Читать книгу Кніга пра Нішто (зборнік) - Валянцін Акудовіч - Страница 11

Мяне няма
Частка першая
Ад суб’екта да дыскурсу

Оглавление

Панаванне суб’екта ў рацыянальна асэнсаванай прасторы Новай пары лішне не задоўжылася. Не паспеў суб’ект увабрацца ў сілу, як Шапэнгаўэр выбавіў з утоенасці магутную плынь волі да жыцця – і суб’ект заскакаў на яе хвалях бессэнсоўна і бездапаможна.

Выявіўшы ў прычыне існавання існага гэтую, у канец дэперсаналізаваную, плынь энергіі, Шапэнгаўэр пакінуў суб’екту адно права на пасіўнае ўяўленне як рэфлексію з нагоды тых ці іншых эфектаў волі да жыцця. Такім чынам ён, па сутнасці, разам пазбавіў быццё ўсіх ідэалагемных перспектыў і абрынуў яго назад у магму вітальнасці.

Прыкладна ў тую ж пару не вытрымаў дыктату ratio і Кіркегар. Свой бунт ён распачаў з жорсткай крытыкі Гегеля: «… кожны чалавек (курсіў мой. – В. А.), які захоча нешта зразумець у сваім асабістым прыватным жыцці з дапамогай гегелеўскагай філасофіі, згубіцца ў блытаніне».

Звернем увагу на выдзеленае – «чалавек». Філасофская «контррэвалюцыя» Кіркегара якраз і была скіраваная супраць суб’екта як загалоўнага феномену эпохі, праз які чалавек быў дэсакралізаваны і адлучаны ад трансцэндэнтнага – за вяртанне ў кантэкст быцця чалавека, ірацыяналізму і веры ў Словабога як адзінамагчымага гаранта сакральнай каштоўнасці чалавека.

Кіркегар першым сярод філосафаў паспрабаваў зразумець філасофію як філасофію існавання персаналізаванага я-чалавека. З чаго ён сягнуў туды, дзе ўжо, уласна, нічога, акрамя праблемы я-чалавека, няма. Праўда, метадалагічна Кіркегар вырашыў праблему я-чалавека сродкамі тэалогіі, праз напружаную драму стасункаў верніка з Богам. Апошняе якраз і схіляе да думкі, што за мяжой веры праблема я-чалавека бадай увогуле не можа знайсці «пазітыўнага» выйсця, прынамсі, у праекцыі ідэі ісціны быцця. Што, хай і ўскосна, пацвердзіў, магутна выбухнуўшы ў першай палове XX стагоддзя і гэтым выбухам выпаліўшы сябе, экзістэнцыялізм.

Але яшчэ да экзістэнцыялізму за межамі веры паспрабаваў вырашыць праблему я-чалавека Ніцшэ. Спроба не атрымалася, і, пэўна, найперш таму, што звышчалавек Ніцшэ – асучаснены рэлікт чалавека-бога, угрунтаваны ў міфалагему Дыёніса – быў усяго толькі апазіцыяй Словабогу і альтэрнатывай суб’екту, метафізічна аднатыповай з ім.

Звышчалавек Ніцшэ гэтаксама не стаўся адказам на пытанне «хто я?», як і экзістэнцыйна рэлігійны чалавек Кіркегара. Больш за тое, зусім верагодна, што ідэя звышчалавека ў Ніцшэ – гэта ўсё той жа послед бяссілля розуму перад праблемай чалавека; інакш кажучы, ніцшэўскі звышчалавек – гэта ўсяго толькі чарговая дэактуалізацыя праблемы я-чалавека.

Дарэчы, спроба Гайдэгера легітымізаваць ніцшэўскага звышчалавека, атаясаміўшы з ім я-чалавека тэхнагеннай пары, які валодае энергіяй магутных машын і адсюль ператвараецца ў нешта, што звыш чалавека – у звышчалавека3, гэта нішто іншае, як механістычнае нарошчванне «цягліцаў» я-чалавека, чаго не меў на ўвазе Ніцшэ, які хай сабе таксама механістычна, але ператварыў я-чалавека ў звышчалавека, нарошчваючы «цягліцы» ягонага духу – інакш: «цягліцы» чалавечага ў я-чалавеку.

