Читать книгу Смерць у Венецыі - Томас Ман - Страница 7

Маленькі пан Фрыдэман
V

Оглавление

Але галоўнай прыхільнасцю пана Фрыдэмана, яго сапраўднай жарсцю, быў тэатр. Ён валодаў незвычайна тонкім адчуваннем драматызму, і пры магутным сцэнічным дзеянні, катастрофе ў трагедыі, усё яго маленькае цела магло пачаць калаціцца. У яго было сваё месца на першым ярусе гарадскога тэатра, які ён наведваў рэгулярна, а час ад часу яго суправаджалі туды і тры ягоныя сястры. З часу смерці маці яны адны займаліся ў старым доме гаспадаркай, валоданне якой яны дзялілі з ім.

На жаль, яны ўсё яшчэ не былі замужам; але ўжо даўно дасягнулі ўзросту, калі аддаеш сябе на волю лёсу, бо Фрыдэрыка, самая старэйшая, нарадзілася на 17 гадоў раней за пана Фрыдэмана. Яна і яе сястра Генрыэта былі крышку завысокія і худыя, у той час як Пфіфі, меншанькая, нарадзілася нізкарослай і таўставатай. У яе, між іншым, была смешная манера пры кожным слове ўздрыгваць, і пры гэтым у куточках рота ў яе збіралася слінка.

Маленькі пан Фрыдэман не шмат думаў пра сясцёр; яны ж трымаліся аддана разам, і меркаванні ў іх заўсёды былі аднолькавыя. Асабліва калі сярод іх знаёмых адбываліся заручыны, яны ў адзін голас падкрэслівалі, што гэта іх вельмі радуе.

Брат надалей жыў разам з імі, нават тады, калі пакінуў гандаль драўнінай у пана Шліфогта і распачаў самастойны бізнес, прыдбаўшы маленькае прадпрыемства, агенцтва ці нешта гэтага кшталту, што патрабавала не вельмі шмат часу. У яго ў доме на ніжнім паверсе мелася некалькі памяшканняў, і не трэба было падымацца сходамі, каб падсілкавацца, бо час ад часу ў яго надараліся невялікія прыступы астмы.

На сваё трыццацігоддзе, у светлы і цёплы чэрвеньскі дзень, ён, папалуднаваўшы, сядзеў пад шэрым садовым тэнтам з новым падгалоўнікам, зробленым для яго Генрыэтай, з добрай цыгарай у зубах і добрай кніжкай у руцэ. Час ад часу ён адводзіў яе ўбок, прыслухоўваўся да задаволенага шчабятання вераб’ёў, якія атайбаваліся ў старой арэшыне, і пазіраў на чыстую сцяжыну, пасыпаную жвірам, якая вяла да дома, ды на газон з маляўнічымі градкамі.

У маленькага пана Фрыдэмана не было барады, і яго твар амаль зусім не змяніўся, толькі рысы крыху абвастрыліся. Яго мяккія русыя валасы былі гладка зачасаныя набок.

Калі ён апусціў кніжку на самыя калені і, міргаючы, зірнуў у сонечнае неба, ён сказаў самому сабе: «Вось і трыццаць гадоў мінула. Магчыма, пройдуць яшчэ дзесяць ці нават дваццаць. Толькі Бог ведае. Яны прыплывуць і праплывуць ціха і бясшумна міма, як і былыя; я чакаю іх з душэўным спакоем».

Смерць у Венецыі

Подняться наверх