Читать книгу Як стаць беларусам. Сто гісторый - Севярын Квяткоўскі - Страница 11
9. Сваё
Оглавление«Мама, а як гэта: я – я?» Пытанне ўзросту гадоў чатырох.
Я, мае ўражанні, мае ўчынкі, маё ratio, мая вера, мае веды, мае памкненні.
Маё – сваё.
«Я» – непаўторныя і ўнікальныя, а «сваё» можа стасавацца з іншым. Сваё важнае і дарагое. Такое, як краявіды, гукі, успаміны і памкненні. Яны робяцца нашымі.
Нашы – як малюнак калейдаскопа з мноства асобных аскепкаў, а не бясформенны пластылін, перамяшаны з кавалкаў рознага колеру.
Памятаеце, як у дзяцінстве мы не любілі, калі нам даставалася на занятках такое шэра-бура-малінавае абы-што.
З калейдаскопу культураў, моваў і традыцыяў Беларусі хацелі зрабіць такі вось неакрэсленага колеру пластылін, але ў выразнай форме сярпа і молата.
Памятаю, як у дзяцінстве намагаўся павыкалупваць кавалачкі колераў, каб пасля скамбінаваць іх у сваёй – аўтарскай – кампазіцыі.
Дарослым пачаў хадзіць з сябрамі ў вандроўкі на байдарках. Хаўрус беларусацэнтрычных людзей. Аўтараў. Сваіх лёсаў. І крэатараў змесціва і вобразу Беларусі.
Да нас раз-пораз далучаўся брат аднаго з удзельнікаў. Масквіч, хоць і народжаны ў Менску. Нармальны, добры чалавек. Ён днямі слухаў размовы пра беларускую нацыянальную ідэю, пра творчасць, пра сваё… Але раптам пад чарку ля вогнішча з імпэтам так бабахнуў: «Я ўсё разумею! Але чаму вы не хочаце далучыцца да Расеі?!».
Так адзін малады немец неяк у мяне запытаўся: «А навошта вы адраджаеце беларускую мову?».
А знаёмая літаратарка распавяла, як размаўляла ў электрычцы з цётухнай з правінцыі беларускай мовай.
– У вас что там в Минске – принято говорить по-белорусски?
– Так.
– Совсем обнаглели!
Так, абнаглелі – заявілі права на сваё. На «я»:).