Читать книгу Смерць у Венецыі - Томас Ман - Страница 18

Распусная

Оглавление

Мы зноў засталіся ўчатырох.

Малы Майзэнберг гэтым разам быў за гаспадара. Яго кабінет падыходзіў для прыёмаў як найлепш.

Гэта было незвычайнае памяшканне, абсталяванае ў адным толькі стылі: мудрагелісты мастакоўскі капрыз. Этрускія і японскія вазы, іспанскія вееры і кінжалы, кітайскія парасоны і італьянскія мандаліны, афрыканскія ракавіны і маленькія антычныя статуэткі, стракатыя ўбранні эпохі ракако і васкавыя мадоны, гравюры на медзі ды творы, выкананыя пэндзлем самога Майзэнберга, – усё гэта ў крыклівых спалучэннях было размешчана па ўсім памяшканні на сталах, этажэрках, кансолях і на сценах, якія, як і падлога, былі накрытыя тоўстымі ўсходнімі дыванамі і выцвілымі вышыванымі шоўкавымі накідкамі; яны быццам паказвалі пальцам самі на сябе.

Мы чацвёра, гэта значыць малы, у завітках каштанавага колеру, рухавы Майзэнберг; Ляўбэ, зусім юны, бялявы эканаміст-ідэаліст, які, куды б ні трапляў, распаўсюджваў свае тэзы пра справядлівасць жаночай эмансіпацыі; д-р медыцыны Зэльтэн і я – мы, усе чацвёра, згрупаваліся ў сярэдзіне атэлье, седзячы на розных прыстасаваннях, прыдатных для гэтага, вакол цяжкога стала з чырвонага дрэва, і ўжо даволі доўга аддавалі павагу шыкоўнаму меню, якое стварыў для нас геніяльны гаспадар. А найбольш, мусіць, вінам. Майзэнберг увесь час даваў распараджэнні прынесці штосьці новае.

Доктар сядзеў у вялікім старасвецкім разным царкоўным крэсле, з якога ён увесь час у сваёй здзеклівай манеры пакепліваў. Ён быў тым сярод нас, хто да ўсяго ставіўся з іроніяй. Веданне свету і пагарда да яго выяўлялі сябе ў кожным ягоным фанабэрыстым жэсце. Ён сярод нас чатырох быў найстарэйшы – недзе, пэўна, ужо каля трыццаці. І ён больш за ўсіх «жыў».

«Хвалько! – казаў Майзэнберг. – Але ён забаўны».

Здаецца, слова «хвалько» сапраўды пасавала доктару. Яго вочы мелі пэўны размыты глянец, а чорныя, коратка падстрыжаныя валасы на галаве выяўлялі на віхры маленькую плешынку. Твар, які пераходзіў у завострана падрэзаную бародку, выяўляў, у напрамку ад носа да краёчкаў рота, некалькі насмешлівых рысаў, якія часам маглі нават надаваць яму адценне горычы.

Спажываючы ракфор, мы зноў «заглыбіліся ў размовы». Зэльтэн даў гэтаму такую назву з кплівай пагардай чалавека, які даўно стварыў сабе, як ён казаў, адзіную філасофію – цалкам без ваганняў і ўсялякай сціпласці атрымліваць асалоду ад зямнога жыцця-спектакля, не вельмі абачліва пастаўленага адтуль, зверху, пад адпаведнай рэжысурай, каб ён мог потым паціснуць плячыма і спытаць: «А ці нельга было лепш?»

Але Ляўбэ, кружнымі шляхамі беспамылкова трапіўшы ў сваё рэчышча, зноў страціў кантроль над сабою і з адчаем зажэстыкуляваў са свайго глыбокага фатэля ў паветра вакол сябе.

«Менавіта! Менавіта! Ганебнае сацыяльнае становішча асобы жаночага полу (ён ніколі не гаварыў „жанчына“, а толькі – „асоба жаночага полу“, бо яно гучала больш прыродазнаўча) караніцца ў забабонах, дурных забабонах грамадства!»

«Будзьце здаровы!» – вельмі лагодна і спачувальна прамовіў Зэльтэн і кульнуў у сябе шклянку чырвонага віна.

Гэта забрала ў беднага юнака апошнюю кроплю спакою.

«Ах ты! Ах ты! – падскочыў ён з крэсла. – Ты – стары цынік! З табою немагчыма размаўляць! Але вы, – з выклікам звярнуўся ён да Майзэнберга і мяне, – вы мусілі б падтрымаць мяне! Так ці не?»

Майзэнберг абіраў апельсін.

«Пяцьдзясят на пяцьдзясят, канешне!» – упэўнена сказаў ён.

«Кажы далей!» – падбадзёрыў я прамоўцу. Ён павінен быў яшчэ раз выказацца, раней ён не дасць спакою.

«У дурных забабонах і тупой несправядлівасці грамадства, кажу я вам! Усе гэтыя драбніцы – о Божа, гэта ж смешна. Тое, што яны адчыняюць дзявочыя гімназіі і бяруць на працу асоб жаночага полу тэлеграфісткамі, ці яшчэ кім, якое гэта мае значэнне… Але па вялікім рахунку, па вялікім! Якія светапогляды! Напрыклад, што датычыць эротыкі, сэксу, якая абмежаваная жорсткасць!»

«Ах во яно што, – сказаў доктар з абсалютнай палёгкай і адклаў убок сваю сурвэтку. – Зараз будзе, прынамсі, забаўна».

Ляўбэ не ўзнагародзіў яго нават позіркам.

«Глядзіце, – настойліва працягнуў ён і махнуў вялікай цукеркай, якую пасля гэтага з важнай мінай сунуў у рот, – глядзіце: калі двое кахаюцца і ён плаціць дзяўчыне, то ён застаецца сумленным чалавекам, як і раней, нават гэткім сабе зухам, – вось жа нягоднік! А асоба жаночага полу – страчаная, адкінутая грамадствам, па-за законам, распусная. Так, рас-пус-на-я. А дзе маральнае апірышча такога светапогляду?! Ці ж мужчына не ў такой жа ступені распусны? Ці не больш ганебна ён дзейнічаў, чым асоба жаночага полу?!.. Ну, гаварыце! Скажыце цяпер што-небудзь!»

Майзэнберг задумліва цікаваў за дымам сваёй цыгарэты.

«Шчыра кажучы, ты маеш рацыю», – зычліва сказаў ён.

Твар Ляўбэ ўвесь расплыўся ў радаснай усмешцы.

«Праўда… маю рацыю? Маю рацыю? – бясконца паўтараў ён. – А дзе маральная аснова такой ацэнкі?»

Я зірнуў на доктара Зэльтэна. Ён зусім прымоўк. Лепячы ў руках шарык з хлеба, ён з выразам горычы на твары моўчкі ўзіраўся ў дол перад сабою.

«Давайце перасядзем, – спакойна сказаў ён потым. – Я хачу распавесці вам адну гісторыю».

Мы адсунулі ўбок абедзенны стол і ў далёкім кутку, з дыванамі і невялікімі фатэлямі, утульна ўладкаваліся, каб спакойна паразмаўляць. Звісаючы ад столі, свяцільнік напаўняў памяшканне блакітным паўзмрокам. Пад плафонам ужо ўтварыўся слой цыгарэтнага дыму, які злёгку калыхаўся.

«Ну, пачынай», – сказаў Майзэнберг, напаўняючы чатыры келіхі сваім французскім бенедыкцінскім.

«Так, я з задавальненнем распавяду вам адну гісторыю, якраз таму, што мы ўжо падышлі да гэтай тэмы, – сказаў доктар, – адразу ў форме гатовай навелы. Вы ж ведаеце, што я некалі займаўся падобнай справай».

Я не мог добра бачыць яго твар. Доктар сядзеў, закінуўшы нагу на нагу, засунуўшы рукі ў бакавыя кішэні пінжака, адкінуўшыся ў крэсле назад, і спакойна глядзеў уверх на свяцільнік.

«Герой маёй гісторыі, – пачаў ён праз хвілінку, – закончыў гімназію ў родным маленькім паўночна-нямецкім гарадку. Маючы дзевятнаццаць або дваццаць гадоў, ён паступіў ва ўніверсітэт у П., не надта вялікім горадзе паўднёвай Германіі.

Ён быў сапраўдным „добрым хлопцам“. Ніводзін чалавек не мог жадаць яму зла. Вясёлы і дабрадушна-сяброўскі, ён адначасова быў улюбёнцам усіх сваіх таварышаў па вучобе. Гэта быў сімпатычны зграбны юнак з лагоднымі рысамі твару, жывымі піўнымі вачыма і пяшчотна прыпухлымі вуснамі, над якімі ўжо прабівалася першая расліннасць. Калі ён, ссунуўшы на чорных кучаравінках светлы круглы капялюш, трымаючы рукі ў кішэнях штаноў, ішоў па вуліцах, з цікавасцю пазіраючы вакол сябе, то дзяўчаты кідалі ў яго бок закаханыя позіркі.

Пры гэтым ён быў цнатлівы, чысты як плоццю, так і душой. Ён мог сказаць словамі Тылі[25], што ён яшчэ не прайграў ніводнай бітвы і не дакрануўся да ніводнай асобы жаночага полу. Што тычыцца першага, дык у яго не было яшчэ такой магчымасці, ды і што датычна іншага, то таксама ў яго такога выпадку не надарылася.

