Читать книгу Смерць у Венецыі - Томас Ман - Страница 3

Маленькі пан Фрыдэман
І

Оглавление

Вінаватая была мамка… Якая карысць была ад таго, што пры з’яўленні першага падазрэння фрау жонка консула Фрыдэмана сур’ёзна ўнушала ёй, што трэба пазбыцца такой заганы? Якая карысць была ад таго, што яна кожны дзень налівала ёй, акрамя піва, яшчэ шклянку чырвонага віна? Раптам выявілася, што гэтая дзяўчына ўнадзілася піць яшчэ і спірт, які прызначаўся для пры́муса, і перш чым ёй знайшлася замена, і перш чым яе выправілі з дому, здарылася няшчасце. Калі аднойчы маці з трыма дочкамі-падлеткамі вярнулася са шпацыру, малы Ёганэс, якому было толькі каля месяца ад нараджэння, ляжаў на зямлі, зваліўшыся са стала для спавівання, ціха папіскваючы, а мамка тупа стаяла побач.

Лекар, які з асцярожнай упэўненасцю абследаваў цельца скручанай і дрыготкай малой істоты, зрабіў вельмі, вельмі заклапочаны твар; тры сястры, румзаючы, стаялі, утварыўшы вугал, а фрау Фрыдэман, перапуджаная да глыбіні душы, гучна малілася.

Няшчаснай жанчыне яшчэ да нараджэння дзіцяці давялося перажыць гора: яе муж, галандскі консул, быў забраны ад яе раптоўнай і цяжкой хваробай, таму яна цяпер была занадта зломленай, каб увогуле мець яшчэ здольнасць спадзявацца на тое, што маленькі Ёганэс застанецца жывы. Толькі праз два дні лекар заявіў ёй, заспакаяльна паціскаючы руку, што непасрэднай пагрозы, дзякаваць Богу, больш няма, лёгкае страсенне мозгу, найперш, ужо цалкам прайшло, і гэта ўжо можна пазнаць з позірку, у якім няма больш тупога выразу, як яно было напачатку… Праўда, трэба пачакаць, што будзе далей у іншым, і спадзявацца на найлепшае, як кажуць, спадзявацца на найлепшае…

Смерць у Венецыі

Подняться наверх