Читать книгу Смерць у Венецыі - Томас Ман - Страница 9

Маленькі пан Фрыдэман
VII

Оглавление

Месцам, дзе маленькаму пану Фрыдэману пашчасціла ўпершыню ўбачыць фрау Рынлінген, была галоўная вуліца, абапал якой месціліся амаль выключна гандлёвыя дамы, і сустрэча здарылася апоўдні, калі ён якраз ішоў з біржы, дзе таксама прамовіў сваё важкае слова.

Ён крочыў без спеху і важна, побач з купцом Штэфэнсам, незвычайна высокім і няўклюдным мужчынам з круглымі бакенбардамі і жахліва густымі бровамі. На абодвух былі цыліндры і расшпіленыя з прычыны моцнай гарачыні паліто. Яны размаўлялі пра палітыку, у такт абапіраючыся сваімі кійкамі на тратуар; але калі яны дасягнулі прыкладна сярэдзіны вуліцы, купец Штэфэнс раптам сказаў:

«Д’ябал мяне забяры, калі там не Рынлінгеніха едзе».

«Дык і вельмі добра, – сказаў пан Фрыдэман сваім высокім і некалькі рэзкім голасам і пачаў узірацца наперад чакаючы. – Я ж, праўду кажучы, ніводнага разу яе не бачыў. А вось і жоўтая карэта».

І сапраўды, гэта была жоўтая карэта, якую сёння скарыстала фрау Рынлінген, і яна ўласнай персонай кіравала двума стройнымі коньмі, у той час як слуга склаўшы рукі сядзеў у яе за спінай. Яна была апранутая ў шырокую, зусім светлую кофту, спадніца таксама была светлая. З-пад маленькага саламянага капелюша з карычневай скураной стужачкай выбіваўся пук рыжаватых валасоў, якія былі зачасаныя за вуха і вялікім вузлом спадалі ёй нізка на патыліцу. Колер скуры на авальным твары быў матава-белы, а ў куточках яе незвычайна блізка адно ад аднаго размешчаных рудых вачэй залеглі сіняватыя цені. Над яе кароткім, але тонка выразаным носам месцілася, як сядло, купка рабаціння, што ёй было вельмі да твару; пра прыгажосць яе рота меркаваць не было як, бо яна ўвесь час выцягвала наперад і забірала назад ніжнюю губу, шаруючы ёй па верхняй.

Купец Штэфэнс, калі карэта пад’ехала, павітаўся надзвычай пашанотна, маленькі пан Фрыдэман таксама прыўзняў капялюш, глянуўшы на фрау фон Рынлінген адкрыта і ўважліва. Яна апусціла свой бізун, лёгка кіўнула галавою і паволі праехала міма, разглядваючы будынкі і вітрыны злева і справа.

Праз пару крокаў купец сказаў:

«Яна зрабіла паездку-шпацыр, а цяпер накіруецца дадому».

Маленькі пан Фрыдэман не адказаў, гледзячы толькі на дарогу перад сабою. Потым ён раптам зірнуў на купца і спытаў:

«Што Вы сказалі?»

І пан Штэфэнс паўтарыў сваю дасціпную заўвагу.

Смерць у Венецыі

Подняться наверх