Прайшлі толькі, магчыма, два тыдні з дня яго з’яўлення ў П., як ён, вядома ж, закахаўся. Не ў афіцыянтку, як яно звычайна бывае, а ў маладую акцёрку, фройляйн Вельтнэр, выканаўцу роляў наіўных дзяўчат з гётэўскага тэатра.

Хоць і вядома, што, як трапна заўважыў паэт, калі цябе хмеліць маладосць, то ў кожнай бачыш прыгажосць – але дзяўчына была сапраўды прывабнай. Па-дзіцячаму пяшчотная фігура, русыя валасы, лагодныя, вясёлыя шэра-сінія вочы, вытанчаны носік, нявінна-салодкі рот і мяккае, круглае падбароддзе.

Ён спачатку закахаўся ў яе твар, потым у далоні, потым у рукі, якія ён аднойчы ўбачыў аголенымі ў антычнай ролі, і надышоў дзень, калі ён ужо кахаў яе ўсю цалкам. У тым ліку яе душу, яму яшчэ зусім невядомую.

Яго каханне каштавала яму процьму грошай. Самае малое на кожны другі вечар ён набываў білет у партэр тэатра Гётэ. Увесь час ён мусіў пісаць сваёй маці і прасіць у яе грошы, дзеля чаго яму даводзілася выдумляць самыя авантурныя вытлумачэнні. Але ж ён хлусіў дзеля яе. Гэта выбачала ўсё.

Калі ён зразумеў, што кахае, то найперш пачаў пісаць вершы. Вядомую нямецкую „ціхую лірыку“.

За гэтым заняткам ён часта сядзеў, абклаўшыся кнігамі, да позняй ночы.

Толькі маленькі будзільнік на камодзе аднастайна цікаў, а звонку час ад часу чуліся самотныя крокі… Дзесьці ў самым версе грудзей, дзе пачынаецца шыя, сядзеў мяккі, цеплаваты, вільготны балючы камяк, які часта хацеў прасачыцца ў ацяжэлыя вочы. Але, саромеючыся сапраўды заплакаць, ён плакаў толькі на цярплівую паперу, у словах.

Ён самому сабе пачаў распавядаць у лагодных вершах, жалобных інтанацыях пра тое, якая яна, маўляў, салодкая і мілая, а ён такі хворы і знямоглы, і якая стрэмка неспакою засела ў яго душы, заганяючы яго ў невядомасць, далей, далей, дзе сярод ружаў і фіялак драмала яго шчасце, але ён быў звязаны…

Вядома, гэта было смешна. Любы чалавек з такога толькі пасмяяўся б. Словы ж таксама былі такія неразумныя, бездапаможныя, якія нічога не маглі выказаць. Але ён кахаў яе! Ён кахаў яе! Адразу ж, вядома, пасля самапрызнання, ён адчуў сорам. Гэта ж было жабрацкае каханне, на каленях, якому б ён моўчкі цалаваў бы ножкі, бо яны такія мілыя, ці яе белую руку, а потым яму захацелася памерці. Пра вусны ён не адважваўся і думаць…

Калі ён прачнуўся аднойчы ўначы, ён уявіў сабе, быццам яна ляжыць побач: каханая галоўка ў мяккіх падушках, салодкі роцік крыху прыадкрыты, і рукі, гэтыя неапісальныя рукі з пяшчотна-сінімі пражылкамі, скрыжаваныя на коўдры. Затым ён раптам рыўком перавярнуўся, уціснуў галаву ў падушку і ў змроку доўга плакаў.

Гэта была кульмінацыя. Ён дасягнуў такога стану, што ўжо не мог пісаць вершы і нават есці не мог. Ён пазбягаў знаёмых, амаль не выходзіў з дому, а пад вачамі ў яго з’явіліся глыбокія, цёмныя кругі. Пры гэтым ён амаль ужо не працаваў, і яму нічога не хацелася чытаць. Яму рупіла толькі проста так стаяць перад яе партрэтам, які ён ужо даўно купіў сабе; зморана трызніць у паўпрытомнасці, у слязах ды каханні.

Аднаго разу ён сядзеў са сваім сябрам Ролінгам, з якім быў знаёмы яшчэ са школы і які вучыўся на медыка, як і ён, але ўжо быў на вышэйшым семестры, за добрым куфлем піва ў кутку нейкай забягалаўкі.

Тут Ролінг раптам рашуча паставіў свой куфаль на стол.

„Ну, малы, скажы ты мне, што з табою?“

„Са мною?“

Але потым ён не вытрываў і выказаў усё, пра яе і пра сябе.

Ролінг незадаволена пахітаў галавою.

„Гэта кепска, малы. Нічога не зробіш. Не ты першы. Абсалютна непрыступная. Дагэтуль жыла з маці. Праўда, маці ўжо нейкі час таму памерла, але нягледзячы на гэта – абсалютна нельга нічога зрабіць. Страшэнна прыстойная дзяўчына“.

„Дык ты думаў, што я…“

„Ну, я думаў, што ты спадзяваўся…“

„Ах, Ролінг!..“

„А… так. Прабач, нарэшце я пачынаю цяміць. Настолькі сентыментальна я сабе гэтага не ўяўляў. Тады пашлі ёй букет, напішы ёй у дадатак цнатліва-пачцівы ліст, папрасі ў яе пісьмовага дазволу выказаць вусна тваё захапленне“.

Ён увесь ажно спалатнеў і закалаціўся ўсім целам.

„Але… але гэта немагчыма!“

„Чаму – не? Любы пасыльны пойдзе за сорак пфенігаў“.

Ён яшчэ больш закалаціўся.

„О Божа! Калі б гэта было магчыма!“

„А дзе яна цяпер жыве?“

„Я… не ведаю“.

„Як, нават гэта яшчэ не ведаеш?! Афіцыянт! Адрасную кнігу!“

Ролінг знайшоў адрас хутка.

„Ну? Дагэтуль яна жыла, дзе жывуць больш заможныя, а цяпер – на Сянной, дом 6а, трэці паверх; бачыш, тут напісана: Ірма Вельтнэр, працуе ў тэатры Гётэ… Слухай, гэта, між іншым, адзін з жудасна танных раёнаў. Так аплачваецца дабрадзейнасць…“

„Калі ласка, Ролінг…“

„Добра, добра… Значыць, ты гэта зробіш. Магчыма, табе будзе дазволена пацалаваць ёй ручку – нахабнік! Тры метры на месца ў партэры ты цяпер памяняеш на букет…“

„О, Божа, што мне тыя нікчэмныя грошы!“

„Гэта ж так цудоўна – страціць розум!“ – прадэкламаваў Ролінг.

Ужо назаўтра раніцай кранальна наіўны ліст разам з цудоўным букетам накіраваліся на Сянную… Толькі б атрымаць ад яе адказ… хоць які адказ! З якой бы радасцю ён цалаваў тыя радкі!..

Праз восем дзён крышка паштовай скрынкі каля ўваходных дзвярэй адламалася з прычыны частага адкрывання і закрывання. Гаспадыня лаялася.

Кругі пад яго вачыма зрабіліся яшчэ больш выразнымі; ён сапраўды выглядаў зусім змарнелым. Калі ён бачыў сябе ў люстэрку, то моцна пужаўся і пачынаў плакаць ад жалю да сябе.

„Слухай, малы, – аднойчы вельмі рашуча сказаў Ролінг, – так яно працягвацца не можа. Ты ўсё больш заглыбляешся ў дэпрэсію. Тут неабходна дзейнічаць. Заўтра ты проста пойдзеш да яе“.

„Проста… да яе…“

„Ну так, да яе“.

„Ды не, немагчыма; яна ж мне не дазволіла“.

„Прыдумка з пісанінай увогуле была неразумнай. Мы маглі загадзя ведаць, што яна табе, незнаёмцу, адразу пісьмова нічога не паабяцае. Ты проста мусіш пайсці да яе. Ты ж звар’яцееш ад шчасця нават з таго, што яна скажа табе „Добры дзень“. Дый ты, урэшце, не пудзіла нейкае. Яна проста так цябе не выпхне… Заўтра ж і выправішся“.

Яму зрабілася зусім млосна.

„Я не змагу“, – ціха прамовіў ён.

„Тады табе ўжо не дапамагчы, – Ролінг раззлаваўся. – Тады падумай, як ты дасі рады з бядой адзін, без мяне“.

Знадворку зіма спрабавала апошні раз пазмагацца з маем, таксама і для яго надышлі дні цяжкой барацьбы.

Але калі ён потым аднойчы раніцай прачнуўся з глыбокага сну, у якім убачыў яе, і адчыніў акно, то на дварэ панавала вясна.

Неба было светлае… Па-сапраўднаму светла-блакітнае, і нібыта ў пяшчотнай усмешцы, а ў паветры як бы адчувалася саладжавая прыправа.

Ён адчуваў на дотык, на смак, унюхваў, бачыў і чуў вясну. Усе пачуцці былі напоўнены вясною. Было адчуванне, нібыта шырокі сонечны прамень, што па-над домам, пранікае дрыготкімі хвалямі ў самае сэрца, праясняючы і ўмацоўваючы яго душу.

