Читать книгу Пакахай мяне, калі ласка… (зборнік) - Коллектив авторов, Ю. Д. Земенков, Koostaja: Ajakiri New Scientist - Страница 7

Аліса Бізяева
Нашы з табой падарожжы
Палёты і сны

Оглавление

Мы паставілі намёт на пяску ля мора. Раніцай ён быў напалову заліты вадой. Але мы не адразу заўважылі – так стаміліся пасля ўчарашняй прагулкі – і не маглі прачнуцца. Мы бачылі адзін сон на дваіх, толькі глядзелі яго з розных бакоў: нехта з пачатку, а нехта – з канца. Мы сустрэліся на сярэдзіне і толькі тады прачнуліся.

Мы ляжалі, калыхаючыся на паверхні салёнай вады, і ўспаміналі свой сон. Гаспадары дома, пад якім мы начавалі, знайшлі намёт, спусціліся на пляж і паклікалі: «Ці ёсць хто жывы?» Яны запрасілі нас паснедаць. Мы пагадзіліся адразу, бо наш сняданак быў наскрозь мокры: захаваўся цэлым толькі маленькі слоік варэння з грэцкіх арэхаў, якім мы частавалі сваіх новых гасцінных сяброў. Сняданак на адкрытай тэрасе з відам на мора атрымаўся вельмі натхняльным. Была ўжо восень, але гэты дзень нагадваў пра лета. Марская вада колеру мятнае гарбаты накатвала хвалі на бераг, водар салёнае свежасці прасякаў крыштальнае паветра, асветленыя сонцам аблокі марудна цягнуліся адно за адным.

Людзі, якія жывуць ля мора, вельмі шчаслівыя. Кіран і Лорна распавядалі нам свае сны. І ён, і яна ляталі ў сне. Лорна, як звычайна, ляцела, нібыта плыла па вадзе, адчуваючы цяжар. Яна адштурхоўвалася ад пяску на пляжы і ўзнімалася вышэй і вышэй, перамагаючы зямное прыцягненне. Кіран ляцеў, нібыта падаў у бяздонны калодзеж. Падчас гэтых палётаў ён, наадварот, адчуваў лёгкасць, нібыта пакідаў сваё цела. Яшчэ яны казалі, што адчуванне палёту было вельмі моцным ды рэалістычным – у сне яны былі ўпэўненыя, што могуць паўтарыць гэта на яве. Я падумала, што гэта абавязкова адбудзецца калі-небудзь, трэба толькі ашчадна захоўваць досвед пра палёты. Ты толькі ўсміхнуўся сам сабе, табе невядомая была пакутлівая мара навучыцца лятаць.

У Кірана была свая букіністычная кнігарня ў горадзе. Ён чытаў усе кнігі, якія прадаваў сам, і ведаў пра іх шмат цікавага. Ён дапамог нам знайсці падарункі для сяброў – збор кельцкіх легендаў ды паданняў, кінакаталог 1993 года выдання, вершы Ленана з ягонымі малюнкамі ў перакладзе на чэшскую мову. Для сябе я выбрала энцыклапедыю коней. Ты набыў альбом з рэпрадукцыямі мастакоў, якія малявалі неба. Мы пакінулі Кірану кнігі з бібліятэкі нашай свядомасці, якія заўсёды насілі з сабой – раман Мілана Кундэры аб празе захавацца ў памяці пасля смерці, далікатны жыццяпіс эратычнасці мастацтва Джона Барта, кніга спасціжэння самога сябе Кена Кізі, даоская прыпавесць Джэка Керуака, казка пра гульню ў шахматы Уладзіміра Караткевіча, дзённік-Кама Сутра Чарлза Букоўскі, твор пра шматлікасць чалавечых абліччаў Германа Гесэ, даследаванне Тома Вулфа пра эксперыменты са свядомасцю, выдзьмутая скразняком праз фортку аповесць Генрыха Бёля, сатыра на брудны Парыж Генры Мілера, аўтабіяграфічная містыка пра змарнаваных часам Пітэра Хёга.

Пакахай мяне, калі ласка… (зборнік)

Подняться наверх