогуле няма – проста так заведзена, проста такая гульня, сюжэтна-ролевая гульня, у якой усе бяруць удзел. Толькі нехта больш упэўнена гуляецца ў «сталасць», нехта – менш. (Божа, такое ўражанне, што я проста перадзіраю тэму тэатра з Шэкспіра!)

Чакаю школьных іспытаў. Спачатку – пасля дзевятага класа, потым – пасля адзінаццатага. А потым – уступныя, у alma mater. Усё гэтае нясцерпнае нерваванне ўрэшце добра ўзнагароджваецца – вялікаю палёгкаю пасля здадзенае сесіі. Цяпер, у трэцяй па ліку альма-матэр, я наўмысна выклікаю ў сябе гэтае трымценне з залікоўкай перад аўдыторыяй, з цікавасцю адсочваючы яго метамарфозы. Мае аднагрупнікі – дарослыя людзі: замужнія жанчыны, даішнікі, амапаўцы, загадчыкі аддзелаў, старшыя інспектары – усе ў гэтым экзаменацыйным трымценні выглядаюць, як школьнікі.

Ну ўсё, нібыта дачакалася – школа скончаная! Чакаеш ад жыцця вялікіх падарункаў.

Галоўнай тэмай, насуперак усяму, гучыць Каханне. Заўжды без адказу. Аднабаковы рух. Ці то з майго боку, ці то з процілеглага.

Звыклая схема: спачатку чакаеш вырашальнае сустрэчы, потым чакаеш зменаў да лепшага, потым не можаш дачакацца, калі ж суцішыцца боль ды загоіцца параненая самаацэнка.

Непакоіш нябёсы адным-адзіным пытаннем: «Божа, ці хто-небудзь там! Калі ж я нарэшце дачакаюся?!!!»

О, мой Сусвет Няспраўджаных Жаданняў! У вашай Нябёснай Канцылярыі бардак і, пэўна ж, цякучка кадраў! Чаму ў вас дагэтуль праігнараваны стосік маіх заяваў на выдачу мне «Вялікага і Чыстага»? І які бязглузды бюракрат адпісаў «У загад» на маёй просьбе трох сотняў шкляных шарыкаў? Шкляныя пацеркі – гэта была мая праверка функцыянавання механізму спраўджвання жаданняў. Я, паводле ўсіх правілаў мроі, заплюшчвала вочы ды ўяўляла, як я падстаўляю сонечным промням далоні з вытанчанымі шклянымі кроплямі. Вось яны, ляжаць у пакунку, роўна трыста штук, у верхняй шуфлядзе майго пісьмовага стала. Мне не давялося нават варушыцца дзеля здабывання іх – гэта быў імпульсіўны дарунак маёй сястрычкі, які выклікаў у мяне слупняк, зблытаны з экстазам.

Мабыць, я проста сама не ведаю, чаго хачу? «Доктар, так, усё падабаецца, толькі вы вызначайцеся – туды ці сюды!» Ну як можна выканаць неакрэсленае жаданне?

О! Мой Лёс раз-пораз, абураны маімі енкамі ды скаргамі, шпурляе проста мне ў твар спраўджаныя жаданні. Вось, маўляў, атрымай, фашыст, гранату! «Заказное? Эй, Борис! Получи и распишись!»

Выконваюцца, урэшце, усе мае жаданні. Пратэрмінаваныя, нясвежыя, але, зрэшты, яны дакладна супадаюць з пачатковай фармулёўкай. І вось я знаходжу сябе на доўгачаканым рандэву. І чым я незадаволеная? Ах, даруйце, я забылася пажадаць, каб ён быў ну калі не разумнейшы за мяне, дык хаця б не перапытваў слова «ілюзорны». І вось маё Першае Каханне не зводзіць з мяне вачэй на сустрэчы выпускнікоў. Ага, усё так, як я хацела, хіба што з маленькаю затрымкаю на дзесяць гадоў. Месяц не выпускаеш з рук картаў, раскладаючы пасьянс «Хачу, каб мне патэлефанаваў Алег!» Урэшце здымаеш слухаўку ды чуеш бацькавага калегу: «Алё! Жэня? Гэта Алег Віктаравіч! Я табе званю з такой нагоды: які ў твайго таты нумар мабільніка? А то яго дома не магу ўжо тыдзень злавіць!» Ну што, дачакалася? Хіба не Алег табе пазваніў? Забылася прозвішча пазначыць, усяго толькі.

Мая Іра, таксама выдатны майстра кахаць рознага кшталту прывіды, ледзь не малілася: «Хачу ў Крыме пабачыць Пашу!» Трэба было чуць яе істэрычны смех, калі яна на пляжы глядзела на Пашаву фотавыяву, прывезеную супольнай знаёмай.


Чаго чакалі, тое і атрымалі.


Пакуль ходзіш ды чакаеш, заўважаеш, што нехта ўжо дачакаўся: уласнага вяселля, дзіцяці… З асаблівай цікаўнасцю ды нейкім няўцямным здзіўленнем падлічваеш адсотак вяселляў колішніх бойфрэндаў.

З’яўляецца іншае пытанне: «А калі ж я, менавіта Я, выйду замуж?»

Ужо адчуўшы безвыніковасць ды бессэнсоўнасць чакання, хаваю яго далёка ў падсвядомасць, спавіваю, нібы даўкімі ватнымі коўдрамі, – каб не лезла навонкі! – новымі жыццёвымі ўражаннямі. Жывеш, працуеш, складаеш планы ўласнага вольнага жыцця, пераплываеш улетку рэчку, ляжыш на пяску, чытаеш, чытаеш, чытаеш… І раптам трапляеш на вяселле да колішніх універсітэцкіх сяброў.

Я з’яўляюся, як чорт з табакеркі, сукенка – чорная, пазногці – чырвоныя, на галаве – твор мастацтва ананімнага цырульніка. Кідаюся ў абдымкі, прамаўляю ўрачыстыя тосты, жартую з «маладымі»: «Мае спачуванні!» А бліжэй да ночы выпаўзаю на рэстарацыйны ганак з цыгарэтай ды звяртаюся да колішняга аднагрупніка з маналогам.

– Ты патлумачыш мне, што з імі адбылося? Ты, увогуле, можаш мне патлумачыць, што адбываецца ў гэтым свеце? Гэта што, абавязкова, так? Гэта ж, пэўна, кожны павінен калі-небудзь пабрацца шлюбам, стварыць сям’ю, нарадзіць дзяцей, чакаць унукаў? Жывеш, жывеш сама сабе, і раптам разумееш, што на працы цябе шкадуюць! Бо я, бачыце вы, «адзінокая»! Нібыта я непаўнавартасны чалавек – «адзінокая»! Дык можа праўда, прыспеў час неяк вырашацца з мужам і дзецьмі?

А аднагрупнік смяецца:

– А ты ім адкажы: якая ж я адзінокая? Вунь, у мяне каханкаў як багата!

