Читать книгу Смерць у Венецыі - Томас Ман - Страница 16

Маленькі пан Фрыдэман
XIV

Оглавление

Усе пагаджаліся, што ў Рынлінгенаў забава атрымалася выдатная. Каля трыццаці чалавек месціліся за даўгім, з густам упрыгожаным сталом, які цягнуўся цераз прасторную сталовую; адзін хатні служка і два часовыя ўжо бегалі з марозівам; усюды чулася пазвоньванне шклянога посуду, пастукванне сталовых прыбораў і адчуваўся цёплы водар страў ды парфумы. Тут сабраліся паважныя буйныя гандляры са сваімі лепшымі паловамі і дочкамі; акрамя таго, амаль усе афіцэры гарнізона, стары лекар, якога ўсе любілі, некалькі юрыстаў і ўсе тыя, хто далучае сябе да першых колаў. Тут прысутнічаў і адзін студэнт-матэматык, пляменнік падпалкоўніка, які прыехаў наведаць сваякоў; ён вёў глыбакадумныя размовы з паненкай Хагенштром, якая сядзела насупраць пана Фрыдэмана.

А ён сядзеў на цудоўнай аксамітнай падушцы пры другім канцы стала побач з непрыгожай жонкай дырэктара гімназіі, недалёка ад фрау Рынлінген, якую да стала праводзіў консул Штэфэнс. Проста дзіўна, якія змены адбыліся за гэтыя восем дзён у маленькім пане Фрыдэмане. Магчыма, прычына была часткова ў белым святле газавых лямп, якім была асветлена зала – і праз гэта яго твар здаваўся такім жахліва бледным; яго шчокі былі ўпалымі, пачырванелыя вочы, з цёмнымі ценямі вакол іх, выяўлялі невыказна журботнае адценне, і было такое ўражанне, што яго цела яшчэ больш скалечана, чым звычайна… Ён піў шмат віна і прамаўляў час ад часу некалькі слоў да сваёй суседкі.

Фрау фон Рынлінген яшчэ не перакінулася за сталом ніводным словам з панам Фрыдэманам, цяпер яна крыху нахілілася і крыкнула яму:

«Я дарэмна чакала Вас у гэтыя дні, Вас і Вашу скрыпку».

Ён, перш чым адказаць, на момант зірнуў на яе зусім адсутным позіркам. На ёй быў светлы лёгкі ўбор, які адкрываў яе белую шыю, а ў бліскучых валасах месцілася ружа «маршал Ніл», якая ўжо цалкам расцвіла. Шчокі фрау фон Рынлінген сёння вечарам былі крыху падрумяненыя, але, як заўсёды, у куточках яе вачэй ляжалі сіняватыя цені.

Пан Фрыдэман апусціў вочы ўніз, гледзячы на сваю талерку, і нічога не прамовіў у адказ, пасля чаго яму трэба было рэагаваць на пытанне жонкі дырэктара гімназіі, ці любіць ён Бетховена. Але ў гэтую самую хвіліну падпалкоўнік, які сядзеў на чале стала, кінуў у бок сваёй жонкі позірк, пастукаў па шклянцы і сказаў:

«Шаноўнае спадарства, я прапаную перайсці піць каву ў іншае памяшканне; між іншым, сёння вечарам павінна быць няблага і ў садзе, і калі хто жадае крышку дыхнуць там свежым паветрам, то я падтрымаю яго». У цішыню, якая ўсталявалася, лейтэнант Дайдэсгайм з пачуцця такту ўкінуў лёгкі жарт такім чынам, што ўсе паўставалі, весела смеючыся. Пан Фрыдэман пакінуў залу сярод апошніх са сваёй дамаю, ён праводзіў яе цераз старанямецкае памяшканне, дзе ўжо пачалі паліць, у паўзмрочную і ўтульную гасцёўню і развітаўся з ёю.

Ён быў выкшталцона апрануты; яго фрак быў бездакорны, кашуля – асляпляльна белая, а маленькія і прыгожыя формаю ногі былі абутыя ў лакіраваныя туфлі. Час ад часу можна было бачыць, што на ім былі панчохі з чырвонага шоўку.

Ён кінуў позірк у калідор і ўбачыў, што ладныя групы падаліся ўжо ўніз па лесвіцы ў сад. А ён сеў з цыгарай і кубкам кавы каля дзвярэй старанямецкага пакоя, у якім некалькі мужчын стаялі, гамонячы, і зазірнуў у гасцёўню.

Адразу справа ад дзвярэй вакол круглага стала сядзела кола, цэнтр якога ўтвараў студэнт, які гаварыў з імпэтам. Ён сцвярджаў, што праз адну кропку можна правесці больш чым адну паралельную лінію да прамой; фрау Хагенштром, жонка адваката, усклікнула: «Гэта немагчыма!» – і цяпер ён так упэўнена гэта даказваў, што ўсе рабілі выгляд, нібыта яны разумеюць.

На заднім жа плане пакоя, на атаманцы, каля якой стаяла нізкая, пакрытая нечым чырвоным, лямпа, сядзела, размаўляючы з юнай фройляйн Штэфэнс, Герда фон Рынлінген. Яна сядзела, крыху адкінуўшыся назад у падушку з жоўтага шоўку, ногі адна на адной, і паволі паліла цыгарэту, пускаючы дым цераз нос і выцягнуўшы наперад ніжнюю губу. Фройляйн Штэфэнс сядзела, выпрастаўшыся, перад ёй, як выразаная з дрэва, і адказвала, баязліва ўсміхаючыся.

Ніхто не звяртаў увагі на маленькага пана Фрыдэмана, і ніхто не заўважыў, што яго вялікія вочы былі неадрыўна скіраваныя на фрау Рынлінген. Ён сядзеў у расслабленай позе і глядзеў на яе. У яго позірку не было нічога жарснага і амаль ніякага болю; штосьці тупое і мёртвае ўтрымлівалася ў ім, цяжкая, бяссільная і бязвольная адданасць.

Гэтак прайшло каля дзесяці хвілін; тут фрау фон Рынлінген раптам устала, і, не гледзячы на яго, як быццам яна ўвесь гэты час патаемна назірала за ім, падышла ды спынілася перад ім. Ён устаў, паглядзеў на яе знізу ўверх і пачуў:

«У Вас няма жадання правесці мяне ў сад, пан Фрыдэман?»

Ён адказаў:

«З задавальненнем, вяльможная пані».

Смерць у Венецыі

Подняться наверх