Читать книгу Смерць у Венецыі - Томас Ман - Страница 4
Маленькі пан Фрыдэман
II
ОглавлениеШэры дом з франтонам да вуліцы, у якім вырас Ёганэс Фрыдэман, знаходзіўся каля паўночнай брамы старога, сярэдніх памераў гандлёвага горада. Праз дзверы з двара трапляеш у прасторны, выкладзены пліткай калідор, адкуль лесвіца з пабеленымі драўлянымі парэнчамі вядзе на паверхі. Шпалеры гасцёўні на другім паверсе змяшчалі выявы выцвілых пейзажаў, а вакол цяжкога стала з чырвонага дрэва, накрытага цёмна-чырвонай плюшавай сурвэтай, стаялі крэслы з высокімі спінкамі.
Тут ён у сваім дзяцінстве часта сядзеў каля акна, перад якім заўсёды буялі цудоўныя кветкі, на маленькім услончыку ў нагах у маці і ўважліва слухаў цудоўны расповед, разглядаючы яе прабор і добры, зычлівы твар ды ўдыхаючы лёгкі водар, што заўсёды ішоў ад яе. Альбо ён прасіў яе паказаць партрэт бацькі, прыязнага пана з сівымі бакенбардамі. Ён цяпер на небе, гаварыла маці, і чакае там іх усіх.
За домам быў маленькі садок, дзе летам яны праводзілі большую частку дня, нягледзячы на саладкаваты пах, які амаль заўсёды далятаў з блізкай цукраварні. Там стаяла старая, пакручастая арэшына, і ў яе цені часта на нізкім крэселку сядзеў малы Ёганэс ды лушчыў арэхі, а фрау Фрыдэман і тры, ужо тым часам дарослыя, дачкі туліліся разам пад тэнтам з шэрай парусіны. Аднак позірк маці часта адрываўся ад шытва, каб паслаць дзіцяці знак сваёй журботнай зычлівасці.
Ён быў непрыгожы, гэты малы Ёганэс, і сваім выглядам, калі ён, востра- і высакагруды, з моцна выгнутай спінай, занадта доўгімі і худымі рукамі, сядзеў на ўслончыку і лушчыў арэхі, ствараў занадта ўжо дзіўную выяву. Але яго далоні і ногі былі вельмі вытанчанай формы, зграбныя; у яго былі вялікія, карыя, як у казулі, вочы, пяшчотна акрэслены рот і мяккія, русыя валасы. Хоць яго твар здаваўся так жахліва ўціснутым паміж плячыма, пра яго, тым не менш, можна было сказаць, што ён прыгожы.