Вяртаюся ўранку дахаты ды працягваю чакаць, чакаць, чакаць…

Улучаючы тэлевізар дзеля прагляду апошніх навінаў, чакаю глабальных пераменаў. Чакаю, калі ж да нас прыляцяць госці з іншых планетаў. Вось тады адразу ўсё пераменіцца! Нецярпліва чакаю свайго ўласнага палёту хаця б на які-небудзь суседні Марс…

Штоночы напружана чакаю натхнення: а раптам не з’явіцца ўжо ніколі? Чакаю натхнення, бо толькі яно надае маёй жыццёвай валтузні нейкі сэнс. Бо толькі мая крывабокая творчасць вызначае пэўны кошт, а можа нават і каштоўнасць працэсаў маёй нервовай сістэмы. Ці, можа, гэта чарговы самападман: цалкам верагодна. Які кошт, якую каштоўнасць мае выдыхнутае чалавекам паветра? Творчасць – усяго толькі прадукт, адкіды функцыянавання няіснага органа – душы. Тым не менш занураюся ў гэтую «творчасць» з галавою, і, хоць лічу, што ўцякаю ад людзей, нясцерпна хочацца стварыць нешта маштабнае, глабальнае, эпахальнае… Напісаць нейкія «Зялёныя соплі» або «Ружовую сліну» – каб пабачыць, як калоціцца скандалізаванае грамадства… Нестае натхнення, бракуе таленту. Адны толькі ідэі, якія ніяк не хочуць прымаць прыстойнае формы.


Вельмі хацелася не так даўно напісаць нешта кшталту філасафічнае казкі – цэлага рамана з процьмаю герояў – кожны са сваім характарам, ды складаным сюжэтам. Нібыта пэўная колькасць чалавек (пятнаццаці мне было б досыць) – а ў якасці прататыпаў узяла б сваю былую кампанію – вырашыла вырачыся сучасных рэаліяў ды ператварылася ў казачных персанажаў. І вось яны набылі вялізны стары дом… не, лепей замак. Ну так, набылі старажытны гатычны замак на выспе, і вада блізка-блізка падступала б да замкавых муроў.

І вось яны пераправіліся ў Замак ды пачалі там жыць без усялякай сувязі з іншым светам. І кожны гуляў адведзеную ролю, выконваў сваю функцыю, развіваў уласную сюжэтную лінію.

Быў там Харон – жахліва прыгожы высокі хлопчык, які ў шапцы-вушанцы, ватоўцы ды валёнках плаваў увесь час у чоўне вакол Замка, кіруючы човен даўжэзным бусаком. І ён нібыта мусіў перавозіць жыхароў Замка ў Вялікі Свет ды сачыць, каб не ўзнікла небяспека звонку. Але насамрэч ён плавае ў чоўне, таму што мае невыносны характар, заўжды змрочны выраз твару ды сцвярджае, што яго раздражняюць насельнікі Замка. Раз-пораз ён, пад сховам ночы, прабіраецца ў Замак ды спусташае замкавыя сутарэнні, цягаючы французскія віны васемнаццатага стагоддзя ды выпіваючы іх у чоўне з рыльца.

Таксама ў Замку жыве Трыстана – валадарка Невядомага Каралеўства. У яе доўгія залатыя валасы, і ўвасабляе яна Нешчаслівае Каханне. Яна па чарзе кахае ўсіх выяўленых на старажытных партрэтах каралёў, князёў ды прынцаў, ды вельмі пакутуе праз тое, што яны не адказваюць ёй узаемнасцю. На Трыстану не ўплываюць ніякія перакананні іншых жыхароў Замка, што гэтыя людзі даўно памерлі, што гэты, напрыклад, быў тыранам і па чарзе забіў дваццаць пяць сваіх жонак, а той увогуле быў дурнаваты, дарма што прыгожы, і так і не навучыўся чытаць. Апафеозам яе пачуццёвых вышукаў становіцца каханне без узаемнасці да рыцарскіх латаў, якія, трымаючы дзіду, стаяць ля ўваходу ў тронную залу. Трыстана пераконвае ўсіх іншых, што з гэтым прыгожым рыцарам яе яднае жахлівая пустэча ўсярэдзіне. Урэшце яна пачынае бавіць гадзіны, седзячы перад ім на халоднай падлозе ды чытаючы яму ўголас вершы пра каханне.

Яшчэ адзін з насельнікаў Замка – кухар-вядзьмак Акварыус. Пад ягоным загадам знаходзіцца велізарная замкавая кухня, а ягоны абавязак – забяспечваць стравамі ўсіх насельнікаў Замка. Акварыус маленькі, тлусценькі, якім і мае быць кухар, патлаты ды барадаты. Уся рэч у тым, што ён не ўмее гатаваць нічога, апрача сваіх вядзьмацкіх страваў, таму пакрыёма, пад сховам ночы, пільнуе ў сутарэннях Харона ды запрашае яго выпіць з ім бутэлечку на кухні. А на кухні ён напускае на Харона свае чары, ды той паслухмяна гатуе выдатную найсмачнейшую ежу, якой усёй кампаніі стае на тыдзень. Але Акварыусу не заўсёды шчасціць злавіць у сутарэннях Харона, і таму яму даводзіцца неяк выкручвацца перад грамадствам, у выніку чаго на стале з’яўляюцца то нагаворнае, то адгаворнае зелле, то яшчэ якія вядзьмацкія прыбабахі, таму з паспалітым людам здараюцца дзіўныя невытлумачальныя гісторыі. Напрыклад, Трыстану аднаго разу ледзь не пачало ванітаваць ад кожнае чалавечае выявы на сцяне, і таму ўсім давялося хаваць ад яе люстры. Але аднаго люстра ўсё ж не схавалі, таму давялося ратаваць Трыстану, якая збіралася тапіцца, папярэдне зрабіўшы спробу згаліць свае залатыя валасы. Трыстану выратаваў Харон: ён, змрочны ды вельмі незадаволены парушаным спакоем, выцягнуў яе з вады сваім даўжэзным багром. Яшчэ аднаго разу насельнікі Замка, паснедаўшы, адчулі надзвычайную лёгкасць ды раптоўна ўзляцелі да замкавае столі. Так яны там і віселі, заклікаючы Акварыуса да літасці, але той толькі пасміхаўся. Скарыстаўшы са свае раптоўнае недатыкальнасці, Акварыус выцягнуў з замкавых патаемных пакояў свае барабаны ды пачаў у сваю асалоду па іх лупіць, называючы гэтыя гукі «маёй цудоўнай музыкай»! Тады лётаючыя людзі паабяцалі Акварыусу лятальны канец; з вялікімі намаганнямі разабралі частку даху ды закідалі Акварыуса камянямі. Той, пакрыўджаны, уцёк ды схаваўся на кухні, у сваю чаргу паабяцаўшы народу зладзіць у шматлікіх кухонных духоўках ды печках маленькі хатні канцлагер.