І тады ён моўчкі пацалаваў яе партрэт, апрануў чыстую кашулю і самы лепшы касцюм, пагаліў падбароддзе ды накіраваўся на Сянную…

Яго апанаваў дзіўны спакой, якога ён амаль спужаўся. Але ён нікуды не знік. Летуценны спакой, як быццам гэта не ён сам уздымаецца па сходах і ўжо стаіць перад дзвярыма ды чытае таблічку: „Ірма Вельтнэр“…

І тут раптам яго працяла думка, што гэта ж вар’яцтва, непатрэбшчына, і што неабходна хуценька вярнуцца, пакуль яго ніхто не бачыў…

Але з’явілася і адчуванне, што, са стогнам выдыхнуўшы апошні страх, ён канчаткова пазбавіўся сваёй няўпэўненасці; і тады яго душу запаланіла вялікая, устойлівая, вясёлая упартасць: калі ён дагэтуль стаяў, нібы пад гнётам цяжару, пад вымушанай неабходнасцю, як пад гіпнозам, то цяпер ён пачаў дзейнічаць вольна, мэтанакіравана, радасна.

Была ж вясна!..

Званок прагучаў на паверсе па-бляшанаму ахрыпла. Падышла дзяўчына і адчыніла.

„Шаноўная фройляйн дома?“ – бадзёра спытаў ён.

„Дома… так… але хто… дазвольце…“

„Вось“.

Ён даў ёй сваю візітоўку, і калі яна панесла яе, ён проста з упэўненай усмешкай пайшоў за ёй следам. Калі дзяўчына перадавала сваёй маладой гаспадыні картку, ён таксама ўжо стаяў у пакоі, выпрастаўшыся, з капелюшом у руцэ.

Гэта было даволі вялікае памяшканне з простай, цемнаватай мэбляй.

Маладая дама ўстала са свайго месца каля акна; відаць, кніга на століку побач была толькі што адкладзена ёй. Ён ніколі ў ніводнай ролі не бачыў яе такой прывабнай, як у рэчаіснасці. Шэрая сукенка з больш цёмнай устаўкай на грудзях, якая абцягвала яе зграбную фігуру, была простай, але элегантнай. У бялявых кучаравінках над ілбом дрыжэла майскае сонца.

Кроў у ім забулькатала і захвалявалася ад захаплення, і калі яна скіравала здзіўлены позірк на яго візітоўку, а потым такі ж здзіўлены на яго самога, ён, робячы хуткія крокі да яе, паспешлівымі, баязлівымі словамі пачаў выказваць сваё гарачае пачуццё да яе:

„Ах не… майце ласку не злавацца на мяне!“

„Што гэта за напад такі?“ – весела спытала яна.

„Але ж я мусіў, калі Вы нават не далі мне дазволу, я мусіў аднойчы сказаць вам вусна, як я вамі захоплены, шаноўная фройляйн…“ Яна прыязна паказала на фатэль, і ён, перш чым сесці, крыху заікаючыся працягваў: „Разумееце, я… так атрымалася… такі ўжо чалавек, я адразу павінны ўсё выказаць, а не насіць усё ўвесь час у сабе… і тады я папрасіў… Чаму вы не адказалі мне нічога, шаноўная фройляйн?“ – шчыра перабіў ён самога сябе.

„Так… не ведаю, як Вам сказаць, – адказала яна з усмешкай, – як сапраўды мяне ўзрадавалі Вашыя словы прызнання і прыгожы букет, але… гэта ж немагчыма было… каб я так адразу… я ж не магла ведаць…“

„Не, не, я ўсё гэта магу лёгка зразумець, але, праўда?.. Вы ўжо не злуецеся на мяне, што я так, без дазволу…“

„Вядома, не, ды і чаму я павінна?!“

„Вы яшчэ нядаўна ў П.?“ – хутка дадала яна, чуйна пазбягаючы сарамлівай паўзы.

„Даволі даўно, ужо каля шасці-сямі тыдняў, шаноўная фройляйн“.

„Так даўно? Мне здавалася, што вы ўпершыню ўбачылі мяне на сцэне паўтара тыдня таму, калі я атрымала Вашыя прыязныя радкі?“

„Зусім не так, шаноўная фройляйн! Я ўвесь гэты час бачыў Вас амаль кожны вечар! Ва ўсіх Вашых ролях!“

„Вось яно што, дык чаму ж Вы тады раней не прыйшлі?“ – спытала яна, наіўна здзіўленая.

„А трэба было?“ – прамовіў ён вельмі какетліва. Ён адчуваў сябе такім невыказна шчаслівым, седзячы насупраць яе ў фатэлі, даверліва размаўляючы з ёй, і такой няўяўнай здавалася яму сітуацыя, што ён амаль забаяўся, што, як звычайна, пасля салодкага сну можа прыйсці сумнае прабуджэнне. Такое бадзёра-прыемнае адчуванне было ў яго на душы, што яму нават захацелася зусім утульна закінуць нагу на нагу, а потым зноў у такой надзвычайнай душэўнай раўнавазе кінуцца ёй з воклічамі радасці ў ногі… Усё гэта толькі неразумнае блазнаванне! Я ж цябе так кахаю… так кахаю!

Яна крыху зачырванелася, але сардэчна развесяліўшыся з яго камічнай рэплікі, засмяялася.

„Пардон… Вы не так разумееце мяне. Праўда, я выказалася крыху няёмка, але вы не павінны ўсё ўспрымаць наўпрост“.

„Я пастараюся, шаноўная фройляйн, з гэтага часу разумець Вас больш тонка…“

Ён канчаткова страціў кантроль над сабою. Гэта ён паўтарыў сабе яшчэ раз пасля свайго адказу. Вось яна сядзела! Вось яна сядзела! А ён каля яе! Ён увесь час напружваў сваю свядомасць, каб даказаць сабе, што гэта сапраўды ён сам, і яго неверагодна-цнатлівыя позіркі вандравалі ўвесь час па яе твары і фігуры… Напраўду, гэта былі яе матава бялявыя валасы, яе салодкія вусны, яе мяккае падбароддзе з гэтай схільнасцю да падвойнасці, гэта быў яе звонкі дзіцячы голас, яе прыемнае маўленне, якое цяпер па-за тэатрам крышку выяўляла паўднёва-нямецкі дыялект; гэта былі, калі яна, больш не звяртаючы ўвагі на ягоны апошні адказ, зноў узяла яго візітоўку са стала, каб яшчэ раз больш дакладна ўпэўніцца ў правільнасці яго імені-прозвішча, – гэта былі яе каханыя рукі, якія ён так часта цалаваў у сне, гэтыя неапісальныя рукі, і яе вочы, якія зноў былі скіраваныя на яго… з выразам, зацікаўленая прыязнасць якога ўсё яшчэ бесперапынна павялічвалася! І яе мова зноў была звернутая да яго, калі яна пытаннямі і адказамі працягвала нязмушаную гаворку, якая, збіваючыся час ад часу, зноў з лёгкасцю ўзнаўлялася, закранаючы іхняе паходжанне, іх заняткі ды ролі Ірмы Вельтнэр, „трактоўку“ якіх з яе боку ён, вядома, неабмежавана ўхваляў і быў ад іх у захапленні, хоць, шчыра кажучы, як яна сама са смехам заўважала, там не было і кроплі таго, што варта было „трактаваць“.

У яе вясёлым смеху заўсёды заўважна гучала маленькая нота тэатральнасці, быццам таўсматы тата толькі што адрасаваў партэру чарговы мозэраўскі[26] жарт; але гэта зачароўвала яго, калі ён яшчэ ў дадатак з зусім непрыхаванай шчырасцю разглядваў яе твар, да такой ступені, што яму не адзін раз даводзілася душыць у сабе спакусу хуценька кінуцца ёй у ногі, каб шчыра прызнацца ў каханні…

Прайшла, мусіць, цэлая гадзіна, калі ён нарэшце ў поўнай разгубленасці зірнуў на свой гадзіннік і хуценька ўстаў.

„Ах, як доўга я Вас затрымаў, фройляйн Вельтнэр! Вам даўно ўжо варта было прагнаць мяне! Вы павінны паступова звыкнуцца з тым, што час побач з Вамі…“

Ён зрабіў гэта ненаўмысна вельмі спрытна. Ён ужо амаль цалкам адышоў ад таго безумоўнага захаплення дзяўчынай як акцёркай; яго шчыра прамоўленыя кампліменты інстынктыўна рабіліся ўсё больш чыста асабістымі.

„А колькі часу ўжо? Чаму Вы ўжо хочаце ісці?“ – спытала яна з засмучаным здзіўленнем, якое, калі яно было штучнае, падзейнічала ва ўсякім разе больш рэалістычна і пераканаўча, чым ёй гэткае ўдавалася калі-небудзь на сцэне.

„Напрамілы Божа, я даволі доўга надакучваў Вам! Цэлую гадзіну!“

„Ды не! Час для мяне праляцеў хутка!“ – усклікнула яна ўжо са шчырым уздымам. – Цэлую гадзіну?! Тады мне сапраўды трэба паспяшацца, каб завучыць яшчэ тое-сёе з маёй ролі… на сённяшні вечар… Вы будзеце ў тэатры сёння вечарам?.. На рэпетыцыі я не ведала яшчэ нічога. Рэжысёр ледзь не адлупцаваў мяне!»

«Калі мне яго прыбіць?» – урачыста спытаў ён.

«Чым раней, тым лепей!» – засмяялася яна, працягваючы яму руку на развітанне.