3 «Цяпер дае сябе знаць тое, што Ніцшэ ўжо тады разумеў метафізічна – што новаеўрапейская «механістычная эканоміка», суцэльны машынерны разлік усякага дзеяння і планавання ў сваёй безумоўнай форме запатрабуе новага чалавецтва, якое выходзіць за межы ранейшага чалавека… Безумоўнай «механістычнай эканоміцы» сумерны, у сэнсе ніцшэўскай метафізікі, толькі звышчалавек, і наадварот: такому чалавеку патрэбна машына для татальнага панавання над зямлёй» (М. Гайдэгер).

Зрэшты, ні версія «антыхрыста» Ніцшэ, ні версія ягонага «адваката» Гайдэгера нічога прынцыпова новага не адкрывалі ў феномене праблемы, бо абодва яны нітавалі пытанне «хто я?» з адказамі на зусім іншыя запытанні і тым самым гублялі я-чалавека ў гушчары метафізічных дыскурсаў. Як, па сутнасці, нічога не адказвалі на гэтыя пытанні і ўласна гайдэгераўскія адказы.

Гайдэгераўскі закінуты ў быццё я-чалавек як прасвет ісціны быцця (ці пастух, пастыр ісціны ў гэтым прасвеце) не больш чым красамоўны паэтычны троп, з аднаго боку семантычна адценены містыцызмам, а з другога – больш звыклым для еўрапейскай ментальнасці неатамізмам. Паспрабуем паставіць на месца ісціны быцця – Бога, на месца закінутасці – боскае наканаванне, на месца пастуха ісціны быцця – раба божага, выканаўцу боскае задумы і г. д., і мы ўбачым, што геніяльны ў поступах руху мыслення Гайдэгер на канцавых пазіцыях гэтага руху – звышардынарны. Чаму так? Можа таму, што ўсе шляхі ў гэтым кірунку вядуць не туды, ці ўвогуле нікуды не вядуць?

Здаецца, найбольш рашуча гэтае безнадзейнае нікуды, узмацніўшы яго яшчэ больш безнадзейным нішто, прамовіў Камю.

Я-чалавек – нішто, якое з’яўляецца з ніадкуль і знікае ў нікуды. Ён абсурдны феномен абсурду быцця, і ўсе гэтыя ўлучэнні я-чалавека ў так ці інакш аформленую трансцэндэнцыю не больш чым паэтычныя гульні ці ідэалагемныя прыдумкі.

Аспрэчыць гэтую, куды больш вусцішную за Апакаліпс, канстатацыю ці хаця б што-кольвек уцямнае супрацьпаставіць ёй (акрамя, натуральна, веры) ніхто не змог, і, пэўна, таму філасофія змушана была, найперш праз структуралізм, вярнуцца ў звыклую прастору ўніверсалісцкіх канцэптаў (да прыкладу, Леві-Строс) ці схавацца ад апошніх пытанняў у маргінальныя лакуны (да прыкладу, Фуко) або адсланіцца ад быцця яго семіятычнымі інтэрпрэтацыямі (да прыкладу, Вітгенштайн).

Інтэрвенцыя канцоў, «смерцяў» (культуры, метафізікі, гісторыі, філасофіі, ідэалогіі, эстэтыкі, літаратуры і г. д. і да т. п.), справакаваная «канцом культуры» Шпенглера, высунула на нейкі час у дамінанту еўрапейскага мыслення дэканструкцыю (Дэрыда) а-рэальнасці як герменеўтыку (Гадамер) наадварот. Праўда, па вялікім рахунку, філасафема дэканструкцыі як татальнай рэвізіі а-рэальнасці адначасна была нейтралізаваная народжаным у нетрах постструктуралізму дыскурсам.

Ідэя дыскурсу – гэта ідэя быцця без чалавека як ісціны быцця, быцця без сярэдзіны, перыферыі, краеня, быцця як сукупнасці феноменаў, аніяк не абумоўленай нейкай анталагічнай дэтэрмінацыяй.

Усё, што ёсць, ёсць таму, што яно адбываецца. І гэтым адбываннем вычэрпваецца поўня яго прычыннасці, ідэалагемнасці, сакральнасці… Я-чалавека таксама…

Кніга пра Нішто (зборнік)

Подняться наверх