Сярод насельнікаў Замка вылучаецца лялечніца Фата-Мантана. Яна маленькая, ссохлая, з кучаравымі чорнымі валасамі, якія выкручвае ў фантастычныя ўчасанні. Штодня яна сядзіць у сваіх замкнёных пакоях ды вырабляе лялек, якіх потым ажыўляе ды дае з імі тэатральныя паказы ў загадзя падрыхтаваных дэкарацыях. Прыкладна раз на тыдзень яна пераносіць гэтыя тэатральныя дзеі ў тронны пакой, дзе вечарамі збіраюцца ўсе жыхары Замка, апрача Харона. Пасля такіх публічных праглядаў лялькі, якіх Фата-Мантана не паспявае забраць, разбягаюцца па ўсім Замку ды пачынаюць жыць прыватным лялечным жыццём і міжсобку ладзяць уласныя тэатральныя паказы. Лялькі ўвогуле ўвесь час уцякаюць ад Фата-Мантаны, больш за тое: яны адстойваюць свае правы на самастойнасць ды заўжды спрачаюцца з Фата-Мантанай. А яна сама нагэтулькі прызвычаілася да сваіх лялек, што ўрэшце пачала лічыць іх такімі самымі рэальнымі, якімі ёсць усе іншыя людзі. Некаторыя лялькі ўцякаюць ад яе, некаторыя яе шкадуюць, любяць, засцілаюць ёй ложак, прыбіраюць пакой ды рамантуюць абутак.

А аднаго разу Фата-Мантана навырабляла лялек ростам з чалавека, больш за тое: гэтыя пятнаццаць лялек былі дакладнымі копіямі ўсіх замкавых жыхароў. Яны ўцяклі ад сваёй гаспадыні амаль адразу, не прычакаўшы нават тэатральнае дзеі, і доўга яшчэ палохалі ды заблытвалі сваіх прататыпаў. Акварыус, напрыклад, так перапужаўся, пабачыўшы самога сябе за сваімі барабанамі, што ўцёк да Харона ды тыдзень праплаваў у ягоным чоўне вакол Замка.

Жыве ў Замку таксама Анёлак-Галубочак, які ўвасабляе Чалавечае Шчасце. Ён носіць даўгі белы хітон, вялікія белыя крылы (пляткараць, што крылы – камуфляжныя, бо ніхто ніколі не бачыў іх у дзеянні), ды мае на галаве німб, прымацаваны да бялявых кудзеркаў. Ён бадзяецца па Замку, не ведаючы, чым сябе заняць, пяе танклявым галаском вясёлыя песенькі, чапляецца да ўсіх без разбору. Дурнейшае за яго істоты ў Замку няма, і трываюць яго толькі з тае нагоды, што кожны сам мае свае прыбабахі. Анёлак-Галубочак уранні назаляе Акварыусу, нахвальваючы ягоныя кухарскія здольнасці, потым чапляецца да Трыстаны, спяваючы ёй песенькі аб шчаслівым каханні, мае звычку крычаць з замкавае вежы ўсялякія прыемнасці Харону, а ўвечары ловіць лялек Фата-Мантаны, спрабуючы дапяць, з чаго яны зробленыя. Аднойчы лялькі ўсё ж злавілі Анёлка-Галубочка з мэтай паглядзець, з чаго зробленыя ягоныя крылы. Лялькі прывязалі яго да трона вяроўкамі, заткнулі рот яблыкам ды, пэўна, замардавалі б яго, але Анёлка выратаваў ягоны сябар – маўклівы сумны ВусатыПаласаты Кот. Гэтая маленькая шэрая жывёлінка заўжды ходзіць нямым ценем за Анёлкам ды бароніць таго ад справядлівае кары за бязглуздыя песенькі ды заляцанні. Жыхары Замка спрабавалі высветліць у Ката, чаму ён прыстаўлены да Анёлка ды носіцца з ім як бацька з неразумным дзіцем, але Кот ім нічога не сказаў, толькі выразна пазіраў на жыхароў, нібы просячы прабачэння за свайго дурнаватага выхаванца. Ката ў Замку любяць, не тое што Анёлка-Галубочка, ды ў часе сняданкаў, полудняў і вячэраў аддаюць яму найлепшыя кавалкі.

Яшчэ адна выбітная постаць – А-Гуру-Уок, ён жа – Адэпт Невядомае Рэлігіі. Недасведчаныя могуць зблытаць яго здалёк з тым жа Анёлкам, бо А-Гуру-Уок таксама цягае хітон. Але ягоны хітон – кіслотнапамаранчавага колеру, да таго ж абчапляны процьмаю бразготак, пацерак, ладанак, кракадзілавых зубоў ды іншых рытуальных прадметаў невядомага прызначэння.

А-Гуру-Уок сцвярджае, што дасягнуў нейкае невядомае Нірваны, хаця ўсе выдатна ведаюць, што ён ніколі не выходзіў за межы Замка. Крыху больш дасведчаныя ў невядомых рэлігіях звяртаюцца да яго з лагічнымі пытаннямі: чаму А-Гуру-Уок тым не менш тры разы на дзень выходзіць са сваёй Нірваны ды спускаецца есці разам з усімі? І чаму ён увечары ўдзельнічае ў агульных гутарках ля каміна, спрабуючы давесці жыхарам нейкія ісціны? А-Гуру-Уок на гэта крыўдзіцца, прапускае міма вушэй усе кпіны ды каторы раз пачынае распавядаць, як дайшоў да таго, што наважыўся адмовіцца ад шлюбу ды кахання. Са сваіх пакояў А-Гуру-Уок павыносіў усю мэблю, пафарбаваў сцены ў белы колер ды піша на іх штодзень розныя мантры ды іерогліфы. Аднойчы пранырлівыя лялькі Фата-Мантаны данеслі ўсім, што бачылі, як А-Гуру-Уок разам з Анёлкам сядзелі на белай падлозе ў ягоных апартаментах ды жлукцілі віно. А Кот нібыта сядзеў побач ды маўкліва пераконваў іх не піць багата.

У патаемным пакойчыку, які насамрэч ёсць папросту ўваходам у пятае вымярэнне, жыве Касіяпея. Яна злучае цяперашні час з мінулым і будучым, нікому, аднак, не раскрываючы, як менавіта яна гэта робіць. Усе мусяць верыць ёй на слова. З Касіяпеяй усе мусяць падтрымліваць добрыя стасункі, бо кожны ходзіць да яе на споведзь. Замкавыя насельнікі, праўда, называюць гэта не споведдзю, а псіхалагічнай кансультацыяй. Як толькі ў каго ўзнікаюць праблемы ў прыватным (ці грамадскім) жыцці, ён адразу імчыць у чырвоны, змрочны, ахутаны водарным туманам пакойчык Касіяпеі ды выкладае ўсё як ёсць. Касіяпея ж, у сваю чаргу, водзіць рукамі над празрыстым шарам ды дае цьмяныя парады, якія, як ні дзіўна, аказваюцца, урэшце, слушнымі. Адзін толькі Анёлак-Галубочак, пачуўшы, што мусіць «перадусім думаць, а потым лётаць», дадумаўся да таго, што ўскараскаўся на замкавую вежу ды так і паляцеў бы, каб не верны Кот. Жыхары Замка доўга рагаталі, згадваючы гэты выпадак увечары ля каміна, ажно пакуль Касіяпея не дарадзіла Трыстане, што «жыццё трэба перайсці як прорву па напятай вяроўцы», і Трыстана, будучы ў чарговай дэпрэсіі з нагоды нешчаслівага кахання, ужо нацягнула тую вяроўку па-над троннай залай.