Тут ён схіліўся з непадробнай жарсцю да яе рукі і прыціснуў свае вусны да яе ў доўгім неспатольным пацалунку, ад якога, нягледзячы на напамін розуму, ніяк не мог адарвацца, адарвацца ад салодкага паху гэтай рукі, ад гэтага дабрадзейнага пачуццёвага хмелю.

Яна хуценька забрала руку, і, калі ён зноў зірнуў на яе, яму здалося, што заўважыў на яе твары выраз разгубленасці, чаму ён, мусіць, павінен быў шчыра ўзрадавацца, але яму гэта здалося незадавальненнем яго нязграбнымі паводзінамі, за якія ён на нейкі момант засаромеўся.

«Я Вам сардэчна дзякую, фройляйн Вельтнэр», паспешліва і больш афіцыйна сказаў ён, – за вялікую прыязнасць, якую Вы праявілі да мяне…"

"Няма за што, я вельмі рада была пазнаёміцца з Вамі".

"Праўда? – зноў спытаў ён у сваёй былой шчырай манеры. – Вы ж не адмовіце мне ў маёй просьбе, шаноўная фройляйн, а менавіта… каб Вы мне дазволілі прыйсці яшчэ раз!"

"Вядома!.. Гэта значыць, канешне, чаму ж не!" Яна крышку засаромелася. Яго просьба пасля цалавання рукі здалася крышку несвоечасовай.

"Я была б вельмі рада мець магчымасць зноў нязмушана паразмаўляць з Вамі", – дадала яна потым, аднак, з сяброўскай прыязнасцю і яшчэ раз падала яму руку.

"Тысячу разоў дзякую!"

Яшчэ адзін кароткі паклон, і ён выйшаў. І раптам зноў, калі ён ужо яе не бачыў, – нібы сон.

Але потым ён зноў адчуў цеплыню яе рукі ў сваёй і на вуснах, потым ён зноў усвядоміў, што гэта сапраўды была рэчаіснасць і што яго "дзёрзкія", запаветныя сны спраўдзіліся. І ён, хістаючыся, як п’яны, рушыў уніз па сходах, нахіляючыся ўбок да парэнчаў, да якіх яна, напэўна, так часта дакраналася і якія ён абцалаваў радаснымі пацалункамі ад верху да нізу.

Унізе перад домам, які адстаяў крыху ад краю вуліцы, быў маленькі палісаднік, падобны да двара ці плошчы, на левым баку якога бэзавы куст распусціў ужо першыя кветкі. Ён спыніўся тут, схаваў свой палаючы твар у прахалоду куста і пад грукат свайго сэрца доўга піў малады, пяшчотны пах.

О, як ён кахаў яе!..

Ролінг і яшчэ некалькі маладых людзей ужо даўнавата закончылі вячэру, калі ён увайшоў у рэстаран і, бегла павітаўшыся з імі, разгарачаны, падсеў да кампаніі. Некалькі хвілін ён сядзеў абсалютна ціха і пазіраў на іх па чарзе з паблажлівай усмешкай, як быццам таемна пасмейваючыся з іх, якія сядзелі тут, смокчучы цыгарэты, і нічога не ведалі.

"Дзеці мае! – раптам закрычаў ён, нахіліўшыся над сталом. – Вы ведаеце навіну? Я шчаслівы!!!"

"Няўжо?!" – сказаў Ролінг і пільна ўгледзеўся ў яго твар. Потым урачыстым рухам працягнуў яму руку цераз стол.

"Мае самыя глыбокія душэўныя віншаванні, малы!"

"З чым жа?"

"А што здарылася?"

"То праўда, вы ж яшчэ нічога не ведаеце. У яго сёння дзень народзінаў. Ён святкуе свой дзень народзінаў. Зірніце на яго; ці ж ён не выглядае як нованароджаны?"

"Ды ну!"

"Д’ябальшчына!"

"Віншую!"

"Слухай, дык ты павінен быў бы…"

"Канешне!.. Афіцыянт!.."

"Трэба ўсё-такі прызнаць: ён як мае быць адзначае свой дзень народзінаў!"

Потым, пасля пакутліва, з гарачым нецярпеннем чаканага канца васьмідзённага тэрміну, ён паўтарыў свой візіт. Яна ж дазволіла. Усе тыя экзальтаваныя états d’âme[27], якія ў першы раз выклікалі страх закаханасці, цяпер ужо адпалі.

Ну, а потым ён бачыўся і размаўляў з ёй ужо часцей. Яна раз за разам дазваляла яму наведвацца.

Яны нязмушана размаўлялі пра адно ды пра другое, і іх адносіны можна было ўжо назваць амаль што сяброўскімі, каб час ад часу раптам не выяўлялася пэўная сарамлівасць і скаванасць, штосьці кшталту трывожнага страху, што звычайна адбывалася ў абаіх адначасова. У такія хвілі размова магла раптам перапыніцца і згубіцца ў мімалётным маўклівым позірку, які потым, як і першае цалаванне рукі, у адно імгненне змушаў працягваць зносіны ў больш скаванай форме.

Некалькі разоў пасля спектакля яму было дазволена праводзіць яе дадому. Якую паўнату шчасця дарылі яму гэтыя вясновыя вечары, калі ён ішоў па вуліцах горада побач з ёю! Потым перад дзвярыма свайго дома яна дзякавала яму за ўвагу, ён цалаваў яе ў ручку і з радаснай удзячнасцю ў сэрцы ішоў звыклым шляхам.

У адзін з такіх вечароў здарылася так, што ён пасля развітання, адышоўшыся ўжо некалькі крокаў, яшчэ раз азірнуўся. Тут ён убачыў, што яна стаяла яшчэ ў дзвярах і як быццам штосьці шукала на зямлі. Але яму чамусьці здалося, што толькі тады, калі ён хутка павярнуўся, яна раптам зрабіла выгляд, што нешта шукае…

"Учора ўвечары я бачыў вас! – сказаў Ролінг аднойчы. – Малы, дазволь мне выказаць табе глыбокую пачцівасць. Так далёка з ёю, мусіць, яшчэ ніхто не заходзіў. Ты – малайчына. Але, тым не менш, ты – авечка. Большых авансаў яна табе, шчыра кажучы, прапанаваць не можа. Ты – заўзяты дабрадзей! Яна павінна закахацца ў цябе па вушы. Не падумай ісці адразу напралом!"

Нейкі час ён пазіраў на Ролінга не разумеючы. Потым зразумеў і сказаў: "Ды памаўчы ты!" Але яго прабралі дрыжыкі.

Потым вясна прыйшла канчаткова. Ужо перад канцом гэтага мая пайшлі чарадой адзін за адным гарачыя дні, на працягу якіх не ўпала аніводная кропля дажджу. Неба пазірала бледна-хмурнай сінечай на сасмяглую зямлю, і нерухомая, жорсткая дзённая спёка пад вечар саступала месца тупой, гнятлівай задусе, якая тым больш адчувальным рабіла лёгкі павеў ветру.

Аднойчы такім самым познім надвячоркам наш добры юнак самотна блукаў у пагоркавых прысадах прыгарада.

Дома яму было непамысна. Ён зноў захварэў; зноў яго гнала гэтая прагавітая жарсць, якую, як яму здавалася, даўно ўтаймаваў шчасцем, што звалілася на яго. З думкай пра яе… Што яму яшчэ было трэба!..

Усё ішло ад Ролінга, гэтага Мефістофеля. Усё больш дабрадушна і менш натхнёна.

Тады прыходзіць інтуіцыя —

Не ведаю і сам канца…


Ён са стогнам пахітаў галавою і пачаў углядацца ў змярканне.

Усё ішло ад Ролінга! Ці ж ён, калі зноў убачыў яго бледнасць, якая рабілася ўсё больш прыкметнай, спачатку назваў гэта ў брутальных выразах і агаліў перад ім тое, што звычайна яшчэ было ахутана туманамі лагоднай, невыразнай меланхоліі!..

І ён працягваў ісці, зморанымі, аднак настойлівымі крокамі ў задушлівым паветры.

Ён ніяк не мог знайсці той куст язміну, водар якога бесперапынна п’яніў яго. Язмін жа яшчэ не мог цвісці, але яго ўсюды суправаджаў гэты салодкі, п’янкі пах, як толькі ён выходзіў на свежае паветра…

На адным павароце дарогі, каля самага валападобнага схілу, на якім у беспарадку раслі дрэвы, стаяла лаўка. Ён прысеў на яе і ўталопіўся перад сабою.

На другім баку дарогі сцяжынка, парослая шорсткай травой, неўзабаве пачала збягаць уніз да ракі, якая сонна рухалася міма. З таго боку – шаша, прамая, як страла, паміж двума шэрагамі таполяў. Там, з цяжкасцю, уздоўж бледна-фіялетавага гарызонту, самотна рухалася сялянская падвода.

Ён сядзеў, утаропіўшыся, і не адважваўся паварушыцца, бо ў такім становішчы нічога вакол таксама не варушылася.

І ўвесь час, безупынна, гэты задушлівы язмін!

І ва ўсім свеце гэты тупы цяжар, гэта цёплая гнятлівая цішыня, засмяглая без вільгаці. Ён адчуваў, што аднекуль павінна прыйсці нейкае вызваленне – выратаванне, бурна-асвяжальная спатоля ўсёй гэтай смагі ў ім і ў прыродзе.

