Читать книгу Як стаць беларусам. Сто гісторый - Севярын Квяткоўскі - Страница 5

3. Гонар і годнасць

Оглавление

«А нашто вы гаворыце па-беларуску?» – такое пытанне ад суайчыннікаў можна пачуць яшчэ і сёння. Гэтае пытанне звычайна мае цэлы спектр інтанацый: ад абуранага да добразычліва-цікаўнага.

Нашто? Які сэнс? «Што я гэтую беларускую мову – у місу насыплю?» – незадаволена буркоча дзядзька з мястэчка.

Людзі, якія ў маладосці займаліся фізічным выжываннем пры Сталіне і Гітлеры, не разумелі такога вось ірацыянальнага штукарства. Ды яшчэ і марнавання часу – вучы, перавучвай.

За пару іхнага жыцця колькі разоў змянялася ўлада і ідэалогія: цар, немцы, першыя палякі, бальшавікі, другія палякі, слуцкія палкі, першыя саветы, другія немцы, другія саветы, канец сталіншчыны, адліга… І гэта ўсяго за дзве генерацыі.

Унукі тых, хто памятаў часы ад цара, перажылі росквіт/застой СССР, перабудову, крах саветаў, незалежнасць… Незразумелую.

У 1991 годзе мне было васямнаццаць гадоў. Асаблівасці жыцця і светагляду папярэдніх дзесяцігоддзяў я зведаў адно школьнікам. У асноўным у іранічным варыянце. «Сынок, – смяяліся бацькі з майго па-дзіцячы распаведзенага анекдота пра Брэжнева, – нікому не кажы. А то нас пасадзяць у турму!» Так казалі, але ўжо смяяліся. Страху не было ў іх, народжаных у апошнія гады жыцця Сталіна.

Як многія тысячы беларусаў, я быў шчаслівы і ганарыўся тым, што мы атрымалі сваю краіну, ды яшчэ з нацыянальнай сімволікай, пра якую масава дазналіся толькі за тры гады перад тым – на Дзяды 1988 году.

Было адчуванне, што наперадзе вялікая і цікавая праца.

Як стаць беларусам. Сто гісторый

Подняться наверх