Читать книгу Як стаць беларусам. Сто гісторый - Севярын Квяткоўскі - Страница 2

Як я стаў беларусам

Оглавление

– Вам ужо не трэба рабіцца беларусам? Паколькі вы ўжо не Нехта, а Хтосьці? Тады гэтая кніга можа дапамагчы некаму з вашых родных, сяброў ці знаёмых.

Важна прачытаць кнігу ад пачатку да канца. Толькі тады будзе паўнавартасны эфект. Знікнуць многія сумневы, хістанні і фобіі. Нават калі на нейкай старонцы ў вас з’явяцца думкі: «Ды зразумела, ды я гэта ўжо бачыў, прадумаў, перажыў!». Ці: «Так не бывае!». Альбо: «Няма чаго ім рабіць!». Чытайце да самай апошняй літары.

Нават калі вы і так лічыце сябе ці кагосьці з свайго атачэння беларусам. Магчыма, гэта фантомная беларускасць. Беларус – гэта не бусел, зубр, партызан, мех бульбы ці трактар.

Неяк мы сядзелі з прыяцелем цёплым надвячоркам на бервяне ля дарогі ў старым квартале прыватнага сектара ў Менску. Нам было гадоў па дваццаць, а да нас падышоў значна старэйшы дзядзька – стрэльнуў цыгарэтку.

Наш выпадковы знаёмы без запрашэння далучыўся да размовы. Ён не надта трапна ўстаўляў рэплікі. Было бачна, што думкі тубыльца драўляных джунгляў блукалі дзесьці па-за кантэкстам тэмы.

І раптам дзядзька выбухнуў:

– Сядзіце тут, балбочаце!

– Ну…

– Бачыце, як крыва асфальт на вуліцы паклалі?

– Бачым.

– Дык узялі б – пераклалі!

Гэта толькі на першы погляд выглядае няўздымнай справай – двум хлопцам перакласці асфальт на ўсёй вуліцы. Я прыгадваю гісторыю некалькіх дзясяткаў юнакоў з 1980-х.

– Вы ведаеце, што ваша жонка Кася Камоцкая спявае нацыяналістычныя песні? – запытаўся падчас допыту ў міліцыі следчы ў барда Алеся Камоцкага.

– Так, – адказаў Алесь, – а яшчэ яна танчыць нацыяналістычныя танцы.

Гэтыя юнакі былі толькі на самым пачатку вуліцы з «крывым асфальтам», які трэба было перакласці.

Я маю на ўвазе «Гуканне вясны» – традыцыйнае беларускае свята, якое несанкцыявана зладзіла група моладзі ў 1984.

Калі ад 1980-х ісці далей углыб гісторыі – патрапіш на курапацкія магілы. А яшчэ далей – у БНР, «вясну народаў» у царскай Расеі, паўстанні, падзелы, войны… Часы, калі марылася не пра ўпарадкаванне дарогі, а пра саму вуліцу – сваю краіну.

«Як стаць беларусам» – кніга людзей, якія шукалі сябе ў 1980-х – 1990-х. Гадаваных між СССР, перабудовай і першымі гадамі Незалежнасці.

Гэта быў час вялікай надзеі на стварэнне новай краіны, не савецкай і не антысавецкай. Проста новай. З новымі сэнсамі і новымі адчуваннямі. Дзе адным з самых захапляльных, нязвыклых і неверагодных было адчуванне ўласнага «я».

Як стаць беларусам. Сто гісторый

Подняться наверх