Читать книгу Як стаць беларусам. Сто гісторый - Севярын Квяткоўскі - Страница 15
1. Пратэст
Юры Вінаградаў: Духоўны выбар
Оглавление– Я прыйшоў атрымліваць пашпарт. Так склалася, што разам з мамай. Быў 1985 год. Чыноўніца пашпартнага стала будзённа задавала пытанні. Калі яна запаўняла графу «нацыянальнасць», я ні секунды не вагаўся і адказаў: «Беларус!»
Адразу ў цішы кабінета прагучаў кінематаграфічны, з добра пастаўленым голасам крык мамы: «Юрачка, падумай, гэта ж на ўсё жыццё!»
* * *
Мой дзед па маці ваяваў у Арміі Краёвай і часам распавядаў мне пра савецкіх партызанаў рэчы, якія не супадалі з афіцыйнай ідэалогіяй.
А бабуля па бацьку была заслужанай бальшавічкай у Маскве. Што праўда, бабуля да рэвалюцыі валодала цэлым гмахам, і яе не рэпрэсавалі толькі таму, што яна была з самых першых бальшавікоў. А вось іншага сваяка па бацьку – стрыечнага дзеда – расстралялі. Нават партбілет не дапамог, бо ён ад 1914 па 1917 год працаваў у Парыжы (кухарам). І дзеда рэпрэсавалі, таму прозвішча Вінаградаў узятае ад аднаго з сваякоў – ад граху падалей.
Майго роднага дзядзьку ўжо ў Менску паставілі на ўлік у КДБ пасля таго, як на пачатку 1980-х у Рускім драматычным тэатры спрабавалі выявіць ультранацыяналістаў.
З іншага боку, мой бацька – прыезджы з Масквы – не ўспрымаў беларускую культуру. Не тое што ненавідзеў, проста яму не хапала ведаў, ставіўся да беларускага як да правінцыйнага.
Я гадаваўся ў горадзе, дзе практычна не было старой інтэлігенцыі. Культурны нацыянальна арыентаваны асяродак быў знішчаны ў Менску ў 1930-я. Фактычна інтэлігенцыя Беларусі фармавалася нанава. І выбар беларускасці для мяне быў не этнічны, а духоўны, светаглядны. Як і шмат для каго з менчукоў, хто меў часткова беларускія карані ці нават зусім іх не меў.
Дзякуючы сваякам і знаёмым, я атрымаў магчымасць наведваць запаснікі музеяў і бачыць там экспанаты не толькі фальклорнай, а і шляхецкай мінуўшчыны Беларусі. Выбар беларушчыны для мяне быў яшчэ і пратэстам супраць савецкай ідэалогіі, якая да беларусаў ставілася як да адзінарогаў, нейкіх прыдуманых істотаў. А я не прыдуманы – я ёсць!