Читать книгу Кніга пра Нішто (зборнік) - Валянцін Акудовіч - Страница 9
Мяне няма
Частка першая
Словабог
ОглавлениеХрысціянскі Бог нарадзіўся ва ўлонні Тэксту і Тэкстам быў узгадаваны як Бог. З удзячнасці за гэта Бог заканстытуяваў Тэкст (Біблію) у якасці новай рэальнасці (а-рэальнасці) быцця.
Зрэшты, апошняе зусім натуральна. Змешчаны пад вокладку Бібліі, Бог проста такі мусіў пастуляваць Тэкст у якасці сакральнай прасторы, каб надаць Тэксту тую значнасць, якая б адпавядала Ягонай самапрэзентацыі.
Бясспрэчна, Бог – гэта найперш слова. Але слова зрабілася Богам не раней, чым чалавек падрыхтаваў яму месца, дзе Ён мог вымавіць сябе як Слова.
За тое, што слова само з сябе не здолела б стацца Словам, сведчыць уся папярэдняя гісторыя. Слова досыць паспяхова функцыянавала і ў эру Татэму, а тым болей – Міфу. Але тады ягонае значэнне не выходзіла за межы прыкладных функцыяў, бо яшчэ не было дзе яму разгарнуць усю магуту свайго як камунікатыўнага, так і сакральнага патэнцыялу. Ні ўтаптаны пляц, ні святарная паляна, ні нават высокая гара з яе магчымасцямі доўгага рэха не маглі паспрыяць слову абазнацца Словам. Адбыцца гэтаму вялікаму наканаванню дапамаглі рэчы досыць шараговыя: гліняная кафля, каменная скрыжаль, лапік папірусу, кавалак скуры… калі на іх пачалі выцінаць Тэкст як форму канструкцыі новай рэальнасці. Вось тут, у трохмернай часавай структуры і прыдаліся раней латэнтна ўтоеныя якасці слова, найперш ягоная здольнасць быць адразу ў параметрах было, ёсць ды будзе, а гэта значыць, у пазачасавым і адсюль сакральным вымярэнні…
Здольнасць занатаванага слова быць каталагізатарам рэальнасці, камунікатарам соцыуму, фармалізатарам а-рэальнасці і, можа, галоўнае, сакралізатарам Тэксту, – вылучыла слова на ролю, якая вымагала ўнікальнага статусу, сумернага абсалюту.
Так слова сталася Словам.
Праўда, існуе меркаванне (Дэрыда), што маўленне (слова) ад свайго пачатку прадугледжвала графізм, як Тэкст. Аднак мне з гэтым цяжка пагадзіцца. Графізм ёсць не следствам мовы, а следствам дзеі. Таму пацверджаннем – піктаграма.
Піктаграма фіксавала не маўленне, а – праз фіксацыю бачнага – дзею. Першапачаткова чалавек перадаваў інфармацыю пра сваё бытнаванне ў прасторы ёсць нават не ўяўляючы, што гэтую інфармацыю можна транспартаваць у графічна зафіксаваным слове і што ўвогуле слова (суплёт асобных гукаў) падлягае магчымасці быць графічна ўнаяўленым.
Пісьмо з’явілася не таму, што існавала маўленне, а таму, што ў пэўны момант апазналася: графічна зафіксаванае слова значна пераўзыходзіць піктаграму функцыянальна, і адсюль яно больш прыдатнае для карыстання ў штодзённых практыках.
Хаця зусім не выключана, што лексікаграфія адбылася з прычынаў куды больш глабальных за «эвалюцыю эфектыўнасці», а менавіта – з прычыны спакваля наспелай неабходнасці стварэння мабільнай камунікатыўнай сістэмы для семантычнай прасторы а-рэальнасці.
Піктаграфія, напэўна, мела ў сабе яшчэ вялікую патэнцыю адносна графічна ўнаяўленай намінацыі фізічнай дзеі, але яна не была прыстасаваная для транспартавання знакаў, якія маглі б выяўляць рух логікі, падзеі мыслення, сюжэты рэфлексіі. Таму піктаграфія ніяк не пасавала да знакавага засваення прасторы а-рэальнасці, якая неўпрыкмет апазналася як больш перспектыўная за ўласна рэальнасць. Вось чаму піктаграфія саступіла лексікаграфіі, і такім чынам на месцы піктаграфічнага паслання ўзнік лексікаграфічны Тэкст, які з аднолькавым поспехам фіксаваў і транспартаваў як падзеі рэальнасці, так і сюжэты а-рэальнасці.
Інакш кажучы, каб пазней стратэгіі быцця не заакцэнтаваліся на а-рэальнасці, дзе паноўныя думка, логіка, развага запатрабавалі іншай ад піктаграфіі сістэмы фіксацыі паведамлення, а надалей адбываліся ў прасторы дзейнай рэальнасці (як у эру Татэму), дык зусім верагодна, што піктаграфічны Тэкст заставаўся б адзінай і дастатковай для чалавека формай пісьма. Я нават не схільны зусім выключаць, што ў нейкім будучым (магчыма, не такім ужо і аддаленым), калі мысленне канчаткова асягне сваю мяжу і чалавек усвядоміць усю марнасць ды бяссэнсіцу адцягненай рэфлекторыкі і згорне сэнс жыцця да дзеі адбывання жыцця – мадэрнізаваная піктаграфія зноў станецца асноўным начыннем таго, што возьме на сябе ролю Тэксту. І хто ведае, можа, калісьці яна яшчэ набудзе значэнне якога-небудзь там Піктабога?