Читать книгу Як стаць беларусам. Сто гісторый - Севярын Квяткоўскі - Страница 3

1. Пратэст

Оглавление

Перад з’яўленнем майго «я» ў публічнай прасторы свет быў іншым.

Я тады быў занадта малы, каб ведаць, што развод ці любоўныя прыгоды аднаго з сужэнцаў разглядалі на сходзе працоўнага калектыву. Не паўсюль, канешне. Ну ўявіце сабе падобнае ў асяродку тэатра ці сімфанічнага аркестра? Ці, напрыклад, цырка?

З іншага боку, уявіце, калі б рабочы шарыка-падшыпнікавага завода перад калегамі пачаў тлумачыць свае амурныя прыгоды беларускай літаратурнай мовай.

У тэатры, акадэміі ці філармоніі ўявіць магу. А ў цырку ўжо – не. Табу.

Прылюдна корпацца ў чужой бялізне было нормай, а публічна гаварыць па-беларуску – скандалам.

Чаму шакавала беларуская мова? Гэта быў выклік галоўным каштоўнасцям тагачаснага грамадства. Людзі хацелі зліцца з сацыяльным краявідам. Каб нішто не нагадвала пра іхную іншасць, адрознасць ад савецкага.

Ім даравалася казаць «дз» і «ч», але «шкарпэтка» ды «фарбы» ўспрымаліся як пагроза для будучыні адзінага савецкага народа.

І калі ў грамадскім месцы ты пачынаў гаварыць літаратурнай беларускай мовай, ад цябе ўсе адсланяліся – каб ніхто не падумаў, што тут нехта хаўрусуецца з табою.

А за «дз» і «ч» проста пагарджалі. Ты як бы быў на ніжэйшай прыступцы ў грамадстве – крэст, калхознік, недаіндывід соцыюма.

Вяскоўцы рабілі каласальную ўнутраную работу, каб пазбыцца свайго прыроднага – беларускага. Таму літаратурная беларуская мова выглядала як плявок, як знявага іхных памкненняў.

Прыезджыя вяскоўцы ў горадзе праходзілі праз здзекі, пагарду і прыніжэнне. Гэта была не нацыянальная, а сацыяльная, і далей – светаглядная дыскрымінацыя.

А інакш і быць не магло, бо ідэолагі камунізму фармавалі грамадства, у якім «усе будуць гаварыць на адной – расейскай – мове», хадзіць шыхтом і думаць «мы», а не «я».

Вораг народа – калхознік – выпяндрожнік – эліта. Такі прыблізна эвалюцыйны шлях беларускай мовы ад часоў сталіншчыны да пачатку ХХІ ст.

Беларуская мова як вартасць – гэта вынік папярэдніх гістарычных працэсаў, калі асоба асэнсоўвае сябе як каштоўнасць, якая не верыць у зададзенасць. Нават у зададзенасць СССР, які падаваўся бясконцым маналітам. Непарушнай канстантай.

Але нават тыя, хто паважаў сваё «я», падладжваліся, бо далі веры, што «я» больш ніколі не будзе. Прынамсі, па-за ўласнай кухняй.

Беларуская мова ў публічнай прасторы – гэта толькі вынік, сімвал зменаў у свядомасці асобнага чалавека і грамадства. А яшчэ гэта ўчынак.

Як стаць беларусам. Сто гісторый

Подняться наверх