Читать книгу Як стаць беларусам. Сто гісторый - Севярын Квяткоўскі - Страница 16
1. Пратэст
Альгерд Бахарэвіч: У менталітэт і голас крыві я не веру. Я веру ў мову і свядомасць
Оглавление– Як я стаў беларусам? На пытанне, сфармуляванае такім чынам, адразу ж хочацца запярэчыць: маўляў, беларусамі не становяцца, імі нараджаюцца, дый што гэта за народ такі, прыналежнасць да якога трэба здабываць. Але ж не: у самым канцы васьмідзясятых гадоў у горадзе Менску беларусамі менавіта станавіліся.
Гэта быў час, калі дарослыя фактычна наноў адкрывалі для сябе свет. Знікалі белыя плямы гісторыі – айчыннай, савецкай, сусветнай; на нас абрынулася мора дагэтуль забароненай інфармацыі; старыя аўтарытэты з грукатам падалі нам пад ногі, а новыя падымаліся з магілаў і іх талакою цягнулі на апусцелыя пастаменты. Дарослыя шмат чыталі, штовечар глядзелі тэлевізар і жахаліся: усё было не так, як іх вучылі – высветлілася, што іх падманвалі, як дзяцей, нашых збянтэжаных дарослых.
І калі ты, падлетак, любіў чытаць і ўмеў слухаць – табе было чым заняцца. Мяне ў той час найбольш цікавілі мастацтва, гісторыя і палітыка. Праз іх, паступова, але даволі хутка, я зразумеў, што мы – дзеці людзей, якіх падманулі самым падступным чынам: нашых бацькоў вучылі глядзець на свет чужымі вачыма, гаварыць чужой моваю, думаць чужымі мазгамі – навучылі пачувацца вечнымі гасцямі там, дзе яны былі дома. Я добра памятаю гэтае пачуццё несправядлівасці і тое адчуванне спраўджанасці, якое даваў мне працэс рэканструкцыі свету.
Бацька штодня ездзіў на працу ў Жодзіна, а ў электрычках тады раздавалі бээнэфаўскія газеткі. Адну ён прыцягнуў дамоў. У той час я чытаў усё запар, ад Шапэнгаўэра і Сартра да сумнеўных парнаграфічных брашурак; прачытаў і тую газетку – і быццам плеўку сарвала з вачэй. Я зразумеў, што жыву не ў СССР, а ў Беларусі.
Як і большасць аднагодкаў той пары, я хварэў на рок-музыку: неўзабаве высветлілася, што рок магчымы па-ўкраінску – сапраўдным культурным шокам было для мяне знаёмства з творчасцю «ВВ», «Вопляў Відаплясава». Вось жа, украінцы, літоўцы, латышы свайго не саромеюцца, а мы? Зразумела, што пасля гэтага мне заставаўся адзін крок да «Мроі», якая мяне так уразіла, што я наклеіў на сцяну пакоя іхнае фота і ўсім тлумачыў: існуюць і нашы, беларускія рокеры. Узгадаваныя на Грабеншчыкове сябры слухалі з недаверам… Потым, пазней, былі «Ulis», «Мясцовы час»… Тады я ўжо страшэнна захапляўся літаратурай, папісваў вершыкі – і калі стаў чытаць «Тутэйшых», вырашыў, што пісаць буду толькі па-беларуску.
«Тутэйшыя» не адпавядалі стэрэатыпам пра беларускую літаратуру, іх беларуская мова не была школьнаю, іх цікава было чытаць, іх не любілі настаўнікі – што яшчэ трэба было, каб адчуць да іх сімпатыю? Наогул, мы мелі тады значна большую, чым у цяперашніх чатырнаццаці-пятнаццацігадовых, патрэбу ў пратэсце, і мая дэманстратыўная беларуская мова гэтую патрэбу цалкам задавольвала. На мяне абарочваліся, мне плявалі ўслед, мова шакавала – а мне гэтага і было трэба.
Ужо ў трынаццаць гадоў я быў вельмі палітызаванай асобай і перакананым антысаветчыкам. Я насіў на штрыфлі пінжака бел-чырвона-белы значок. Мой дзённік стракацеў надпісамі «Хай знікне Савецкая імперыя!», «Смерць камуністам!», «Маскалі, дамоў!», «Жыве незалежная Беларусь!». Я пісаў сачыненні тарашкевіцай і ўсю праблематыку твораў белсавецкіх пісьменнікаў зводзіў да таго, што камуністаў чакае Нюрнберг.
Потым я вышыў на пінжаку зялёнымі ніткамі загадкавыя слова «Так нельга» і апранаў яго ў школу. Я адказваў ля дошкі па-беларуску: спачатку на ўроках гісторыі, потым і на іншых. Я нахабна накідваў усім беларусацэнтрычны погляд на свет. У пачатку дзевяностых ужо наведваў палітычныя мітынгі, адкуль прыносіў розныя катэхізісы кшталту «Што трэба ведаць кожнаму беларусу». Са мной у школе праводзілі строгія размовы, стаўленне, аднак, было на дзіва ліберальнае, бо вучыўся я някепска і эпоха была ўжо не тая, лютаваў хіба настаўнік вайсковае падрыхтоўкі. Дарослыя азадкамі адчувалі, што Савецкі Саюз імкліва коціцца да свайго канца. Яны проста не ведалі, што рабіць. Здаецца, яны і цяпер не ведаюць, тыя пастарэлыя дарослыя з майго 1990 года.
У менталітэт і голас крыві я не веру. Я веру ў мову і свядомасць. Пытанне беларускай ідэнтычнасці, беларускай мовы заўжды было для мяне пытаннем гармоніі з іншымі і з самім сабой.
Беларускамоўны беларус – гэта не эфірнае, празрыстае, безаблічнае стварэнне, завіслае паміж небам і зямлёй, якое невядома адкуль узялося і невядома чаму атрымала ўласную дзяржаву і хоча пры гэтым, каб яго прызнавалі за чалавека, за асобу, за роўнага.
Беларускамоўны беларус ведае, хто ён; ведае, што мае такое ж права быць роўным сярод роўных, як і іншыя; ведае, што ён еўрапеец; ведае, адкуль ён і дзе яго дом. Беларускамоўны беларус мае грунт для свайго існавання і здольны яго абараніць. Бо насамрэч «я» – гэта тое, чым я адрозніваюся ад астатніх.