А потым ён раптам зноў убачыў перад сабою дзяўчыну ў светлым антычным убранні, з тонкай, белаю рукою, якая, напэўна, была мяккай і прахалоднай…

Тады ён устаў і з неакрэсленым, напалову прынятым рашэннем усё хутчэй і хутчэй рушыў дарогаю ў горад.

Калі ён спыніўся з няясным яшчэ ўсведамленнем, што ён ужо тут, у яго ў сярэдзіне раптам усё скаланулася ад страху.

Ужо настаў позні вечар. Усё вакол яго сціхла і акунулася ў змрок. Такой парой толькі вельмі рэдка ў гэтай мясцовасці, падобнай да прыгарада, хтосьці з’яўляўся. Сярод шматлікіх зорак, зацягнутых лёгкай смугою, на небе вылучаўся месяц, амаль што поўня. А ў далечыні – флегматычнае святло газавага ліхтара.

Ён жа стаяў перад яе домам.

Не, ён не збіраўся ўваходзіць! Але ў яго ў сярэдзіне штосьці вырашыла, без яго ведама.

І вось калі ён так тут стаяў і нерухома талопіўся на месяц, то гэта, мусіць, так і трэба было, гэта было яго месца.

І аднекуль з’явіўся яшчэ большы прамень святла…

Ён ліўся зверху, з трэцяга паверха, з яе пакоя, у якім адно акно было адчынена. Значыць, яна не была занятая ў тэатры; яна была дома і яшчэ не пайшла спаць…

Ён заплакаў. Прыхінуўся да агароджы і заплакаў. Усё было такім сумным. Свет быў такі нямы і сасмяглы, а месяц такі бледны…

Ён плакаў доўга, бо адчуваў гэта цягам нейкага часу як асвяжальнае вызваленне і ўздым настрою ды разняволенне. Але потым яго вочы зрабіліся яшчэ сушэйшымі і гарачэйшымі, чым яны былі раней.

І гэтая жорсткая прыгнечанасць зноў ціснула на ўсё яго цела, выціскаючы стогн з грудзей, стогн… стогн… па…

Паддацца… паддацца…

Не! Не паддавацца, а самому!..

Ён выпрастаўся. Яго мускулы зацвярдзелі.

Але потым зноў ціхая, абыякавая нуда выпетрыла яго сілы.

Не, лепей усё-такі зморана паддацца.

Ён слаба націснуў на клямку і паволі пацягнуўся ўверх па лесвіцы.

Служанка зірнула на яго крыху здзіўлена ў такі час ды сказала, што шаноўная фройляйн дома.

Яна ўжо не дакладвала пра яго; ён адразу пасля кароткага стуку адчыніў дзверы ў гасцёўню Ірмы.

Ён не ўсведамляў, што рабіў. Ён не сам пайшоў да дзвярэй, а яго штосьці павяло. У яго было пачуццё, быццам ён ад слабасці страціў нейкую апору, быццам нейкая нямая неабходнасць з сур’ёзнаю, амаль трагічнаю мінай паказвае яму шлях. Ён адчуваў, што нейкая воля, здольная самастойна разважаць, выступаючы супраць гэтага бясслоўна-магутнага загаду, прывяла б яго ўнутраны стан толькі ў журботнае супрацьстаянне. Паддацца… паддацца; тады б адбылося правільнае, неабходнае…

У адказ на яго стук пачулася лёгкае пакашліванне – гэтак, як перад размовай прачышчаюць горла; потым зморана і запытальна прагучала: "Уваходзьце!"

Калі ён увайшоў, яна сядзела ў паўзмроку каля задняй сцяны пакоя з краю канапы за круглым сталом; каля адчыненага акна на маленькім серванце гарэла прынакрытая лямпа. Яна не глянула на яго, а, падумаўшы, што гэта дзяўчына, засталася сядзець у зморанай позе, прыціснуўшыся шчакой да абіўкі канапы.

"Добры вечар, фройляйн Вельтнэр", – ціха сказаў ён.

Тут яна рэзка падняла галаву і, вельмі спужаўшыся, нейкую хвілю глядзела на яго.

Яна была бледная, а вочы – пачырванелыя. Пакутны выраз маўклівай самаахвярнасці быў заўважны вакол яе вуснаў, і безназоўная лагодная змора выяўляла скаргу ў яе скіраваным на яго позірку і ў гучанні яе голасу, калі яна потым спытала:

"У такі позні час?"

І тут з яго выплеснулася наверх тое, чаго ён яшчэ ніводнага разу не адчуваў, бо ён яшчэ ні разу не забываў самога сябе, цёплая, сярэдзінняа пакута, бачыць боль на гэтым салодкім, салодкім твары і ў гэтых каханых вачах, якія луналі над ягоным жыццём як мілае, вясёлае шчасце; так, у той час ён дагэтуль адчуваў толькі спачуванне да самога сябе – цяпер глыбокае, бясконца самаахвярнае спачуванне да яе.

І тады ён застаўся стаяць, як стаяў, і толькі нясмела і ціха, але з пачуццём, шчыра вымавіў:

"Чаму Вы плакалі, фройляйн Ірма?"

Яна глянула моўчкі ўніз на свой падол, на белую хусцінку, якую яна камячыла ў руцэ.

Тады ён падышоў да яе і, сядаючы побач з ёю, узяў яе абедзве матава-белыя рукі, халодныя і вільготныя, і пачаў пяшчотна цалаваць абедзве, і калі з глыбіні грудзей гарачыя слёзы падступілі да самых вачэй, ён яшчэ раз дрыготкім голасам паўтарыў: "Вы ж… плакалі?"

Але яна схіліла галаву яшчэ ніжэй на грудзі, так што лёгкі водар яе валасоў патыхнуў у яго бок, і пакуль яе грудзі змагаліся з цяжкімі, напоўненымі страхам, бязгучнымі пакутамі, а яе пяшчотныя пальцы ўздрыгвалі ў ягоных, ён убачыў, як з яе доўгіх шаўкавістых веек цяжка і павольна капнулі дзве слязіны.

Тады ён спалохана прыціснуў яе рукі да сваіх грудзей і жалобна, гучна, голасам, быццам яго прыдушылі, выгукнуў свой душэўны боль:

"Я гэтага не вытрываю… не магу бачыць, што ты плачаш!"

І яна ўзняла свой бледны тварык да яго, так што яны змаглі сустрэцца позіркамі, зазірнуўшы адно аднаму глыбока, аж да самай душы, і гэтымі позіркамі прызнацца, што кахалі. А потым радасна-збавіцельны, адчайна-нявінны ўскрык жарсці прарваўся праз апошні страх, і ў той час, калі іх маладыя целы спляліся ў сутаргавай напрузе, не падпарадкаванай уласнай волі, дрыготкія вусны прыціснуліся і з’ядналіся ў першым доўгім пацалунку, ад якога рушыўся ўвесь свет, праз адчыненае вакно ўварвалася плынь бэзавага водару, якая зрабілася задушлівай і нараджала ўсё больш нястрымную пажадлівасць.

І ён падняў яе лёгкае, амаль бясплоцевае цела з крэсла, і яны мармыталі адно аднаму ў растуленыя вусны, як яны кахаюць адно аднаго.

І тады раптам яго ахапіў незразумелы жах, калі яна, якая ў яго закаханай няўпэўненасці была для яго багіняй, у прысутнасці якой ён заўсёды адчуваў сябе слабым, і нязграбным, і малым, пад яго пацалункамі пачала калыхацца.

Ноччу ён прачнуўся.

Месячнае святло мігцела ў яе валасах, а рука яе ляжала спакойна ў яго на грудзях.

Ён зірнуў уверх, дзе быў Бог, і пацалаваў яе сонныя вочы і быў яшчэ лепшым хлапцом, чым калі-небудзь у ранейшым жыцці.

Моцны навальнічны лівень за ноч прайшоў. Прырода вызвалілася ад сваёй соннай ліхаманкі. Увесь свет удыхнуў пасвяжэлы пах.

Пад халаднаватым ранішнім сонцам праз горад рухаліся ўланы, і народ стаяў перад дзвярыма, убіраючы ў сябе добрае паветра, і радаваўся.

І калі ён, накіроўваючыся да свайго жытла, шыбаваў праз памаладзелую вясну, з летуценна-нявіннай расслабленасцю ў целе, яму хацелася гукаць у светла-блакітнае неба толькі радасныя воклічы – о мая салодкая!.. салодкая!.. салодкая!!!

Потым, дома, за пісьмовым сталом, перад яе партрэтам, ён задумаўся і зладзіў сумленны іспыт свайму душэўнаму зместу: што ён, папраўдзе, зрабіў і ці не ёсць ён пры ўсім сваім шчасці нягоднікам. Гэта прынесла б яму надзвычайны боль.

Але ўсё было добра і прыгожа.

У яго на душы была такая звонкая радасць, як калісьці на канфірмацыі, і калі ён выглянуў у вясновы дзень, які спяваў і шчабятаў, ды зірнуў на пяшчотна ўсмешлівае неба, то ў яго зноў з’явілася пачуццё, як у тую ноч, быццам ён глядзіць у твар Богу з сур’ёзнай, маўклівай удзячнасцю, а яго рукі спляліся, і ён са шчырай пяшчотай прашаптаў вясне яе імя, быццам святую ранішнюю малітву…

Ролінг… Не, яму гэта не трэба ведаць. Ён цудоўны хлопец, але зноў палезе са сваімі выказваннямі наконт усяго і выставіць справу ў камічным святле. А вось калі ён прыедзе дадому, то тады, аднойчы вечарам, пад гудзенне лямпы, распавядзе маме… пра ўсё… усё шчасце.

