Читать книгу Як стаць беларусам. Сто гісторый - Севярын Квяткоўскі - Страница 13

11. Быць беларусам

Оглавление

Аднойчы ў менскім офісе радыё «Свабода» ўручалі прыз пераможцу радыйнага конкурса. Прызам быў сучасны прымач. А атрымліваў яго сціплы мужчына сярэдняга веку. Не грамадскі актывіст, не заўзятар палітычных форумаў, не ўдзельнік якіх-кольвек суполак. Проста работнік на пасадзе загадчыка склада.

– Я за пятнаццаць гадоў працы ў фірме ні разу нікому не казаў, што слухаю радыё «Свабода». Я ўвогуле ніколі не выказваў свае погляды. Ну такі я чалавек – ціхі, можа крыху баязлівы, – сарамліва ўсміхаўся наш пераможца. – І вось аднойчы слухаю ў сябе на складзе перадачу, а тут нечакана для мяне заходзіць дырэктар. Я разгубіўся. Але гляджу, што і ён разгубіўся. Дырэктар тады здзіўлена так кажа: «Дык і ты слухаеш «Свабоду», а я думаў, толькі я адзін у нас такі!»

Гісторыя мне нагадала апавяданне аднаго амерыканскага фантаста. У невялікім гарадку ў бацькоў быў хлопчык, які ўмеў лётаць. Бацькі баяліся, што такая «загана» будзе неадэкватна ўспрынятая грамадствам, таму дазвалялі сыну лётаць толькі ўначы ў садзе, каб ніхто не ўбачыў.

Па сюжэце за колькі гадоў перад тым праз мястэчка прайшла бабуся, кармілася ў людзей, і бацькі думалі, што гэта чараўніца так аддзячыла ім за гасціннасць.

Аднойчы хлопец пайшоў на цэнтральны пляц паглядзець, як на царкву ўсталёўваюць новы крыж. І тут раптам рабочы сарваўся з даху…

Хлопец узляцеў, пачаў цягнуць небараку ўгару, але сілаў бракавала. І тады ўсе прысутныя на пляцы падхапіліся, узляцелі і дапамаглі хлопчыку.

Так я бачу і нас – беларусаў. Можам лётаць, але саромеемся. І толькі ў крытычнай сітуацыі яднаемся адзін з адным.

Севярын Квяткоўскі

Як стаць беларусам. Сто гісторый

Подняться наверх