Пасля гэтага з Касіяпеяй былі праведзеныя жорсткія выхаваўчыя гутаркі, і быў выдадзены зацверджаны агульным галасаваннем спіс дазволеных парадаў. Гаварылі тады, што Касіяпея наўмысна нагаварыла лухты, каб назаліць Трыстане, прыгожым валасам якой вельмі зайздросціла.

Сама ж Касіяпея выглядала даволі звычайна, не асляпляла прыгажосцю, але ж шторазу спускалася есці ў строях з розных эпохаў. То гэта было нешта сярэднявечнае, то егіпецкія строі (яны пасавалі ёй найбольш). А аднаго разу яна з’явілася ў скураных нагавіцах ды каўбойскім капелюшы, цягнучы за сабою каня, які, дарэчы, адзіны тады павячэраў. Каня давялося пакінуць у Замку, бо пераправіць яго на Дзікі Захад Касіяпея не здолела. Конь, дарэчы, ні з кім і не пасябраваў ды так і згубіўся недзе ў замкавым лабірынце. Быў здарыўся і маленькі скандальчык, выкліканы з’яўленнем Касіяпеі ў касцюме Евы.

З часава-прасторавымі маніпуляцыямі Касіяпеі таксама надараліся розныя казусы. Аднойчы ў выніку розных махінацыяў усю выспу адкінула ў плейстацэн, і над Замкам залуналі розныя археаптэрыксы, а Харон з непадробным здзіўленнем выцягнуў з вады трох трылабітаў. Гэта працягвалася нядоўга, да вялікага шкадавання Фата-Мантаны, якая марыла на ўласныя вочы пабачыць «жывых дыназаўрыкаў». А вось заява Касіяпеі пра тое, што яна выпадкова трапіла ў будучыню ды адсутнічала тысячу гадоў, але гэтага ніхто не заўважыў, – выклікала багата плётак. Злыя языкі сцвярджалі, што ў яе пакойчыках папросту схаваная звычайная Машына Часу.

У замкавай вежы бавіць свае бясконцыя дні Мандрагора-Беладонна, якая займаецца пошукамі сэнсу жыцця. Яна толькі і робіць, што ляжыць ды адсочвае рух аблокаў, што праплываюць па-над вежай. Яшчэ, калі даць веры назіранням жыхароў, яна прачытала ўсе кніжкі з замкавае бібліятэкі, якая, між іншым, налічвае не адну тысячу тамоў. Натуральна, раз-пораз Беладонне надакучвае гэтае бесперапыннае лайдацтва, таму яна спускаецца з вежы ды блукае па Замку, распытваючы сустрэтых: «Ці не бачылі вы тут Сэнсу Жыцця?» На іхныя просьбы растлумачыць, як выглядае гэты сэнс, яна толькі ўздыхае ды пераводзіць размову на іншыя тэмы. Дарэчы, вечаровыя аповеды Беладонны найбольш цікавыя, толькі вось А-Гуру-Уок заўжды перапыняе яе ды сцвярджае, што ён пра гэта ўжо недзе чытаў.

Яшчэ Беладонна вельмі любіць глядзецца ў люстэркі ды мае спадзеў аднойчы даведацца, што менавіта адбываецца па той бок амальгамы ў час, калі ў люстра ніхто не глядзіць. Да таго ж Беладонна неяк няўзнак пасябравала з Трыстанай, і яны ўдзвюх раз-пораз сядзяць у вежы ды вядуць розныя бясконцыя гутаркі. Праз гэтае сяброўства Беладонна пасварылася з некаторымі жыхарамі Замка: надавала поўхаў Анёлку-Галубочку, калі той пачаў заляцацца да Трыстаны. І што здзівіла ўсіх – тое, што нават Кот, здаецца, ухваліў гэтае пакаранне. Анёлак-Галубочак неўзабаве забыўся на крыўду, а вось Касіяпея, якую Беладонна адцягала за валасы пасля выпадку з напятай вяроўкай, стала яе маўклівым ворагам. Дарэчы, менавіта Беладонна ўдзельнічала ў складанні спісу дазволеных прароцтваў і да таго ж была сакратаром паседжання.

А яшчэ аднаго разу замкавае насельніцтва стала выпадковым сведкам сваркі паміж Беладоннай ды Харонам. Яны нешта гучна даводзілі адно аднаму, пасля чаго Беладонна сышла, бразнуўшы ўсімі дзвярыма, што трапіліся па дарозе (а іх трапілася больш за дваццаць) ды ўласнаручна кіравала чоўнам цэлыя тры дні, а Харон замкнуўся ў яе вежы ды адмовіўся хоць нешта патлумачыць цікаўным.

Праз тры дні ўсе вярнуліся на свае месцы, але з якое нагоды сварыліся Харон з Беладоннаю, дагэтуль нікому невядома.

У Замку жыве таксама Паэт, які за ўсё жыццё не напісаў ніводнага верша, бо ў яго няспынны творчы крызіс. Скаргамі на свой творчы крызіс ён штодня псуе настрой жыхарам Замка, таму яны раз-пораз бяруцца ўгаворваць былую Паэтаву жонку, Музу, каб тая вярнулася да кінутага мужа. Але безвынікова, бо ў Музы свой погляд на творчасць. Яна ўпэўнена сцвярджае: «Гэта ж усё дзеля яго! Я ягонай творчасці толькі спрыяю! Бо ў Паэта выбар небагаты: або крызіс у прыватным жыцці, або творчы крызіс!» Таму ўсе замкавыя месцічы чакаюцьчакаюць вершаў ад Паэта, але ніяк не дачакаюцца.

Жыве там і Кароль у Выгнанні, які мае звычку губляць сваю карону ў самых нечаканых месцах. То Акварыус урачыста выцягне яе з рондаля падчас вячэры; то Беладонна, грэбліва трымаючы карону двума пальчыкамі, вынясе яе ў тронную залу; сцягваюць карону з галавы Анёлка-Галубочка; а то Касіяпея спусціцца ў кароне да сняданку, сцвярджаючы, што знайшла яе трыста гадоў таму на нейкім сметніку, то лялькі моўчкі прынясуць карону з сутарэнняў… І калі аднойчы багор Харона за нешта зачапіўся, ніхто не меў сумневаў, што зараз з’явіцца карона Караля ў Выгнанні. А сам Кароль ні з кім не размаўляў: напэўна, так паўплывала на яго выгнанне.