І ён зноў заглыбіўся ва ўспаміны пра тое.

Праз восем дзён Ролінг, натуральна, пра ўсё даведаўся.

"Малы! – сказаў ён, – няўжо ты думаеш, што я дурны? Я ўсё ведаю. Ты мог бы распавесці мне пра ўсё трохі больш падрабязна".

"Не ведаю, пра што ты гаворыш. Калі б я нават ведаў, пра што ты гаворыш, я б не размаўляў пра тое, што ты ведаеш", – адказаў ён сур’ёзна, прычым з павучальнай мінай, і жэстамі ўказальнага пальца ён дасціпна заблытаў свайго суразмоўцу ў лабірынце складанага сказа.

"Ну толькі паглядзіце! Малы робіцца па-сапраўднаму дасціпным! Чысты сапфір! Што ж, будзь сапраўды шчаслівым, шаноўны малады чалавек!"

"А я і ёсць такі, Ролінг!" – сказаў ён сур’ёзна і цвёрда і шчыра паціснуў руку сябру.

Але апошняму гэта зноў падалося занадта сентыментальным.

"Слухай, – спытаў ён, – ці не пачне Ірмачка неўзабаве выконваць ролю маладых замужніх кабет? Каптурыкі, здаецца, пасавалі б ёй цудоўна!.. Між іншым, ці не было б мне дарэчы стаць у вас сябрам дому?"

"Ролінг, ты невыносны!"

Магчыма, Ролінг толькі балбатаў. А магчыма, варункі нашага героя, які праз іх цалкам адчужаўся ад сваіх знаёмых і колішніх звычак, увогуле не маглі доўга заставацца невядомымі. У горадзе неўзабаве пайшлі размовы, што "Вельтнэр з гётэўскага тэатра" мае "стасункі з маладзёнам-студэнтам" і што яны ніколі асабліва не верылі ў прыстойнасць гэтай "асобы".

Напраўду, ён быў адчужаны ад усяго. Свет вакол яго праваліўся ў бяздонне, а сярод незлічоных ружовых воблачкаў і барочных амурчыкаў, якія гралі на скрыпачках, ён лунаў праз тыдні – лёгка, светла, душэўна! Калі б яму толькі можна было ў той час, калі гадзіны незаўважна знікалі, ляжаць каля яе ног і, закінуўшы галаву, піць водар яе дыхання… А ў іншым жыццё ўжо для яго не існавала, прайшло канчаткова. Цяпер заставалася толькі адно гэта… Тое, у дачыненні да чаго ў кніжках ўжывалася толькі вартае жалю слова "каханне"…

Згаданае знаходжанне каля яе ног было, дарэчы, характэрным у стасунках дзвюх маладых асоб. У гэтым вельмі хутка выявілася ўся вонкавая перавага дваццацігадовае жанчыны перад равеснікам-мужчынам. Ён заўсёды быў тым, хто ў інстынктыўным імкненні падабацца ёй меўся быць як мага больш уважлівым у словах і рухах, каб сапраўды дагадзіць ёй. За выключэннем поўнай самаадданасці падчас саміх любоўных сцэн, ён пры іх публічных зносінах не заўсёды мог паводзіць сябе нязмушана: яму дрэнна давалася поўная раскаванасць. Ён, вядома, часткова з прычыны свайго самаадданага кахання, але ў большай ступені, мусіць, таму, што ў грамадстве стаяў ніжэй, быў слабейшы, дазваляў ёй, як дзіця, лаяць сябе, каб потым пакорліва і маркотна прасіць выбачыць, пакуль яму зноў не дазвалялася прыціснуцца галавою да яе каленяў, а яна не пачынала пяшчотна гладзіць яму валасы з мацярынскай, амаль спачувальнай пяшчотаю. А ён пазіраў, лежачы каля яе ног, на яе знізу ўверх, ён прыходзіў і адыходзіў толькі паводле яе жадання, ён быў паслухмяны адносна кожнага яе капрызу, а капрызы ў яе былі.

"Малы, – казаў Ролінг, – я думаю, што ты трапіў пад абцас. Мне здаецца, што ты занадта свойскі для дзікага шлюбу!"

"Ролінг, ты – асёл. Ты гэтага не разумееш. Табе гэта незнаёма. Я кахаю яе. Гэта – усё. Я кахаю яе не проста так… так, а кахаю яе якраз… я… ах… гэта ніяк немагчыма выказаць…"

"Ты проста казачна цудоўны хлопец", – казаў Ролінг.

"Ды кінь ты, лухта!"

Лухта! Гэтыя неразумныя выразы пра "абцас" ды "занадта свойскі" зноў-такі мог выказваць толькі Ролінг. Ён сапраўды нічога не цяміў у гэтым? А што ён сапраўды ўяўляў сабою?! Стасункі ж былі такімі простымі і правільнымі. Ён жа ў любы момант мог узяць яе рукі ў свае і ўвесь час паўтараць ёй: "Ах, няўжо ты мяне кахаеш, няўжо хоць кропельку кахаеш… Як я ўдзячны табе за гэта!"

Аднойчы цудоўным, лагодным вечарам, калі ён самотна блукаў па вуліцах, ён зноў прыдумаў верш, які вельмі крануў яго. Вось такое нешта:

Калі ўжо дагарэў прамень

І дзень памёр у цішыні,

З’яднайся з ноччу, нібы цень,

Ды ўслаў таго, хто ў вышыні.


Адчуй душой, з якой журбой

Наш лёс вартуе ён.

Як быццам кажа: "Позірк мой

І шчасце бачыць, і праклён".


Аднойчы праміне вясна

Ды прыйдзе зноў зіма…

На свеце вечнага здаўна,

Як ні шукай – няма.


Пакуль жа смела тварык твой

Прыцісні да маёй шчакі,

Усё яшчэ жыве вясной —

Дзень сонечны такі!


Не плач, не плач! Няма бяды,

Прыйдзі, усцеш мяне.

Якія нашыя гады!

Каханне нас не падмане!


Але верш натхніў яго не таму, што ён сапраўды і па-сур’ёзнаму ўявіў сабе мажлівасць канца. Гэта была б абсалютна вар’яцкая думка. Ад шчырага сэрца з’явіліся толькі апошнія радкі, дзе сумная манатоннасць інтанацыі хвалявання ад цяперашняга шчасця была парушана хуткімі, вольнымі рытмамі. Астатняе было толькі музычным настроем, з якога ён выціскаў з вачэй незразумелыя слёзы.

Потым ён зноў напісаў сваім родным дадому некалькі лістоў, якіх, напэўна, не зразумеў бы ніводзін чалавек. Там, шчыра кажучы, нічога не было напісана; наадварот, у іх самым хвалюючым чынам былі расстаўленыя знакі прыпынку, і яшчэ яны кішэлі мноствам зусім неабгрунтавана скарыстаных клічнікаў. Але ж нейкім чынам яму патрэбна было выказаць усё сваё шчасце і даць знаць пра сябе, а з той прычыны, што, добра падумаўшы, ён не мог быць зусім шчырым у гэтых варунках, то ён і трымаўся за шматзначныя клічнікі. Ён мог часта моўчкі і шчыра сам сабе пасмейвацца, уяўляючы, што нават яго вучоны тата не зможа расшыфраваць гэтыя іерогліфы, якія абсалютна больш нічога не азначалі, як прыблізна: "Я бяз-меж-на шчаслівы!"

Так праходзіў час да сярэдзіны ліпеня – у гэтым мілым, бяздумным, салодкім, бурлівым шчасці, і ўся гэтая гісторыя зрабілася сумнай, калі б потым не здарылася б вясёлая, смешная раніца.

Раніца сапраўды была цудоўная. Было яшчэ даволі рана, каля дзевяці гадзін. Сонца толькі пяшчотна гладзіла скуру, а ў паветры стаяў такі прыемны пах – менавіта такі, здавалася, як тады, той раніцай пасля першай чароўнай ночы.

Ён быў вельмі задаволены і стукаў увесь час сваім кійком па беласнежным тратуары. Ён захацеў пайсці да яе.

Яна яго зусім не чакала. Гэта было якраз вельмі міла. У яго напачатку быў намер пайсці гэтай раніцай на лекцыі, але з гэтага, вядома, нічога не атрымалася… сёння. Гэтага яшчэ не хапала! У такое надвор’е сядзець у аўдыторыі! Калі б ішоў дождж – іншая рэч! Але ў гэтых варунках, пад такім небам з яго светлай, лагоднай усмешкай… да яе! да яе! Рашэнне прывяло яго ў самы ружовы настрой. Ён, ідучы ўжо ўніз Сянною вуліцай, насвістваў сабе самыя моцныя рытмы застольнай песні з "Cavalleria rusticana".

