Читать книгу Смерць у Венецыі - Томас Ман - Страница 20

Паяц

Оглавление

Пасля ўсяго, як вынік і як вартае выйсце, сапраўды, з усяго – толькі агіда, якую ўнушае мне жыццё – маё жыццё – агіда, якую мне ўнушае "ўсё гэта" і "сукупнасць"; гэтая агіда душыць мяне, не дае спакою, калоціць і валіць на дол, і яна, магчыма, рана ці позна аднойчы надасць мне імпэту, каб паламаць цераз калена смешныя і нікчэмныя варункі і знікнуць.

Праўда, магчыма, што я пратрымаюся яшчэ адзін-другі месяц, што я яшчэ чвэрць або палову года буду працягваць есці, спаць і працаваць – гэтаксама механічна, упарадкавана і спакойна, як праходзіла гэтай зімою маё знешняе жыццё, што знаходзілася ў жудаснай супярэчнасці з пустэльным працэсам распаду майго ўнутранага жыцця. Ці не праўда, што ўнутраныя перажыванні чалавека тым больш моцныя і дзейсныя, чым больш вольна ад абавязкаў, непрактычна і спакойна ён жыве вонкава? Нічога не зробіш: трэба жыць; нават калі ты не пагаджаешся быць чалавекам дзеяння і адыходзіш у самую спакойную пустэльню, то нечаканыя павароты жыцця заспеюць цябе ў душы, і ты павінен будзеш выяўляць свой стрыжань, хто б ты ні быў – герой ці дурань.

Я завёў сабе гэты акуратны сшытак, каб распавесці ў ім маю "гісторыю", а навошта? Магчыма, увогуле, каб толькі было што рабіць? Магчыма, з прычыны цікавасці да псіхалогіі і дзеля таго, каб цешыцца, што гэта неабходна? Неабходнасць так суцяшае! А, магчыма, і для таго, каб на нейкія кароткія моманты пацешыцца перавагай над самім сабою і нечым накшталт абыякавасці?.. Бо абыякавасць, я ўпэўнены, – гэта свайго кшталту шчасце…

Смерць у Венецыі

Подняться наверх