Жыхароў у Замку была плойма: браты-блізняты Белы ды Чорны, якія заўсёды ўсё рабілі аднолькава і нават прамаўлялі адначасова і тое самае, але адзін з іх быў добры, а другі – кепскі; быў Адважны Змагар, які няспынна змагаўся за свае неад’емныя правы бачыць, чуць, дыхаць, есці ды бесперашкодна бадзяцца па Замку; была Дзяўчынка з Мячыкам, якую доўгі час уважалі за адну з лялек Фата-Мантаны, бо яна ўвесь час маўчала ды ні на што не рэагавала, толькі стукала мячыкам аб падлогу. У парадку эксперыменту ў яе адабралі мячык, але яна пачала нервавацца ды матляць рукамі; тады ёй пад рукі паставілі піяніна, і яна пачала на ім граць, прычым выдатна і няспынна. Заінтрыгаваныя жыхары Замка спрабавалі даваць ёй у рукі розныя музычныя інструменты, і аказалася, што Дзяўчынка можа граць абсалютна на ўсім. Таму яе пасадзілі за раяль ды так разам з раялем і адправілі ў далёкія замкавыя пакоі, выцягваючы на вялікія святы, калі была патрэба ў музычным аздабленні.

З маімі героямі мусілі здарацца розныя цікавыя казачныя прыгоды.

Напрыклад, аднойчы яны ўсім кагалам, прыхапіўшы нават Харона, выправіліся прагуляцца ў замкавым Лабірынце, дзе дагэтуль ніколі не былі, ды заблукалі тамака. Дзякуй Лёсу, у Лабірынце была цудоўная акустыка, таму яны выдатна чулі адно аднаго. Але лабірынтавая акустыка мела адну ўласцівасць: галасы блыталіся і падмяняліся. Вось стаіць Трыстана, упэўненая, што чуе голас Акварыуса, а гэта насамрэч прамаўляе Касіяпея. І Анёлак-Галубочак увёў усіх у зман, бо ўсе здзівіліся, з якой радасці Харон пачаў спяваць песенькі. І агульная радасць за Паэта, які нарэшце пачаў пісаць вершы, таксама аказалася маною: гэта проста А-Гуру-Уок голасна прамаўляў свае мантры.

Лабірынт, аказваецца, паставіў перад імі задачу: слухаць не голас, а словы. І тры дні жыхары Замка наноў знаёміліся міжсобку, вучыліся прамаўляць не бязглуздзіцу, а слушныя рэчы ды крытыкаваць прапанову, а не асобу. А праз тры дні яны, прыдбаўшы каштоўны досвед, выйшлі з лабірынту без аніякіх перашкодаў, з’яднаныя Сапраўднай Вялікай Прыгодай.

А аднойчы, з падачы Беладонны, было дамоўлена называць усе рэчы сваімі імёнамі. Яны ўвечары паселі ў троннай зале, як зазвычай, запаліўшы камін. Урачыстае слова ўзяў Акварыус.

– Шаноўныя Каралеўны ды Каралі, вядзьмаркі, ведзьмакі, анёлы ды іншая набрыдзь! Пачынаючы ад гэтага моманту, мы ўсе рэчы ды з’явы называем сваімі імёнамі! Калі мы ўрэшце адважымся на гэта, нашае жыццё набудзе іншы сэнс ды зменіцца да лепшага! На правах першага прамоўцы маю менаваць першы! З гэтага моманту і назаўжды я называю той трон, на якім стаю, імем Акварыуса!

Што тут усчалося! Кожны спяшаўся як мага больш прадметаў назваць сваім імем. У суцэльным гармідары ды мітусні можна было разабраць асобныя рэплікі:

– Гэтую шафу клічуць Беладонна! Гэтае крэсла – Касіяпея, і гэтае крэсла – Касіяпея, і гэтае – таксама Касіяпея! Падлога – гэта Паэт! Сцены – гэта Паэт! Вокны – гэта Паэт! Святло ў вокнах – гэта Паэт! Тры троны з левага боку – Кароль у Выгнанні!

Трыстана хуценька пабегла па калідорах, тыцкаючы пальчыкам ува ўсе партрэты, ды мармычучы:

– Трыстана! Трыстана! Трыстана!

Харон абняў свой багор ды рашуча прамовіў:

– Харон!

Але найвялікшае здзіўленне выклікаў Анёлак-Галубочак. Ён ускараскаўся на камін, падаецца, упершыню ў жыцці ўзмахнуўшы крыламі, ды залямантаваў:

– Цішэй! Цішэй! Ціха, я вам кажу! Слухайце мяне! Ну!

І ў нетрывалай цішыні ўрачыста вымавіў:

– Называю гэты камін імем… Ката!

І ўсе запляскалі Анёлку, а ягоны маўклівы ВусатыПаласаты таварыш маўкліва аддзячыў яму позіркам.

А ў адзін цудоўны дзень замкавым жыхарам собіла садзіць сад. Бо Беладонна недзе вычытала, што кожны чалавек у сваім жыцці мусіць пасадзіць дрэва. І пэўная частка неабсяжных замкавых прастораў была адведзеная пад Зімовы Сад. І праўда, як толькі ўсе дрэвы былі пасаджаныя, адразу аднекуль з-пад празрыстае столі пасыпаў буйны снег, які надаваў Саду надзвычайную прыгажосць ды ўрачыстасць.

Якіх толькі дрэў там ні было! Кожны садзіў тое, на што была багатая ягоная фантазія. Былі там і пальмачкі, і стогадовыя дубы, і навагоднія елкі з агеньчыкамі, і Грашовае Дрэва з Краіны Дурняў, бярозы ды сосны, і кусты бузіны з прыкручанай да іх шыльдачкай «А ў Кіеве дзядзька», а браты-блізняты Белы ды Чорны ўвогуле вырасцілі Дрэва Спазнання Дабра і Зла, і Фата-Мантана адразу ж абкруціла яго галіны лялечнай змяёй. Змяя ў тую ж хвілю ажыла ды пачала гандаль яблыкамі.

З маімі героямі мусіла здарыцца яшчэ багата гісторыяў, бо ў Замку была процьма таямнічых мясцін. Але галоўным іхным заняткам былі штовечаровыя размовы. Як я ўжо казала, штовечар яны збіраліся ў троннай зале. Гэта была такая вялізарная зала, куды былі сцягнутыя ўсе троны, што былі ў Замку, агульным лікам сем штук. Хто і навошта іх туды сцягнуў – невядома. Яшчэ ў троннай зале быў камін памерам з добрую браму, які замкаўцы штовечар распальвалі. Святла ды цяпла было досыць усім.

Насельнікі замку сядалі ў кола на падлозе (ну, натуральна, не на голую падлогу, у іх былі розныя дываны) ды вялі філасафічныя гутаркі, на якіх абмяркоўвалі глабальныя пытанні жыцця.

Фата-Мантана запэўнівала ўсіх, што яе лялькі – жывыя, бо ім уласцівыя ўсе чалавечыя якасці. І ніхто не мог давесці ёй адваротнае – бракавала аргументаў.

Трыстана пераконвала народ, што ўсе яе нешчаслівыя каханні маюць права на існаванне, бо яе пачуцці да ўяўных каханкаў самыя сапраўдныя. А народ пераконваў Трыстану, што яе пачуцці, хоць і сапраўдныя, але марныя.