Перад яе домам ён спыніўся і пэўны час паўдыхаў водар бэзу. З кустом ён паступова наладзіў самае шчырае сяброўства: заўсёды, прыходзячы сюды, ён спыняўся перад ім і вёў з ім невялічкі, бясслоўны, вельмі шчыры дыялог. Тады бэз распавядаў яму ціхімі пяшчотнымі прарочымі словамі пра ўсё тое салодкае, што яго зноў чакала і ён разглядаў так, як бывае, адчуваючы вялікае шчасце ці боль, пры расповедзе пра якія нейкаму чалавеку цябе ахоплівае адчай, і, перапоўнены пачуццямі, ты звяртаешся да велічнай ціхай прыроды, як быццам яна штосьці ў гэтым разумее… Ён даўно разглядаў яго як нешта належнае да справы, спачувальнае, блізкае і бачыў у ім з прычыны сваёй перманентнай паэтычнай аддаленасці ад рэальнага жыцця нашмат больш, чым дэкаратыўны дадатак у сваім рамане.

Калі ён дастаткова наслухаўся ад бэзавага паху аповедаў і абяцанняў, то пайшоў па лесвіцы наверх і, паставіўшы свой кіёк у калідоры, без стуку ўвайшоў у пакой, у дзёрзкай радасці засунуўшы рукі ў кішэні штаноў свайго светлага летняга касцюма ды збіўшы капялюш на патыліцу, бо ведаў, што ў такім выглядзе ёй ён падабаецца найбольш.

"Добрай раніцы, Ірма! А-а… ты, мусіць… ашаломленая" – хацеў ён сказаць, але сам быў ашаломлены. Уваходзячы ў пакой, ён убачыў, што яна рыўком узнялася ад стала, быццам хацела хуценька нешта забраць, але не ведала што. Яна толькі бездапаможна правяла сурвэткай па вуснах, стоячы на месцы і дзіўнавата паглядаючы на яго вялікімі вачыма. На стале былі кава і печыва. З аднаго боку сядзеў стары, пачцівы пан з беласнежнай вострай бародкай, апрануты вельмі прыстойна, і жаваў; ён зірнуў на яго з вялікім здзіўленнем.

Студэнт хуценька сцягнуў з галавы свой капялюш і пачаў сарамліва круціць яго ў руках.

"О, пардон, – сказаў ён, – я не ведаў, што ў цябе госці".

Пачуўшы "цябе", пан перастаў жаваць і ўтаропіўся ў твар дзяўчыны.

Наш небарака не на жарт спужаўся, бо яна проста спалатнела і ўсё яшчэ стаяла нерухома. А стары выглядаў яшчэ горш! Як нябожчык! Валасы, якія яшчэ засталіся ў яго, здавалася, былі непрычасаныя. Хто ж гэта мог быць? Ён паспешліва ламаў сабе галаву. Яе сваяк? Але ж яна яму нічога не казала?.. Ва ўсякім разе, ён з’явіўся тут не ў час… Як шкада! А ён так радаваўся! Цяпер нічога не заставалася, як пайсці! Гэта было агідна! І ніхто яму нічога не сказаў! І як цяпер паводзіць сябе з ёю?

"Што гэта?" – раптам прамовіў стары і азірнуўся вакол сябе сваімі маленькімі, заглыбленымі шэрымі вачыма, нібы чакаючы адказу на гэтае загадкавае пытанне. У яго галаве, відаць, усё пераблыталася. Грымаса, якая з’явілася на яго твары, выглядала досыць недарэчнай. Ніжняя губа бязвольна і недарэчна адтапырылася.

Нашаму герою раптам прыйшло ў галаву назваць сябе. Ён зрабіў гэта даволі няўпэўнена.

"Мяне завуць ***. Я толькі хацеў… я хацеў толькі выказаць маё шанаванне…"

"Якое дачыненне гэта мае да мяне?! – раззлаваўся раптам ганарысты стары. – Што Вам увогуле трэба?"

"Прабачце, я…"

"Ах, што там! Зрабіце ласку пайсці адсюль. Вы ж тут абсалютна лішні. Што, Маўзі?" – пры гэтым ён ласкава падміргнуў Ірме.

Ну вось, хоць наш герой, відавочна, не быў героем, але тон старога быў несумненна крыўдным… Нават не кажучы пра тое, што расчараванне, якое апанавала яго, зусім папсавала яму добры настрой у такой ступені, што ён адразу змяніў свае паводзіны.

"Дазвольце мне, шаноўны пане, – прамовіў ён спакойна і ўпэўнена, – я сапраўды не разумею, што дае Вам права размаўляць са мной такім чынам. Асабліва таму, што я знаходжуся ў гэтым пакоі, мне здаецца, з гэткім самым правам, як і Вы".

Старому гэта ўжо было занадта. Да такога абыходжання ён не прывык. Ніжняя губа ў вялікім хваляванні захадзіла сюды-туды; ён тройчы пляснуў сурвэткай па каленях і, скарыстаўшы ўсе дапаможныя магчымасці сваіх сціплых галасавых сродкаў, выгукнуў:

"Вы – бязглузды юнак… Вы! Вы – бязглузды юнак… Вы!"

Калі зняважаны такім чынам прытрымаў сваю злосць і дапускаў яшчэ магчымасць, што стары можа быць сваяком Ірмы, то цяпер яго цярпенню надышоў канец. Усведамленне свайго становішча ў дачыненні да дзяўчыны ганарліва ўстала ў ім ва ўвесь рост. Яму было ўжо абыякава, кім быў гэты, іншы. Ён быў зганьбаваны самым грубым чынам і яму падалося, што ён дзейнічае паводле добрых звычаяў свайго "права гаспадара дома", калі ён крута павярнуўся да дзвярэй і з вар’яцкай рэзкасцю запатрабаваў ад шаноўнага старога пана зараз жа пакінуць жыллё.

Стары на нейкі момант знямеў. Потым ён залапатаў то са смехам, то са слязьмі, а яго позірк між тым блукаў па пакоі.

"Не… каб… такое… але, не… каб такое! Божа міласэрны, што… скажаш Ты на гэты конт?" – пры гэтым ён, у пошуках дапамогі, пазіраў наверх у кірунку Ірмы, якая адвярнулася і не адклікалася ніводным гукам.

Калі няшчасны стары зразумеў, што ад яе не варта чакаць ніякай падтрымкі, а, акрамя таго, з-пад яго ўвагі не выслізнула пагрозлівая нецярплівасць, з якой яго праціўнік паўтарыў свой жэст у бок дзвярэй, ён прызнаў сваю паразу.

"Я пайду, – сказаў ён з высакароднай пакораю, – я зараз жа пайду. Але мы яшчэ пагаворым, Вы – хлапчук! Вы!"

"Вядома, мы пагаворым! – закрычаў наш герой. – Абавязкова! Ці Вы думаеце… шаноўны, што Вы так дарма зрушылі мне на галаву Вашую лаянку! А пакуль што – прэч!"

Калоцячыся і стогнучы, стары з цяжкасцю ўстаў з крэсла. Шырокія калашыны штаноў матляліся вакол яго худых ног. Ён трымаўся за паясніцу і ледзьве не ссунуўся зноў на крэсла. Гэта выклікала ў ім сентыментальны настрой.

"Я – няшчасны стары чалавек, – замармытаў ён. – Я – няшчасны стары чалавек! Гэтая подлая грубасць!.. Ох… Ах…" І зноў у ім прачнулася шляхетная злосць: "Але мы яшчэ пагаворым! Мы яшчэ сустрэнемся! Абавязкова!"

"Няўжо ж не!" – запэўніў яго павесялелы мучыцель, зазіраючы ў калідор, дзе ў той час стары пан дрыготкімі рукамі надзяваў цыліндр, накідваў на сябе грубы плашч і потым няўпэўненымі крокамі ступіў на сходы. "Вядома ж, мы пагаворым", – паўтарыў добры хлопец зусім лагодна, бо варты жалю выгляд старога пана паступова выклікаў у яго спачуванне. "Я ў любы час буду ў Вашым распараджэнні, – працягваў ён ветліва, – але пасля Вашых паводзін у дачыненні да мяне Вы не павінны здзіўляцца, што я дзейнічаў менавіта так". Ён карэктна пакланіўся і пакінуў на волю лёсу старога, які, як ён чуў, на двары вісклівым голасам замаўляў карэту.

Толькі цяпер ён зноў спахапіўся: а хто ж гэта мог быць, гэты стары вар’ят? Урэшце, можа, сапраўды нейкі яе сваяк?! Дзядзька або дзед ці яшчэ хтосьці гэткага кшталту? О Божа, тады ён, магчыма, усё ж занадта пагарачыўся ў дачыненні да яго? Стары, магчыма, увогуле па сваёй натуры быў такім, менавіта такім!.. Але ж яна павінна была б нешта заўважыць, калі гэта было так! Яна, як здалося, увогуле не выявіла ніякай зацікаўленасці да гэтай справы. Толькі цяпер яму гэта падалося дзіўным. Раней усю яго ўвагу паглынулі бессаромныя паводзіны старога пана… Дык хто ж гэта быў? На душы ў яго сапраўды зрабілася зусім няўтульна, і ён нейкі час памарудзіў, перш чым увайсці зноў да яе, з думкай, што ён, магчыма, паводзіў сябе непрыстойна.

Калі ён зачыніў за сабою дзверы пакоя, Ірма сядзела, адвярнуўшыся, з краю канапы, трымала ў зубах махор батыставай хустачкі і нерухома талопілася ў прастору перад сабою, не паварочваючыся да яго.

