Читать книгу Смерць у Венецыі - Томас Ман - Страница 5
Маленькі пан Фрыдэман
III
ОглавлениеКалі яму было сем гадоў, яго выправілі ў школу, і цяпер год за годам праходзілі аднастайна і хутка. Ён кожны дзень крочыў сваёй смешна важнай хадою, якая часта бывае ў седункоў, паміж дамоў з франтонамі ды крамамі ў напрамку да старой школы з гатычнымі скляпеннямі; а дома, выканаўшы заданні, ён ці чытаў свае кніжкі з прыгожымі, стракатымі малюнкамі на вокладках, ці знаходзіў занятак у садзе, а сёстры дапамагалі хваравітай маці ў доме. Яны наведвалі і публічныя вечары, бо Фрыдэманы належалі да першых колаў горада; але дзяўчаты, на жаль, яшчэ не выйшлі замуж, бо іх маёмасць была невялікай, ды й самі яны былі даволі непрываблівымі.
Ёганэс таксама час ад часу атрымліваў запрашэнне ад сваіх равеснікаў, але зносіны з імі не прыносілі яму вялікай радасці. Ён не мог удзельнічаць у іх гульнях, а з прычыны таго, што і яны заўсёды ставіліся да яго з нясмелай стрыманасцю, то ніякая таварыскасць узнікнуць там не магла.
У пэўны час ён часта пачаў чуць на школьным двары, як яны размаўлялі аб пэўных жыццёвых падзеях; уважліва, з вялікай цікавасцю ён прыслухоўваўся, як яны гаварылі пра свае патаемныя захапленні той ці іншай дзяўчынкай, а сам маўчаў. Такія рэчы, гаварыў ён сам сабе, якімі, як відаць, іншыя былі запоўнены без рэшты, належалі да той сферы, да якой ён быў няздатны, гэтаксама як да гімнастыкі і гульні ў мяч. Гэта час ад часу яго крыху засмучала; але, урэшце, ён даўно звыкся жыць сам па сабе і не падзяляць зацікаўленасці іншых.
Аднак здарылася, што ён – тады яму было 16 гадоў – раптам адчуў прыхільнасць да дзяўчынкі-равесніцы. Гэта была сястра аднаго з аднакласнікаў, бялявая, выключна вясёлая істота. Ён пазнаёміўся з ёй у яе брата. Ён адчуў у суседстве з ёй дзіўную разгубленасць, але яе няўпэўненае і ўдавана прыязнае абыходжанне з ім напоўнілі яго глыбокім смуткам.
Калі аднаго разу летнім надвячоркам ён самотна шпацыраваў па гарадскім вале, ён пачуў за язмінавым кустом шэпт і прыслухаўся, асцярожна стаіўшыся паміж голлем. На лаўцы, якая стаяла там, сядзела тая дзяўчынка побач з высокім рыжагаловым юнаком, яму добра знаёмым; той абдымаў яе і цалаваў у вусны, і яна, хіхікаючы, адказвала ўзаемнасцю. Калі Ёганэс Фрыдэман убачыў гэта, ён павярнуўся і ціхенька падаўся прэч.
Яго галава яшчэ глыбей уціснулася ў плечы, яго рукі дрыжалі, і рэзкі пранізлівы боль з грудзей перамясціўся аж у горла. Але ён глытком вярнуў яго назад і рашуча выпрастаўся, наколькі мог. «Добра, – сказаў ён сам сабе, – з гэтым скончана. Я больш ніколі ў жыцці не буду ствараць сабе такога клопату. Іншым такое прыносіць шчасце і радасць, а мне – толькі гора ды пакуты. Паквітаюся з гэтым. Для мяне гэта – завершаны этап. Ніколі больш…»
Рашэнне прынесла яму палёгку. Ён адмовіўся, адмовіўся назаўсёды. Ён прыходзіў дамоў і браў кніжку ці пачынаў іграць на скрыпцы: гэтаму ён навучыўся, нягледзячы на свае скалечаныя грудзі.