Читать книгу Як стаць беларусам. Сто гісторый - Севярын Квяткоўскі - Страница 9
7. Бабулі і дзядулі
Оглавление– Якая там беларуская мова? Панапрыдумляюць! Мы так заўжды гаварылі, і не было аніякай Беларусі, – баба Аня абураецца тэатральна, насамрэч смяецца.
Другая палова 1970-х. Цэнтральная Беларусь. У вёсцы Дусаеўшчына практычна ўсе гавораць прыроднай беларускай мовай, дзе «гарадскіх» трасяначных словаў ва ўжытку зусім няшмат.
100 км ад Менску, і ты трапляеш у іншы свет. Мы прывозім смачны гарадскі хлеб, а вязем дадому пальцам пханыя каўбасы і вэнджаныя кумпякі.
У Менску нейкі час я кажу з беларускім вымаўленнем, якое пагардліва клічуць «говором». Пагарда мне незразумелая. Але досыць хутка я вяртаю старыя – расейскія – наладкі ў маўленні.
Праз трыццаць гадоў у фотаконкурсе кампаніі «Будзьма беларусамі!» адна намінацыя завецца «Людзі Беларусі». Большасць герояў фотаздымкаў – старыя вяскоўцы.
Парадаксальным чынам людзі, якія адмаўляліся ад сваёй беларускасці на карысць «тутэйшай» ці «гарадской» самаідэнтыфікацыі, неўпрыкмет для сябе перададуць сваім унукам тое важнае, што немагчыма стварыць з нуля. Повязь з часам і зямлёй.
Колькі разоў я чуў ад старых пра тое, што яны проста людзі, а не беларусы. Пра неразуменне каштоўнасці мовы, якую «ў місу не насыплеш». Колькі наслухаўся кпінаў з гарадскіх, «якім няма чаго рабіць», як толькі вучыць «простую мову».
Але менавіта гэтыя людзі ад зямлі засталіся адзіным звяном бесперапыннай повязі з мінулым. Бо іншыя звёны – культура і адукацыя – былі амаль знішчаныя ідэалагічным напалмам, які не раз за ХХ ст. накрываў краіну.
Адчуванне свайго, любоў да свайго, усведамленне важнасці свайго ў вясковых людзей не сягала далей за ўласны падворак ці вёску. Але са свайго агароду, у гарадскіх умовах – двара і вуліцы – і пачынаецца ўсведамленне чагосьці большага. Сваёй краіны як свайго Дому.