На абарону Трыстаны заўсёды падымалася Беладонна, і размова адразу пераходзіла ў рэчышча вызначэння паняткаў «каханне» ды «сэнс». «Ці можа быць сэнс без кахання альбо каханне без сэнсу?»

Акварыус спрабаваў навучыць замкаўцаў слухаць ды разумець музыку і даводзіў, што ежа не ёсць сэнсам жыцця.

Касіяпея пачынала ўсе прамовы аднолькава: «Што такое імгненне ў параўнанні з Вечнасцю? Тое самае!», а потым пераводзіла на тое, што кожны мусіць прайсці курс псіхааналітычных сеансаў.

А-Гуру-Уок, грукаючы сваімі бразготкамі, казаў, што ён усё спазнаў ды заклікаў усіх увайсці ў Нірвану.

Частка вечара абавязкова ахвяроўвалася на затыканне рота Анёлку, які пачынаў спяваць песенькі, а той вырываўся, бегаў па ўсёй зале ды крычаў:

– Пакіньце ў спакоі шчаслівага чалавека!

Паэт увесь час скардзіўся на творчы крызіс, прасіў падказаць яму сюжэты, зачытваў першыя радкі няствораных вершаў ды тужліва пазіраў у бок Музы. А тая толькі крывілася ды паўтарала: «Або крызіс у прыватным жыцці, або творчы крызіс!»

Кароль у Выгнанні моўчкі кружляў па зале ды ўрэшце выцягваў з-пад каго-небудзь сваю згубленую карону.

Браты-Блізняты Белы ды Чорны казалі ва ўнісон:

«Нашым жыццём кіруе лёс, і нікуды ад яго не падзецца. А ўсё, што мы ствараем – гэта мана, ілюзія, эфемерыды. І каханне – мана, і дабро – мана, а зло – яго ўвогуле няма. А кожны з нас насамрэч не ён, а хто – увогуле невядома». І Белага заўжды ўхвалялі, казалі: «Як слушна! Які ён прадбачлівы!», затое Чорнага заўсёды дакаралі:

«Які песіміст! Усё зганіў, нічога святога для яго няма!» Адважны Змагар ускокваў ды крычаў: «Я маю права!» і доўга пералічваў, на што менавіта ён мае права. Вынікала, што ўвогуле на ўсё.

А Дзяўчынка з Мячыкам, выцягнутая на святло, грала нешта эпахальнае або на раялі, або на кантрабасе, а то і ўвогуле на барабанах Акварыуса, і, што цікава, заўжды трапляла ў агульны настрой.

Такая ў іх была ідылія.

Але мае героі самі ўсё сапсавалі – яшчэ да таго, як я паспела перанесці іх на паперу. У творы, дзе сціжма персанажаў, героі рана або позна пачынаюць жыць сваім жыццём, і аўтар нічога не можа з імі зрабіць. Персанажы самі вырашаюць, як ім паводзіць сябе, а ў тым выпадку, калі аўтар паспрабуе напісаць нешта іншае, героі жорстка яму адпомсцяць. Яны скажуць аднагалосна:

«Не веру!», а потым возьмуць ды ўцякуць, пакінуўшы аўтара сам-насам з чыстай паперай.

І мае героі таксама пачалі выкідваць фінты вушамі ды рабіць хады канём. Яны ўсё сапсавалі! Яны парушылі такую цудоўную гармонію!

У іх праявіліся звычайныя чалавечыя заганы: яны ўзялі ды закахаліся адно ў аднаго!

Божа, ну хто ж мог сабе ўявіць: А-Гуру-Уок, дарэмна што выракся кахання ды шлюбу, пачынаў трымцець, як нейкі падлетак, калі бачыў Трыстану! Ну знайшоў у каго закахацца – у Трыстану! Яна і бачыць нікога не жадае, апрача сваіх намаляваных каханкаў, а А-ГуруУок яе пераследуе, робіць ёй усялякія падаруначкі ды чытае мантры! Аднойчы падарыў ёй шаманскі бубен, які Трыстана аддала Анёлку, і той за два дні грукату так усіх дапёк, што давялося яго выкінуць у ваду. (Не Анёлка – бубен.)

Акварыус перабраўся жыць да Касіяпеі, і ўсё насельніцтва ўздыхнула з палёгкаю: нарэшце на кухні пачала гаспадарыць жанчына! Да таго ж каштаваць стравы ўсіх часоў ды народаў было вельмі пазнавальна. Здаецца, гэта было адзінае шчаслівае каханне ў Замку.

Але што натварылі іншыя!

Яны нібыта выхваляліся адно перад адным, хто ўчыніць большую шкоду.

Кароль у Выгнанні ў пошуках кароны выпадкова зазірнуў да Музы, і пошукі зацягнуліся. Рыхтык у гэтыя хвіліны да Музы вырашыў завітаць Паэт. Завітаўшы, ён умомант спазнаў, што такое крызіс у прыватным жыцці. Гора ягонае не мела межаў. Усчаўся жахлівы, гідкі скандал, у перспектыве якога бачылася бойка. Дарэчы, у часе гэтага скандалу з абяцаннямі забіцца ды забіць каго-небудзь, жаночым віскатаннем ды кіданнем цяжкіх прадметаў інтэр’ера, у Караля прарэзаўся голас. Сапраўдны каралеўскі голас, ад якога затрымцела шкло ў шыбах, а разам з голасам выявілася і каралеўская моц, вынікам скарыстання якой стаў палёт Паэта па сходах уніз.

У абражанага, зняважанага, пакрыўджанага Паэта таксама прачнуўся голас, ды такі, што поўны збор ягоных твораў дапоўніў замкавую бібліятэку трыма сотнямі тамоў. Паэт, страціўшы ўсякую цікавасць да вонкавага свету, блукаў, прыгнечаны, па калідорах, не выпускаючы з рук сшытка з алоўкам. Насамрэч выдавала на тое, што гэта свет страціў цікавасць да Паэта: такую разгубленасць, такую нетутэйшасць адчуваў кожны ў самотнай постаці Паэта, калі бачыў, як той у скурчанай паставе туліўся да любой паверхні, нешта няспынна занатоўваючы на паперках.

Каму-каму, а вось Музе не належала быць няшчаснай, прыдбаўшы сабе ў каханкі Караля. Але яна таксама збялела, ссунулася ды прыціхла за каменнай каралеўскай спінай. Пэўна, яна ўжо марыла вярнуцца да Паэта. А вось Кароль, той захоўваў каралеўскі спакой. То бок маўчаў.

Фата-Мантана з Чорным ды Белым склалі класічны трыкутнік. Як кажуць, гісторыя гэтая бярэ пачатак ад шпацыру па Зімовым Садзе. Фата-Мантана з братамі сядзелі пад Дрэвам Спазнання Дабра і Зла ды частаваліся яблыкамі, калі браты адначасова звярнуліся да лялечніцы з прамовай: «Я цябе кахаю». ФатаМантана была кранутая шчырасцю аднаго ды абражаная непрыстойнымі намерамі другога. Падаецца, выбар між Добрым ды Кепскім зрабіць было няцяжка, але ж ніхто дакладна не ведаў, хто з братоў – Белы, а хто – Чорны.

