Читать книгу Як стаць беларусам. Сто гісторый - Севярын Квяткоўскі - Страница 18
1. Пратэст
Андрэй Саротнік: Супрацьпастаўляць сябе іншым
Оглавление– Нарадзіўся ў Савецкім Саюзе, быў узорным піянерам, але ўжо тады ўва мне прабіваўся беларускі нацыяналізм: беларускі сцяг праз яго арнамент я лічыў самым прыгожым са сцягоў СССР. У восем гадоў я ўжо ўспрымаў футбол як спаборніцтва, і калі «Дынама-Менск» гуляла ў фінале з «Дынама-Кіевам» і прайграла, то я плакаў, таму што прайгралі нашыя.
Дома ў нас была добрая бібліятэка. Я чытаў Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча. Вучыўся ў беларускай школе. Таму для мяне не стаяла пытання, ці беларуc я? Між іншым, у дзяцінстве чытаў беларускія, татарскія, туркменскія народныя казкі, але туркменам не стаў, а стаў беларусам.
Мне далі ў школе медаль, і ён з «Пагоняй», як і атэстат. Мусіць, з апошніх запасаў. У 1995 годзе, калі нацыянальную сімволіку змянілі на падобную да савецкай, я прыехаў у Менск вучыцца. Як любы вясковы хлопец, я адаптаваўся да асяродку: перайшоў на расейскую мову. А потым была вясна 1996 году, пачаліся шматтысячныя акцыі пратэсту. Студэнты – яны заўсёды пратэстуюць… Тады я і паспрабаваў вярнуцца да беларускай мовы, але цалкам не атрымалася. Цяпер карыстаюся, бывае, і расейскай.
Быць беларусам – гэта супрацьпастаўляць сябе расейскамоўным не ў тым, дык іншым сэнсе. Беларускасць найбольш заўважна праяўляецца праз мову, хаця гэта і не галоўная адмета.