Читать книгу Смерць у Венецыі - Томас Ман - Страница 10
Маленькі пан Фрыдэман
VIII
ОглавлениеПраз тры дні а дванаццатай гадзіне Ёганэс Фрыдэман вярнуўся дадому са свайго рэгулярнага шпацыру. Палуднавалі а палове першай, таму ён вырашыў яшчэ на паўгадзінкі схадзіць у свой «кабінет», які знаходзіўся адразу справа побач з дзвярыма ў дом. У гэты момант да яго па калідоры падышла служанка і сказала:
«Да Вас прыйшлі, пан Фрыдэман».
«Да мяне?»
«Не, там наверсе, у дам».
«А хто?»
«Пан падпалкоўнік фон Рынлінген з жонкай».
«О, – сказаў пан Фрыдэман, – тады я…»
І ён пайшоў уверх па сходах. Наверсе пераадолеў адлегласць да дзвярэй і ўжо трымаўся за ручку высокіх, белых дзвярэй, якія вялі да «пейзажнага пакоя», як раптам ён стрымаўся, адступіў на крок, павярнуўся назад і паволі пайшоў уніз, як і прыйшоў.
І хоць ён быў зусім адзін, сказаў вельмі гучна сам сабе:
«Не. Лепш не трэба…»
Ён спусціўся ў свой «кабінет», сеў за пісьмовы стол і ўзяў у рукі газету. Але праз хвіліну ён зноў паклаў яе і зірнуў збоку ў акно. Так ён і праседзеў, аж пакуль не прыйшла дзяўчына і не паведаміла, што ўсё гатова; тады ён накіраваўся наверх у сталовую, дзе ўжо яго чакалі сёстры, і сеў на сваё крэсла, на якім ляжалі тры сшыткі з запісамі нот.
Генрыэта, якая налівала суп, сказала:
«Ведаеш, Ёганэс, хто тут быў?»
«Хто ж?»
«Новы падпалкоўнік з жонкай».
«Праўда? Гэта вельмі прыязна».
«Праўда, – сказала Пфіфі, і ў куточках яе рота з’явілася вадкасць, – я лічу, што яны абое – надзвычай прыемныя людзі».
«Ва ўсякім разе, – сказала Фрыдэрыка, – нам нельга марудзіць з візітам у адказ. Я прапаную пайсці паслязаўтра, у нядзелю».
«У нядзелю», – сказалі Генрыэта і Пфіфі.
«Ты ж пойдзеш з намі, Ёганэс?» – спытала Фрыдэрыка.
«Само сабою!» – сказала Пфіфі і здрыганулася. Пан Фрыдэман не зрэагаваў на пытанне і з маўкліва баязлівым выразам твару даядаў суп. Было такое ўражанне, што ён прыслухоўваецца ў нейкім напрамку; да нейкага нядобрага шуму.