Наступствы былі зразумелыя: Фата-Мантана замкнулася ў сваім пакоі ды гадзінамі гутарыла з лялькамі, спрабуючы ўпарадкаваць свае думкі ды пачуцці. І ніяк не магла ўсвядоміць: чые словы былі шчырыя, а чые – хавалі небяспеку? І галоўнае: у чым палягае небяспека? А можа, шчасце таксама вельмі небяспечная з’ява?

Шчасце ў замкавай прасторы тым часам прымала дзіўныя формы.

Тое самае Шчасце, увасобленае ў Анёлку. Ён змяніўся, і непазнавальна.

Анёлак абраў аб’ектам сваіх пачуццяў… Каго б вы думалі? Дзяўчынку з Мячыкам. Ён выцягнуў яе з цёмных калідораў на святло ды ператварыўся ў знямелага слухача музыкі. Гадзіны ён праводзіў пад раялем Дзяўчынкі, і на твары ягоным не было ані адбітку мінулага шчасця. Затое праступілі абрысы шчасця новага – прасветленага і сумнага. На пытанні і кпіны Анёлак-Галубочак, гэты блазен з німбам, абсалютна сур’ёзна ды спакойна тлумачыў, што Дзяўчынка – геній і што ён нікому не дазволіць яе крыўдзіць ды называць дзяўчынкай-даўнам. Анёлак на вачах ператвараўся ў Анёла.

Але які вытанчаны здзек з сябе саміх учынілі Харон з Беладоннай!

Замкаўцы даўно адзначылі, што між імі існуе нейкая прыхаваная, незразумелая повязь. Але толькі на хвалі агульнага шалу ўва ўсіх расплюшчыліся вочы: Харон з Беладоннаю кахалі адно аднога!

Але ні Харон, ні Беладонна не дазвалялі сабе адкрыцца адно адному. Ды што там: яны не хацелі прызнавацца ў існаванні гэтага пачуцця кожны сам сабе. Таму кожнае іх сутыкненне на нейтральнай тэрыторыі ператваралася ў супрацьстаянне – для іх, і ў камедыю – для ўсіх іншых. І Беладонна, і Харон рабілі выгляд, што яны адно для аднога не існуюць.

Асабліва цікавыя формы гэты двубой набываў у часе ежы. Соль, патрэбная Беладонне, стаяла пад рукой у Харона. Адбываўся дыялог, на забаву, як кажуць, публіцы. Беладонна прасіла:

– Касіяпея, перадай мне солі, калі ласка!

Касіяпея, якую ад солі аддзялялі два метры, казала:

– Харон! Перадай соль Беладонне!

Харон, не мяняючы змрочнага выразу твару, перадаваў соль Каралю, які сядзеў праваруч, Кароль – Музе, Муза, не гледзячы, тыкала яе Паэту, Паэт рабіў выгляд, што не бачыць працягнутай рукі з сальніцаю ды засяроджана апераваў нажом з відэльцам. Нарэшце, падымаўся, дэманстратыўна хмыкнуўшы, Акварыус, забіраў соль ды адносіў яе на іншы канец стала Беладонне, якая ў гэты момант ужо была дарэшты знерваваная.

Натуральна, што гэтыя нервы, скандалы ды трагедыі не памнажалі шчасця ды спакою. Над замкавым суладдзем навісла пагроза.

Першымі сканалі філасафічныя вечаровыя гутаркі. Кожнаму рупіла толькі ягоная бздура, ці, як яны гэта называлі, каханне. Замак ператварыўся ў нейкае соннае каралеўства. Жыццё ў ім нібыта прыпынілася. Выпадковы госць пабачыў бы толькі самотныя нерухомыя постаці гаспадароў Замка, нібыта намаляваныя адным мастаком: усе яны сядзелі, утаропіўшыся ў невідочную кропку, і было такое ўражанне, што кожны гатовы расплакацца ў любы момант. Ці падхапіцца ды пачаць шпурляць цяжкія прадметы інтэр’ера.

Паэт толькі і рабіў, што нешта крэмзаў, пакусваючы зрэдчас аловак, безуважны да ўсяго; Анёлак назаўжды знерухомеў ля ног свайго маўклівага музычнага Генія; А-Гуру-Уок пагойдваўся ў лотасе, мармычучы мантры, а Трыстана, якая нібыта сядзела побач, насамрэч была далёка-далёка. Муза назаўсёды ўтаропіла вочы ў неба, нібыта яе нехта прыклеіў да падаконня; Кароль моўчкі паліў ды круціў у руках карону. Фата-Мантана, роўна як і браты, нікому не траплялася на вочы. Беладонна кінула ўсялякае шуканне сэнсу ды бесперапынна пазірала з вежы, як Харон наразае кругі вакол Замка, праз аднолькавыя прамежкі часу, як машына, штурхаючы свой човен.

Адважны Змагар увогуле кудысьці знік з далягляду, чамусьці не пажадаўшы пацвярджаць сваё права на каханне.

Адзінымі жывымі персанажамі ў Замку засталіся Акварыус з Касіяпеяй, без якіх жыхары памерлі б ад голаду. Ды яшчэ і лялькі стваралі хоць нейкі рух у апусцелых калідорах.

Ну што, дарагія, любімыя мае героі? Што вы нарабілі? Чаго вы дасягнулі?

Натуральна, што казачная рэальнасць не здолела трываць у сваім улонні вашу выспу непаразумення, няшчасця ды недаверу. І ў мяне таксама няма ніякага жадання займацца вашымі праблемамі, выцягваць вас за валасы з гэтае багны ды ставіць вас на шлях выпраўлення – на шлях, які як мага далей адвёў бы вас ад разбуральнай ды самазнішчальнай з’явы – неўзаемнага кахання.

І пачалася навальніца. Маланкі бліскалі штосекунды, пагражаючы знішчыць Замак. А што я магла зрабіць? Навальніца была апошняй магчымасцю злучыць вас, аб’яднаўшы перад пагрозай сапраўднай трагедыі.

І вось адразу пяць маланак працягнулі свае тонкія блакітныя рукі да замкавае вежы. Яна адразу ж загарэлася, і напалоханая Беладонна скочыла ў ваду. Харон выцягнуў яе, і яны паплылі выратоўваць замкаўцаў. Тыя, пераляканыя, ужо чакалі чоўна.

Мае героі ўдала пераправіліся на Вялікую Зямлю, нічога з сабою не захапіўшы. А што яны маглі з сабою ўзяць? Крылы? Карону? Хіба што. Нават ФатаМантана адразу ўпэўнілася ў няіснасці сваіх лялек.

Мае героі стаялі, нерухомыя, ды моўчкі глядзелі, як гіне ахоплены блакітна-ружовым полымем Замак, гіне разам з Лабірынтам, Зімовым Садам ды троннай залай, і на вачох ператвараліся ў звычайных людзей.

