Читать книгу Кніга пра Нішто (зборнік) - Валянцін Акудовіч - Страница 3
Мяне няма
Частка першая
Зачын
ОглавлениеДыяген шукаў з ліхтаром чалавека і не знайшоў. Потым шукалі іншыя і таксама не знайшлі.
Дык ці быў дзе і калі чалавек?
Людзей было шмат, усюды і заўсёды было шмат людзей, толькі ці быў хоць адзін чалавек?
Дакладней – ці быў чалавек?
Каб пэўна адказаць на гэтае запытанне, трэба напэўна ведаць: хто ён – чалавек? Але якраз гэтага ніхто не ведае.
Збольшага вядома, што ён – чалавек і што не ён.
Чалавек не камень, не дрэва, не жывёла.
Чалавек не вада, не агонь, не зямля. Чалавек не…
Чалавек адрозніваецца ад усяго астатняга і падобны адно да чалавека.
Да яго трохі падобныя малпа і Бог.
З апошняга можна сёе-тое зразумець, што ёсць малпа і што ёсць Бог, але нічога не зразумець – хто ён, чалавек?
Хто не апазнаецца праз што.
Што – гэта тое, што выяўляецца ў значэннях рэальнасці.
Хто – гэта тое, што, мяркуецца, можа быць, але пра што невядома нічога пэўнага, бо яно не мае рэальных параметраў – усе ягоныя значэнні згорнутыя ў інтэгральнае паймо як адзіную сакральную падставу быцця і гісторыі гэтага хто.
Інтэгральнае паймо намысленага ў трансцэндэнтнай перспектыве хто і вылучанага зместам рэальнасці што да апошняй пары ўтойвалі праблему, падстаўляючы на запытанне хто ён, чалавек? – адказ: што ён, чалавек. Таму праблема хто ён, чалавек, і ці ёсць чалавек як хто і па сёння здымаецца лагічнай падменай панятку хто на панятак што. Хаця на відавоку: што – гэта чалавек, згорнуты ў рэальнасць самога сябе, а хто – гэта чалавек, які пачынаецца звыш сваёй, згорнутай у ім самім, рэальнасці і выяўляецца ўжо толькі ў перспектыве сакральнага значэння.
Што ёсць чалавек? – вычэрпваецца значэннем тоеснасці чалавека свайму тут-быццю.
Хто ёсць чалавек? – адно пачынаецца за гэтай тоеснасцю і атаясамляецца ўжо не ўласна з тут-быццём чалавека, а з самой наканаванасцю быць.
Пытанне пра хто – гэта, урэшце, пытанне дзеля аднаго адказу: чалавек жыве таму, што з’яўляецца жыць, ці ён з’яўляецца жыць таму, што яму гэта было наканавана.
Кім, чым, адкуль, навошта наканавана – гэта не істотна да той пары, пакуль застаецца не апазнаным: наканавана альбо не?!
Зрэшты, у такім няпэўным стане сітуацыю можна было б пакінуць і надалей, каб у подзе здумлення хто ён, чалавек, не вярэдзіла ўласнатужлівае: хто ён, я?
Калі я, персаніфікуючы праблему хто ён, чалавек, пытаюся ў сябе: хто ён, я, дык у адказ не чую нават рэха. Пытанне душыць само сябе моўчай… З кожным наступным запытаннем моўча робіцца ўсё больш зацятай і з яе глыбіні падымаецца агрэсіўнасць.
Калі пытацца доўга – не стае чым дыхаць.
Я ведаю, каб было чым дыхаць, не трэба лішне пытацца.