Читать книгу Як стаць беларусам. Сто гісторый - Севярын Квяткоўскі - Страница 19

1. Пратэст
Глеб Хамутоў: Я хацеў быць не як усе

Оглавление

– Падлеткам я адчуваў сябе большасцю: слухаў тое, што ўсе, глядзеў тое, што ўсе. Я разумеў, што гэта няправільна, што так не павінна быць. З гэтага пачаў шукаць нешта, што б мяне адрознівала ад большасці ў розных сферах жыцця. У беларускай мове найперш прывабіла яе пэўная элітарнасць.

Пошук альтэрнатывы прывёў да беларускамоўных кніг, людзей, музыкі і г. д. Неяк мяне запрасілі ў тусоўку, дзе ўсе размаўлялі на беларускай мове. А я не мог сказаць ані слова! Гэта мяне моцна засмуціла. Недзе ў 2007 годзе пачаў зрэдзьчас размаўляць па-беларуску.

Затым неяк у школе цэлы дзень гаварыў толькі на беларускай мове. У мяне паўжартам спыталі: «Ты цяпер заўсёды будзеш па-беларуску размаўляць?». Я тады падумаў: «А чаму б і не?» Той момант стаў для мяне катарсісам. З той пары і навярнуўся на мову. Для большасці маіх знаёмых гэта быў шок – мой пераход на беларускую.

Я максімаліст, таму не разумею людзей, якія лічаць, што размаўляць з усімі і заўсёды па-беларуску – гэта ўчынак. Разам з тым я ўсведамляю, што найлепей заахвоціць людзей да мовы, беларускай культуры можа толькі ўласны прыклад. Калі ты сам размаўляеш па-беларуску, калі ты паказваеш сваю ўнутраную сілу, людзі ідуць за табой. І тады важнай становіцца не толькі мова. Калі пры гэтым ты якасна робіш сваю працу, то людзі пачынаюць з павагай ставіцца і да беларускай ідэі.

Як стаць беларусам. Сто гісторый

Подняться наверх