І тут я звярнулася да іх.

– Не! Я супраць! Вы мусіце туды вярнуцца! Спыніце полымя! Вам адным далі моц яго спыніць – варта толькі павыкідаць з галоваў усю гэтую лухту, якую вы самі сабе прыдумалі. Выракайцеся ўсе сваіх каханняў, і няхай усё будзе так, як было!

А мае героі мне нічога не адказалі.

Яны проста моўчкі адвярнуліся ды пайшлі прэч па белай дарозе, і хутка-хутка зніклі, пакінуўшы мяне самнасам з гэтай белай дарогай – чыстай паперай.

Я са слязамі на вачах і болем у сэрцы праводзіла іх сваім ментальным позіркам. І што я не так зрабіла? Мабыць, я мусіла паабяцаць сваім героям, што абавязкова ствару працяг, наноў адбудую Замак ды перасялю іх туды са звычайнага жыцця? Паабяцаць, што дазволю ім рабіць усё, што яны пажадаюць, паабяцаць адважна ды ахвярна вырашаць усе іхнія праблемы, паабяцаць сур’ёзна ставіцца да іхных пачуццяў?

Я не ведаю. Мае героі мяне пакінулі, а я чакаю іх, чакаю, чакаю…


Я ўсё чакаю.

Я чакаю грамадскага транспарту, але ніяк не магу дачакацца. Чаканне грамадскага транспарту – гэта вечная перашкода на шляху да любой мэты. Прычакаўшы трамвая, я ўжо рыхтуюся да чакання аўтобуса, а прыбыўшы на месца, ведаю, што мне яшчэ трэба вяртацца: на аўтобусе, потым на трамваі… Мне падаецца, найбольш выразны сімвал эпохі крызісу – чалавек на прыпынку. Раніца або позні вечар, снег або дождж, задушная спёка ці пранізлівы вецер – чалавек стаіць на прыпынку ды чакае аўтобуса, тралейбуса, трамвая – як увасобленага шчасця.

Чакаю Новага года – пачынаючы з лютага. І зноў жа: не магу прыгадаць ніводнага разу, калі б я яго дачакалася. Чамусьці ніколі не ўзнікае святочнага экстазу з надыходам нулявой хвіліны, і я ўскокваю ды ўдаю шалёную весялосць, імкнучыся пратараніць фужэрам з савецкім шампанскім усе іншыя келіхі ў руках, у руках, ускінутых у навагоднім зіггайлі – і да крыўды не адчуваю ніякага Новага году!

Падманулі? Падманулі, як у дзяцінстве манілі пра Дзеда Мароза? І толькі елка ды лядоўня, поўная дзівосных страў, яшчэ тыдзень нагадвае пра тое, што здарылася ж нешта такое! Такое, што ўсе заўважылі, а я – правочыла.

Чакаю добрага надвор’я. Нават больш – чакаю проста надвор’я – летняга, восеньскага, веснавога, зімовага… Тут таксама нешта не тое. Ну чаму я ніколі не магу нічога дачакацца? Ні лета, ні зімы, ні вясны. І толькі восень прыходзіць з вартай зайздрасці ўпэўненасцю, нібыта яна тут гаспадыня і не сыходзіла нікуды, а проста выйшла ў іншы пакой. Восень – жах, суцэльнае паміранне, чорная дзірка.

Чакаю старасці. Напэўна, гэта і ёсць дэфініцыя «даросласці» – калі ўжо перастаеш уздыхаць: «Хачу быць дарослай!», а падазрона пазіраеш у люстэрка, вышукваючы першыя зморшчынкі. «Іра, у цябе ўжо адкрыліся поры на шчоках?» – «Так, даўно!» – «Слухай, а мо’ лёд дапамагае?» – «Нічога не дапамагае – мы ўжо старыя!» Тэлефонная размова. Мне – 22, Іры – 24.

Чакаю Смерці. Уся мая шматгадзінная праца над сабою, шматгадовыя развагі, выпрацоўванне правільнага погляду на чалавечае існаванне, усе намаганні паверыць у вечную душу – усё касуецца ў адну хвіліну.

У адно імгненне – ляжыш, спрабуеш заснуць – і раптам уяўляеш, што ты аднойчы знікнеш! Знікнеш – і ўсё! І куды? І яшчэ добра, калі перад гэтым не будзеш усведамляць свайго хуткага знікнення. Працінае жах, і ледзь трываеш да раніцы. Чакаеш гімна Роднае Дзяржавы – каб новы дзень забіў галаву лухтой, бязглуздзіцай, якая да наступнага сну адцягне цябе ад думкі пра немінучае знікненне.

Божа мой, божа! Зірні долу, калі ласка! Ведаеш, чаго я, недасканалая, чакаю? Грошай – багата-багата грошай! Знайсці мех з грашыма. Выйграць у казіно мільён баксаў. Каб адным махам вызваліць сябе ледзь не ад усіх чаканняў – грамадскага транспарту, добрага надвор’я, старасці ды зменаў у прыватным жыцці. Чакаю добрага жыцця! Прыгожага жыцця – шыкоўнага! Ведаеш, як мне надакучыла штодня тарнаваць да ўсяго пабачанага тры японскія каноны прыгажосці? Гэтыя сабі, вабі і сібуй. Ну, і югэн. Я хачу вакол сябе бачыць прыгожае – проста прыгожае, а не гэтую прыгажосць старых, зламаных рэчаў, патрушчанага тынку ды калюжынаў па калена, усю гэтую прыгажосць смецця, бруду, гразі, слаты ды ўсяго іншага… І не хачу – не хачу – не хачу! – чакаць тэлефонных званкоў.

І што мне застаецца ў такім выпадку?

З’ехаць у вёску. Усё адно чакання не ўнікнуць. Але толькі ў вёсцы яно асэнсаванае.

У вёсцы чакаюць ураджаю.

У вёсцы я раблюся перакананай прыхільніцай паганскае веры. Я пускаю карані ды паварочваю твар за Сонцам. Я паліваю зямлю ўласным потам. Варта толькі адзін сезон адпрацаваць на гародзе, як міжволі з’яўляецца цэлы тузін багоў – добры дзесятак, не меней. У час засухі мне не прыйдзе ў галаву ставіць свечку ў царкве: узнікае жаданне папрасіць дажджу ў таго, хто адказны за дождж. І калі яблыкі спеюць, а бульбу ядуць жукі – ну пэўна не буду ўкленчваць перад іконамі, каб прасіць за нейкую бульбу. А калі пачынае скарачацца дзень… Пачынаеш маліцца на Сонца.

І вельмі дакладна ведаеш, чаго чакаць ад дажджу, а чаго – ад ранішняга прымаразку.

Я ў вёсцы. Я ляжу ў траве ды гляджу на неба. І я ведаю, чаго я чакаю – вечара. А потым – раніцы.

Пакахай мяне, калі ласка… (зборнік)

Подняться наверх