Ён хвілінку пастаяў зусім нерухома, потым сплёў рукі ў сябе на жываце і амаль з плачам ад бездапаможнасці ўсклікнуў:

"Ты ж толькі скажы мне, хто гэта быў, Божа літасцівы!"

Ніякага руху. Ніводнага слова.

Яму рабілася то холадна, то горача.

Незразумелы жах уздымаўся ў яго ў сярэдзіне. Але потым ён настойліва пачаў унушаць сабе, што гэта ўсё проста смешна, сеў каля яе і па-бацькоўску ўзяў яе за руку.

"Добра, Ірмачка, будзь нарэшце разумнай. Ты ж, пэўна, не злуеш на мяне? Ён жа пачаў… стары пан… А хто ж гэта быў?"

Мёртвая цішыня.

Ён устаў і ў разгубленасці на некалькі крокаў адышоўся ад яе.

Дзверы каля канапы, якія вялі ў яе спальню, былі прыадчыненыя. Ён раптам увайшоў туды. На начным століку каля галавы незасцеленага ложка ён убачыў нешта, што прыцягвала ўвагу. Калі ён вярнуўся, у яго руцэ было некалькі сініх паперак, банкнотаў.

Ён узрадаваўся, што адразу мог сказаць штосьці іншае. Ён паклаў паперкі на стол са словамі:

"Лепш схавай гэта пад замок; яны ляжалі там".

Але раптам ён збялеў, як воск, яго вочы пашырыліся, а разяўленыя вусны задрыжэлі.

Яна, калі ён з’явіўся з банкнотамі, звярнула расплюшчаныя вочы ў яго бок, і ён убачыў яе позірк.

Штосьці агіднае пацягнулася ў ім кашчавымі, шэрымі пальцамі ўверх і з сярэдзіны ўчарэпілася яму ў горла.

Ва ўсякім разе, было сумна глядзець, як бедны юнак выцягнуў перад сабою рукі і жалобным тонам дзіцяці, паламаная цацка якога ляжыць на падлозе, толькі вымаўляў:

"Не, не! Ах, не… не!"

Потым з ліхаманкавым страхам ён памкнуўся да яе, шалёна хапаючы за рукі, як быццам затульваючы яе сабою, і звярнуўся поўным адчаю жалобным голасам:

"Толькі не… прашу!.. Толькі, толькі – не!!! Ты ж не ведаеш, як я… як я… не!!! Толькі скажы, што не!!!"

Потым зноў назад, з гучным вісклявым воклічам ён кінуўся паўз акно ў кухню, моцна ўдарыўшыся галавою аб сцяну.

Дзяўчына здранцвела пасунулуся глыбей, у самы куток канапы.

"Урэшце, я ж працую ў тэатры. Я не разумею, што за сцэны ты тут учыняеш… Гэтым жа займаюцца ўсе. Мне абрыдла быць святою. Я ўбачыла, куды гэта прыводзіць. Так не атрымаецца. У нас так не атрымаецца. Мы павінны ўсё гэта пакінуць багатым. Мы мусім самі думаць, як уладкоўвацца. Гэта туалеты і… і ўсё". Нарэшце, яе нібы прарвала: "Усе ж і так ведалі, што я ўсё роўна!.."

Тут ён кінуўся да яе і пачаў пакрываць шалёнымі, жорсткімі, пякучымі пацалункамі, і стваралася ўражанне, быццам у яго лапатанні: "О, ты… ты…" – усё яго каханне ў неверагодным адчаі змагалася з жудаснымі, пратэстуючымі пачуццямі.

Магчыма, цалуючы так, ён ужо пачынаў разумець, што для яго з гэтага моманту каханне ператвараецца ў нянавісць, а жарсць – у дзікую помсту; магчыма, што пазней гэта ўсё змяшалася. Ён сам гэтага не ведае.

А потым ён стаяў унізе, перад домам, пад пяшчотным, усмешлівым небам, каля бэзавага куста.

Як здранцвелы, ён стаяў, доўга, нерухома, апусціўшы рукі ўздоўж цела. Але раптам ён заўважыў, як на яго зноў дыхнула любоўнай асалодаю бэзавага куста, так пяшчотна, так чыста і міла.

І тут парывістым рухам ён, няшчасны і раз’юшаны, затрос кулаком уверх усмешліваму небу і паспрабаваў жорстка злавіць рукою гэтую хлуслівую асалоду, ударыў туды ў сярэдзіну, так што куст аж затрашчаў, ламаючыся і рассыпаючы пяшчотныя пялёсткі.

Потым ён сядзеў дома за сталом, маўклівы і аслаблы.

Знадворку, у яркай велічы, панаваў прыязны летні дзень.

А ён узіраўся ў яе партрэт, дзе яна, як і раней, стаяла такая салодкая і чыстая.

Над ім у суправаджэнні раскацістых фартэпіянных пасажаў скардзілася віяланчэль, так незвычайна, як быццам нізкія, лагодныя гукі бурліва і ўзвышана ўкладваліся вакол яго душы, абуджаючы ў ім як старыя, маўклівыя, даўно забытыя пакуты некалькі вольных лагодна-журботных рытмаў.

Аднойчы развітаемся з вясной,

Надоўга прыйдзе сумная зіма,

Так дзве рукі жыцця адна адной

На развітанне кажуць:

"Што ж, пакуль, кума!"


І гэта найбольш міралюбны канец, якім я магу завяршыць, – што неразумны юнак тады яшчэ быў здольны плакаць…"

На хвілінку ў нашым кутку ўсе прыціхлі. Здавалася, што і абодва сябры каля мяне не былі вольныя ад журботнага настрою, які быў пароджаны ўва мне аповедам Доктара.

"Усё?" – нарэшце спытаўся малы Майзэнберг.

"Дзякаваць Богу!" – сказаў Зэльтэн з крыху, як мне здалося, штучнай жорсткасцю і ўстаў, каб пайсці бліжэй да вазы са свежым бэзам, якая стаяла ў самым дальнім кутку на маленькай разной этажэрцы.

Цяпер я раптам зразумеў, адкуль паходзіла надзвычай моцнае ўражанне, зробленае на мяне яго аповедам, – ад гэтага бэзу, пах якога адыгрываў у ім такую значную ролю і які стаяў над усёй гісторыяй. Гэты пах быў, несумненна, тым, што з’явілася для Доктара асноўнай прычынай паведаміць нам пра тую падзею, а датычна мяне ён зрабіўся крыніцай сугестыўнага ўздзеяння.

"Кранальна! – сказаў Майзэнберг і, глыбака ўздыхнуўшы, прыпаліў сабе новую цыгарэту. – Сапраўды кранальная гісторыя. І такая надзвычай простая!"

"Так, – падтрымаў я, – і якраз гэтая прастата гаворыць на карысць яе праўдзівасці".

Доктар коратка засмяяўся, наблізіўшы свой твар яшчэ больш да бэзу.

Юны бялявы ідэаліст нічога яшчэ не сказаў. Ён не спыняў руху свайго крэсла-каталкі, у якім сядзеў і ўсё яшчэ смактаў цукеркі.

"Ляўбэ, здаецца, жудасна ўзрушаны", – заўважыў Майзэнберг.

"Вядома, гісторыя кранальная! – жарсна адказаў той, перастаўшы гойдацца і ўстаючы з месца. – Але ж Зэльтэн хацеў абвергнуць мяне. Толькі ж я нідзе не заўважыў, каб яму гэта ўдалося. А дзе ж, разглядаючы гэтую гісторыю, убачыць маральнае апраўданне ў дачыненні да жаночай асобы?.."

"Ай, кінь ты свае пратухлыя ўжо выказванні! – бесцырымонна і з невытлумачальнай раздражнёнасцю ў голасе перабіў яго Доктар. – Калі ты мяне яшчэ не зразумеў, то я магу цябе толькі пашкадаваць. Калі сёння жанчына па́дае праз каханне, то заўтра яна падзе за грошы. Гэта я хацеў табе распавесці. Абсалютна нічога болей. Магчыма, гэта ўтрымлівае маральнае апраўданне, за якое ты так горача выступаеш".

"Добра, а скажы, – раптам спытаў Майзэнберг, – калі гэта праўда, адкуль ты тады ведаеш усю гэтую гісторыю так дакладна, аж да асобных дэталей, і чаму ты так увогуле раздражняешся з гэтай нагоды?"

Доктар хвілінку памаўчаў. Потым раптам яго правая рука кароткім, нязграбным, амаль сутаргавым рухам ударыла ў сярэдзіну бэзавага букета, пах якога ён толькі што глыбока і павольна ўдыхаў.

"О мой Бог, – сказаў ён, – ды таму што гэта быў я сам, "добры хлопец"… Інакш мне было б усё роўна!"

Сапраўды, тон, якім ён гэта прамовіў ды яшчэ ўдарыў з гэтай адчайнай журботнай жорсткасцю па бэзе дакладна, як тады… Сапраўды, у ім ужо ніяк нельга было пазнаць таго былога "добрага хлопца".

25

Ёган фон Тылі (1559–1632) – фельдмаршал, які атрымаў шэраг важных перамог у Трыццацігадовай вайне 1618–1648 гг.

26

Тут маецца на ўвазе, хутчэй за ўсё, асоба знакамітага нямецкага публіцыста і літаратара Фрыдрыха Мозэра (1723–1798), які быў вядомы сваім асаблівым гумарам.

27

Разумовыя станы (франц.).

Смерць у Венецыі

Подняться наверх